BY
па-беларуску
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»

Art-context.com працягвае сачыць за лёсам беларусаў, якія вымушана аказаліся за межамі радзімы


Абласны драмтэатр для карэннай гарадзенкі Наталлі Лявонавай быў запаветнай марай з самага дзяцінства. Яна прыйшла сюды адразу пасля заканчэння сталічнага Універсітэта культуры і прапрацавала ў яго сценах без малога 20 гадоў. У 2020-м ёй разам з калегамі, што выступілі супраць рэпрэсій, прыйшлося забраць сваю працоўную кніжку і пачынаць усё зноўку. У замежжы.


Пра сваё новае прафесійнае жыццё ў Літве Наталля Лявонава распавяла Art-context.com.
 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай


«Рэквізіт для сцэнаграфіі бралі з сабраных па восені дворнікамі кіпаў лісця»


У Літве Наталлі давялося памяняць звыклы для рэпертуарнага тэатра расклад на шматпланавую праектную дзейнасць.
— У новых умовах я бачу іншы бок медаля. У рэпертуарным тэатры за цябе ўсё вырашаюць: глядзіш у раскладзе, калі твае рэпетыцыі і спектаклі, бярэш сукенкі, падрыхтаваныя для цябе касцюмерным цэхам, ідзеш да грымёраў, каб цябе прычасалі і нафарбавалі, ведаеш, што на сцэне ўжо выстаўленыя дэкарацыі і раскладзены рэквізіт. Табе не трэба ні з кім ні аб чым дамаўляцца. У Літве ў праектах, у якіх я задзейнічаная, трэба ва ўсё паглыбляцца самой. Мы з калегамі і падлогі мыем, і рэквізіт раскладваем, і касцюмы шыем, і дэкарацыі робім. Але для мяне гэта не выклік, а звычайнае жыццё. Ты хочаш займацца тэатрам, нешта прамаўляць са сцэны? Значыць, ты ідзеш на гэтыя прапанаваныя абставіны і спакойна да іх ставішся. 


Гарадзенцам пашанцавала – глабальных паўзаў у іх творчасці не было. Усіх дзесяцёх звольненых акцёраў і рэжысёраў адразу запрасілі ў Вільнюс для ўдзелу ў тэатральным праекце. Пасля яго заканчэння хтосьці вырашыў перабрацца ў Польшчу, Наталля ж засталася ў Літве. Тут пры Вільнюскім старым тэатры (былы Рускі тэатр Літвы) разам з калегамі яны стварылі праект з гаваркой назвай «Тэатр жніўня».
— Мы адразу ж знайшліся з Андрусам Даралам —  акторам і рэжысёрам гэтага калектыву. Менавіта ён стаў пастаноўшчыкам ужо трох нашых спектакляў. Не паверыце, але кожны з іх зроблены літаральна за 100 еўра. Мы смяёмся, што на нашы дэкарацыі часам ідзе тое, што не спатрэбілася для вялікай сцэны тэатра: цэхі нешта спісалі і вынеслі на сметнік, а мы ўжо заносім гэта да сябе, таму што матэрыял класны і яго дастаткова для нашай невялікай сцэнічнай прасторы. 
 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай


Але рэжысёрскае рашэнне ў такіх умовах часам важнейшае за вылучаны на пастаноўку бюджэт.
— Напрыклад, спектакль «За што?», які распавядае пра Ноч расстраляных паэтаў, Андрус прыдумаў аформіць сапраўднымі апалым лісцем. Яно ў нас паўсюль: рассыпанае па сцэне, зваленае ў мяшкі, сыплецца зверху. Выглядае эфектна! Рэквізіт для такой сцэнаграфіі мы бралі проста з вуліцы, з сабраных па восені дворнікамі кіпаў лісця. А для касцюмаў у «Трэцяй змене» па п'есе беларускага драматурга Паўла Пражко літоўская мастачка Таццяна Дарала прыдумала выкарыстоўваць матэрыял для цяпліц. Атрымалася танна і эфектна. Ды яшчэ кожны шыў сабе такі касцюм, які хацеў. І ў гэтым выявіўся характар.


«Смяшыць публіку ў зале, калі за яго межамі множацца скалечаныя лёсы, я не магла»


Наталля ўпэўненая: тэатр павінен быць адлюстраваннем таго, што адбываецца вакол.
— Так, цяпер мы з калегамі пачынаем з нуля, нягледзячы на прафесійны бэкграўнд кожнага з нас. Але наш унутраны свет стаў нашмат аб'ёмнейшым. Раней пасля сыгранага спектакля я ехала дадому, часцей разважаючы аб побытавых пытаннях. За мінулыя два гады занадта шмат вакол змянілася. Я бачу трагедыю разбуранай краіны, людзей, якія сядзяць у турмах, пачатыя з нуля жыцці — мне ёсць пра што гаварыць са сцэны.
 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай


Магчымасці выказвацца пра тое, што па-сапраўднаму баліць, гарадзенцам не хапала, бо ў апошнія гады абласны тэатр спецыялізаваўся па большай частцы на лёгкіх камедыях.
— Суцэльныя камедыі ў рэпертуары апошніх гадоў — гэта запыт адміністрацыі. Калі ў 2001 годзе я прыйшла пасля ўніверсітэта працаваць у тэатр, у яго афішы былі вельмі цікавыя спектаклі, на якія я ўвесь час запрашала сталічных аднакурснікаў. Але за апошнія чатыры гады ў маім паслужным спісе стала зашмат камедыйных роляў. І ў 2020-м, калі мы ўсе сутыкнуліся з такой колькасцю скалечаных лёсаў, я больш не змагла іх іграць.

У той жнівень артысты Гродзенскага тэатра прасілі замяніць камедыі на больш актуальныя спектаклі.
— Можна было паказваць «451 градус па Фарэнгейце» паводле Рэя Брэдберы. Або апошнюю пастаноўку нашага рэжысёра Генадзя Мушперта «Удава, курдупель, цюлень ды іншыя» па п'есе Керэна Клімоўскі — вельмі востра адгукалася ўва мне тэма сумлення ў гэтым спектаклі. Яна была сугучная таму, што адбывалася на вуліцы, дзе пад сценамі тэатра стаялі аўтазакі. Адміністрацыя пераконвала мяне, што адмаўляцца граць у камедыях — гэта непрафесійна. Але мы ўсе тады былі як адкрытая рана. Забаўляць публіку ў зале, калі за яго межамі множыліся скалечаныя лёсы, я не магла.
 

Фото: Art-context.com


Прайшло ўжо больш за два гады з тых падзей, але Наталля да гэтага часу не ўпэўненая, што гатовая вярнуцца да забаўляльнага матэрыялу.
— Сысці з тэатра, як мы, маглі не ўсе. Не бяруся асуджаць калег: у кожнага ёсць свае важкія абставіны. Але асабіста сваю функцыю я цяпер бачу ў тым, каб казаць пра тое, што адбываецца. Тым больш у многіх маіх калег у Беларусі такой магчымасці няма, гэта вельмі небяспечна для іх. Мы бяром для «Тэатра жніўня» глыбокі матэрыял. Вяртаем гледача да творцаў, якіх мы страцілі ў 1937 годзе. Паказваем сугучную з нашым часам «Трэцюю змену» сучаснага беларускага драматурга Паўла Пражко. Ці распавядаем пра тых, хто загінуў пад руінамі ўзарванага ў час вайны тэатра ў Марыупалі. Перад рэпетыцыямі апошняга спектакля мы з Андрусам Даралам ездзілі ў Клайпеду, каб пазнаёміцца з украінскай журналісткай Надзеяй Сухарукавай, чые дзённікі ляглі ў аснову пастаноўкі. Я хачу творча асэнсоўваць тое, што ўсім нам цяпер баліць.

Да падзей 2020-га актрыса вярнулася ў эксперыментальным тэатральным праекце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. На ўніверсітэцкай пляцоўцы беларускія акцёры разам з калегамі з Вільнюскага старога тэатра распавядаюць, як жыццё звычайнай мінскай сям'і было разбуранае рэпрэсіямі ў той пратэстны жнівень.
— Мы пачалі працаваць над п'есай ананімнага беларускага драматурга ў лютым 2022 года. Толькі пачалася вайна ва Украіне, таму пастановачную групу хвалявала пытанне, ці варта на фоне гэтай трагедыі ўспамінаць пра нашу тэму. І агульнае рашэнне было: так, гэта неабходна. У Рызе летась у кастрычніку для чыткі сучасных беларускіх і ўкраінскіх п'ес «Тэатр у часы расколатай памяці» прадзюсарка Яўгенія Шэрмянёва абрала менавіта гэты тэкст. Так супала, што Яўгенія паклікала мяне ў праект, не ведаючы, што я ўжо граю ў спектаклі па гэтым тэксце. Я змагла на свае вочы ўбачыць, як беларускія рэаліі адгукаліся не толькі ў еўрапейскай публіцы, але і ва ўцекачоў з Расіі, акцёраў, задзейнічаных у гэтай чытцы. Нельга беларусам забываць пра саміх сябе.

За два гады сем прэм'ер

Ці не стамляецца Наталля ад неабходнасці пастаянна шукаць новыя праекты?
— Па-першае, пакуль яны самі мяне знаходзілі, што не можа не радаваць. Па-другое, калі падлічыць усё разам, то за два гады я адыграла сем прэм'ер. Нават у Гарадзенскім тэатры, дзе мне пашчасціла быць шчыльна занятай у рэпертуары, за год выходзіла не больш за 2-3 новыя пастаноўкі. У Вільні мяне не абмінае магчымасць творча рэалізоўвацца.

 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай


Кожны новы спектакль як прыгода, бо трэба не толькі знайсці сродкі для яго афармлення, сабраць акцёраў, у кожнага з якіх ёсць дадатковыя працы і ўласныя праекты. Пытанне яшчэ ў нязвыкла кароткім часе, вылучаным для рэпетыцый.
— У рэпертуарным тэатры ёсць мінімум тры месяцы для падрыхтоўкі спектакля. Тут такога, вядома ж няма. Як і няма пастаяннай занятасці: у Горадні я магла на працягу тыдня выходзіць кожны вечар на сцэну, а кожную раніцу прысвячаць рэпетыцыям, а ў Літве паміж спектаклямі можа быць значная паўза. Пастаяннага трэнінгу бракуе, бо акцёрам, як і спартсменам, каб трымаць сябе ў форме, патрэбная штодзённая праца. З іншага боку, не заязджаецца псіхатэхніка: калі ты не растрачваеш сябе кожны дзень, то на спектаклях пачуваешся больш напоўненай.

Артыстцы падабаецца магчымасць рэалізоўвацца ў розных рэжысёраў, спрабаваць розныя падыходы ў працы.
— Акрамя пастановак з Яўгеніяй Шэрмянёвай і Андрусам Даралам, я змагла папрацаваць з Саўлюсам Варнасам (літоўскі рэжысёр пяць гадоў апекаваўся Магілёўскім абласным драматычным тэатрам), супрацоўнічаю з прыватным Mroj-Hall teatras (яго заснавала беларуска Маргарыта Сасім, якая пераехала ў Літву 10 гадоў таму), дзе мы разам з гарадзенскімі акцёрамі Натэлай Бялугінай і Ганнай Зузо-Івановай задзейнічаныя ў казках. Спадзяёмся на сумесны праект з беларускім рэжысёрам Юрам Дзіваковым.

 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай


Наталля ўпэўненая, што праектная дзейнасць павінна стаць звыклай для новай Беларусі.
— Я не буду казаць пра Мінск, дзе існавала шмат незалежных тэатральных пляцовак, успомніць хоць бы легендарны Ок16. Але вось у Горадні эксперыментальнай прасторы відавочна бракавала. Праектная дзейнасць – гэта не толькі магчымасць паспрабаваць акцёрам і рэжысёрам сябе ў новым матэрыяле, на які рэпертуарная пляцоўка не гатовая пагадзіцца. А яшчэ і цывілізаванае вырашэнне пытання нізкіх заробкаў дзеячаў культуры, якое пры любым раскладзе адным махам вырашыць не атрымаецца. Што далёка хадзіць: практычна ўсе акцёры з гарадзенскага драмтэатра падзараблялі. Хто на будоўлі, хто займаўся рамонтам, хто падаваўся ў аніматары ды на іншыя халтуры.

Заявак больш, чым месцаў

Пасля ўніверсітэта Наталля з першых жа дзён працы ў тэатры паралельна пачала выкладаць у Гарадзенскай гімназіі з эстэтычным ухілам. Гэты шматгадовы вопыт у педагогіцы выручыў і ў Вільні: гарадзенскую актрысу паклікалі ў літоўскую чатырохмоўную акадэмію выкладаць для школьнікаў тэатральныя дысцыпліны. Летась ужо Беларускі дом у Вільні запрасіў Наталлю адкрыць дзіцячыя тэатральныя гурткі.
— Фонд «Разам» атрымаў грант на гэтую дзейнасць і прапанаваў мне працаваць з дзецьмі ад 4 да 17 гадоў. Яны думалі, што я адна пацягну ўсе ўзроставыя групы, але гэта было б несумленна, таму я прапанавала паклікаць у якасці педагогаў маіх калег. Цяпер у нас на траіх тры дзясяткі адораных дзяцей. Заявак ад бацькоў было куды больш.

З дзецьмі Наталля працуе па праграме, ужо добра засвоенай у Горадні. 
— Я іду па ўсіх тых жа курсах, якія вывучаюць у тэатральных ВНУ, толькі вельмі-вельмі паступова. Летась пайшла на эксперымент: упершыню адкрыла групу для дарослых. Да мяне запісаліся 30-40-гадовыя людзі. Яны хочуць зняць заціск, паставіць маўленне, адкрыць у сабе новыя грані. Перад першым заняткам я вельмі перажывала, ці пойдуць дарослыя людзі на прапанаваныя ўмовы, ці захочуць выконваць практыкаванні? Страхі былі марныя. Дарэчы, група аказалася інтэрнацыянальнай: разам займаюцца беларусы, украінцы і расейцы.

Натхніўшыся сваімі вучнямі, Наталля вырашыла рэалізаваць са школьнікамі музычна-паэтычны праект, дзякуючы якому яна хоча звязаць беларускіх паэтаў пачатку мінулага стагоддзя і сучасную музыку. Пастаноўка будзе прымеркаваная да Дня беларускай мовы, што адзначаецца ў лютым.
— Гэты спектакль мы задумвалі яшчэ па прыездзе ў Літву, але рэалізаваць яго перашкодзіў каранавірус. Разам з дзецьмі на сцэну выйдуць чатыры прафесійныя актрысы, у тым ліку экс-артыстка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Марына Здаранкова, якая нядаўна далучылася да нас. Так як праект музычны, задзейнічаем музыкаў. Да прыкладу, на бас-гітары будзе граць мой муж Віталь Лявонаў. У Горадні ён быў вядучым акцёрам Тэатра лялек, але акрамя гэтага пісаў музыку да многіх спектакляў. Цяпер ён працуе гукарэжысёрам у Вільнюскім старым тэатры і зноў піша музыку, ужо для нашых пастановак. 
 

Фота: Facebook Наталлі Лявонавай

На выпадак, калі беларускай тэатральнай школе не працягнуць грант, у Наталлі ўжо ёсць рашэнне: паспрабуюць адкрыць школу на камерцыйнай аснове. Актрыса тлумачыць, чаму гэты праект яна лічыць важным:
— Сярод беларусаў, вымушаных пакінуць свой дом, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам. Беларускія дзеці на занятках не толькі вучацца, але і знаёмяцца, знаходзяць упэўненасць у сабе, бо ў іх аднолькавая гісторыя ад'езду з краіны, агульныя погляды і інтарэсы. Разам ім лягчэй. Да прыкладу, мая цяперашняя старэйшая група – проста неймаверныя дзеці, якія ўмеюць думаюць. Некаторыя з іх беларускамоўныя, астатнія імкнуцца да гэтага. Гэтыя дзеці – сапраўдныя беларусы. Змена, якая расце тут, — о, як яна зможа сябе праявіць, калі вернецца ў Беларусь!

Глядзець больш
На прыпынку ў Еўропе ў чаканні цуду
На прыпынку ў Еўропе ў чаканні цуду

Дакументальны спектакль Валянціны Мароз у Варшаве

Аддай сваё сэрца. Калі зможаш
Аддай сваё сэрца. Калі зможаш

«На чорнай-чорнай вуліцы» Яўгена Карняга ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек

Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі