Беларускі рок па вакацыях

Беларускі рок па вакацыях

Чатыры цікавыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Вакацыйны перыяд у беларускай музыцы не прынёс шмат якаснага матэрыялу, але варта згадаць два рэлізы, што маюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Акрамя таго, зробім маленькі тызер і распавядзем пра плыткі, якія можна будзе паслухаць ужо неўзабаве. У новым аглядзе — «музейны» альбом Relikt, мемарыяльная імправізацыя імя Арцёма Залескага, а таксама анонсы новых рэлізаў ад Аляксандра Ясінскага і гурта «Союз». 

Relikt 
«Byli, Jość, Budziem»

Гурт Relikt узяў на сябе даволі складаную задачу: прадставіць новаму слухачу класічны беларускі рок-архіў. Шмат якія песні з гэтага альбома не існавалі дагэтуль у якасным гучанні, а некаторыя ўвогуле не траплялі на студыйныя рэлізы, але пры гэтым з’яўляюцца знакавымі для нашай сцэны. Цікава тое, што наратывы таго часу актуальныя і цяпер, таму гаворка ішла хутчэй не пра пераасэнсаванне вядомых кампазіцый, а пра іх якасную прэзентацыю. Таму фактычна музыкі з гурта Relikt стварылі своеасаблівы аўдыямузей, у якім цягам альбома «Byli, Jość, Budziem» займаюцца руплівай рэстаўрацыяй здабыткаў айчыннай незалежнай музыкі. 
У музыкаў ёсць велізарны досвед у стварэнні якасных кавер-версій сусветна вядомых песень, але тут перад імі стаяла зусім іншая задача: зайграць «Бонду», Ulis ці N.R.M. так, каб зберагчы атмасферу першакрыніцы і не перашкодзіць успрыманню класічнага рэпертуару. І гэты пункт музыкі выканалі выдатна. Калі хочаце пазнаёміцца з сапраўднай беларускай музыкай і лірыкай, то гэты альбом прынясе вам сапраўдную асалоду. А яшчэ ў яго выдатная вокладка з Вітаўтам Мартыненкам — чалавекам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў адданай працы на карысць беларускай музыкі.

http://relikt-belarus.bandcamp.com/album/byli-jo-budziem

«Колорит Кульмана» 
«Заржасм»

10 лютага не стала аднаго з самых цікавых і экспрэсіўных беларускіх бубначоў Арцёма Залескага. Арцёму было ўсяго 44 гады, і за гэты час ён паспеў зрабіць столькі, што хапіла б на дзве ці тры біяграфіі. Гурты «Любовь и спорт», «Серебряная свадьба», «Кассиопея», «Петля пристрастия», Gurzuf — гэта далёка не поўны спіс праектаў, у якіх паўдзельнічаў Залескі. Некаторыя з іх так і не былі рэалізаваныя, але частка гэтага матэрыялу існуе ў архівах музыкаў, якія гралі ў свой час з Арцёмам. 
«Колорит Кульмана» — адзін з іх. Дзіўны, эмацыйны і вельмі цікавы імправізацыйны запіс, што быў зроблены цягам адной сесіі з першага дубля. На гэтым запісе можна адчуць усю моц музычнай экспрэсіі, якую ўкладаў бубнач у кожную сваю працу. Проста таму што не ўмеў па-іншаму. Гэта запіс-мемарыял, цалкам прысвечаны таленавітаму чалавеку, сапраўды апантанаму музыкай. На жаль, «Колорит Кульмана» ніколі не атрымае развіцця ў тым выглядзе, у якім ён прадстаўлены на гэтым запісе. Але некаторыя рэчы і мусяць заставацца менавіта такімі.

http://koloritkulmana.bandcamp.com/album/zarzhasm

Aliaksandr Yasinski
«Hlybini»

Гістарычна так склалася, што ў Беларусі ўсё вельмі добра з акардэаністамі. Можна, напрыклад, згадаць Аляксея Варсобу і гурты Port Mone і Agata, а таксама Minsk Improvisers Orchestra. Ці экспрэсіўнага Ягора Забелава, які выціскае з баяна ўсю душу. Ці Аляксандра Ясінскага — удзельніка колішняга гурта Bosae Sonca, кампазітара і выкладчыка, які зараз жыве і працуе ў Празе. Чалавек з акадэмічным бэкграўндам, Аляксандр цудоўна валодае інструментам і не толькі віртуозна грае на ім, але і сам піша вельмі цікавую музыку. 
Гэты альбом выйдзе 30 верасня, а пакуль вы можаце паслухаць два сінглы з яго: выдатныя кампазіцыі «In freedom and dignity» і «Storm». Першы трэк — супольная праца Ясінскага з гітарыстам Роінам Столтам і бубначом Марка Мінэманам, а другая — сольны нумар. Гэта вельмі цікавая музыка, у якой акардэон гучыць зусім не так, як мы прызвычаіліся сабе яго ўяўляць. Прог-рок, джаз, эксперыментальная музыка спалучаюцца тут у дакладных прапорцыях, але ўсё гэта не выглядае як акадэмічнае самалюбаванне: гэта цікавы матэрыял нават для непадрыхтаванага слухача, які проста захоча адкрыць для сябе нешта новае. Раім дачакацца рэлізу.

 http://yasinski.bandcamp.com/album/hlybini

«Союз»
«Сила ветра»

Музыкі гурта «Союз» выдалі разам ужо два паўнавартасныя альбомы і пасупрацоўнічалі з лэйблам Івана Дорна Masterskaya. У гэтай музыцы спалучалася шмат плыняў і асабістага досведу ўдзельнікаў калектыву: джаз, соўл, савецкая песня, псіхадэлія. Часам гэта нагадвала саўндтрэк для нязнятага ў 60-х фільма, часам — новы альбом канадцаў Badbadnotgood. Адно было відавочна: разам сабраліся вельмі таленавітыя музыкі і робяць нешта сваё, натхняючыся якаснымі прыкладамі сусветнай музыкі. 

Пасля даволі працяглай паўзы «Союз» вяртаецца: калектыў анансаваў новы альбом, які выйдзе ў канцы кастрычніка і будзе называцца «Сила ветра». Крыніцы натхнення падчас працы над гэтым альбомам былі іншыя: у першую чаргу бразільская музыка 70-х. Па-ранейшаму «Союз» робіць вельмі ўтульную, складаную тэхнічна, але простую для ўспрымання на эмацыйным узроўні музыку, якая выпраўляе слухача ў неверагоднае падарожжа. Выкшталцона, якасна і з любоўю — адчуванне, што хлопцы проста робяць тое, што падабаецца ім самім на сто адсоткаў.

http://gruppasoyuz.bandcamp.com/album/force-of-the-wind

Глядзець больш
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя