BY
па-беларуску
Псіхадэлічныя падарожжы і гучныя вяртанні

Псіхадэлічныя падарожжы і гучныя вяртанні

Свежыя музычныя рэлізы

ArtContext.com вывучае свежыя музычныя рэлізы, якія не трапілі ў мінулагодні выніковы агляд. Чароўная Анастасія Рыдлеўская выдала другі за год альбом, які не менш цікавы за дэбют. Лявон Вольскі таксама запісаў яшчэ адзін альбом і вярнуўся да супрацы з нарвежскімі музыкантамі. Гарадзенскі шаман Яўген Кучмейна стварыў грунтоўную псіхадэлічную гісторыю сталення школьніка, а мінскія металісты Challenger Deep вярнуліся праз дзесяць год з новым крутым матэрыялам.

Анастасія Рыдлеўская

Mugwort — СЛУХАЦЬ

Пра Анастасію Рыдлеўскую і яе дэбютны альбом мы ўжо пісалі ў мінулым аглядзе: дзяўчына толькі пачала публічную музычную дзейнасць і адразу ж запісала вельмі цікавы і таленавіты матэрыял. Але на гэтым не спынілася і ў самым канцы году выдала яшчэ адзін альбом — Mugwort.
Гэта хатні запіс, для стварэння якога выкарыстоўваўся вельмі просты сэтап. Але нягледзячы на падобныя ўмовы для запісу дэбютніка і другога альбома, падыход да стварэння кампазіцый змяніўся. У кампазіцыях стала больш далікатнай электронікі, дакладных і цікавых гукавых эфектаў і артыкуляванай голасам перкусіі. Песні сталі больш складанымі па сваёй структуры, у аранжыроўках больш эксперыментаў, а агульны вайб запісу рухаецца ў бок этнічных матываў і шаманскай пульсацыі.
Тут ёсць і шыкоўны сінгл Bipolar, на які Рыдлеўская выдала адзін з самых яскравых кліпаў гэтага году, і рытуалы Hate і Mugwort, і пранізлівая Dad’s song — альбом вельмі разнастайны і цікавы: англійская мова класна міксуецца з беларускай, язычніцкі рытуал з яскравымі мелодыямі, дакладныя аранжыроўкі з нестандартным падыходам. У выніку атрымаўся небанальны, шчыры запіс, які цудоўна раскрывае Рыдлеўскую у якасці кампазітаркі і выканаўцы. Нават нягледзячы на тэхнічныя хібы гэтага запісу, ён гучыць вельмі абаяльна.
Аўтарка інтуітыўна вельмі добра адчувае патрэбныя вібрацыі. Яе песні працуюць на эмацыйным узроўні — гэта не прагматычны падыход дасведчанага музыканта, а пульсацыя свежай думкі неафіта, які ўмее праз музычны матэрыял трансляваць сваё адчуванне гэтага свету. Вельмі рэдкая з’ява, тым больш у свеце, па сутнасці, другаснай папулярнай музыкі Усходняй Еўропы. Цікава будзе паназіраць за далейшым развіццём Анастасіі Рыдлеўскай як творцы.

