BY
па-беларуску
Юра Дзівакоў

Юра Дзівакоў

«Калі людзі бачаць мае творы, я разумею, што яшчэ ня ўсё скончана»

6, 7 сьнежня 2022 ў тэатры Teatr Powszechny ў Варшаве адбудуцца паказы спэктакля «Nastia». Дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце тэатра.

Аўтар тэксту: Васіліна Сакалоўская
Аўтар фота: Яўген Малашкевіч

«Калі людзі бачаць мае творы, я разумею, што яшчэ ня ўсё скончана». Беларускі рэжысэр Юра Дзівакоў распавядае пра cваё жыцьцё і мастацтва

Паразмаўлялі зь беларускім рэжысэрам Юрам Дзіваковым пра тэатар, рытуалы зь лялькамі, працу ў Купалаўскім і Свабодным, дзіўныя і страшныя выпадкі на спэктаклях, а таксама пра сям’ю, творчасьць і пляны.

Юра Дзівакоў нарадзіўся ў Менску. Тата быў найлепшым аўтамэханікам сталіцы, якога ведалі ўсе. Мама марыла стаць музыкай і сьпяваць.

«Усе прыяжджалі да таты ў таксапарк, які знаходзіўся ля чыгуначнага вакзала ў Менску. Мама ж пачынала вучыцца ў Гомельскай музычна-пэдагагічнай вучэльні імя Выгоцкага, але тата вельмі раўнаваў яе і ёй давялося проста зьехаць адтуль, заняцца сям’ёй. Яна грала на домбры, на бас-балалайцы і вельмі любіла сьпяваць», – апавядае пра сваю сям’ю рэжысэр Юра Дзівакоў.

Творца прызнаецца, што заўжды быў дзіцём, якое не любіла кантактаваць зь людзьмі, і ўвогуле ён хацеў займацца археалёгіяй.

«Я да сёньняшняга часу не магу прайсьці ніводную яму, каб не зазірнуць і не паглядзець, хто там капаецца, ці можна штосьці знайсьці. Творчыя і мастацкія зацікаўленасьці адкрыліся падчас навучаньня ў школе. Там, невядома адкуль, мне захацелася чытаць, гэта было ў 9-10 клясе. Мне захацелася быць мастаком, падабаліся Пабла Пікаса і Сальвадор Далі. Потым мой сябра прывёў мяне ў тэатральную студыю, што была па-за школай. Пазьней я трапіў у тэатральную клясу ў іншай школе і адтуль пайшла ўся гэтая тэатральная гісторыя, якая да цяперашняга часу працягваецца».


Юра хацеў паступіць у Акадэмію мастацтваў у Менску, але не пасьпеў прайсьці медагляд у нэўрапатоляга, вось і рушыў у Менскі каледж мастацтваў на курс тэатра лялек да Валянціны Карташовай. Пасьля гэтага Дзівакоў паступіў у Санкт-Пецярбурскую тэатральную акадэмію на курс тэатра лялек да Галіны Ханінай і Мікалая Навумава. Там творца правучыўся пяць гадоў на завочным аддзяленьні.

«Насамрэч спачатку было не прынцыпова, на які курс паступаць, але потым адкрылася сьвядомае захапленьне тэатрам лялек. Лялька адкрывала больш магчымасьцяў. Сама па сабе лялька – вельмі моцны вобраз, вельмі важны аб’ект, які падштурхоўвае да новых, цікавых ідэй».

Творца эмацыйна прагадвае адну са сваіх студэнцкіх работ:

«Здаецца, на другім курсе навучаньня ў нас было такое заданьне: прачытаць розныя кніжкі тэатральных дзеячаў, якія жылі на працягу ХХ стагодзьдзя. Я выбраў кнігу Антанэна Арто “Тэатар і яго двайнік”. Уразіла моцная, эксцэнтрычная літаратура. І вось трэба было штосьці зрабіць: прачытаць лекцыю пра гэтага дзеяча ці нешта паказаць у тэатральнай прасторы. Я панабіраў розных рэчаў, валейбольныя ды баскетбольныя мячы, боты нейкія, адзеньне, на сцэне было шмат чаго. Прывязаў гэта за нітачкі, вяровачкі і папрасіў сваіх аднакурсьнікаў, каб яны з-за кулісаў гэта цягнулі, кацілі ў патрэбны момант, пад музыку адбывалася дзеяньне. Пасьля майго прадстаўленьня выкладчык сказаў: “Не, гэта не тэатар, такога ня можа быць”».

Юра кажа, што той выпадак яго засмуціў, але выкладчыку ён паверыў. Празь некалькі гадоў Дзівакоў убачыў у адным тэатры нешта падобнае да яго студэнцкай работы.

«Я, канешне, быў вельмі раззлаваны на таго выкладчыка, які проста не працягнуў маю ідэю, а забіў яе на корані ў той самы момант. Потым я пабачыў, што такі тэхнічны, інжынэрны, мэханічны тэатар таксама можа існаваць. І вось тая праца, што я зрабіў, падаецца першай маёй вельмі важнай працай, якая не дае мне сыходзіць у кірунак звычайнага тэатра і пагаджацца з усім, а заставацца ў сваіх думках».

«Калі лялька не патрабуе крыві, то яна не сапраўдная»


Юра са сваімі аднакурсьнікамі зачыняліся ў майстэрні, каб не прыходзіць на пары таго выкладчыка.

«Мы гулялі ў такую дэтэктыўную гульню, быццам нас няма. І нават гэта было таксама майстэрства – зрабіць так, каб паверылі, што нас няма. Мы ўвогуле мусілі быць на вучобе, але проста не хацелі займацца. Было яшчэ цікава, калі мы заставаліся ночыць з маім калегам у старой майстэрні, дзе на сьценах віселі лялькі. Было вельмі жудасна. Мы ляжалі разам на ляжанцы і прыдумлялі, што зараз лялькі ўстануць, прыйдуць нас забіваць! Мы прыдумлялі хорары і адзін аднаго пужалі», – сьмяецца Юра.

Яшчэ адна страшная традыцыя была ў Юры і яго калегаў: дзеля лялькі трэба было пусьціць кроў.

«Калі ты робіш ляльку і не парэзаўся, не пусьціў кроў зь сябе, калі лялька не патрабуе крыві, то яна не сапраўдная, такая сабе. Вось такі быў рытуал. Яшчэ здаралася, калі, выпадкова ці не, разьбівалі шкло. Аднойчы нашай аднакурсьніцы яно ў вока трапіла. Цікавыя і жорсткія рэчы адбываліся».

Творца кажа, што раней было вельмі шмат містычных момантаў падчас падрыхтоўкі да спэктакля ці падчас паказу, але цяпер стараецца ня ўражвацца імі, каб не замінаць працы.

«На працягу доўгага часу, калі я пачынаў рабіць спэктаклі, хтосьці з блізкіх людзей альбо маіх, альбо тых, хто са мной працуе, паміраў. Заўсёды хтосьці паміраў. Цяпер я стаўлюся да гэтага так, што людзі паміраюць штодня, але ў момант той працы над рознымі спэктаклямі гэта было неяк дзіўна і заканамерна».

«Ёсьць фантастычная сувязь з акторамі, ты ў захапленьні»



На спэктаклях Юры Дзівакова шмат аголеных людзей, крыві і жорсткіх рэчаў, але відаць, як акторы ахопленыя справай, зь якім задавальненьнем усё адбываецца.

«Я ня памятаю выпадкаў, каб акторы моцна супраціўляліся таму, што яны рабілі. Былі далікатныя рэчы, калі трэба распрануцца, яны пыталіся, навошта гэта. Трэба знайсьці нейкі падыход, каб пераканаць альбо давесьці тую ідэю, якая дазваляе распрануцца актору або рабіць што-небудзь такое, што магло б проста замінаць яго эмацыйным, фізычным ці рэлігійным рэчам».

Вельмі яскравым момант быў на спэктаклі «Nastia», калі акторка мусіла доўгі час ляжаць голай у шкляным акварыюме-труне.

«Быў цяжкі момант, які ўсе заўважылі. У першыя дні, калі мы рэпетавалі з Дашай Новікавай, калі закрывалі ўжо крышку, там не хапала паветра, каб дыхаць. Мы рабілі дзюркі розныя ў гэтай накрыўцы, каб проста не згубіць акторку. І ёй, канешне, было страшна. Але акторы ў такім моцным захапленьні, у гэтых рытмічных дзеяньнях, якіх я прапаноўваю. Мы ўсё зрабілі тэхнічна акуратна, каб не нашкодзіць адно аднаму, напрыклад, у моманце, дзе адразаюць руку. Але яны кажуць, што чакаюць кожны раз гэтага спэктакля, радасна рыхтуюцца да гэтай жорсткай гісторыі. Такі цікавы парадокс».

Рэжысэр кажа, што яны разам з акторамі дазваляюць адно аднаму рухацца ў адным кірунку і гэта дае круты вынік. А праца над спэктаклем і яго трансфармацыя могуць адбывацца нават ужо пасьля прэм’еры.

«“Nastia” гралася некалькі месяцаў. І толькі ў апошні час я зразумеў, што адну сцэну трэба скараціць і зрабіць па-іншаму. Мы памянялі яе хуткасьць – і пасыл стаў мацнейшым, зразумелым. Заўсёды твор дапрацоўваецца і перапрацоўваецца. Ёсьць фантастычная сувязь з акторамі, ты ў захапленьні, ты гуляеш. Бывае, даходзім да такога ўзроўню, калі можна пажартаваць вельмі жорстка і разумець, што гэта жарт, не крыўдзіцца. Ёсьць дазвол, дамова адно з адным. Трэба час, каб прыцерціся, а потым такое адчуваньне, што жылі разам сто гадоў! Таму трэба кожны раз шукаць новых актораў, каб у мяне быў стрэс, бо тады будзе цікавая, найлепшая праца».

«Калі ніхто не выходзіць пасярод спэктакля, гэта вельмі падазрона»



Некаторыя спэктаклі Юры Дзівакова не вытрымліваюць гледачы. Але творца кажа, што ўспрымае гэта вельмі добра.

«На нядаўнім паказе “Nastia” адна дзяўчына ўстала і выйшла, ёй стала дрэнна, яна была блізкая да таго, каб званітаваць, бо там ёсьць момант, калі пэрсанаж корміць сваю жонку кішкамі дачкі. Ёй стала вельмі кепска. Безумоўна, выходзілі людзі і нават праз 15 хвілін, цэлымі групамі па 4-5 чалавек. Але калі ніхто не выходзіць пасярод спэктакля, гэта вельмі падазрона. Быў цікавы выпадак у Гданьску, калі мы гралі «Крыжовы паход дзяцей»: поўная заля, але амаль усе мужчыны, – усьміхаецца Юра. – Гэта ўжо было падазрона, і потым у працэсе спэктакля выйшла чалавек 30 ці больш. Выявілася, што прадалі квіткі нейкай беларускай дыяспары, мужчынам, якія проста працуюць на заводах, яны ўвогуле першы раз у тэатры былі, і адразу трапілі на такі своеасаблівы спэктакль, на такі тэхнатэатар!»

Юра заўважае, што да любога мастацтва рыхтавацца неабходна. Пры гэтым рэжысэр дадае: і ў непадрыхтаванасьці можна знайсьці новыя сэнсы.

«Я ведаю, што некаторыя людзі перад “Nastia” чытаюць тэкст, каб прыйсьці і паглядзець літаратурна падрыхтаваным. Гэта вялікі плюс, яны пашыраюць свой інтэлектуальны парыў, назіральнасьць. Я не за тое, каб хадзіць з плякатамі “рыхтуйцеся да спэктакляў”, але калі ёсьць такая магчымасьць і жаданьне, то гэта, канешне, клясна і моцна».

Рэжысэр дадае, што існуе тэатар, які мяркуе адукацыйную частку. Але сам Дзівакоў ніколі не выкарыстоўвае мастацтва з гэтай мэтай.

«Калі людзі знаходзяць у гэтым нейкую адукацыйную рысу, я думаю, што гэта проста ім неабходна. Цяпер вельмі шмат розных тэатраў – ад дакумэнтальнага да тэатра мастака. Тут ужо я абіраю, куды мне пайсьці. Да тэатру можна ставіцца як да нейкай літаратурнай рэчы, дзе можна паслухаць ці штосьці вызначыць для сябе альбо напоўніцца неяк візуальна, інтэлектуальна, каб узбудзіць больш эмоцый, а потым ужо прыйсьці да нейкіх думак. Можа быць і так, і так. Але я не займаюся адукацыяй».

Таксама Юра не працуе зь літаратурай ці гісторыямі «па факце». Пры гэтым у розных спэктаклях творцы, напрыклад «Nastia» і «Рэйк’явік», можна ўбачыць яўныя паралелі зь сёньняшнімі падзеямі ў Беларусі, Украіне і сьвеце.

«З “Nastia” мы крыху зазірнулі наперад, але гэта тое, што ўжо было пераасэнсаванае аўтарам празь вялікі час, бо твор быў напісаны на пачатку 2000-х. Мне падаецца, гэта мацнейшае, празь нейкія вобразы, глыбіню яно падштурхоўвае і раскрывае тое, што адбываецца сёньня, але не гаворыць пра гэта наўпрост, у лоб. Тая літаратура, якая цяпер узьнікае, павінна быць. Але ў маім эмацыйным і фізычным стане я проста не гатовы з гэтым працаваць, бо гэта вельмі блізка, тут і цяпер».

На пытаньне, чаму важна, каб спэктаклі рэжысэра бачылі, Юра адказвае так:

«Калі людзі прыходзяць на спэктаклі, бачаць мае творы, я разумею, што я цяпер ёсьць, што яшчэ ня ўсё скончана, а толькі пачынаецца».

«Гэта нейкая цудоўная самотнасьць»

Акрамя тэатра Юра Дзівакоў шмат малюе.

«Цяпер я ўспрымаю маляваньне вельмі добра, бо гэта такі пляцдарм для яшчэ адной творчасьці, якая таксама пераплятаецца з тэатрам, калажам і малюнкам, дае магчымасьць пабыць аднаму. Гэта нейкая цудоўная самотнасьць, пабыць самому і проста нікога ня бачыць. Гэта тэрапія».

Творца гаворыць, што кожны дзень марыць пра выставу ўласных малюнкаў або калажаў. Сёлета ў Юры адбылася пэрсанальная выстава ў Кракаве.

«Гэта была інсталяцыя на бэтонных плітах з калажам, такая аўтабіяграфічная выстава. Я, канешне, у захапленьні і задаволены дагэтуль. Спадзяюся, што гэта не скончыцца адным такім досьведам статычнага мастацтва. Цяпер у маёй жонкі, ілюстратаркі і дызайнэркі Тані, ёсьць прапанова зрабіць тэатар без актораў, з інсталяцыямі, каб глядач мог прыходзіць і там нешта адбывалася са сьвятлом, з дынамікай, мэханікай. Атрымаецца штосьці сцэнаграфічна-візуальна-музычнае».

Таксама нядаўна рэжысэр зрабіў свой комікс паводле твору «Гензэль і Грэтэль» падчас творчай стыпэндыі «Gaude Polonia».

«Атрымалася кніга на 80 аркушаў з 2 частак, прысьвечаных Гензэлю і Грэтэль. Першая частка – гісторыя Гензэля і Грэтэль, апрацаваная мной, калі я яшчэ працаваў у Свабодным тэатры. А другая – маналёгі Грэтэль, якая распавядае нейкую гісторыю і пра свой эмацыйны стан. Я напісаў кнігу ад рукі і праілюстраваў за час маёй стыпэндыі. І вось з гэтай кніжкі мусіць быць спэктакль».

Лябараторыя фігур Оскара Шлемера

У 2011 годзе рэжысэр і яго будучая жонка Тацяна пераехалі ў Нясьвіж і стварылі Лябараторыю фігур Оскара Шлемера. Творцы вырашылі, што незалежна ні ад каго працягнуць рабіць сваю працу, будуць займацца ня толькі тэатрам, але і рознымі кірункамі мастацтва.

«Гэта ўсё ўзьнікла пад уплывам Баўхаўсу, іх поглядаў на мастацтва і на сьвет, на нейкія сацыяльныя, палітычныя, мастацкія, чалавечыя рэчы. Першы наш спэктакль называўся “Мёртвыя і жывыя фігуркі”, зь якім мы шмат паезьдзілі па розных фэстывалях, ён такое нашае першае тэатральнае дзіця, якое пражыло пяць гадоў. Потым я ўжо ня мог яго граць, проста не было моцы, – сьмяецца Юра. – Далей мы рабілі розныя пэрформансы, выставы пад гэтым лога. У нейкі момант мы проста прыпыніліся. Дзейнасьць лябараторыі пакуль у нейкім сьне, яна засталася як гістарычная частка нашай творчасьці».

«Гэта немагчыма выкінуць з гісторыі тэатра»

Адзін зь першых сваіх досьведаў працы ў дзяржаўнай установе Юра Дзівакоў атрымаў у Купалаўскім тэатры.

«Я быў як маленькае птушанятка, гэта было нешта неверагоднае – трапіць у дзяржаўны тэатар, тым больш у Купалаўскі, ды яшчэ з п’есай «Войцэк» у перакладзе на беларускую мову ад Ірыны Герасімовіч. Увогуле была велізарная праца, гэта было супэрскі». 

«Канешне, было вельмі цяжка, бо я трапіў у каманду, якая склалася для сябе эмацыйна, фізычна, інтэлектуальна. Я ўсё ж быў маладым рэжысэрам у іх вачах, яны ня ведаюць мяне, яны ў сваім доме, а я – не. І ў нас спачатку была паразумелая гісторыя, потым жорсткая, непаразуменьне, што мы робім, як мы робім і навошта. Але напрыканцы выйшаў цудоўны спэктакль. За той час Купалаўскі і акторы далі мне моцны досьвед у тым, каб адстойваць сваю пазыцыю на розных узроўнях».

Некалькі гадоў Юра прапрацаваў у Беларускім Свабодным тэатры. Рэжысэр гаворыць, што супрацоўніцтва пачалося дзіўна і заканамерна адначасова, бо ён добра ведаў і сябраваў са шматлікімі людзьмі адтуль.

«Я там зрабіў больш як рэжысэр, а не як актор, і гэта было мне блізка па духу, я разумеў, як атрымліваць асалоду ад працы. Мне трапілася шмат актораў, якія рабілі на сцэне такія рэчы, што спрачацца бессэнсоўна! Для мяне гэта самае важнае і моцнае ў тэатры. Асабліва калі мы рабілі “Рэйк’явік”, адбывалася ўсё з гумарам. Я разумеў, што людзі ў захапленьні ад працы: мы рэпетавалі з 11-й раніцы да 21-й вечара іншы спэктакль, а потым з 22-й да поўначы працавалі над “Рэйк’явікам”».

Рэжысэр кажа, тады адчуваў, што робіць ужо адно і тое ж, яму станавілася не цікава і трэба было сыходзіць.

«Я сышоў з тэатра з розных прычын, непаразуменьняў адно аднаго, такое бывае. Але гэты досьвед, Купалаўскага і Свабоднага, адбыўся, і гэта цудоўная рэч. Гэта немагчыма выкінуць з маёй гісторыі, гісторыі тэатра Беларусі ці нават сьвету».

«Было страшна, што нешта зробяць жорсткае з маім целам»



У лістападзе 2020-га Юру затрымалі сілавікі.

«У той дзень я ўвогуле не зьбіраўся ісьці на пратэст. Я пайшоў плаціць за інтэрнэт, вырашыў пашпацыраваць па дарозе дадому каля гандлёвага цэнтру «Галерэя». Там яшчэ нікога не было, а да мяне падышоў велізарны дзядзька і сказаў: «Пойдёмте со мной». Я казаў, што прыйшоў аплаціць інтэрнэт, проста іду дахаты, я гатовы быў чэк паказаць! Ён мне не паверыў. Калі нас вадзілі потым упрысядкі і з рукамі за сьпінай, я ўзгадваў нашыя рэпэтыцыі Свабоднага, дзе было тое ж. Гэта быў для мяне жарт, каб быць у эмацыйна нармальным стане».

Юру тады далі штраф 270 рублёў. Потым быў страх, што затрымаюць другі раз і завядуць крымінальную справу, прызнаецца рэжысэр. 26 кастрычніка 2021 году сілавікі ўварваліся ў будынак, дзе мусіў праходзіць спэктакль «Час жанчын», прысьвечаны жонкам рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў.

«Калі яны прыйшлі, я ўжо быў апрануты ў гарнітур маёра і думаў: “Ну ўсё, бляха”. Я ў той момант гуляў у настольны тэніс, гуляў, як ніколі ў жыцьці. Было страшна, што забяруць і нанова ўся гэтая гісторыя пачнецца, што будуць датыкацца да майго цела, нешта зь ім жорсткае зробяць. Быў такі фізычны страх».

Першае затрыманьне Юры і прыход сілавікоў на спэктакль сталі моцным штуршком, каб пачаць плянаваць пераезд.

«Усе бачылі, што з кожным днём усё становіцца горш, сэнсу заставацца і наконт бясьпекі, і вучобы дзіцяці не было. Нават сябры майго сына Оскара зьехалі за мяжу. Мы спачатку думалі пра тое, каб зьехаць на нейкі час, а потым ужо разумелі, што гэта будзе надоўга. Таня была вельмі моцным ініцыятарам пераезду, яна і дагэтуль кажа: «Калі б ня я, ты б так і ня вырашыўся нікуды ехаць». Я думаю, што так і ёсьць, бо я доўга заўжды раскачваюся», – усьміхаецца Юра.

Пэўны час Юра яшчэ працягваў падпольную працу над спэктаклямі, але потым сям’я прыняла канчатковае рашэньне зьехаць.

«Тое, што мы разам, дае жорсткі вынік»

2 ліпеня 2021 года Юра, Тацяна і Оскар апынуліся ў Варшаве.


«Нам пашанцавала, бо мы, калі зьяжджалі, ведалі, што ў нас будзе праца. Нас запрасіў сюды і ўсё арганізаваў музыка Сяржук Доўгушаў. Гэта быў вельмі моцны пляцдарм для таго, каб пачынаць новую гісторыю існаваньня за мяжой. Потым мы тут пражылі месяц, дапамога з боку Сержука працягвалася. Вялікі яму дзякуй. Гэта ніколі не забудзецца! Мы былі тут на рэзыдэнцыі ў Польшчы, потым у Латвіі. Калі мы вярнуліся ў Варшаву, пачалі працаваць разам з Бажэнай Шамовіч і так трапілі ў тэатар Powszechny».

Рэжысэр кажа, што ім было ня так цяжка зьяжджаць, як людзям пасьля пачатку вайны, бо тады была моцная падтрымка беларусаў і мастацтва.

