BY
па-беларуску
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

У новым аглядзе будзе шмат навацыі ды традыцыі адначасова. Мы паслухаем беларускія эксперыменты са штучным інтэлектам і пазнаёмімся з нейронкай «Coma», зацэнім выдатны інструментальны альбом з вялікай павагай да дарк-джазу, ашалеем ад неймаверна шчыльнага гучання артадаксальнага дэз-металу і шліфанём гэта ўсё яшчэ адным метал-рэлізам, які выходзіць далёка за межы жанру.

Chornabrova

«COMA» 

Сучасная музыка актыўна эксперыментуе са штучным інтэлектам і пашырае межы стварэння новых сэнсаў. Цяпер для гэтага ёсць шмат тэхнічных магчымасцяў, і якасць прадукту залежыць перш за ўсё ад фантазіі творцаў. Беларуская музыка таксама робіць крокі ў гэтым напрамку і час ад часу прапануе слухачу сваё бачанне мастацтва непазбежнай будучыні.
Адна з такіх спробаў — новы альбом акторкі Паліны Дабравольскай, якая стварае музыку пад псеўданімам Chornabrova. Матэрыял, які да гэтага выпускала Паліна, быў вельмі няроўны, і часам стваралася ўражанне, што думка Дабравольскай не заўсёды адпавядае яе майстэрству: шмат ідэй і неблагіх эксперыментаў, але не самае ўдалае іх ўвасабленне. Што на гэты раз? Альбом «Coma» — і гэта толькі частка мультымедыйнага праекта, які прысвечаны штучнаму інтэлекту. Нейронка, паводле Chornabrova, так і называецца — Coma. Гэта штучны інтэлект, які даследуе экзістэнцыйныя пытанні праз адкрытыя дадзеныя сваіх стваральнікаў.
Музычны складнік для Дабравольскай цалкам традыцыйны: яна працягвае міксаваць змрочны хіп-хоп, індустрыяльныя гукі і этнічныя спевы, але пры гэтым ёсць нюанс: як вынікае з апісання праекта, штучны інтэлект выкарыстоўваўся для тэатральнай пастаноўкі «Coma», а вось у межах музычнага альбома — толькі ў якасці крыніцы натхнення. Для беларускай музыкі цікавы і небанальны эксперымент, хоць і дастаткова прапрацаваны ў сусветным кантэксце.
У выніку ў Паліны атрымалася неблагая спроба асэнсаваць альтэрнатыўную будучыню: намацаць адказы на метафізічныя пытанні і стварыць захапляльную гісторыю праз музычны наратыў. Але ёсць у «Coma» і відавочныя мінусы. Першы — выканальніцкія нюансы: альбом недасканалы ў першую чаргу інтанацыйна, у другую — спецыфічным акцэнтам спявачкі. І гэта моцна псуе ўражанне ад матэрыялу, не дае яму раскрыцца цалкам і стварыць сапраўды прэзентабельны ўзор сучаснай беларускай музыкі. Акрамя таго, вельмі моцна адчуваецца, што музычны складнік «Coma» — гэта толькі частка праекта, і бракуе тут менавіта візуальнай часткі для агульнага ўспрымання матэрыялу.

Drum Warz & JJ.Ok

«FRAGMENTS»

Дарк-джаз — вельмі цікавая плынь у сучаснай музыцы, якая развіваецца паралельна з мэйнстрымам. Павольны медытатыўны тэмп, далікатныя мінімалістычныя гукавыя ландшафты і амаль традыцыйны сумны саксафон — годных гуртоў у гэтым кірунку існуе даволі шмат, і згадаць можна хаця б Bohren & Der club of gore ці The Kilimanjaro Darkjazz Ensemble. Але цяпер гаворка не пра іх, а пра беларускі супольны праект Drum Warz & JJ.Ok — калабарацыю цікавых музыкантаў, якія разам стварылі захапляльны альбом «Fragments».
Drum Warz — беларускі бітмэйкер, які працуе з олдскульным хіп-хопам і брудным гучаннем бубнаў і пры дапамозе аналагавага абсталявання робіць атмасферны інструментальны мікс. JJ.Ok — гітарыст, які некалі ўдзельнічаў у глэм-гурце Stardust Circus, а пасля выпусціў некалькі альбомаў ужо ў межах сольнага праекта JJ.Ok: там было шмат эксперыментаў з нойзавым гучаннем, і асабліва цікава гэта выглядала на канцэртах.
Увесь гэты назапашаны музычны досвед хлопцаў і выліўся ў «Fragments» — змрочны інструментальны альбом, у якім даркджазавыя сэмплы спалучаюцца з магутнымі гітарамі і хіп-хоп-бітамі. Усё разам гучыць вельмі арганічна і ўпэўнена: у кожнай кампазіцыі ёсць цікавае развіццё, а пругкі агрэсіўны біт дадае дынамікі ў гэтыя бясконцыя сумныя мелодыі. Лаканічны і змястоўны адначасова, гэты альбом можа стаць выдатным саўндтрэкам для павольных самотных шпацыраў па начным горадзе — класны матэрыял, на які варта звярнуць увагу!

