BY
па-беларуску
Жаночы марш Яўгена Карняга

Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД
zabalocce-21
zabalocce-19
zabalocce-18
zabalocce-17
zabalocce-15
zabalocce-14
zabalocce-11
zabalocce-10
zabalocce-9
zabalocce-8
zabalocce-7
zabalocce-5
zabalocce-4
zabalocce-3
zabalocce-2
screenshot 2024-03-14 at 21-40-52 Забалоцце - РТБД

Пастаноўкі рэжысёра Яўгена Карняга які год узвышаюцца сапраўдным Эверэстам сярод роўнага ды панылага тэатральнага ландшафту сучаснай Беларусі. Са сваёй самай першай студэнцкай працы «НеТанцы» аўтар быў заўважаны інтэлектуальнай аўдыторыяй ды нязменна збірае поўныя залі. Квіткі на яго прэм'еры раскупляюць на некалькі месяцаў наперад у першыя гадзіны, чарга ў касу збіраецца задоўга да адкрыцця.
Цяпер ён стаў галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Але яго новы спектакль «Забалоцце» трыўмфальна пачаў шэсце ў сталічным РТБД – тэатры, з якім звязаны галоўныя на дадзены момант працы Яўгена Карняга.

Дык чым малады і ўнікальны для беларускага мастацтва аўтар так прыцягвае гледача?
«Забалоцце» якраз дае яшчэ адну добрую магчымасць адказаць на гэта пытанне.


Спектакль стаў апошняй пастаноўкай у трылогіі пра Беларусь і беларусаў, пачатай Карнягом чатыры гады таму самым знакамітым на дадзены момант яго спектаклем «Шлюб з ветрам». Два гады таму былі не менш гучныя «Пачупкі». І вось, нарэшце, фінальнае выказванне, кропка, якая выглядае відавочным шматкроп'ем.


Яўген Карняг, як ніякі іншы беларускі тэатральны рэжысёр, умее быць актуальным, але пры тым выказваецца на вечныя тэмы. «Забалоцце», ды ўся яго трылогія «жыцця і смерці» акурат і ёсць такое выказванне. Гэтыя тры пастаноўкі – падарожжа па той бок свядомасці ды падсвядомасці, спектаклі, што выводзяць беларускі тэатр і яго гледача з зоны камфорту, доўгачаканае відовішча для інтэлектуальнай аўдыторыі.

Як і папярэднія часткі, «Забалоцце» цалкам заснаванае на беларускіх народных песнях. На ўваходзе ў тэатр гледача чакае праграмка-сонгбук ― 17 песень, ад уступнага паганскага клікання «Прыхадзіце, дзяды-радзіцелі...» да фінальнага падсумавання ўсёй шматпакутнай нацыянальнай ідэі «А на гэтым свеце ― усё наша багацце». Такім чынам, жанр новага спектакля Яўгена Карняга ― «песня у адной дзеі», так і пазначана на афішах. Музыка – надзвычай важная частка дзеі: фальклор тут губляе музейны характар, раскалыхвае падсвядомасць гледача.

Самім выбарам народнай песні як асновы спектакля Яўген Карняг у «Забалоцці» чарговы раз адказвае на пытанне, ці павінен тэатр быць нацыянальным. Зрэшты, фальклорная аснова не ператварае трылогію Карняга ў этнаграфічны паноптыкум. Усе творы рэжысёра гранічна прагрэсіўныя і па змесце, і па сцэнічным ўвасабленні. Разам з кампазітаркай ды, як азначана ў афішы, музычнай кіраўніцай пастаноўкі Кацярынай Аверкавай ён стварае нешта фантастычнае, зусім непадобнае нават на самае смелае ўяўленне пра сучасны спектакль.


Айчынны тэатр, а з ім і глядач, настолькі прывык да тэатра Чэхава, Стрындберга ды Станіслаўскага, тэатра рэплік, маналогаў, размоў —  працяглых, тых самых, тэатральных, —  паўзаў на сцэне, што любая нестандартная пастаноўка выглядае іншапланетным уварваннем. Спектаклі Яўгена Карняга, і «Забалоцце» тут не выключэнне, пабудаваныя зусім па іншым прынцыпе. У сваім асабістым унутраным тэатры рэжысёр —  сам сабе драматург і дэміург, ён адмовіўся ад стандартнай тэкставай асновы. Ён сам стваральнік сваіх тэкстаў —  візуальных, а не літаратурных. На першым месцы тут гук і пластыка. Нездарма арыгінальны рэжысёр-творца таксама лёгка працуе і ў тэатры лялек, дзе на першым месцы вобразны складнік.