«Я больш за 20 гадоў марыў аб тым, каб зьехаць з Беларусі, бо мне хацелася працаваць за мяжой. Цяпер гэта адбылося, і я лічу, што тэхнічна мы знаходзімся ў эміграцыі, але я не лічу сябе эмігрантам у нейкім унутраным сваім стане, і гэта крыху дапамагае. Я ня шмат кантактую зь людзьмі, якія сумуюць па радзіме, якія застаюцца толькі ў гэтым стане суму. Мы з Таняй шукаем нейкай творчай, міжнароднай інтэграцыі, каб у любы момант можна было працаваць, камунікаваць у розных частках сьвету».

Сын Юры і Тацяны Оскар, якому 8 гадоў, цікавіцца творчай працай бацькоў, ходзіць на рэпэтыцыі і нават дае свае заўвагі па спэктаклях.

«Бывае, ён камэнтуе нават тое, што можна было б зрабіць. Я заўжды кажу: “Слухай, можаш застацца, я пайду пагуляю, а ты займайся рэжысурай”. Я разумею, што сваё ён гатовы рабіць, ён вельмі ўпэўнены, што можна зарабляць грошы мастацтвам, гэта вельмі карысная рэч, якой мы былі не навучаныя. Я вельмі рады што ён, дзякуючы Тані (бо ўся адукацыя ідзе ад яе), разумее, як абыходзіцца з тымі ці іншымі сацыяльнымі рэчамі ў гэтым сьвеце».

Оскар езьдзіць з бацькамі на творчыя рэзыдэнцыі ў розныя краіны.

«Ён не турбуецца, калі мы кудысьці едзем, ён, наадварот, вельмі задаволены, бо не заўсёды хоча хадзіць у школу. Ён хутка пачаў разумець і камунікаваць на польскай мове, нават зараз будзе ўдзельнічаць у конкурсе чытаньня па-польску. Яму вельмі цікава прыдумляць што-небудзь. Мы нядаўна зрабілі кармушку, потым ён прыдумаў акварыюм. Оскар мае такі моцны інжынэрны мозг, я думаю, што гэта ня згубіцца, а прывядзе да розных цікавых рэчаў у яго жыцьці. Мне падабаецца, што ў яго ёсьць цудоўнае пачуцьцё гумару, ён вельмі клясна жартуе, бывае нават жорстка!»

Таксама Юра шмат працуе разам з Тацянай. Рэжысэр кажа, што гэта заўжды стрэс, сутыкненьне лбамі, але атрымліваецца выдатна, бо яны разам.

«Ёсьць працэс, які нас моцна захоплівае, але тое, што мы разам, дае жорсткі вынік. Мы дазваляем адно аднаму нейкія непрыемнасьці. Калі б мы ня ведалі адно аднаго, мы б проста працавалі, а гэта перакідвае працу на нашае жыцьцё і наадварот. І ў гэтым сутыкненьні адбываецца проста жорсткі вулькан. Але ўсё гэта таму, што мы вельмі блізка адно да аднаго. Не было ніводнага разу, каб не было жорсткіх сутыкненьняў, але клясна!»

«Для мяне праца зь дзецьмі і для дзяцей – гэта самае цяжкае ў жыцьці»

Цяпер Юра з Тацянай працуюць над спэктаклем для дзетак. Прэм’ера адбудзецца на пачатку лістапада.

«Для мяне праца зь дзецьмі і для дзяцей – гэта самае цяжкае ў жыцьці. Таня прапанавала зрабіць знакамітую казку «Ліса ды заяц», дзе ліса забірае дамок зайца, а заяц ходзіць і просіць розных жывёл, каб дапамаглі яго вярнуць. Я буду выступаць у ролі рэжысэра-пастаноўшчыка. Таня – галоўны рэжысэр, адміністратар, ідэйны выканаўца ў гэтай гісторыі. Гэта будзе монаспэктакль».

Яшчэ Юра цяпер працуе над трыма іншымі праектамі ў розных краінах, але пакуль пакідае таямніцу, пра што яны.

 

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»