BY
па-беларуску
Што больш за ўсё баліць

Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць

Паразмаўлялі з беларускай спявачкай LEAR (Валерыяй Суравіцкай) пра жыццё ў Беларусі, затрыманьне і пераслед, эміграцыю, творчасць і далейшыя планы

«Потым ненавідзела фартэпіяна»

Лера нарадзілася ў невялікім пасёлку Балбасава пад Оршай. Музыкай дзяўчына займалася з самага дзяцінства, калі ў пяць год бацькі аддалі яе на фартэпіяна.

«Скажу шчыра, я потым ненавідзела фартэпіяна, – усміхаецца Лера. – Але зараз усё адно на ім іграю і ўжо люблю. Пазней пачала займацца вакалам, у нас былі дзіцячыя канцэрты ад музычнай школы. Яшчэ ў дзяцінстве я пісала песні і недзе ў 11 класе пачала прафесійна займацца музыкай, зразумела, што толькі з гэтым хачу звязваць жыццё. Тады пачала выступаць ужо са сваімі аўтарскімі песнямі».

Лера дадае, што некаторыя канцэрты, дзе яна выступала будучы падлеткам, – не месца для дзяцей.
 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Васіль Корзун

«Напрыклад, у Оршы гэта быў карпаратыў мясакамбінату. Мне было тады 15-16 год, астатнія яшчэ маладзейшыя. А ты разумееш, што гэта карпаратыў, дзе сядзяць дзядзечкі і цёцечкі, шмат алкаголю і іншага. І які сэнс цягнуць туды дзяцей? Каб яны глядзелі на гэта ўсё? Гэта не нармальна».
 

«Баялася знаёміцца з людзьмі, у мяне пачалася дэпрэсія»
 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Аліна Мазавец

Пасля школы Лера паступіла ў інстытут культуры ў Санкт-Пецярбургу.

«Яшчэ ў 11 класе я ездзіла ў Піцер да знаёмых, у якіх была свая студыя гуказапісу. Яны прапанавалі, каб я паступіла на платную завочку і працавала ў іх у студыі, запісвала там свае трэкі. Мне падавалася, што гэта вельмі класны варыянт, бо я адразу пачну запісваць сваё, падпрацоўваць і вучобу буду сама аплачваць. Але потым у знаёмых пачаліся праблемы са студыяй, яны пераносілі яе, закрывалі і адкрывалі зноў».

Варыянт з працай для Леры знік. Спявачка прызнаецца, што адчувала сябе вельмі самотна ў Піцеры, калі прыязджала на сесію, у яе пачалася сацыяльная трывожнасць.

«Я баялася знаёміцца з людзьмі, у мяне пачалася дэпрэсія. Тады я зразумела, што не хачу больш там вучыцца, хачу проста вярнуцца ў Беларусь, дадому. На дзіва, бацькі нармальна адрэагавалі, хаця яны аддалі вялікія грошы за першы семестр».

«Дарафеева ціснула на мяне, калі я на штосьці не пагаджалася»

Лера кажа, што бацькі яе падтрымлівалі ў жаданні прафесійна займацца музыкай, але з умовай: вышэйшую адукацыю ўсё адно трэба атрымаць. Так спявачка паступіла ва ўніверсітэт культуры ў Мінску на эстрадны вакал.

«Ва ўніверсітэце культуры вельмі слабы ўзровень музычнай адукацыі. Па спецыяльных прадметах ад вас ніхто нічога не патрабуе, усім усё адно, а па агульнаадукацыйных патрабуюць шмат. Гэта дзіўна. На другой палове першага курсу ў мяне пачалася дэпрэсія, і ўвесь час вучобы надта складана даўся праз гэта, – прыгадвае Лера. – Я проста прыходзіла з пар і адразу клалася ў ложак, бо я больш не магла нічога рабіць. Мне было нецікава. І ўвогуле ў нас была такая група, у якой нешта рабілі па вучобе, толькі каб атрымаць «корачку».

Індывідуальнай выкладчыцай Леры па вакале была Ірына Дарафеева.

«Я не лічу яе добрай выкладчыцай, я не думаю, што яна дасведчаная. І канечне, мне не падабаюцца яе палітычныя погляды... З ёй былі непрыемныя моманты, яна ціснула на мяне, калі я на штосьці не пагаджалася, яна нават неяк сказала: «Я магу цябе адлічыць». Потым мы з ёй амаль спынілі камунікаваць, я дацягнула да канца ўніверсітэту».
 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Аліна Мазавец

«Мяне пачалі пераследаваць»

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце Леру затрымалі сілавікі. 13 лютага 2021 году на канцэрце беларускага гурта «Разбітае сэрца пацана», дзе таксама выступала і Лера, на базе адпачынку ў Смалявіцкім раёне АМАП затрымаў удзельнікаў разам з гледачамі.

«Гэта было вельмі нечакана, я не хацела патрапіць на суткі, вельмі іх баялася. Быў спадзеў, што большасць адпусцяць, бо тады затрымалі каля 70 чалавек. Частцы далі штрафы, а іншым – суткі. Мне было страшна, я думала: хай гэта будзе сон. Быў страх, бо не ведаеш, што будзе далей: будзе жэсць ці не?»

Леры далі 15 сутак арышту. Дзяўчына кажа, што абыходзіліся з ёй не жорстка, але сама сітуацыя была жахлівая і зусім непрымальная.

«Спачатку ў мяне быў шок, істэрыка, я то плакала, то смяялася. Потым следчыя шмат распытвалі пра знаёмых. Адзін з іх сказаў: «Пабачымся ва ўніверсітэце».
Але са мной добра абыходзіліся амапаўцы, што было вельмі нечакана. Яны былі вельмі маладыя, адзін з іх перад тым, як складалі пратакол, адвёў мяне за вугал і сказаў: «Божа, я вельмі хачу табе дапамагчы». Можа гэта праз тое, што я шмат плакала. Потым мне было страшна, што дадуць яшчэ тэрмін, бо мне падавалася, што тады я дакладна не вытрымаю».


Пасля затрымання Лера не адразу з'ехала, а засталася закончыць універсітэт і зараз пра гэта шкадуе.

«Амаль усе мае сябры з'ехалі. Мой, на той момант, хлопец таксама адразу з'ехаў пасля свайго затрымання. Я засталася нібы зусім адна, мне было страшна. Мяне пачалі пераследаваць сілавікі. Адзін прыходзіў да мяне ва ўніверсітэт, былі сустрэчы з ім. Я вельмі хацела з'ехаць, але ў мяне была думка: я маці расчарую, калі не скончу ўніверсітэт. А зараз я лічу, што гэта такая дурасць! Трэба было з'язджаць і нават не думаць пра гэта».
 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Васіль Корзун

«Вырашыла, што я не гатовая вяртацца і рызыкаваць»

Супрацоўнік спецслужбаў сачыў за Лерай, выклікаў на размовы, прапаноўваў супрацу, запужваў.

«У нейкі момант у мяне пачалася паранойя, што за мной пастаянна сочаць. Было вельмі страшна. Калі я скончыла ўніверсітэт, адразу паехала ва Украіну, але я потым вярнулася на адпрацоўку. Я вярнулася зноў дзеля бацькоў, але зараз разумею, што трэба было прымаць іншае рашэнне і не слухаць іх».

Адпрацоўвала Лера ў музычнай школе ў Мінску, працавала з дзеткамі настаўніцай па вакалу.

«Я не люблю выкладаць. Гэта максімальна не маё, мне цікавей нашмат самой спяваць, іграць. Я не бачу сябе педагогам, але іншых варыянтаў адпрацоўкі няма, калі ты вучышся на такой спецыяльнасці. Хтосьці пайшоў спяваць у ансамбль МУС, я падумала, што гэта не мая схема, лепш я ўсё ж такі ў музычную школу пайду», – усміхаецца Лера.

Улетку 2022 году Лера з'ехала ў афіцыйны адпачынак і больш не вярнулася ў Беларусь.

«На той момант сядзела вельмі шмат знаёмых, праз якіх можна было неяк да мяне дакапацца. Я вырашыла, што я не гатовая вяртацца і рызыкаваць. Ну і праз тое, што я адпрацавала толькі год, мне выставілі вялізны рахунак».

«Эміграцыя дадала мне даросласці»

Лера жыве зараз у Варшаве, кажа, што адчувае сябе нашмат лепш і бяспечней, чым у Беларусі.

«Мне агулам тут падабаецца, гэта нібыта Мінск 2.0. Але пры першай жа магчымасці я хачу вярнуцца. У мяне ўсё яшчэ дэпрэсія, але без ціску з боку ўладаў усё ж прасцей – адно пытанне вырашылі. Я неяк спрабую працаваць, прызвычайвацца да жыцця».

Спявачка кажа, што пакуль не атрымліваецца зарабляць выключна на творчасці, хоць ёсць прыбытак з выступаў, стрымінгаў. 
Выступаць Лера вельмі любіць, але дадае, што дагэтуль мае праблемы праз сацыяльную трывогу, на якую яна пакутавала.

«Зараз я адчуваю сябе нашмат больш упэўненай, чым раней, эміграцыя дадала мне даросласці, але ўсё адно закрываюся, калі выходжу. І я адчуваю, што кожны раз крышачку лепш, спадзяюся, калісьці я дайду да таго, што не буду зусім закрывацца».

«Не складана пісаць пра тое, што я добра ведаю і перажываю»

Бліжэйшым часам Лера плануе рабіць песню з украінскім маладым выканаўцам на ўкраінскай і беларускай мовах.

«Было б супер выпусціць альбом, зняць пару кліпаў. Трэба зараз неяк гэта па крысе рэалізоўваць. Мне не заўжды на ўсё хапае сіл, праз гэта ў мяне атрымліваюцца прасяданні. Бо калі ў мяне ёсць энергія, то я нешта раблю, думаю напісаць альбом, стварыць трэк, а потым у мяне проста перагарае лямпачка і я не магу займацца прасоўваннем, сацсеткамі».

Адным з самых важных у творчасці стаў альбом «Зачапіцца», прызнаецца Лера. У ім акурат творы, якія распавядаюць пра розныя псіхалагічныя праблемы, такія як дэпрэсія, панічныя атакі, сузалежнасць у адносінах, сацыяльная трывога і шмат іншага.

«Мне вельмі не хацелася, каб гэта было ў лоб, таму шмат чаго завулявана. Але я думаю, што людзі, якія сутыкаюцца з такімі праблемамі, слухаючы гэтыя трэкі, дакладна разумеюць, пра што ідзе гаворка. Я атрымлівала такія водгукі. Я лічу, што вельмі важна павышаць свядомасць людзей у пытаннях ментальнага здароўя, бо зараз шмат тых, хто сутыкаецца з імі».

Чым больш будзе інфармацыі, чым больш будзе агалоскі, тым хутчэй людзі змогуць сабе дапамагчы, мяркуе Лера.

«Альбом стварыўся вельмі хутка, літаральна месяц ці два. Бо мне было не складана пісаць пра тое, што я добра ведаю і перажываю. Ну і я заўжды пішу пра тое, што больш за ўсё баліць. Таму я лічу гэты альбом самай важнай працай з тых, што была.
Я яшчэ шукаю гучанне маёй творчасці, але думаю, што яно з кожным разам становіцца ўсё больш цікавым, я больш сабе дазваляю, я больш упэўнена адчуваю сябе ў тым, што я раблю, як я гэта раблю, як я гэта чую і пішу».

 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Аліна Мазавец

«Гэта адна з маіх найлепшых прац»

У хуткім часе ў Леры выйдзе трэк «Свечка».

«Зараз, напэўна, гэта мой самы любімы трэк, ён вельмі кранальны, я ўсцешана, што ў мяне атрымалася такое напісаць. Я вельмі хачу, каб хутчэй яго ўсе пачулі. І мне падаецца, што гэта адна з маіх найлепшых прац».

Спявачка кажа, што амаль не сутыкаецца з хэйтам у сваёй творчасці, шмат людзей яе падтрымлівае.

«Нядаўна пасля канцэрту мне напісалі велізарныя паведамленні пра тое, якая класная ў мяне музыка, што мне трэба развівацца далей».

 

LEAR /фота з персанальнага архіву. Аўтар: Васіль Корзун

«Мяне натхняе гарманічны стан і прага яго здабыць, навучыцца проста любіць працэс жыцця, а не пастаянна чакаць чагосьці. Натхняюць і вельмі простыя рэчы: музыка, прырода, сябры».

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Траўматычныя аскепкі думак
Траўматычныя аскепкі думак

Адкуль бяруць натхненне беларускія музыкі