«Забалоцце» якраз уяўляе сабою цэльнае, шчыльнае відовішча, асобныя эпізоды вельмі моцна звязаныя адзін з адным і выглядаюць суцэльным вялікім перформансам. Для свядомасці сучаснага гледача, сфармаванай візуальнай культурай, найперш кінематографам, такі падыход аказваецца самым дзейсным. «Забалоцце», як і ўсе спектаклі Карняга, ідзе без антракту і складаецца з паслядоўнасці тых самых песень-эпізодаў.

Апошнія трэба не толькі чуць, але і бачыць. Мастачка Таццяна Нерсісян, гэтаксама як і Кацярына Аверкава, сталая суаўтарка Яўгена Карняга, змясціла ўсе падзеі на нахіленай да глядзельнай залі паверхні, той самай прывіднай вёскі Забалоцце. Насамрэч тое застаўлены свечкамі ўзгорак-пагост, дзе жывыя сустракаюцца з мёртвымі. Беларускі сусвет выяўляецца тут таямнічай прасторай у халодных колерах. Фактуру неўрадлівай парэпанай глебы ― вось, ён, нацыянальны арнамент! ― у «Забалоцці» маюць і дэкарацыі, і вайсковыя шынялі, у якія па чарзе загортваюцца і мужчынскія, і жаночыя персанажы. Уяўнае беларускае забалоцце тут нібы прысыпана ці то попелам, ці то апошнімі жменямі зямлі, якімі развітваюцца з нябожчыкамі.


У гэтым спектаклі, як ні ў якім іншым спектаклі Карняга для драматычнага тэатра, відавочная повязь рэжысёра з тэатрам лялек: розныя гаваркія дэталі кшталту рыдлёвак ды мыліц адыгрываюць не меншую ролю за жывых выканаўцаў. З'яўляюцца на сцэне і прамыя элементы тэатра лялек —  у выглядзе ізноў-такі архетыповых для беларускай вёскі фігур сабакі ды каровы. Апошнімі акцёры кіруюць наўпрост на сцэне. Ды і ў саміх сваіх актораў і акторак Яўген Карняг гуляе літаральна як у вялікія лялькі.

Таксама «Забалоцце» адмаўляецца ад слова на карысць музыкі. Дакладней, песні ды танца. І гэта ператварае «Забалоцце» ў суцэльную медытацыю або нейкі дахрысціянскі рытуал, у якім у выніку ўдзельнічаюць і самі гледачы. Рытуальныя беларускія песні суправаджаюць адмысловыя падзеі на сцэне. «Забалоцце» выглядае яшчэ і як вялікая панарама нацыянальных абрадаў, галоўны з якіх ― пахаванне як пераход па іншы бок зачыненых дзвярэй ― запамінаецца больш за астатнія.

Акторы і акторкі тут дэманструюць цуды валодання сваімі голасам ды целам. Балазе трупа РТБД складаецца з найлепшых артыстак і артыстаў сучаснай Беларусі, і ў «Забалоцці» Яўген Карняг дае раскрыцца кожнаму з іх.
Пятнаццаць яркіх выканаўцаў рознага досведу і ўзросту ўтвараюць бліскучы ансамбль. Тут кожны -- яркая індывідуальнасць і адначасова на сваім азначаным месцы ў адзіным складаным арганізме. Прытым у кожнага свая роля і вобраз. Пачынаецца «Забалоцце» з уступнага плачу-клікання гераіні Галіны Чарнабаевай. І далей у кожнага ёсць і сола, і дуэты. Асобныя эпізоды становяцца сапраўднымі маленькімі шэдэўрамі акцёрскага майстэрства ды рэжысёрскай знаходлівасці.


Раз-пораз галасы складаюцца ў хор у розных камбінацыях ― вакальныя дадзеныя ад акцёраў Яўгена Карняга патрабуюцца не меншыя за фізічныя. Пластыка выканаўцаў заварожвае ― рэжысёр напоўніцу выкарыстоўвае прыёмы пантамімы. Кожны з эпізодаў-мізансцэн выбудаваны максімальна складана і максімальна дасканала. Бессаромная цялеснасць ― выканаўцы значную частку спектакля амаль распранутыя ― тут падаецца сімвалам максімальнай шчырасці і адкрытасці: на тым свеце немагчыма схавацца за вопратку, нейкія статусы ды рэгаліі.

«Забалоцце» больш за іншыя спектаклі Карняга прасякнуты духам містыцызму. Сімвалы і ўмоўнасць тут адыгрываюць куды большую ролю, чым нейкія дакладныя думкі і вывады. Кожны з гледачоў абапіраецца на свае эмоцыі ды асацыяцыі. Адно несумненна: «Забалоцце» ўяўляе сабой ці не ўсю тысячагадовую гісторыю беларускага народа. Але мікрасюжэты, з якіх складаецца дзея, гранічна вобразныя, яны не трымаюцца нейкіх пэўных дэталяў.
Афіцыйна пастаноўка прысвечана трагедыі маці, якая не дачакалася з фронту васьмярых сыноў. Такіх сюжэтаў, аднолькавых нават у лічбах, гісторыя ведае адразу некалькі, і не ўсе яны родам з Беларусі ― у дадзеным выпадку тое не прынцыпова. Абавязковыя адсылкі да вайны тут выглядаюць ужо ці не дзяжурным спосабам сучаснага беларускага тэатра пазбегнуць цяжкасцей з чыноўнікамі пры ўзгадненні тэмы для спектакля. Адзінае, што можна сказаць: у «Забалоцці» зусім няма вайны як такой. Ёсць архетыповы беларускі сюжэт: жанчыны хаваюць сваіх мужчын —  мужоў, сыноў, —  што загінулі падчас вайны, паўстання, рэвалюцыі. Менавіта дзе і як загінулі ― не так істотна. Галоўнае, мужчыны тут ― адабраныя, разлучаныя, ахвяраваныя.

Як і ў іншых пастаноўках Яўгена Карняга, адна з асноўных тэм у «Забалоцці» ― мужчынская ўразлівасць. Праўда, раней у сваіх працах Карняг выказваўся наконт мужчын сучасных. «Забалоцце», здаецца, абагульняе шматвекавую трагедыю беларускіх мужчын, якія вымушаны падпарадкоўвацца чужынскай волі. Нават на фоне агульнай безабароннасці, безабалонкавасці амаль распранутых на сцэне выканаўцаў, мужчынскія персанажы тут выглядаюць асабліва бездапаможна. Адсюль і агульная тэма «Забалоцця» ― трагічная аб'ектнасць, а не суб'ектнасць беларусаў як асоб і, відавочна, як нацыі.
Нейкая злая, чужынская воля раз за разам, сын за сынам, юнак за юнаком забірае беларускіх мужчын у беларускіх жанчын —  маці, дзяўчат, жонак. І беларускі з тым нічога не могуць зрабіць, перашкодзіць сусветнаму ліху ды бяспраўю. Тое ціхі жаночы марш, без скаргаў, без пратэстаў, тое песня аб трагічнай долі.


Асацыяцыі калектыву выканаўцаў са старажытнагрэчаскім хорам тут зусім не беспадстаўныя. Людзі з «Забалоцця» становяцца марыянеткамі ў руках нябачнага трагічнага лёсу. І бога з машыны чакаць тут дарэмна. Як і героя, які раптам прыйдзе і выратуе ўсіх раз і назаўсёды. Яўген Карняг не дапускае ў спектаклі ніводнай фальшывай ноты, у фінале таксама не падпускае ненатуральнага аптымістычнага пафасу. Але гледача ўсё ж чакае самы сапраўдны катарсіс. У эпілогу «Забалоцця», калі знакамітая «чацвёртая сцяна» знікае, выканаўцы далучаюцца да публікі і ўсе, хто па гэты бок жыцця, апладысментамі дзякуюць тым, хто нябачна ахоўвае беларускую зямлю.

Фота са спектакля «Забалоцце» / www.rtbd.by 

Глядзець больш
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»