Postcryptum

«Abyss of unborn»  СЛУХАЦЬ

Метал-музыка настолькі шчыльна складзеная з кананічных малюнкаў і спецыфічнага набору прыёмаў і патэрнаў, што вельмі складана знайсці прыклады выхаду за межы жанравых клішэ. Па першых хвілінах гучання альбома ўжо дакладна можна вызначыць стылістыку запісу і скласці ўяўленне пра тое, ці адпавядае ён тваім густам. Творы кросжанравыя, шматслойныя — перліны, якія трэба шукаць і потым уважліва слухаць, каб адчуць усе нюансы.
Гурт Postcryptum прайшоў складаны шлях да дэбютнага рэлізу. Каманда была створаная больш за дзесяць гадоў таму і першапачаткова існавала пад шыльдай Rise of Brutality. Але склад неаднаразова мяняўся, музыканты вырашылі знайсці новую назву і ўжо як Postcryptum пачалі працаваць над першым альбомам. Пабачыў свет ён толькі ў красавіку — масіўны і грунтоўны «Abyss of unborn», які выходзіць за межы дэз-металу.
«Abyss of unborn» складаецца з сямі кампазіцый, у якіх настолькі высокая шчыльнасць музычных думак і ідэй, што кожная магла б існаваць у выглядзе асобнага рэлізу. Брутальнасць і хуткасць тут не адыгрываюць галоўнай ролі, але з’яўляюцца важным складнікам гэтага альбома. Перш за ўсё хочацца звярнуць увагу на спалучэнне меладычнасці і амаль джазавых рытмічных малюнкаў — вельмі складана засумаваць, настолькі яскравы матэрыял атрымаўся ў Postcryptum.
Звярніце ўвагу на тытульны трэк «Abyss of unborn», які з лагоднага раптам пераўтвараецца ў агрэсіўны і бязлітасны, а ў наступнае імгненне ўжо чаруе прыгожымі мелодыямі. Тэхнічны дэз-метал тут не самае ўдалае вызначэнне, але хаця б так можна акрэсліць мінімальныя стылістычныя межы гурта. Пакуль самы цікавы метал-альбом 2024 года, які вельмі хочацца затрымаць у сваім плэйлісце — цудоўны экспартны прадукт для фанатаў цяжкой музыкі па ўсім свеце!

Die Ballista

«Burial Bell»  СЛУХАЦЬ

Яшчэ адзін метал-рэліз, які намінальна існуе пад тым жа тэгам, што і Postcryptum, але насамрэч яны вельмі розныя. Die Ballista — зусім малады гурт, які вось толькі-толькі нарадзіўся і адразу выдаў дэбютны альбом «Burial Bell». Сярод жанраў, з якімі сябе асацыююць музыканты, ёсць стоўнер, дум, дэз і сладж, але, вядома, гэта (мо наўмыснае) перабольшванне.
«Burial Bell» больш за ўсё нагадвае олдскульны дэз-метал кшталту Benediction — зразумелая і простая структура трэкаў, пабудаваная на прымітыўных рыфах, насычанае, без выкрутасаў, гучанне і гітарныя сола-запілы. Класічны склад, які працуе выдатна. Без прэтэнзіі на арыгінальнасць, але ўсё адно вельмі бадзёра і шчыра.
У першую чаргу варта адзначыць менавіта гучанне гэтага альбома: «Burial Bell» мінімалістычны і сыры, але драйвовы адначасова. Гэта такі дэз-н-рол — стыль, які ў свой час вельмі паспяхова выкарыстоўвалі і шведы Enthombed, і амерыканцы Six Feet Under. Проста суворы артадаксальны метал з качовымі рыфамі, неблагімі сола і вакалам нібыта са скляпенняў.
Не чакайце ад гэтага альбома нейкіх вынаходніцтваў і звышперформансу — ён працуе па вельмі зразумелай і шчырай схеме: максімум энергіі і мінімум нуды. Проста ўключаеце — і выпраўляецеся ў захапляльнае падарожжа па сусвеце цяжкой музыкі: у вас будуць цудоўныя экскурсаводы!

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць