BY
па-беларуску
Умоўныя межы Алеся Родзіна

Умоўныя межы Алеся Родзіна

«Эксперыментальны кантакт» ― выставачны праект памяці мастака ў Мінску
fatum 12  15
fatum_1986-1990
В созвездии Подарка
гадзіна пік
Залаты ключык. 2015-2016
Карані
Колесо фортуны
мая палітра
меліраяцыя
Нон-стоп-панорама
фрагмент твора карані
эксперыментальны кантакт

 

Алесь Родзін

Алесь Родзін (1947-2022) часта працаваў на стыку мастацтваў, займаўся перформансамі і відэа, але найбольш поўна і выразна выявіў сябе ў жывапісных творах ― палотнах з даволі ўмоўнымі межамі. Не таму, што для такіх вялізных фарматаў цяжка падабраць рамы, а таму, што кожны яго твор станавіўся толькі часовай і плыткай формай для зместу, без перабольшання, планетарнай праблематыкі, які пераліваўся праз край і увасабляўся ў паліптыхах і секвенцыях. Аднак, хоць яго жывапіс трансгранічны, уся творчасць мастака выглядае цэльнай і сінтэтычнай. Такой і была гэтая асоба.

У творах Алеся Родзіна перапляталіся розныя стылі і візуальныя лексікі: босхаўскія алегорыі, барочныя формы, сюррэалістычныя інтуіцыі, скрупулёзная дэталізацыя навуковай фантастыкі.
Мастак змешваў успаміны пра мінулае і прадбачанні будучага ў тыпова родзінскую візуальную плынь вобразаў. Тут спалучаюцца формы і праформы, макра і мікракосмасы ментальнага, фізічнага і астральнага суіснавання.

Сучаснасць, мінулае і будучыня зліваюцца ў герметычны сусвет, поўны апакаліптычных прадбачанняў. «У мастацтве я тут і не тут, я усюды і нідзе, - гаварыў Родзін у адным з інтэрв'ю. ― Я павінен быць раствораны ва ўсім. Мастак павінен быць без скуры. Ён павінен толькі адчуваннямі жыць ― тады ён праваднік. Праз яго ідуць фатоны, нейроны, пратоны. Ён прапускае праз сябе гэта боскае скіраванне, нанізвае, а таксама стварае і робіць падобным да нечага. Тут, усюды і нідзе».

Аўтар апісвае свой творчы метад даволі дакладна ― прапускаць праз сябе, нанізваць і ствараць... Тэхніка яго жывапісу нагадвае гульню ў бісер. У выразны кампазіцыйны каркас Родзін уводзіць вялікія формы, пасля разбівае іх на драбнюткія дэталі, паглыбленні-удакладненні, паўнамёкі і фрагменты.
Асэнсаванне сябе як пасярэдніка паміж рэальнасцю і нерэальнасцю ― даволі распаўсюджанае мастакоўскае самаўсведамленне. Любы творца перастварае свет у імкненні зрабіць свой твор лагічным і самадастатковым, незалежна на якую адлегласць ад рэальных форм ён адыходзіць. Родзін успрымаў рэальнасць як сон, паток розных энергій. І гэта выяўлялася, з аднаго боку, у складанай сінкрэтычнасці яго палотнаў, дзе тэхналагічныя і біянічныя формы арганічна суіснавалі паміж сабой, а з іншага ― у іх стылістычным падабенстве. Усе яго творы выглядаюць нібы адным гіганцкім палатном, нягледзячы на адметнасці кампазіцыі і каларыту кожнага створу.
 

Нон-стоп-панарама

Усяго б гэтага не было без унікальнага берлінскага арт-дома творцаў ― сквоту «Тахелес», што існаваў з 1990 па 2012 год, і дзе Алесь Родзін пастаянна апынаўся ў патоку і гэты паток праз сябе прапускаў.
Родзін трапіў у знакаміты сквот у 2001 годзе, і адразу зразумеў, што гэта тое, што яму патрэбна.
Яго майстэрня займала там цэлы паверх ― каля 800 квадратных метраў. Берлін працягваў натхняць Родзіна зноў і зноў. Родзін тлумачыў замежным журналістам, што не змог бы стварыць такія працы як тут, дзе-небудзь яшчэ. Мастак стаў часткай прасторы «Тахелеса», яе сімвалам і перманентным перформансам.

Аўтар правёў у «Тахелесе» 15 гадоў, 13 з іх ладзіў там перманентную персанальную выставу. Персанальная выстава ― гэта фактычна адкрытая майстэрня, дзе ён ставіў мальберт пасярод памяшкання і працаваў да трох гадзін ночы над чарговым палатном на вачах публікі.
А людзей прыходзіла часам больш тысячы ў дзень. Наведнікі сталі мастакоўскім барометрам, па іх рэакцыі Родзін звяраў свае карціны. Усё, з чаго складаецца вобраз, ― даследаванне прасторы, спалучэнні вобразаў, пластычная ўзаемасувязь фігур і фактур ― уплывае на кампазіцыйную сутнасць яго твораў, якая, у сваю чаргу, уздзейнічае на энергетычную. Родзін чакаў ад твора менавіта такога магутнага энергетычнага ўздзеяння, каб чалавеку немагчыма было прайсці міма палатна не спыніўшыся. І ён назіраў: спыняе твор гледача ці не. Калі глядач праходзіў міма, аўтар працягваў шукаць і выцягваць сілу карціны, паглыбляючыся ў яе сутнасць.

Алесь Родзін, art-context.com

Нездарма яго творы выразна рэльефныя і вельмі актыўна працуюць з прасторай, уздзейнічаюць на тую нібы скульптуры. Аўтар імкнуўся стварыць новую мову праз кампазіцыйнае і каларыстычнае ўзаемадзеянне структуры і фактуры, пятнаццаць год шукаў у «Тахелесе» формулу ўласнага мастацтва. Кожная яго карціна з «Тахелеса» ― пэўны вобраз, які перадаецца праз спалучэнне структуры ды фактуры. Гэты паток пачынаў захопліваць мастака, і чым мацней той ўваходзіў у гэты стан, тым мацней унутраная энэргетыка мастака з палатна перадаецца гледачу. Нават замежнікі ― здавалася б, людзі з зусім іншай культурнай памяццю, кодамі і навакольнай рэальнасцю, ― адчувалі гэты энергетычны паток.

Дух свайго «Тахелеса» Родзін спрабаваў перанесці ў Мінск. Колькі б не прывабліваў яго Берлін, Родзін не хацеў туды пераязджаць канчаткова, не набываў там кватэру і перыядычна вяртаўся на радзіму. Пасля разгрому «Тахелеса» новымі гаспадарамі будынка ў 2012 годзе ён перабіраецца ў Мінск, працуе ў несувымерна маленькай для яго палотнаў майстэрні, аднак вялікім фарматам не здраджвае.
Ён спрабуе перанесці у беларускую сталіцу не толькі свае прыёмы, але і берлінскую атмасферу не скаванай ніякімі межамі творчасці. Дзеля гэтага праз паўтара дзесяцігоддзя ладзіць мультыдысцыплінарныя арт-фестывалі, распачатыя яшчэ ў Берліне.

Міжнародны фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах» упершыню прайшоў у 2001 годзе ў берлінскім цэнтры «Тахелес». З таго часу амаль кожны год да 2016-га гэты фэст ладзіўся то ў Берліне, то ў Мінску (у асноўным у Палацы мастацтваў) з удзелам некалькіх дзясяткаў аўтараў-эксперыментатараў з розных мастацкіх сфер: перформераў, мультымедыяльных творцаў, эксперыментальных музыкаў, скульптураў і іншых. Куратарамі фестываля «Дах»  ад 2003 года з'яўляліся Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін. 

Самы буйны «Дах» адбыўся ў 2009 годзе ― на 40 дзён пад мерапрыемства аддалі ўвесь будынак Палаца мастацтваў. Выстава «Ахвяры мастацтва» ўяўляла сабой велізарную інсталяцыю. Кожны дзень нешта адбывалася: музыка, тэатр, літаратура. І так 40 дзён. Выставу «Дах-9» прысвяцілі мастакам, якія сталі ахвярамі сваёй творчасці: наведвальнікам распавядалі пра Язэпа Драздовіча, сусветных геніяў кшталту Ван Гога. Арганізатары дабіліся таго, каб уваход быў вольны, бо гэта было вельмі важна для атмасферы. На мэце было паўтарыць атмасферу «Тахелеса». Людзі прыходзілі на імпрэзу, гутарылі адзін з адным, потым нараджаліся цікавыя стасункі і творчыя калабарацыі. Як згадваюць куратары выставы, наведавальнікі, бачачы такую ўсёдазволенасць, рашаліся рэалізоўваць сябе творча. Некаторыя з іх дагэтуль займаюцца мастацтвам. «Дах-9» стаў ледаколам, які ўзламаў сітуацыю з выставамі сучаснага эксперыментальнага мастацтва ў Мінску.

Месца, падобнае да берлінскага «Тахелеса», Родзін урэшце знайшоў у мінскай прасторы «Верх», дзе адбыўся адзін з фестываляў «Дах». А таксама ў колішнім ОК16, там Родзін паказаў свой манументальны твор «Міфалагема тысячагоддзя» і выбудаваў экспазіцыю выставы па ўзору сакральнага храма.
Неўладкаваны ў жыцці, гэты творца быў аскетам ад мастацтва. Ён сцвярджаў, што рэальнасць ― толькі сон. Падобна, што сапраўднай рэчаіснасцю Алесь Родзін лічыў толькі творчасць…

Куратарам выставы памяці з'яўляецца Зміцер Юркевіч, даследчык-архівіст, аглядальнік рэдакцыі газеты "Культура", мастак-перформер.

Праект «Эксперыментальны кантакт» у мінскім Палацы мастацтва, прысвечаны памяці беларускага мастака Алеся Родзіна (1947-2022), працягваецца да 10 сакавіка.

Глядзець больш
Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай
Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай

Выстава «Пейзажы» ў Арт-Цэнтры Марка Роткі ў Даўгаўпілсе

"Наш горад Мінск"

Выстава "Майстэрні Побач"

ЛАРЫСА.
ЛАРЫСА.

Выстава Васілісы Палянінай

Найноўшы беларускі дызайн
Найноўшы беларускі дызайн

Беларускі саюз дызайнераў працягвае працу над стварэннем Анталогіі беларускага дызайна

Максім Осіпаў: шляхам парадоксаў
Максім Осіпаў: шляхам парадоксаў

Мастак Максім Осіпаў дакладна ведае, што такое кіч і ў чым яго вабная сіла

Дзве грані Максіма Лагуна
Дзве грані Максіма Лагуна

Быць іншым, асаблівым - гэта такі рэдкі дар у часы цяперашняй татальнай аднастайнасці! 

Залатая калекцыя беларускага плаката
Залатая калекцыя беларускага плаката

У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці і месца беларусаў у свеце

Таша Кацуба “Пачуццё дома”
Таша Кацуба “Пачуццё дома”

Серыя відэа з беларусамі, якія з'ехалі са сваёй краіны, разважанні на тэму дома і іх адчуванняў.