BY
па-беларуску
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі
photo_2023-03-29_11-43-32
photo_2023-03-29_11-43-37
photo_2023-03-29_11-43-40
photo_2023-03-29_11-43-45
выстава касцюма Тэрыторыя мюзікла фота Аляксей Молчан
photo_2023-03-29_11-43-29
Звычайны цуд Тэрыторыя мюзікла фота Аляксей Молчан 01
Звычайны цуд, Тэрыторыя мюзікл, фота Аляксея Молчана
Фігаро, Тэрыторыя мюзікла, фота Аляксея Молчана
Заняткі ў тэатральнай школе

Art-context.com працягвае сачыць за лёсам беларусаў, якія вымушана апынуліся за межамі радзімы.

У беларускай актрысы Дзіяны Флеер біяграфія складаецца з мноства кардынальных паваротаў. Так, пасля паўтара года вывучэння ў Германіі малекулярнай медыцыны, магіляўчанка раптам кінула навуку, якая ёй падабалася, і з Ляйпцыга рванула ў Мінск, каб паступіць на тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў. А ў 2022 годзе яна пакінула ў сталіцы кар'еру актрысы з добрымі перспектывамі і праз Батумі паехала ў Ізраіль, дзе чатыры гадзіны ў дзень вучыць іўрыт і складае планы на працу ў нацыянальных тэатрах сваёй новай краіны.
Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці для пабудовы асабістага брэнда, нават падчас дзвюх эміграцый запар, Дзіяна Флеер расказала Art-context.com.

«Дзіяна, ты такая разумная дзяўчынка: ідзі ў якую-небудзь нармальную прафесію, а творчасцю ты заўсёды паспееш заняцца»

Дзяцінства актрысы Дзіяны Флеер прайшло ў Магілёве. Там яна з 4 гадоў выступала на сцэне, займалася вакалам, ігрой на скрыпцы і ўвесь час удзельнічала ў музычных конкурсах. У будучыні яна бачыла сябе то скрыпачкай, то джазавай спявачкай, але ў абмеркаванне кар'ерных перспектыў умяшаліся дарослыя. Рэч тым, што ў атэстаце магілёўскай школьніцы стаяла ўсяго адна дзявятка, астатняе — спрэс дзясяткі. «Дзіяна, ты такая разумная дзяўчынка: ідзі ў якую-небудзь нармальную прафесію, а творчасцю ты заўсёды паспееш заняцца», — увесь час чула дзяўчына.
— Я і паслухалася, — усміхаецца Дыяна. — Мая мама доктарка, таму я і пайшла па яе слядах. На мой погляд у той час, якасную медыцынскую адукацыю можна было атрымаць менавіта ў Германіі. Таму я за год вывучыла нямецкую мову і з'ехала ў Ляйпцыг вывучаць малекулярную медыцыну.

Вучыцца было цікава. Але ў нейкі момант, прызнаецца Дзіяна, яе спалохала перспектыва правесці ўсё сваё жыццё ў лабараторыі.
— І вось тут пачаліся доўгія спрэчкі з сабой, размовы з бацькамі, як быць і што рабіць, калі ўжо паўтара года адвучылася ў Германіі, калі патрачаны сілы, грошы, ды і ў цэлым шмат ужо адбылося, а я раптам кажу: «Не, я хачу назад, у мастацтва». Вялікі дзякуй маім бацькам: яны сапраўды дапамагалі разабрацца ў тым, што са мной адбываецца. Разам мы рашалі, што рабіць далей і як гэта рабіць. У рэшце рэшт я кінула нямецкую вучобу, вярнулася ў Беларусь і паступіла на акцёрскі факультэт Акадэміі мастацтваў.

Забягаючы наперад, трэба сказаць, што праз некалькі гадоў веданне нямецкай спатрэбіцца Дзіяне. У 2019 годзе яе паклічуць у нямецка-беларускі праект: рэжысёр Ёхен Лангнер ставіў «Апошніх сведак» па кнізе Святланы Алексіевіч. У Германіі Дзіяна Флеер працавала ў гэтым спектаклі па-нямецку.


Правал на вакальным іспыце і галоўныя ролі ў мюзіклах

У Мінску жыццё імгненна завіравала: ужо на наступны год майстар курса Вячаслаў Паўлюць адправіў Дзіяну граць у масоўцы ў Купалаўскі тэатр.
— Для музычнай казкі рэжысёр Сяргей Кавальчык шукаў студэнтаў, якія спяваюць, — так ужо на другім курсе я атрымала першую невялікую ролю. Дзякуючы працы ў тэатры мяне заўважылі і сталі запрашаць у іншыя праекты, напрыклад у спектакль «Паліто з Бабруйска» прыватнага сталічнага тэатра Анжалікі Аверкавай «Вокны», з якім я потым шмат гастралявала па Беларусі.
 

Дыпломны спектакль «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Рэж. Алена Ганум, роля Магдалены

Неўзабаве ў паслужны спіс студэнткі дадалося супрацоўніцтва з прыватным тэатрам «Тэрыторыя мюзікла», дзе ў яе ў тым ліку былі галоўныя ролі ў спектаклях «Звычайны цуд» і «Чараўнік Смарагдавага горада». Дзіўна, але акторка, у чыёй кар'еры поўна складаных музычных партый, калісьці не паступіла ў маскоўскі ГІТІС, праваліўшыся на іспыце… па вакале.
— Канешне, тады мне было крыўдна. Але я хутка зразумела, што ў такіх выпадках праблема часта можа быць не ў абітурыенце, а ў майстры, які выбірае сабе студэнтаў, зыходзячы са сваіх вакальных пераваг. Я ж у рэшце рэшт усё роўна трапіла ў музычны тэатр — гэта быў покліч сэрца. Мюзікл — надзвычайны жанр, у якім артыст можа раскрыцца з вельмі розных бакоў.

Дзіяна ўпэўненая, што артыст мюзікла павінен умець рабіць усё: быць добрым драматычным акцёрам, выдатна спяваць і танцаваць.
У «Тэрыторыі мюзікла» — дзякуй акцёру і харэографу Дзмітрыю Якубовічу! — у нас была высакакласная харэаграфія: складаная, прыгожая. Мне здаецца, гэты жанр выпрабоўвае акцёра на трываласць. Усё як я люблю, — смяецца Дзіяна. — А ў гэтым тэатры я ўвесь час адчувала, што працую з артыстамі, якія валодаюць найвышэйшым прафесіяналізмам.

Выкладчыкі Акадэміі мастацтваў да такога насычанага працоўнага графіка студэнткі часцей за ўсё ставіліся нармальна. Але, бывала, падчас сесій пачыналі праяўляць прынцыповасць: не адпускалі на рэпетыцыі ці здымкі, строга прыгаворваючы, што спачатку трэба навучыцца акцёрскаму майстэрству, а ўжо потым па здымачных пляцоўках бегаць.
— Відаць было, што насамрэч педагогі не мелі нічога супраць, але трэба было паказаць, хто ў аўдыторыі галоўны. Мне ж здаецца, што патрапіць ужо падчас вучобы ў тэатр — гэта выдатна! Не ва ўсіх так складаецца, і часцей за ўсё гэта не залежыць ад здольнасцяў ці таленту будучага акцёра.


«Па 3-4 месяцы магла працаваць без выходных»

Пасля атрымання дыплома вольнага часу ў Дзіяны не пабольшала. Да спектакляў у «Тэрыторыі мюзікла» дадалася галоўная роля ў незалежным праекце «Снежная каралева», праца ў інклюзіўным тэатры і яго студыі, дзе Дзіяна дапамагала рэалізоўваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, выкладанне ў прыватных тэатральных школах і заняткі з індывідуальнымі вучнямі. Дзяўчына не хавае, што часам яна па 3-4 месяцы магла заставацца без выходных.
— Бывала па-рознаму. Часам на працягу дня я магла аказацца на чатырох пляцоўках: з раніцы на рэпетыцыі ў адным тэатры, потым на прагоне ў «Тэрыторыі мюзікла», пасля абеду выкладаць у тэатральнай школе, а ўвечары прыйсці на заняткі да асаблівых дзяцей. Маёй галоўнай рэччу з тых часоў стаў штодзённік: без яго я не змагла б размеркаваць усе працы, якія ў мяне былі.

Ператамленне звычайна наступала падчас навагодняй кампаніі.
— Пасля актыўных паказаў навагодніх казак я або хварэла, або арганізм ужо падаваў знакі, што час пабыць дома. Тады даводзілася браць невялікі адпачынак на некалькі дзён, каб хоць крыху ачуцца.

Нягледзячы на такі шчыльны графік, актрыса ў дадатак да ўсіх сваіх праектаў бярэ яшчэ адзін: яна паступае ў магістратуру, каб пасля яе заканчэння мець магчымасць выкладаць сцэнічную мову ў альма-матар.
— Мне хацелася прыйсці маладым педагогам у Акадэмію мастацтваў, прапанаваць свежы погляд на выкладанне, новы падыход да студэнтаў, каб разагнаць тую цемру, што там пануе. Дыплом я атрымала, але, калі гаворка зайшла аб размеркаванні, у акадэмію мяне не ўзялі, тлумачачы тым, што месцаў на кафедры няма. Ну што ж, горш ад такога рашэння толькі студэнтам, паколькі добрых педагогаў сцэнічнай мовы там амаль не засталося.

Тым часам у Беларусі пачалася пандэмія каранавірусу. Незалежныя тэатры праз каранцін сталі на паўзу, многія прыватныя праекты завіслі. У акцёраў пачалі ўзнікаць праблемы з грашыма. Перад Дзіянай паўстала пытанне, што рабіць.
— У той час хоць нейкую стабільнасць мог даць дзяржаўны тэатр. Акрамя непасрэдна заробку, тут была магчымасць выходзіць на сцэну, бо і падчас эпідэміі дзяржкалектывы працягвалі працаваць. Таму паралельна з вучобай у магістратуры я прыйшла ў Тэатр беларускай арміі. Гэта быў дзіўны досвед, але мяне радавала невялікая нагрузка: спектаклі ішлі ўсяго 2-3 разы на тыдзень, а я магла быць і не занятая ў частцы з іх. Таму калі прыватныя тэатры і адукацыйныя праекты пачалі ажываць, у мяне хапала на іх часу.

Напрыканцы 2021 года тэатральнае жыццё ў Мінску ўжо пачало адыходзіць ад каранавірусных абмежаванняў, але яшчэ не ўвайшло ў пік забарон. Новы, 2022 год Дзіяна сустракала з галоўнымі ролямі ў музычных казках «Снежная каралева» і «Чараўнік Смарагдавага горада», шматлікімі творчымі праектамі і добрай педагагічнай нагрузкай.
— Але мая працоўная кніжка ляжала ў дзяржтэатры. Калі пачалася вайна ва Украіне, я зразумела, што больш не магу маўчаць. Выходзіць на тэатральную сцэну, несці светлае і пры гэтым кожную секунду баяцца за вымаўленае табой слова, быць нявольніцай у самавыяўленні ў жыцці і ў той жа час спрабаваць быць вольнай на сцэне? На маю думку, у гэтым няма праўды. Я вырашыла, што маё выйсце — з'ехаць з Беларусі.
 

Канцэрт «Тэрыторыя мюзікла»,  фота Аляксея Молчана

«Шмат часу і сіл адымае проста жыццё ў новай краіне»

Актрыса паляцела ў Грузію. У Батумі яна пачала выкладаць у рускамоўнай тэатральнай школе, ладзіла паэтычныя вечарыны для эмігрантаў. Але пра тое, каб застацца тут, гаворкі не было: з'язджаючы з Беларусі, Дзіяна ставіла сабе іншую мэту: маючы габрэйскія карані, яна вырашыла пераехаць на сталае месца жыхарства ў Ізраіль.
— Ізраіль дапамагае новым рэпатрыянтам фінансава, да таго ж тут я бачу рэальныя магчымасці хутка легалізавацца і развіваць сваю кар'еру. За пяць месяцаў, што я жыву тут, мяне не пакідала адчуванне, што я тут усур'ёз і надоўга.

Цяпер Дзіяна Флеер жыве ў Рамат-Гане (прыгарадзе Тэль-Авіва), чатыры разы на тыдзень па чатыры гадзіны вывучае іўрыт на курсах і ўпершыню за многія гады спрабуе не спяшацца акунацца з галавой у шматлікія праекты.
— Цяпер шмат часу і сіл адымае проста жыццё ў новай краіне. Ты ідзеш у краму і марнуеш у ёй больш часу, чым у Мінску, дзе ўсё звыкла і лагічна. А тут ты падыходзіш да паліц і не разумееш, гэта дорага ці танна. Ды і наогул, што гэта такое перад табой стаіць, бо ўсе этыкеткі выключна на іўрыце. Акрамя гэтага, трэба настроіцца псіхалагічна, бо ў Беларусі я пакінула вельмі шмат: пяць гадоў працы ў прафесіі, цікавыя ролі і праекты, пазнавальнасць сярод калег, каштоўныя кантакты. Мне падаецца, што я і так магу назваць сябе героем, бо дзве эміграцыі за адзін год — гэта моцна.
 

Звычаны цуд. Тэрыторыя мюзікла, фота Аляксея Молчана

Што ў суразмоўцы ўмацавалі гэтыя пераезды з краіны ў краіну, дык гэта ўпэўненасць у неабходнасці развіваць уласны брэнд, дзякуючы якому можна працягваць сваю дзейнасць, не звяртаючы ўвагі на геаграфічнае становішча. Як ужо гаварылася вышэй, другая пасля тэатра жарсць для Дзіяны — педагогіка. Таму актрыса ўзялася за развіццё ўласнага блога па працы з голасам і маўленнем у Інстаграме.
— Праўда, увесь час даводзіцца змагацца з уласнымі страхамі, — прызнаецца дзяўчына. — Раз-пораз узнікаюць сумневы ў выбары тэмы, бо калі ты нешта ведаеш, то здаецца, што гэта ясна ўсім і кожнаму. Часам пачынаю хвалявацца, ці маю права кагосьці вучыць, бо я ўсяго пяць гадоў у прафесіі, а ёсць людзі з куды большым стажам. Бывае, вагаюся, што недастаткова для здымак святла, што гэтай раніцай выглядаю горш, чым хацелася б для запісу, і г.д. Словам, адгаворкі можна знайсці заўсёды, але эміграцыя навучыла мяне адной важнай рэчы: альбо робіш і рухаешся дзякуючы гэтаму наперад, альбо не робіш і спыняешся ў развіцці. Калі буду актыўна працаваць над сабой, то змагу займацца любай прафесіяй. Інакш па заробак трэба ісці ў такія папулярныя падпрацоўкі, як прыборка памяшканняў або бэбісітэрства. Але ці варта было дзеля гэтага пераязджаць у Ізраіль?
 

«Снежная каралева»

Нядаўна Дзіяну паклікалі ў рускамоўны прыватны тэатр. Цікава, што ён называецца «Вокны» —  гэтак жа, як і беларускі калектыў, дзе акторка атрымала ў свой час першую сур’ёзную ролю.
— Мы ставім спектакль пра Асвенцім, прэм'ера прызначаная на пачатак траўня. Пляцоўка знаходзіцца ў Хадэры (яшчэ адным прыгарадзе Тэль-Авіва), куды мне трэба ехаць каля гадзіны. У цэлым прыватныя тэатры тут працуюць па такой жа схеме, як і беларускія: рэпетыцыі акцёрам не аплачваюцца, ганарары ідуць толькі за паказы. Але пры гэтым у Ізраілі прынята кампенсаваць артыстам транспартныя выдаткі, і гэта вельмі прыемна. Быццам табе кажуць: «Мы шануем цябе. Калі ласка, працуй з намі».
 

«Снежная каралева»

Мясцовыя жыхары расказвалі Дзіяне, што ў Ізраілі можна налічыць не менш як семдзесят прыватных тэатраў (пры тым, што ў гэтай краіне прыблізна такая ж колькасць насельніцтва, як і ў Беларусі). Апроч калектываў, якія працуюць на іўрыце, шмат рускамоўных тэатраў, таму беларускім артыстам тут у прынцыпе ёсць магчымасць знайсці сабе працу.
— Але я сабе стаўлю мэту складанейшую: хачу патрапіць у калектыў, які са сцэны размаўляе на іўрыце. Па-першае, я люблю прыдумляць сабе складанасці, — смяецца Дзіяна. — Па-другое, для мяне важна ведаць мову краіны, дзе я жыву. А па-трэцяе, у любай прафесіі хочацца рабіць усё максімальна добра. І мне здаецца, што маім асабістым прафесійным уздымам на новую прыступку будзе магчымасць працаваць на іўрыце.

За апошні год у Ізраіль прыехала шмат новых рэпатрыянтаў з рускамоўных краін. І калі ў Грузіі вакол Дзіяны былі ў асноўным беларусы, то тут яна часцей перасякаецца з акцёрамі з Масквы.
— Прыемнай нечаканасцю для мяне стала тое, што я нарэшце перастала адчуваць сябе творчай правінцыялкай. У Акадэміі мастацтваў на маскоўскіх артыстаў мы глядзелі з прыдыханнем. У Ізраілі ўсе пачынаюць з нуля, нягледзячы на тое, колькі чаго было ў творчым багажы ў краіне зыходу. І ў гэты момант пачынаеш шанаваць сябе і свой досвед. Я бачу, што беларускім артыстам з нашай школай і практыкай апошніх гадоў сапраўды ёсць што прыўнесці ў тэатральны ландшафт Зямлі Запаветнай.

красавік 2023

 

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»