BY
па-беларуску
Тузін (найлепшых песень) з перарэзаным горлам

Тузін (найлепшых песень) з перарэзаным горлам

Чатыры беларускія альбомы, якія варта паслухаць

За два ці тры месяцы беларускія музыкі запісалі больш якаснага матэрыялу, чым за каляндарны год. У гэтым аглядзе раскажам пра класны арт-рокавы праект Syndrom Samazvanca, балючую, але вельмі прыгожую рэфлексію ад Святланы Бень, няўтульны гомельскі праект Sož і яскравы красовер з густам і гумарам ад гурта Name Killer Birchenson.
 

 

Syndrom Samazvanca «Vostraŭ skarhaŭ» (Сындром Самазванца. «Востраў скаргаў») 

Уладзь Лянкевіч — вельмі актыўны творца, які ўвесь час нешта стварае і запісвае. Вы маглі чытаць яго вершы ці слухаць яго музыку. Але хутчэй за ўсё і чыталі, і чулі. Напрыклад, у складзе шыкоўнага гурта Tonqixod («Тонкіход»). Ці вось цяпер, калі на месцы зніклага Tonqixod паўстаў Syndrom Samazvanca. Цікава, што пры ўсім захапленні Лянкевіча псіхадэлікай, гурты вельмі моцна адрозніваюцца. Першы — вінтажны прог-рок, музычныя п’есы з рэверансам у бок Jethro Tull. Другі — нямецкі краўт, арт-панк, у якім можна пачуць групы розных эпох — ад Television да black midi.

Гурт «Syndrom Samazvanca»


«Vostraŭ skarhaŭ» выйшаў 12 студзеня. Гэта фантастычнага ўзроўню запіс, у якім важную ролю адыгрывае і музычны, і тэкставы складнік. Так, мы можам пазнаць тут шмат розных гуртоў і рэферэнсаў, але галоўнае — гэта цалкам самастойная праца, у якой вельмі класна зміксаваны музычны бэкграўнд удзельнікаў праекта. Яны ўдала жанглююць цытатамі, таму ў адзін момант чуеш пульсуючы, псіхадэлічны краўт, а праз імгненне ўжо ламаныя рытмы пераносяць цябе ў зусім іншую эпоху ды кантэкст.
Што да тэкставага складніка, то яго вельмі важна ўважліва вывучыць, бо той цудоўна спалучаецца з музыкай. Тут таксама шмат цытат і метафар — вось з табой размаўляе Бахарэвіч, а цяпер ужо «таварыш маёр»...
«Vostraŭ skarhaŭ» — таленавітая і дасканалая праца. Адзінае, што засмучае: на жаль, такіх альбомаў выходзіць у Беларусі вельмі мала.
 

Света Бень і Галя Чыкіс «Приём!»


Мінулы праект Бенькі «Серебряная свадьба» быў вельмі візуальны: на запісах гублялася надта важная частка таго, чым займаўся гурт і якімі сябе бачылі яго ўдзельнікі. Нібыта ты слухаеш аўдыёспектакль паводле фільмаў Паола Сарэнтына. Цяпер сітуацыя цалкам змянілася. Мы ўжо пісалі пра выдатны сінгл праекта Бенькі і Галі Чыкіс пад назвай «Черные бидоны», і зараз надышоў час паразмаўляць пра альбом «Приём!», на якім гэты сінгл выйшаў.

Света Бень і Галя Чыкіс


Першае, што трэба адзначыць, — стылістычная разнастайнасць альбома. Вось вам джазавы пранізлівы нумар «Я слышу чаек», вось — экзістэнцыяльны шансон «Не печалуйся», вось — жорсткая і вельмі моцная меладэкламацыя «Не виноват» ці тыя самыя «Черные бидоны».
Кожная кампазіцыя з альбома «Приём!» — гэта самастойная гісторыя і балючая рэфлексія. Бенька спрабуе распавесці пра сябе, а атрымліваецца пра ўсіх нас. Музычны складнік гэтага альбома мінімалістычны і трапны настолькі, каб Беньку было чуваць, і чуваць добра. Гэта адзіночны, але не самотны голас.
Ніколі яшчэ Святлана не была настолькі эмацыйнай і тужлівай. Яна пяе і адначасова крычыць пра сур’ёзныя рэчы, што перажывае цяпер кожны з нас. Гэты «Приём!» мусіць трапіць у нашую свядомасць, разварушыць, прымусіць нас спыніцца і падумаць пра нейкія вельмі тонкія і важныя з’явы — і гэтую задачу ён цудоўна выконвае. 
 

Name Killer Birchenson «Variablrs»



Новыя імёны ў беларускай гітарнай музыцы з’яўляюцца вельмі рэдка. Прычыны відавочныя: за апошнія некалькі гадоў значна змянілася (і спрасцілася) тэхналогія вытворчасці музыкі, таму маладыя музыканты ўсё часцей выбіраюць не рэпкропку, а камп’ютар. І тут прыемная неспадзяванка! Гурт са смешнай і дзіўнай назвай Name Killer Birchenson запісаў альбом адразу ў дзвюх версіях — беларускай і англійскай. Беларуская называецца «Variablrs» — і гэта вельмі свежая і класная работа!

«Variablrs» — складанка кампазіцый са смешнымі назвамі кшталту «Čaho Ty Damohsia Ŭ Žycci? Tolki Zasmuciŭ Mianie, Mudak» ці «Rym, Ćchu Na Ciabie». Вельмі непасрэдна, з гумарам — як і сама музыка з гэтага альбома. Тут хлопцы спалучаюць мат-рок, мідвэст эма і робяць гэта так, нібы гуляюць у нейкую сяброўскую гульню: ні кроплі нудоты ці нейкага «дарослага» акадэмізму — народ проста сабраўся на кропцы і бамбануў свежы і разнастайны альбом.
Гэта не ўпрыгожаны крутым саўндам запіс: ён вельмі жывы і недасканалы, але тут і яго прывабнасць. Ён харызматычны, у ім ёсць думка і душа — магчыма, слухаць «Variablrs» не заўсёды ўтульна, але ўсе гэтыя рэчы адыходзяць на другі план, таму што ў першую чаргу чуеш тут энергію музыкаў з крутым досведам і шыкоўным пачуццём гумару.
 

Sož «Apošnija Tancory» (Сож. «Апошнія Танцоры»)
 

Апошнія танцоры гомельскага дэкадансу, беларускі постпанк з балючай пульсацыяй — можна колькі заўгодна падбіраць трапныя словы і выразы да гэтага міні-альбома, але вынік усё роўна адзіны: гэта тэкстацэнтрычны і вельмі няўтульны запіс. Яго варта паслухаць уважліва, каб паспрабаваць разабрацца ва ўсіх спасылках і метафарах, што прапануе праект Sož.

Sož / Фото: reform.by


Sož — чацвёра хлопцаў, якія нарадзіліся і жылі ў Гомелі, але цяпер знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Яны паказваюць не вельмі жыццярадасную карціну: тут вам і «тузін лепшых песень з перарэзаным горлам», і «апошнія танцоры на пустым танцполе», і «тут гадаваўся ты шансонам і начосамі» — кліпавыя вобразы, якія імгненна паўстаюць у свядомасці і малююць там максімальна блізкія да рэчаіснасці паштоўкі.
Музыка тут цалкам адпавядае тэкставаму складніку: мінімалістычны, манатонны, пульсуючы біт, няўтульныя гітары і сінты — усё выдатна спалучаецца і дае слухачу максімальна аб’ёмную карцінку пры вось такім аскетычным складніку.
 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу