BY
па-беларуску
Вельмі кайфова працаваць разам

Вельмі кайфова працаваць разам

ArtContext паразмаўляў з акторамі Дар’яй і Андрэем Новікамі пра сыход з дзяржаўных тэатраў, вымушаную эміграцыю, праекты ды планы

«Не ведаю, як мы будзем жыць»

Дар’я і Андрэй  Новікі да ўсіх падзей 2020 году працавалі ў дзяржаўных тэатрах: Дар’я была салісткай хору ў Нацыянальным тэатры оперы і балету, а Андрэй акторам у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У той жа час пара займалася некалькімі незалежнымі праектамі.
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

«Я трапіла ў Оперны па размеркаванні, пайшла праслухоўвацца ў хор. Думала, што там будзе трошкі лепш па заробку, але ўсё, як паўсюль. Мой першы заробак быў 280 рублёў. Андрэй тады атрымаў 180 рублёў. І пайшлі мы, заплацілі за кватэру 200, за камуналку яшчэ 60, за тэлефоны. Я іду і плачу горкімі слязамі, кажу: «Я не ведаю, як мы будзем жыць». Было як у кіно. Кожны дзень у Беларусі ў мяне было пытанне: як звесці канцы з канцамі?» – апавядае Дар’я Новік.

Дар’я кажа, што тады яны з Андрэем мелі шмат падпрацовак, але ўсё адно грошай не хапала, каб нават закрыць базавыя патрэбы. Артыстка прыгадвае працу ў Оперным з сумам. Там яна адчувала сябе быццам ізноў апынулася ў музычным каледжы, з якога ў Дашы пачалася моцная трывожнасць і няўпэўненасць у сабе.
«Поўная адсутнасць сваёй думкі, кожны дзень цябе прыніжаюць. Я потым у спектаклі «Galera» пра гэта казала. Ты становішся ў абарону чалавека, якога абражаюць, а ён крычыць на цябе: „Замаўчы, а то яшчэ горш будзе“. Як гэта зразумець? Да маёй хармейстаркі пытанняў не так шмат, да мяне яна добра ставілася, паважала, дазваляла мне працаваць у іншых месцах. І калі я патэлефанавала ёй, сказала, што я звольнілася і з’язджаю, яна адказала: “У цябе ўсё будзе добра, ты вельмі таленавітая“».
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

«Так хутка не дабягаў да РТБД ніколі»

Андрэй прыйшоў працаваць у РТБД у 2013 годзе. Тады Андрэя запрасілі на пробы і ён атрымаў галоўную ролю ў спектаклі «Раскіданае гняздо», рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Актор смяецца і прыгадвае, што на другой рэпетыцыі магла скончыцца яго кар’ера.

«Былі моцныя маразы, амаль не хадзіў транспарт, і я бег чатыры прыпынкі, каб паспець на другую рэпетыцыю. Я спазніўся на тры хвіліны, і Гарцуеў так мяне лаяў! Было і сорамна, і страшна. Але ён даў зразумець, што так не робіцца. І дзякуючы яму, у мяне ёсць сур’ёзнае стаўленне да рэпетыцыйнага працэсу», – кажа Андрэй Новік.
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

Пасля гэтага, прыгадвае Андрэй, ён паабяцаў сабе больш ніколі не спазняцца, але здарыўся другі смешны выпадак.

«Я паехаў дадому, вучыў тэкст. І раніцай прачынаюся ад тэлефоннага званку: «Андрэй, а дзе вы? У вас рэпетыцыя ўжо паўтары гадзіны ідзе». Асістэнтка рэжысёра тэлефануе. Я разбіў тэлефон аб сцяну, бо будзільнік не спрацаваў. Я так хутка не дабягаў да РТБД ніколі. Таксі так хутка не даедзе», – смяецца Андрэй.

«– Я адчыняю дзверы, у Гарцуева вочы гараць, ён прыпыняе рэпетыцыю і пытаецца: «Андрэй, што здарылася? Праспаў?» А ў мяне сэрца калоціцца… І тут ён вельмі так па-бацькоўску: «Эх, маладосць, маладосць! Я таксама прасыпаў!» Праз шмат гадоў мы ўзгадалі з ім пра гэта, і ён сказаў, што тое была праверка. Калі б я падмануў і сказаў нешта іншае, то ён бы мяне выгнаў».

«Гамон, як расчараваўся»

Калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты, Дар’я была ў дэкрэце з малым сынам Ромкам, але актыўна ўдзельнічала ў акцыях, падпісвала звароты. Пара таксама грала спектаклі ў мінскіх дварах. Але Андрэй і Дар’я вырашылі, што немагчыма заставацца працаваць у дзяржаўных тэатрах, калі адбываецца ў краіне такое.
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

«Я амаль 8 год прапрацаваў у РТБД, сабраў больш за 20 роляў. Для мяне ёсць формула: калі ты хочаш нешта зрабіць, ты мусіш несці адказнасць і разумець, чым ты ахвяруеш і рызыкуеш. Ніякіх сумневаў, шкадаванняў у мяне не было. Бо фраза пра любоў сябе ў мастацтве гэта пра маіх былых калег, калі яны казалі: «Праз твой сыход у мяне добрых спектакляў стала меней». І перасталі са мной размаўляць. У нас тады быў выбар: весці за сабой людзей, нешта зрабіць, паказаць прыклад зараз або ніколі».

Андрэй напісаў заяву на звальненне і зварот. Але амаль ніхто з былых калегаў яго не падтрымаў.

фота —  з прыватнага архіву герояў

«Я, гамон, як расчараваўся. Для мяне РТБД быў месцам родным, шкоды яму не хацелася рабіць, таму я менавіта спачатку звольніўся, а потым зрабіў зварот, каб не падстаўляць нікога».

Але некаторыя былыя калегі накінуліся на Андрэя, пачалі распускаць плёткі, што той хоча пераехаць у Бельгію да сябра. У той момант актор уладкоўваўся ў таксапарк, каб карміць сям’ю.

«Я проста зразумеў, наколькі для людзей важная сцэна, важныя іх ролі і пачуццё сябе ў гэтым мастацтве. Яны гатовыя падпісаць усё, ездзіць на гастролі ў Расію пасля пачатку вайны і гэтак далей. Нават словамі не перадаць, як я расчараваўся. Тым больш балюча, што гэта было амаль адзіным маім асяродкам, з якім сябравалі, адпачывалі, прыдумлялі. Гэта была такая сям’я, а ў нейкі момант яны амаль ўсе адварочваюцца ад цябе і абвінавачваюць».

«У першы дзень у Варшаве згубіла пашпарт, мы з Ромкам засталіся адны»

Дар’я і Андрэй прынялі рашэнне з’ехаць з Беларусі ўлетку 2021 году. На той час на сяброў сям’і заводзілі крымінальныя справы, да актораў тэлефанавалі сацыяльныя службы і застрашвалі, намякалі, што могуць адабраць дзіця.
Першай з’ехала Даша, праз некалькі дзён Андрэй разам з сынам Ромкам і сабакам перайшлі мяжу і адразу паехалі на тэатральна-музычную рэзідэнцыю (у якой удзельнічала Даша), што праходзіла ў польскіх Татрах.
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

«Для мяне было важна пачуццё спакою, выкананага бацькоўскага абавязку, што я ўратаваў жыццё малога. Бо было ўжо вельмі страшна ў Беларусі, падбіраліся да нас з усіх бакоў. Але мне трэба было вяртацца ў Беларусь, дапрацаваць на здымках ва ўкраінскім фільме (больш нідзе не мог здымацца, бо быў у чорным спісе)».

Тады ж Андрэю трэба было прадаць машыну, каб былі грошы на першы час на жыццё. Падчас вяртання ў Польшчу, Андрэя ледзь не затрымалі.

«Я іду праз мяжу, мая чарга падыходзіць. І тут на мне нейкая паўза, пачынаюць тэлефанаваць камусьці, мяне адводзяць у бок. Жыццё ў Беларусі цябе рыхтуе, што ў любы момант могуць затрымаць, але мне стала страшна за Дашу з малым, бо яны сядзелі без грошай, а ў мяне ў кішэні ўсё, што ў нас ёсць. І я стаю, думаю: усё, затрымаюць, выйду ў 2033-м і малы мяне не пазнае. Сэрца калоціцца, але гэта твая адказнасць: ты выбраў не маўчаць. І праз нейкі час мне даюць дакументы і кажуць: „Шчаслівай дарогі“».

Дар’я прыгадвае тыя дні ў Варшаве без Андрэя як самыя цяжкія выпрабаванні.

«У першы дзень у Варшаве я згубіла пашпарт, мы з Ромкам засталіся адны, спалі ў сяброў на падлозе. Ты знаходзішся ў вялікім горадзе, а ў цябе ўнутры пустэча. Нам трэба было шмат рэчаў, грошай няма. Ромку тады было годзік і чатыры месяцы. Я сябе вінаваціла ў чымсьці пастаянна ў адносінах да сына. Ужо калі Андрэй вярнуўся, мы пачалі разам жыць, усё наладзілася».

«Прабачце, але мне хочацца вам па мордзе даць»

Дар’я пачала выкладаць вакал, а Андрэй працаваў спачатку ў таксі, а потым у службе дастаўкі ежы. Пазней Дар’я зайграла ў спектаклі Юры Дзівакова «Насця», потым ёй прапанавалі ролю ў спектаклі «Mezopotamia» і «Haga» Тэатру Польскага ў Познані.

«Я з’язджала ў Познань працаваць некалькі месяцаў, потым прыязджала кожны тыдзень, бачыла, як дзіця расце, а мяне няма побач. У мяне была віна, у Андрэя дэпрэсія, бо ён кожны дзень з Ромам, гэта цяжка», – прыгадвае Даша.

Калі ўтварылася каманда Team Theatre, Андрэй паспрабаваў сябе ў якасці рэжысёра і зрабіў дакументальна-тэатральны праект пра вайну ва Украіне «How are you».

«Пасля выпадку з РТБД я не хацеў займацца мастацтвам зусім, тэатр для мяне стаў клаакай, змяінай нарой, – кажа Андрэй. – Але калі пачалася вайна, я зразумеў, што я талент свой не зусім пракур’ерыў і я магу данасіць нешта людзям і рабіць. І я адчуў патрэбу не маўчаць, а працягваць барацьбу сваімі метадамі. «How are you» пастаўлены за тры дні. П’есу напісаў мой сябра-беларус, які жыў ва Украіне на той момант».
 

Спектакль "Мора Хрысціны", фота - Антон Осадчий

Андрэй кажа, што ў спектаклі ўздымаюцца тэмы, якія яму баляць, але ён не адчувае магчымасці іграць пра іншае. Гэтак жа балючы спектакль і «Мора Хрысціны», які апавядае пра падзеі 9-14 жніўня 2020. Даша сыграла ў ім галоўную гераіню – амапаўку Хрысціну.
 

Спектакль "Мора Хрысціны", фота - Антон Осадчий

«Смешна тое, што спачатку я пагадзілася на ролю, а потым пачытала п’есу. Я сказала Андрэю: «Ты што! Я не змагу, я не такая». Андрэй адказаў: «Я не хачу, каб была іншая акторка. Ты павінна сыграць, хачу каб гераіня была такая мілая, бландзіначка – шчочачкі, але сука». Кожны дзень я пасля рэпетыцый казала: «Шукай іншую акторку, я не магу». Андрэй мяне раскрыў у такім вобразе, што людзі падыходзілі пасля прэм’еры і казалі: «Прабачце, але мне хочацца вам па мордзе даць»», – смяецца Даша.

Андрэй і Дар’я сышлі з Team Theatre, на што ёсць шмат прычын, кажа акторка.

«Толькі скажу, што заўжды трэба чытаць дамовы, калі іх падпісваеш. І не трэба трываць, калі табе пастаянна хлусяць». 

Андрэй і Дар’я аб’ядналіся разам з іншымі творчымі дзеячамі ў супольнасць BYteatr  і развіваюць яе.
Нядаўна адбыўся паказ спектаклю «3@mova» ў рамках фестывалю Bliski Wshód у Любліне, рэжысёра Максіма Шышко. Спектакль зараз таксама не мае ніякага дачынення да Team Theatre.

«Гэта спектакль-транс з атмасферай старажытных беларускіх замоваў, народных песень, усё перагукаецца з адгалоскамі сучаснасці. Кампазітар Мікіта Залатар напісаў вельмі сучасную музыку, якая неймаверна крута спалучаецца з самабытнымі народнымі спевамі Машы Пятровіч і маім прыгожым голасам», – тлумачыць Даша.

Дар'я і Андрэй яшчэ супрацоўнічаюць з Домам творцаў, які дапамог паказаць спектакль "Мора Хрысціны" на вялікай сцэне тэатру Komuna Warszawa.

«Тэкст па-польску з’явіўся за тры дні да прэм’еры»

А 3 снежня мінулага году ў Варшаве паказалі «Galera» Андрэя Новіка, які планаваўся як эскіз, але атрымаўся паўнавартасны спектакль.

«На ўсё быў месяц. Мы з драматургам абмеркавалі, што нас цікавіць, і выбралі тэму псіхалагічнага рабства ў сучасным чалавеку, – апавядае Андрэй. – Акторы апісвалі свае асабістыя гісторыі, драматург камбінаваў, рэдагаваў. У нас усяго было сем рэпетыцый. Мы спачатку вырашылі, што будзем працаваць праз абсурд, але з элементамі трагікамедыі, як нашае жыццё. І за гэтыя сем рэпетыцый кампазітар Мікіта Залатар, здаецца, звар’яцеў ад тэмпу вытворчасці. І трэба падкрэсліць яго геніяльнасць, бо ён дасканала мяне разумее і робіць тое, што я прашу».

«Galera» – польска-беларускі праект, пастаўлены на польскай мове.

«У нас тэкст па-польску з’явіўся за тры дні да прэм’еры. Мы вучылі яго на каленках. У нас быў адзін дзень на пляцоўцы. Выйшла цікава, мы нават не разлічвалі, што людзі будуць так смяяцца. Але людзі сапраўды стаміліся ад пастаяннага ціску, можа такі абсурдны рытм, наш спектакль проста дапамог ім трошкі па-іншаму паглядзець на жыццё», – кажа Дар’я.
 

Спектакль "Galera", фота - Антон Осадчий

Падчас спектаклю акторы выканалі песню, ад якой рагатала ўся зала, Дар’я і Андрэй кажуць пра яе – «сапраўдны хіцяо».

«Нашая песенька была напісаная за адну рэпетыцыю. Даша проста пераклала яе праз Google і праз 15 хвілін быў гатовы хіцяо. Я ўжо думаю наконт кліпу, – смяецца Андрэй. – Галоўнае, увогуле, вакол сябе сабраць выдатную каманду, якая цябе разумее, гатовая да памылак і сваіх, і тваіх. Таму атрымалася хутка і з кайфам».

Андрэй прызнаецца, што «Galera» стала яшчэ і выклікам для яго, бо ён ніколі не працаваў са спектаклямі, дзе шмат смеху і гумару.

«Я вельмі хваляваўся, ці будзе гэта правільна спрацавана. Атрымаўся не эскіз, а гатовы спектакль, як і палякі казалі пасля прагляду. Для мяне было кайфова глядзець на рэакцыю, усё прайшло, як я марыў, уяўляў сабе. Я рабіў так, каб было смешна і сумна, складна і лёгка».

Дар’я дадае, што ёй было вельмі лёгка працаваць над гэтым спектаклем, бо гэта магчымасць выліць свой боль і перажыць яго.

«Гэты спектакль адгукнецца кожнаму, бо ў гэтых гісторыях, героях можна бачыць сябе, калі ты цярпеў штосьці, баяўся сказаць», – дадае Дар’я.

«Не буду маўчаць і азірацца, што мне нехта пальчыкам памахаў»

Таксама Дар’я і Андрэй зняліся ў нашумелым серыяле «Працэсы», адна з серый якога ўзяла спецыяльны прыз кінафестывалю «Паўночнае ззянне».

«У нас была клёвая каманда, не было панікі, крыкаў, нерваў, усё рабілася з творчым падыходам, з любоўю. Я не думаў, што будзе такі рэзананс. Некаторыя беларусы плачуцца і кажуць: «Ой, балюча, гэта ж нашая тэма». Людзі, хопіць ныць, шкадаваць сябе. Тэма такая, што пра яе трэба казаць, каб не забываліся, каб была галоўнай ва ўсіх краінах. У гэтым і мая місія: калі я ўсё кінуў, паехаў без анічога новае жыццё пачынаць, значыць, дакладна я не буду маўчаць і азірацца, што мне нехта пальчыкам памахаў з былых калегаў».

«Нам вельмі проста і кайфова працаваць разам»

Даша кажа, што ў іх ніколі не было сутычак з Андрэем на пляцоўцы, хоць шмат праектаў пара робіць разам.

«Мы можам дома паспрачацца, я яго падзяўбу тым, што ў мяне нічога не атрымаецца, – смяецца акторка. – Але не на рэпетыцыях, бо я лічу, што трэба быць прафесіяналам».
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

«У мяне няма ніводнай прэтэнзіі да Дашы, – дадае Андрэй. – На пляцоўцы яна працуе ідэальна, робіць тое, што я прашу. Ёсць субардынацыя. І яна проста неймаверная акторка, яна сама ў гэта не верыць, але яна проста «бамбяо». І я кажу гэта як рэжысёр, а не муж! Я не бачу іншай акторкі на тых ролях, што Даша выканала».

Пры гэтым Андрэй перакананы, што калі ў яго будзе праект, да якога Даша не будзе пасаваць, яна не пакрыўдзіцца.

«Я ведаю, што яна мяне падтрымае, ніколі не будзе крыўдзіцца і дуцца. І ў гэтым сэнсе мы супадаем: любі не сябе ў мастацтве, а любі мастацтва ў сабе. У гэтым маем аднолькавы погляд. Ад таго нам вельмі проста і кайфова працаваць разам».

«Магу працаваць кур’ерам ці кімсьці іншым, і карона не ўпадзе»

Дар’я кажа, што пераезд у Польшчу пазбавіў сіндрому самазванца.

«У Беларусі на цябе ўсё цісне, табе здаецца, што ты недастаткова добра спяваеш, робіш штосьці, недастаткова таленавіты ці разумны, недастаткова штосьці ўмееш. Табе заўжды гэта кажуць са школы. Калі ездзіла на міжнародныя конкурсы, там казалі: «Ваў, неймаверна!». А ў маім тэатры, у маім горадзе, у маёй краіне я была гаўно. На падкорцы ты разумееш, што гэта не так, але не можаш супрацьстаяць гэтаму».
 

фота —  з прыватнага архіву герояў

Акторы кажуць, што ў Польшчы ўсё вельмі добра зроблена для дзяцей і іх развіцця. Андрэй дадае, што ён вельмі задаволены як бацька.

«З’язджаў я не дзеля таго, каб працягваць творчую дзейнасць, а каб была будучыня ў майго дзіцяці. Я бачу розніцу ў выхаванні, у стаўленні да дзяцей, у інфраструктуры. Мне тут добра, гэта Беларусь той ступені развіцця, за якую мы змагаліся. Тут размаўляюць на больш роднай мне мове, чым у Мінску. А тое, што нейкія цяжкасці, гэта не першасна. Я цудоўна магу працаваць кур’ерам ці кімсьці іншым, і карона не ўпадзе».

Зараз Дар’я выкладае індывідуальныя заняткі па вакале, а таксама ў хоры. Пара плануе будучыя праекты.

«Усё будзе залежыць ад магчымасцяў, дамоўленасцяў з польскімі тэатрамі і арганізацыямі, бо свайго памяшкання мы не маем, – апавядае Андрэй. – Але ёсць задумкі цікавых праектаў. Я даведаўся, што ў мяне ёсць нейкія здольнасці, каб пісаць. Хачу сабраць паляшуцкія гісторыі свайго бацькі ў нейкую структуру, бо іх вельмі шмат і страшных, і смешных, і рамантычных. Хачу захаваць гэта для нашчадкаў», – кажа Андрэй.

Андрэй перакананы, што калі хочаш нешта рабіць, то трэба рабіць тут і цяпер.

«А што, калі заўтра няма? Таму звальняешся з працы, застаешся сумленным перад сабой і грамадствам, ставіш спектаклі, жывеш кожны дзень з разуменнем: а хто гэта зробіць, калі не ты? І заўтра можа і не быць».

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»