Сумная ўсмешка праз невыносны боль. Вяртанне Akute і боль Бенькі

Сумная ўсмешка праз невыносны боль. Вяртанне Akute і боль Бенькі

У свежым аглядзе — цікавая беларуская музыка, якая выйшла гэтай восенню.

Вяртанне да каранёў гурта Akute, змрочная і вельмі трапная кампазіцыя ад Святланы Бень і Галі Чыкіс, нечаканы эксперымент ад малавядомага музыкі з Мінска Gregory Neko, атмасферная балада ад Naviband у тым ліку.

Gregory Neko / Emergent Drama


Мы натрапілі на гэты альбом абсалютна выпадкова і не мелі нейкіх звышчаканняў, але тое, што пачулі, сапраўды ўражвае. Знайсці інфармацыю пра Gregory Neko практычна немагчыма: сацыяльныя сеткі і Google не даюць адказаў на запыты, таму ў якасці адзінай крыніцы ў нас ёсць сэрвіс Bandcamp, праз які і выйшаў альбом Emergent Drama — мікс дынамічнай і часам агрэсіўнай электронікі і саксафона. Такі музычны складнік вельмі паспяхова выкарыстоўвае модны цяпер лонданскі гурт The comet is coming: музыкі ўтраіх ствараюць вельмі цікавы і разнастайны матэрыял на джазавым падмурку з электронным аздабленнем. Вынік — солдаўты на буйных пляцоўках па ўсім свеце, шыкоўная фестывальная траса і сапраўды захапляльныя шоў на канцэртах. Відавочна, гэты альбом больш камерны, эксперыментальны і андэграўдны. Ён не для шырокай аўдыторыі, але прытым зроблены сапраўды вельмі цікава і таленавіта. Даволі прымітыўныя і зацыкленыя сэмплы, запісаныя ці то пад агрэсіўнае тэхна, ці то ўжо пад шалёны драм-н-бэйс, у выніку пераўтвараюцца ў нешта падобнае да імправізацыі і цудоўным чынам балансуюць на мяжы эксперыменту і поп-узроўню. Альбом цікавы яшчэ і тым, што мы ўвогуле нічога не ведаем пра музычны бэкграўнд яго стваральніка. Гэты чыстая старонка, абсалютна новая і даволі цікавая з’ява. Будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак вялікага падарожжа.

«Салмиакки» / «Отрыв», «Кавардак»
 

«Салмиакки» — гурт, які так і не прагучаў на шырокую аўдыторыю, хоць і быў дастаткова вядомы ў мінскай андэграўднай тусоўцы. Хлопцы-дзяўчаты рабілі даволі спецыфічную музыку: мікс з эма, джаз-року і постхардкору — гучыць цікава ўжо на ўзроўні пераліку складнікаў гэтай салянкі. Чаму гралі? Гурт, калі меркаваць па сацсетках, знаходзіцца ў стане анабіёзу і не плануе нейкай актыўнасці бліжэйшым часам. А дарма! Назва гурта азначае фінскі прысмак накшталт лакрыцы, але з вялікай колькасцю нашатыру ў складзе. Карацей, вельмі спецыфічныя цукеркі. Але тут справа ў іншым: хутчэй за ўсё, назва — вынік каламбуру, звязанага з прозвішчам лідара гурта Максіма Лакрыцкага. Нядаўна «Салмиакки» выдалі сінгл з двух трэкаў — «Отрыв» і «Кавардак», — у якім настолькі цікавы матэрыял, што хапіла б і на цэлы альбом. Музыкі ігнаруюць звыклую сістэму куплетаў і прыпеваў і ствараюць свой сусвет з абсалютна непрадказальнай дынамікай і структурай кампазіцый. Больш за ўсё гэта нагадвае найцікавейшыя гурты гарадзенскага андэграўнду — Earworm і «Демонтаж характера». Але яны ўсё ж розныя па настроі і, відавочна, карысталіся рознымі першакрыніцамі. Абавязкова паслухайце выдатны альбом «Салмиакки» пад назвай «Маета» — выдатны і аўтэнтычны матэрыял з вялікім патэнцыялам. На жаль, чакаць новых твораў ад гурта ўжо не мае сэнсу.

Святлана Бень Галіна Чыкіс / «Черные бидоны»
 

У Святланы Бень і Галі Чыкіс атрымаўся сапраўды фантастычны тандэм: дзве таленавітыя асобы вельмі дакладна адчуваюць адна адну і ствараюць музыку, ад якой дрыжыкі ідуць па ўсім целе. Зусім нядаўна яны выдалі новую кампазіцыю «Черные бидоны» — страшнае выказванне-рэфлексію на балючую для ўсіх беларусаў тэму. І гэта, магчыма, самае моцнае з таго, што мы чулі пасля 2020 года. Бенька ў гэтай кампазіцыі — паранены чалавек, які вядзе ўнутраны дыялог. Гэты чалавек прайшоў усе магчымыя выпрабаванні і цяпер вымушаны жыць з асэнсаваннем і разуменнем таго, што адбылося. Гэта складана, гэта немагчыма і «нужно все это забыть, чтобы никого не убить» — рэфрэн, які будзе пульсаваць у свядомасці слухача, пытанне, якое кожны з нас мусіць пракручваць у сваёй галаве. Музычнае аздабленне «Черных бидонов» — гукавы ландшафт, што стварае дакладную атмасферу для гэтай страшнай, але вельмі трапнай меладэкламацыі. Змрок, безвыходнасць, страшны боль ментальна параненага чалавека, які шукае выйсце з гэтай бязлітаснай рэчаіснасці. І нават тут знаходзіць у сабе сілы на выдатную метафару і параўноўвае аўтазакі з чорнымі бітонамі з малаком. Сумная ўсмешка праз невыносны боль. Цікавы анонс вялікай прэм’еры ад таленавітых музыкаў.

Паліна Паланейчык / «Земля горит»



Нам вельмі падабаецца, як працуе над сабой Паліна Паланейчык. Калісьці дзяўчынка з гітарай у руках не пабаялася цалкам перафармуляваць сябе і пачаць працаваць ужо з электроннай музыкай. Вынік прыйшоў не адразу: спачатку было чуваць тую самую «гітарную» Паліну, ціхую, крыху не ўпэўненую ў сабе. Недзе засмучалі няўдалыя вобразы і метафары, недзе — недакладныя меладычныя рашэнні. Але Паліна працавала, каб у выніку пераўтварыцца ў адну з самых заўважных спявачак у сучаснай беларускай музыцы. Прыклад — яе новы сінгл «Земля горит»: дарослая і вельмі пераканаўчая работа чалавека, які навучыўся выдатна даваць рады і з наратывам, і з мелодыямі, і з аранжыроўкамі. Класная кампазіцыя амаль без слабых месцаў. Пругкі сінэтычны бас, хвосткі біт, вінтажныя сінты — даволі ўніверсальны складнік, з якім цяпер працуюць на ўсіх поп-узроўнях, але ў гэты трэк Паліна дадае сваю харызму: больш складаныя інтанацыі, аголеную эмоцыю, каб пазбегнуць «пластыкавага» эфекту. Вынік: атрымаўся вельмі пераканаўчы і шматабяцальны сінгл.

Naviband / «Печаль»
 

І яшчэ адзін выдатны сінгл. Гэтым разам — ад Naviband, якія навучыліся пісаць прыгожыя сумныя песні. Музыкі цалкам пазбавіліся свайго цукровага налёту і цяпер гучаць звышнатуральна. Аранжыроўкі скінулі непатрэбныя элементы і сталі больш дакладнымі і мінімалістычнымі, галасы Арцёма і Ксеніі гучаць больш па-даросламу, а лірыка зрабілася асэнсаванай і трапнай. «Печаль» — гэта вельмі прыгожая акустычная кампазіцыя з шыкоўнай аранжыроўкай. Менавіта так і мусіць гучаць якасная поп-музыка: густоўна, без залішняга пафасу і аднастайных прыёмаў на ўсе выпадкі. Кампазіцыя пабудавана такім чынам, каб не перашкаджаць працаваць шыкоўнаму голасу Ксеніі — і гэта цалкам абгрунтаванае і правільнае рашэнне. Атрымалася меланхалічная балада, ці не найлепшая ў жанры сёлета.

Akute / «Напалову тут»

 

Akute маўчалі даволі працяглы час пасля свайго дастаткова эксперыментальнага альбома «V». Ён быў нязвыклы для аўдыторыі гурта: пабудаваны не на стандартным гучанні «гітара-бас-барабаны», а на электронным. Нельга сказаць, каб аўдыторыя негатыўна ўспрыняла гэты адыход ад канону, але альбом сустрэлі дастаткова халодна. Цяпер музыкі вырашылі вярнуцца да вытокаў і выдалі альбом «Напалову тут», на якім вярнуліся да каранёў. Ён гучыць сапраўды вельмі «па-акутаўску», і ў гэтым, напэўна, яго галоўны мінус, бо гурт вярнуўся да таго, з чаго пачынаў, і выкарыстоўвае тыя ж самыя фішкі і музычныя хады. Формула працуе, і не сказаць, што альбом няўдалы. Але пасля шэдэўральнай «Пластыкі» і эксперыментаў на «V» успрымаецца як крок назад. У яго дакладна будзе свая аўдыторыя і прыхільнікі, бо на альбоме ёсць класныя сінглы, ён крута гучыць і выглядае на прыгожы працяг «акутаўскай» гісторыі. Але «Напалову тут» — непаслядоўная і, напэўна, нясвоечасовая праца ад гурта, які за час маўчання меўся зрабіць нешта свежае і цікавае, а ў выніку пайшоў пратаптанай сцежкай.

 

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць