У аснове кічу ляжыць прыём апрапрыяцыі: ён запазычвае з развітай культуры традыцыі, метады, правілы і тэмы, абяскроўлівае іх з мэтай дастасаваць да сваёй сістэмы каштоўнасцяў і стварыць прывабную, бліскучую пустую абалонку. Максім Осіпаў гэты прыём паўтарае з поўным асэнсаваннем, агаляючы яго механізмы і раскрываючы метад. Таму ў выніку атрымліваецца паўнавартасны жывапісны твор, у аснове якога – іронія, сарказм. І гэта ўжо зусім не кіч, а сучаснае мастацтва з актуальным пасылам і апеляцыяй да нагледжанага гледача. Іншыя ловяцца на яркую абалонку.
Прыёмы кічу мастак выцягвае на паверхню і пераліцоўвае. А для аб'ектаў сваіх маніпуляцый выбірае дзве візуальныя сістэмы – структуру маляванага дывана ў інтэрпрэтацыі Алены Кіш і творы класічнага мастацтва. У выніку яго ўласныя творы паўтараюць кампазіцыю маляванага дывана з характэрнай кветкавай рамкай, якая ў народным уяўленні выконвае функцыю абярэгу, пазначаючы межы раю. Аднак гэтую рамку Максім Осіпаў без жалю дэсакралізуе і запаўняе ўнутраную прастору цытатамі з твораў сусветнай мастацкай класікі. Прыём калажны, брутальны і дзёрзкі, але Максім усё можа патлумачыць.
Па-першае, ён тлумачыць гэта візуальна праз «Выгнанне з зоны камфорту», у якім спалучыў «Выгнанне з раю», твор Мазача перыяду ранняга Адраджэння, і дыван Алены Кіш з выявамі львоў. Рамка дывана ў кампазіцыі Максіма раптоўна рвецца і раскрываецца – як дрот, разрэзаны кусачкамі, і за перыметр свету, абжытага велічнымі львамі, выходзяць жанчына і мужчына. Выходзяць не з плачам, як на арыгінальным творы, а з выклікам і нават непрыстойнымі жэстамі, без страху перад новым і незнаёмым светам. Аўтар у гэтым жывапісным творы літаральна паказвае схему, як адна сістэма механістычна спалучаецца з іншай. Аднак спалучэнне неспалучальных сістэм – вядомы і распаўсюджаны прыём сучаснага мастацтва, з дапамогай якога высякаюцца іскры сэнсу і ствараюцца візуальныя парадоксы.
Па-другое, Максім тлумачыць мастацкія хады, метады і тэмы праз тэксты-апісанні да сваіх прац: у “Фэйсбуку” ён завёў старонку, якая так і называецца «Я магу ўсё патлумачыць», і на якой мастак выкладвае новыя працы, расказвае пра кожны твор і адказвае на пытанні ў непасрэднай камунікацыі.
Уласна і яго творчы метад вырас з гэтай патрэбы -- наладзіць камунікацыю з гледачом, якая ніяк не з’яўлялася падчас звычайных галерэйных выстаў. Максім нават склаў уласны рэйтынг мастацкіх прастор, і першае месца там заняў інтэрнэт з мінімальнай колькасцю бар’ераў для ўзаемаадносін з гледачамі.
З камунікацыяй у электроннага пасрэдніка аказалася ўсё выдатна, з якасцю фатаграфій – горш: жывапісныя палотны ператвараюцца на экране ў маленечкае фота з недастатковай колькасцю пікселяў. Таму другое месца займае стрыт-арт – тут можна дасягнуць максімальна магчымага памеру твора і выгоднага яго агляду, а таксама атрымаць зваротную рэакцыю праз розныя гарадскія паблікі. На трэцяе месца Максім змяшчае розныя грамадскія прасторы, накшталт кавярняў ды бібліятэк, і апошнімі па зручнасці камунікацыі ідуць музеі ды галерэі – стэрыльныя белыя кубы з рэгуляванай адлегласцю паміж творам і гледачом.
Інтэрнэт становіцца найбольш утульнай прасторай для мастака не толькі праз жывы водгук, але і праз магчымасць пісаць да кожнага твора вялікія тэксты-тлумачэнні. Максім адмыслова правакуе свайго фаловера на дыскусіі. У выніку такой разнастайнай формы прэзентацыі жывапісныя палотны выглядаюць, безумоўна, больш аб’ёмна. Аднак набываюць функцыю ілюстрацыі да тэкстаў, становяцца негерметычнай выявай. А тая патрабуе дадатковага наратыву для раскрыцця прыхаваных сэнсаў. Зрэшты, мастака гэтая акалічнасць абсалютна не бянтэжыць, бо ён наўмысна суправаджае свае палотны разгорнутым апісаннем нават на выставах, змяняе назвы твораў сказамі-тлумачэннямі.
Аўтар называе схему для сваіх жывапісных работ «візуальнай прынадай». Яркія колеры, выразная кампазіцыя і парадаксальна-супярэчлівы сюжэт прыцягваюць і трымаюць увагу гледача, прымушаюць яго шукаць адказы на пытанні, якія мастак закладае ў любы твор, спрачацца, не згаджацца ці, наадварот, цалкам падтрымліваць.
Маляваныя дываны, якія мастак паклаў у аснову кампазіцыі, самі па сабе маюць вельмі выразную структуру, даволі герметычную, заснаваную на прасторы міфа, а значыць, на стварэнні паралельнай і самадастатковай рэальнасці.
Максім Осіпаў спыняецца на гэтай форме яшчэ і таму, што лічыць маляванку відам мастацтва, які падсвядома распазнаецца ўсімі беларусамі. А таму паднятыя тэмы будуць заўважанымі. Тэмы гэтыя – балючыя і парадаксальныя. Рэальнасць настолькі трывожная, што патрабуе абароны. Мастак, нібы паслядоўнік Фрэйда, у адным з інтэрв'ю тлумачыць сваю пазіцыю: «Мае дываны – абарончага тыпу: праз іх я спрабую не звар’яцець і бараню тое, што мне важна. Я малюю стан грамадства і асабіста свой стан, я малюю думкі і ідэі, комплексы і траўмы. Дыягностыка і спробы лячэння. Сродкамі “прымітыўнага” мастацтва я спрабую запускаць працэсы мыслення».
Палатно «Мы з задавальненнем з’ямо ўсё, што спрабуе нас падпарадкаваць» (2022) выразна люструе гэтае псіхатэрапеўтычнае пераадоленне траўмы, прычым на самым базавым, дзіцячым узроўні. Калі ўсе нашы праблемы (і мастак гэтыя праблемы сапраўды пералічвае – ад фаталізму, абыякавасці, памяркоўнасці і хатаскрайнасці да цяжкага досведу, які мы з гонарам носім на сабе, і «руского мира») можна ўвасобіць у вобразе пачварнай істоты, а пасля яе з’есці… Осіпаў дэкларуе назву карціны і сам гэты чын як увасабленне нацыянальнай ідэі, якую ён праяўляе праз іканаграфію мілай, наіўнай народнай карцінкі.
Гэты твор найбольш выразна дэманструе прынцыпы смехавай культуры, якія так відавочна праяўляюць сябе ў творчасці Максіма Осіпава.
Прымяраючы на сябе ролю блазна, мастак легітымізуе права прамаўляць у лоб, без хітрыкаў, простым тэкстам і брутальнымі вобразамі. Мова прымітыўнага мастацтва скіраваная непасрэдна да сэрца, мова класічнага -- да розуму: спалучаючы іх, ён атрымлівае не гармонію, а зазор, іскру, якая «запускае працэсы мыслення» – згодна з пажаданнямі мастака. Такая механіка гэтых вобразаў: пры змешванні дакладна падабраных інгрэдыентаў запускаюцца хімічныя рэакцыі працэсаў успрымання.
А мастак рухаецца далей, задаючы новыя пытанні: пра сталенне грамадзянскай супольнасці; пазбаўленне ад стэрэатыпнага мыслення; пра нацыянальнае будаўніцтва і салідарнасць; пра абыякавасць і маленькага чалавека; пра механічнае спажыванне культуры і патрэбу яе пастаяннага пераасэнсавання; пра грамадскія дыскусіі, называныя «бульбасрачамі», – як адно са сведчанняў існавання грамадзянскай супольнасці; пра небяспеку спрашчэння ўспрымання рэальнасці шляхам стварэння розных сімвалаў -- і розныя іншыя тэмы, грунтоўна заглыбленыя ў нашае жыццё і выкліканыя неабыякавасцю.
Задаваць глыбокія, балючыя пытанні, прыкідваючыся цынікам ці прастаком, – гэта вельмі ахоўная пазіцыя з выразна тэрапеўтычным эфектам. Відавочна таму гэты мастак з’яўляецца такім папулярным, што зачапіўшы за кручок сваёй вобразнай сістэмы, ён хвалюе і супакойвае гледача адчуваннем актыўнага суперажывання і пражывання свету.