BY
па-беларуску
Максім Осіпаў: шляхам парадоксаў

Максім Осіпаў: шляхам парадоксаў

Мастак Максім Осіпаў дакладна ведае, што такое кіч і ў чым яго вабная сіла
vosipau (3)
vosipau (2).jpg
vosipau (4)
vosipau (7)
vosipau (5).jpg
vosipau (6)
vosipau (8).jpg
vosipau (9)
vosipau (10).jpg
vosipau (11)
vosipau (12)
vosipau (13)
vosipau (14)
vosipau (15).jpg
vosipau (16)
vosipau (17)
vosipau (18)
vosipau (19)
vosipau (20)
vosipau (1-1).jpg

У аснове кічу ляжыць прыём апрапрыяцыі: ён запазычвае з развітай культуры традыцыі, метады, правілы і тэмы, абяскроўлівае іх з мэтай дастасаваць да сваёй сістэмы каштоўнасцяў і стварыць прывабную, бліскучую пустую абалонку. Максім Осіпаў гэты прыём паўтарае з поўным асэнсаваннем, агаляючы яго механізмы і раскрываючы метад. Таму ў выніку атрымліваецца паўнавартасны жывапісны твор, у аснове якога – іронія, сарказм. І гэта ўжо зусім не кіч, а сучаснае мастацтва з актуальным пасылам і апеляцыяй да нагледжанага гледача. Іншыя ловяцца на яркую абалонку. 


Прыёмы кічу мастак выцягвае на паверхню і пераліцоўвае. А для аб'ектаў сваіх маніпуляцый выбірае дзве візуальныя сістэмы – структуру маляванага дывана ў інтэрпрэтацыі Алены Кіш і творы класічнага мастацтва. У выніку яго ўласныя творы паўтараюць кампазіцыю маляванага дывана з характэрнай кветкавай рамкай, якая ў народным уяўленні выконвае функцыю абярэгу, пазначаючы межы раю. Аднак гэтую рамку Максім Осіпаў без жалю дэсакралізуе і запаўняе ўнутраную прастору цытатамі з твораў сусветнай мастацкай класікі. Прыём калажны, брутальны і дзёрзкі, але Максім усё можа патлумачыць.

Па-першае, ён тлумачыць гэта візуальна праз «Выгнанне з зоны камфорту», у якім спалучыў «Выгнанне з раю», твор Мазача перыяду ранняга Адраджэння, і дыван Алены Кіш з выявамі львоў. Рамка дывана ў кампазіцыі Максіма раптоўна рвецца і раскрываецца – як дрот, разрэзаны кусачкамі, і за перыметр свету, абжытага велічнымі львамі, выходзяць жанчына і мужчына. Выходзяць не з плачам, як на арыгінальным творы, а з выклікам і нават непрыстойнымі жэстамі, без страху перад новым і незнаёмым светам. Аўтар у гэтым жывапісным творы літаральна паказвае схему, як адна сістэма механістычна спалучаецца з іншай. Аднак спалучэнне неспалучальных сістэм – вядомы і распаўсюджаны прыём сучаснага мастацтва, з дапамогай якога высякаюцца іскры сэнсу і ствараюцца візуальныя парадоксы. 

Па-другое, Максім тлумачыць мастацкія хады, метады і тэмы праз тэксты-апісанні да сваіх прац: у “Фэйсбуку” ён завёў старонку, якая так і называецца «Я магу ўсё патлумачыць»,  і на якой мастак выкладвае новыя працы, расказвае пра кожны твор і адказвае на пытанні ў непасрэднай камунікацыі.


Уласна і яго творчы метад вырас з гэтай патрэбы -- наладзіць камунікацыю з гледачом, якая ніяк не з’яўлялася падчас звычайных галерэйных выстаў. Максім нават склаў уласны рэйтынг мастацкіх прастор, і першае месца там заняў інтэрнэт з мінімальнай колькасцю бар’ераў для ўзаемаадносін з гледачамі.

З камунікацыяй у электроннага пасрэдніка аказалася ўсё выдатна, з якасцю фатаграфій – горш: жывапісныя палотны ператвараюцца на экране ў маленечкае фота з недастатковай колькасцю пікселяў. Таму другое месца займае стрыт-арт – тут можна дасягнуць максімальна магчымага памеру твора і выгоднага яго агляду, а таксама атрымаць зваротную рэакцыю праз розныя гарадскія паблікі. На трэцяе месца Максім змяшчае розныя грамадскія прасторы, накшталт кавярняў ды бібліятэк, і апошнімі па зручнасці камунікацыі ідуць музеі ды галерэі – стэрыльныя белыя кубы з рэгуляванай адлегласцю паміж творам і гледачом. 

Максім Осіпаў

Інтэрнэт становіцца найбольш утульнай прасторай для мастака не толькі праз жывы водгук, але і праз магчымасць пісаць да кожнага твора вялікія тэксты-тлумачэнні. Максім адмыслова правакуе свайго фаловера на дыскусіі. У выніку такой разнастайнай формы прэзентацыі жывапісныя палотны выглядаюць, безумоўна, больш аб’ёмна. Аднак набываюць функцыю ілюстрацыі да тэкстаў, становяцца негерметычнай выявай. А тая патрабуе дадатковага наратыву для раскрыцця прыхаваных сэнсаў. Зрэшты, мастака гэтая акалічнасць абсалютна не бянтэжыць, бо ён наўмысна суправаджае свае палотны разгорнутым апісаннем нават на выставах, змяняе назвы твораў сказамі-тлумачэннямі.

Аўтар называе схему для сваіх жывапісных работ «візуальнай прынадай». Яркія колеры, выразная кампазіцыя і парадаксальна-супярэчлівы сюжэт прыцягваюць і трымаюць увагу гледача, прымушаюць яго шукаць адказы на пытанні, якія мастак закладае ў любы твор, спрачацца, не згаджацца ці, наадварот, цалкам падтрымліваць. 
Маляваныя дываны, якія мастак паклаў у аснову кампазіцыі, самі па сабе маюць вельмі выразную структуру, даволі герметычную, заснаваную на прасторы міфа, а значыць, на стварэнні паралельнай і самадастатковай рэальнасці. 

Максім Осіпаў спыняецца на гэтай форме яшчэ і таму, што лічыць маляванку відам мастацтва, які падсвядома распазнаецца ўсімі беларусамі. А таму паднятыя тэмы будуць заўважанымі. Тэмы гэтыя – балючыя і парадаксальныя. Рэальнасць настолькі трывожная, што патрабуе абароны. Мастак, нібы паслядоўнік Фрэйда, у адным з інтэрв'ю тлумачыць сваю пазіцыю: «Мае дываны – абарончага тыпу: праз іх я спрабую не звар’яцець і бараню тое, што мне важна. Я малюю стан грамадства і асабіста свой стан, я малюю думкі і ідэі, комплексы і траўмы. Дыягностыка і спробы лячэння. Сродкамі “прымітыўнага” мастацтва я спрабую запускаць працэсы мыслення».

Палатно «Мы з задавальненнем з’ямо ўсё, што спрабуе нас падпарадкаваць» (2022) выразна люструе гэтае псіхатэрапеўтычнае пераадоленне траўмы, прычым на самым базавым, дзіцячым узроўні. Калі ўсе нашы праблемы (і мастак гэтыя праблемы сапраўды пералічвае – ад фаталізму, абыякавасці, памяркоўнасці і хатаскрайнасці да цяжкага досведу, які мы з гонарам носім на сабе, і «руского мира») можна ўвасобіць у вобразе пачварнай істоты, а пасля яе з’есці… Осіпаў дэкларуе назву карціны і сам гэты чын як увасабленне нацыянальнай ідэі, якую ён праяўляе праз іканаграфію мілай, наіўнай народнай карцінкі. 
Гэты твор найбольш выразна дэманструе прынцыпы смехавай культуры, якія так відавочна праяўляюць сябе ў творчасці Максіма Осіпава.

Прымяраючы на сябе ролю блазна, мастак легітымізуе права прамаўляць у лоб, без хітрыкаў, простым тэкстам і брутальнымі вобразамі. Мова прымітыўнага мастацтва скіраваная непасрэдна да сэрца, мова класічнага -- да розуму: спалучаючы іх, ён атрымлівае не гармонію, а зазор, іскру, якая «запускае працэсы мыслення» – згодна з пажаданнямі мастака. Такая механіка гэтых вобразаў: пры змешванні дакладна падабраных інгрэдыентаў запускаюцца хімічныя рэакцыі працэсаў успрымання. 

А мастак рухаецца далей, задаючы новыя пытанні: пра сталенне грамадзянскай супольнасці; пазбаўленне ад стэрэатыпнага мыслення; пра нацыянальнае будаўніцтва і салідарнасць; пра абыякавасць і маленькага чалавека; пра механічнае спажыванне культуры і патрэбу яе пастаяннага пераасэнсавання; пра грамадскія дыскусіі, называныя «бульбасрачамі», – як адно са сведчанняў існавання грамадзянскай супольнасці; пра небяспеку спрашчэння ўспрымання рэальнасці шляхам стварэння розных сімвалаў -- і розныя іншыя тэмы, грунтоўна заглыбленыя ў нашае жыццё і выкліканыя неабыякавасцю.
Задаваць глыбокія, балючыя пытанні, прыкідваючыся цынікам ці прастаком, – гэта вельмі ахоўная пазіцыя з выразна тэрапеўтычным эфектам. Відавочна таму гэты мастак з’яўляецца такім папулярным, што зачапіўшы за кручок сваёй вобразнай сістэмы, ён хвалюе і супакойвае гледача адчуваннем актыўнага суперажывання і пражывання свету.
 

Глядзець больш
Умоўныя межы Алеся Родзіна
Умоўныя межы Алеся Родзіна

«Эксперыментальны кантакт» ― выставачны праект памяці мастака ў Мінску

Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай
Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай

Выстава «Пейзажы» ў Арт-Цэнтры Марка Роткі ў Даўгаўпілсе

"Наш горад Мінск"

Выстава "Майстэрні Побач"

ЛАРЫСА.
ЛАРЫСА.

Выстава Васілісы Палянінай

Найноўшы беларускі дызайн
Найноўшы беларускі дызайн

Беларускі саюз дызайнераў працягвае працу над стварэннем Анталогіі беларускага дызайна

Дзве грані Максіма Лагуна
Дзве грані Максіма Лагуна

Быць іншым, асаблівым - гэта такі рэдкі дар у часы цяперашняй татальнай аднастайнасці! 

Залатая калекцыя беларускага плаката
Залатая калекцыя беларускага плаката

У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці і месца беларусаў у свеце

Таша Кацуба “Пачуццё дома”
Таша Кацуба “Пачуццё дома”

Серыя відэа з беларусамі, якія з'ехалі са сваёй краіны, разважанні на тэму дома і іх адчуванняў.