BY
па-беларуску

Залатая калекцыя беларускага плаката

У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці і месца беларусаў у свеце
1. Крукоўскі
2. Лагунова
3. Саркісаў
4. Сурскі, Гардашнікава
5. Рэўзін
6. Саркісаў
7. Войчанка, Цэслер, Шалюта
8. Плотнікаў
9. Хацяноўскі
10. Саркісаў
11. Даманавы
12. Сурскі, Гардашнікава
13. Кітаева
14. Наважылаў
15. Войчанка, Цэслер
16. Кітаева
17. Найдзен
18. Войчанка, Цэслер
19. Войчанка, Цэслер
20. Анемпадыстаў
21. Войчанка, Цэслер
22. Усціновіч
23. Найдзен
24. Галавіна
25. Найдзен
26. Несцярук
27 1 (1)
28. Высоцкая
29. Расолька
30. Цэслер
31. дарожка
32 1

У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці і месца беларусаў у свеце, мы часцей звяртаемся да свайго аўтэнтычнага мінулага, звязанага з фальклорам, этнаграфіяй, укладам, апелюючы да былой велічы, нярэдка пераацэненай ці непадзеленай з бліжэйшымі суседзямі. Такія адзнакі часта бываюць суб'ектыўнымі і спрэчнымі.

Але спрабуючы акрэсліць уклад беларусаў у сусветную мастацкую культуру найноўшага часу мы можам апераваць цалкам аб'ектыўнымі паказчыкамі якасці, значнасці і актуальнасці той ці іншай мастацкай з'явы. Чаму сучасны беларускі жывапіс і скульптура, архітэктура і дызайн, літаратура, кіно, тэатр не далі свету яркіх запамінальных імёнаў і не зацвердзіліся як знакавыя прыкметы нашай  ідэнтычнасці? Сярод іх ёсць несумненна шмат таленавітых і вельмі таленавітых. Але толькі асобныя адзінкавыя фігуры ўдастоіліся прызнання міжнароднага ўзроўню на аўтарытэтных сусветных конкурсах у сваіх сферах. Сёння ў нас ёсць уласны Нобелеўскі лаўрэат, некалькі «Залатых яблыкаў» BIB Golden Apple, прэстыжная прэмія ў галіне дзіцячай кніжнай ілюстрацыі, тры прэміі «Red Dot Design Award» у беларускіх дызайнераў, некалькі Канскіх львоў у рэкламістаў. 

Гэта вельмі важна для аўтарытэту аўтара і краіны ў цэлым, але такія прэцэдэнты ўнікальныя і маюць выключны характар.

Іншая справа - беларускі плакат, які пачынаючы з 70-х з зайздроснай пастаяннасцю ўдзельнічае і трапляе ў шорт-лісты, а часта атрымлівае вышэйшыя ўзнагароды вельмі прэстыжных міжнародных конкурсаў і біенале плаката, якія ўяўляюць агляд найвыбітнейшых дасягненняў у галіне графічнага дызайну. Аднымі са старэйшых і вядомых конкурсаў з'яўляюцца: Міжнароднае біенале графічнага дызайну ў Брно (з 1963 года), Міжнароднае біенале плаката ў Варшаве (з 1966 года), Міжнароднае біенале плаката ў Лахці (з 1975 года), Міжнароднае трыенале плаката ў Таяме (з 1983 года), Міжнароднае трыенале сцэнічнага плаката ў Сафіі (з 1995 года) і інш.

Уладзімір Крукоўскі першым з беларусаў у 1972 годзе ўвайшоў у шорт-ліст найстарэйшага еўрапейскага конкурсу плаката Міжнароднага біенале графічнага дызайну ў Брно. Двума гадамі пазней яго плакат адабралі на Міжнароднае біенале плаката ў Варшаве, самы аўтарытэтны конкурс плаката пад эгідай Міжнароднай рады па графічным дызайне ICOGRADA. Але сапраўдны фурор выклікала праца тады яшчэ маладых беларускіх плакатыстаў Уладзіміра Цэслера, Сяргея Войчэнкі, Андрэя Шэлюты «Год тыгра – год міру», якая атрымала гран-пры Міжнароднага біенале плаката ў Варшаве і адмысловую прэмію Генеральнага сакратара ААН. Нядаўнія выпускнікі БДТМІ  раптоўна здабылі сусветную вядомасць і сталі зоркамі графічнага дызайну, у будучыні пацвярджаючы гэтае прызнанне далейшым удзелам і перамогамі ў падобных конкурсах па ўсім свеце. Але поспех усміхаўся не толькі ім. Новая генерацыя выпускнікоў кафедры дызайну БДТМІ, спрактыкаваная здабытымі ведамі такіх важных для плаката дысцыплін – фармальная кампазіцыя, колеразнаўства, шрыфт, фотаздымка – натхнёная поспехамі калегаў, пагрузілася ў жанр, запатрабаваны і папулярны на зломе эпох.

Амбіцыйныя, думаючыя, крэатыўныя, інспіраваныя дрожджамі перабудовы, беларускія плакатысты сталі актыўна заяўляць пра сябе на ўсіх прафесійных конкурсах, у тым ліку і замежных, якія сталі даступныя для ўдзелу ў выніку зняцця цэнзурных абмежаванняў і ідэалагічнага прэсінгу. І калі раней, каб паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе, трэба было прайсці шматступенную сістэму адбору – секцыі, потым прэзідыума Саюза Мастакоў БССР, Саюза Мастакоў СССР, аж да ідэалагічнага аддзела ЦК КПСС, то цяпер дастаткова было запакаваць плакат у тубу і адправіць пасылкай арганізатарам конкурсу. Так на Міжнароднае трыенале плаката ў Таяме (Японія) было адпраўлена з усяго СССР 120 плакатаў, для ўдзелу ў конкурсе адабрана 16, і з іх 9 былі беларускімі. Артыкул паводле выставы, апублікаваны ў культавым японскім часопісе па графічным дызайне «Idea», на шэрагу з пераможцамі змясціў і два беларускія плакаты – Алены Кітаевай і Аляксандра Наважылава. І што адметна, у гэтым жа нумары часопіса быў вялікі шматстаронкавы, багата ілюстраваны артыкул-прэзентацыя секцыі графічнага дызайну Саюза дызайнераў Беларусі.

Гэта быў трыўмф беларускага графічнага дызайну, бо публікацыя такога кшталту, у такім выданні ўключаюць цябе ў аналы гісторыі. Удзел у такіх сусветна вядомых конкурсах робіць тваё імя вядомым у прафесійных колах і цябе персанальна пачынаюць запрашаць для ўдзелу і ў іншых аналагічных праектах.

У гэтыя гады плакат знаходзіўся ў вяршыні свайго росквіту, на піку грамадскай цікавасці, таму арганізацыя і правядзенне міжнародных конкурсаў было справай папулярнай і распаўсюджанай.  Залатая пчала ў Маскве, 4-ы блок у Харкаве,  Каларада ў ЗША, Эпіка і Шамон у Францыі, Лахці ў Фінляндыі, Таяма ў Японіі, Сафія, Берлін, Тайвань і мноства іншых біенале, трыенале і квадрынале пакараліся нашымі аўтарамі. І гэтыя поспехі не заціхаюць і сёння. Нараўне з мэтрамі да Эстафеты далучыліся студэнты, не толькі трапляючы ў шорт, але і заваёўваючы ўзнагароды:

  • Кацярына Высоцкая,
  • Кацярына Дарожка,
  • Вераніка Несцерук,
  • Расолька Мікіта.

Відавочна, што гэтыя вынікі не выпадковыя – за імі штодзённая творчая педадагічная праца, красамоўныя прыклады асабістага поспеху настаўнікаў, іх перакананасці ў тым, што толькі ў глабальнай ацэнцы плакат набывае праўдзівае гучанне й сілу сваёй прыроды, як універсальнай візуальнай мовы міжкультурнай камунікацыі, вырываясь за межы правінцыйнай фанабэрыі і самаздаволення. Таму сумесны праект 2011 года з Торуньскім цэнтрам сучаснага мастацтва "Дыялог дызайну", дзе на парытэтных пачатках удзельнічалі плакаты і лога польскіх і беларускіх аўтараў стаў яшчэ адным пацвярджэннем абсалютнай мастацкай раўнацэннасці работ нашага і польскага бакоў, нягледзячы на бясспрэчнае сусветнае лідэрства польскай школы плаката.

Звяртаючыся да сучаснай гісторыі беларускага плаката, ацэньваючы маштаб з'явы, варта нагадаць, што больш за 300 беларускіх плакатаў, больш за 60 аўтараў прайшлі жорсткія адборы міжнароднага журы на больш чым 30 конкурсах, біенале і трыенале. А больш за 20 плакатаў сталі пераможцамі і прызёрамі ў розных намінацыях – ад заахвочвальных прэмій да гран-пры. Дзякуючы гэтым перамогам беларускі плакат стаў здабыткам знакамітых музеяў і карпаратыўных калекцый:

  • Музей плаката ў Вілануве (Варшава, Польша),
  • Мараўская галерэя (Брно, Чэхія),
  • Музей плаката ў Лахці (Фінляндыя),
  • Дызайн-цэнтр у Осака (Японія),
  • Музей плакату ў Таяме (Японія),
  • калекцыя Смітсанаўскага інстытута (ЗША),  
  • музей плаката ў Орхусе (Данія)
  • і нават у Луўры.

Сёння плакат перажывае значныя трансфармацыі, яго ўтылітарная інфармацыйная функцыя ў спрошчаным выглядзе ажыццяўляецца ў інтэрнэце альбо ў выглядзе спрошчаных тэкставых паведамленняў-афіш. Плакат пачынае асвойваць новыя фарматы – ад мінімізаваных формаў у інтэрнэце і друкаванай рэкламе да маштабаў гарадскіх білбордаў. Тыражавальнасць плаката перастае быць яго галоўнай прыкметай.

Заказ на плакат – практычна адсутнічае. Таму Плакат у большай ступені становіцца аўтарскім, выступаючы як спосаб рэфлексіі на падзеі, якія адбываюцца, як сродак мастацкага выказвання. Плакат падтрымліваецца акадэмічным асяроддзем, як абавязковая дысцыпліна ў адукацыйным працэсе. Плакаты ствараюцца для конкурсаў і біенале, вызваляючыся ад ідэалагічных путаў і дыктату заказчыка, але захоўваючы свае галоўныя якасці – крэатыўнасць, лаканічнасць, выразнасць, выступаючы ўніверсальным сродкам міжкультурнага дыялогу.

Феномен беларускага плаката малавядомы большасці беларусаў, малавывучаны мастацтвазнаўцамі і абыдзены ўвагай дзяржавы. Калекцыя плакатаў сабраная мной пры падтрымцы калег (болей за 1500 аркушаў) не стала здабыткам спецыялізаванага музея, ці хаця б разгорнутай экспазіцыяй у існуючым. Гісторыя беларускага плаката не ўпісалася ў афіцыйную гісторыю мастацтва Беларусі, не стала прадметам мастацтвазнаўчых манаграфій і рэпрэзентатыўных кніжных выданняў. Таму я не стамляюся нагадваць пра веліч і значнасць беларускага плаката як мастацкай з'явы сусветнага маштабу, як значнага маркера беларускай ідэнтычнасці, здольнасці, адукаванасці і таленту беларусаў.

UNID.BY

Глядзець больш
СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ
СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ

Выстава прац студэнтаў Сацыяльнай ўстановы дапамогі людзям з аўтызмам «Майстэрня Побач» 

Умоўныя межы Алеся Родзіна
Умоўныя межы Алеся Родзіна

«Эксперыментальны кантакт» ― выставачны праект памяці мастака ў Мінску

Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай
Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай

Выстава «Пейзажы» ў Арт-Цэнтры Марка Роткі ў Даўгаўпілсе

"Наш горад Мінск"

Выстава "Майстэрні Побач"

ЛАРЫСА.
ЛАРЫСА.

Выстава Васілісы Палянінай

Найноўшы беларускі дызайн
Найноўшы беларускі дызайн

Беларускі саюз дызайнераў працягвае працу над стварэннем Анталогіі беларускага дызайна