Лявон Вольскі

Лісты палітвязням — СЛУХАЦЬ

На другім за апошні год альбоме Лявон Вольскі вяртаецца да супрацы з нарвежскімі музыкантамі і да канцэптуальнай лаканічнасці — новая праграма называецца «Лісты палітвязням». Гэта праект, з дапамогай якога беларускі класік захацеў зрабіць акцэнт на праблеме палітзняволеных. Акурат так ён і апісваў альбом яшчэ да рэлізу: людзі паступова забываюцца на тых, хто сядзіць у беларускіх турмах — сядзяць ну і хай сядзяць.
Праца над альбомам была шматслойная. На першым этапе аўтар выступіў у якасці інтэрв’юера і пагаварыў з былымі палітзняволенымі, якія цяпер знаходзяцца не ў Беларусі. Але размовы атрымаліся даволі кволымі — нібыта абавязковая частка запланаванай праграмы, якую трэба неяк пераскочыць. У першую чаргу пад пытаннем эмпатычнасць гэтых дыялогаў і агульная глыбіня іх прапрацоўкі.
Ужо другі этап гэтага праекту — сам музычны матэрыял. У адрозненне ад папярэдняга альбома «Эмігранты» Лявон Вольскі працаваў гэтым разам з нарвежскімі спецыялістамі, і гэта адразу адчуваецца па саўндзе і аранжыроўках. На «Лістах палітвязням» музыка вяртаецца да мінімалістычнага і жорсткага гучання. Песні лаканічныя і бадзёрыя, альбом кароткі, але нават пры гэтым яго складана назваць дынамічным, бо ўсе яго песні зліваюцца ў адзін бясконцы наўпроставы рыф. І ўжо на гэтым узроўні пачынаюцца праблемы: кампазіцыям не хапае лёгкасці, бо ў іх проста невыразныя і нецікавыя мелодыі — нібыта ў студыю прынеслі стос чарнавікоў для бі-сайда.
Нават самы яскравы сінгл з альбома, «Замова», зроблены такім чынам, што выклікае шмат пытанняў. Напрыклад, адкуль у кранальным тэксце пра абяцанне ўмоўнага палітвязня вярнуцца дадому раптам у самым эмацыйным кавалку кампазіцыі з’явілася фраза «Распавядзіце мне, як жыць, прапагандысты»? І такіх недарэчнасцяў на альбоме вельмі шмат. Напрыклад, большасць «лістоў» Вольскага ніколі б не дайшлі да тых, хто цяпер сядзяць у беларускіх турмах, і гэта цудоўна разумее кожны, хто хоць раз напісаў рэальны ліст палітзняволенаму. Паслухайце хаця б кампазіцыі «Заклік» ці «Нянавісць» — і самі гэта зразумееце.
Паўстае натуральнае пытанне: за кошт чаго артыст хоча прыцягнуць увагу да праблемы? За кошт праграмных метафар, якія вандруюць з альбома ў альбом? Ці за кошт папулісцкай канцэпцыі, за якой не стаіць рэальнага асэнсавання праблемы?
Бянтэжыць і тое, што рэліз гэтага альбома адбыўся 25 снежня: у самы непрыдатны час для таго, каб рэальна звярнуць увагу аўдыторыі на важную праблему і трагічныя абставіны — замест гэтага альбом быў проста пахаваны ў святочным маўчанні сацсетак.

1ок— СЛУХАЦЬ

Яўген Кучмейна паўдзельнічаў у неверагоднай колькасці цікавых гарадзенскіх праектаў, але галоўны з іх — сольны «.К». У ім сабраны вельмі разнастайны і аўтэнтычны матэрыял, у якім міксуецца гранж, псіхадэлія і вельмі экспрэсіўная аўтарская падача. Зусім нядаўна Жэня выдаў новы альбом — псіхадэлічны «1ок» з дваццаці кампазіцый!
«1ок», бадай, самая грунтоўная і маштабная праца Жэні. Гэта персанальны псіхадэлічны трып, у якім творца выпраўляецца ў складанае і небяспечнае падарожжа. Сам ён апісвае гэты альбом як гісторыю школьніка і асноўныя этапы яго сталення. Але гэта не сторытэлінг, а вельмі інтравертная і эмацыйная праца. Звычайна музыка «.К» не рэагуе на знешнія фактары — яна ўпершую чаргу базуецца на ўнутраным свеце творцы. Але на альбоме «1ок» ёсць выключэнні. Час ад часу Кучмейна выплывае на паверхню — і тады «1ок» выбухае злымі і жорсткімі трэкамі кшталту «33». Бязлітасны рэфрэн «Х**м по губам» — гэта апошняе, што чакаеш пачуць ад Жэні.
Але гэта толькі маленькая частка нетаропкага, шматслойнага твору. Пры дапамозе акустычнай гітары і мінімалістычных гукавых эфектаў музыкант стварае вельмі шчыльныя і прыгожыя кампазіцыі, нібыта ў запісе ўдзельнічае паўнавартасны гурт. Тут нашмат менш яскравых мелодый і больш медытатыўных бясконцых гукавых ландшафтаў — нібыта творца канчаткова разняволіўся, злавіў патрэбны вайб і стварыў цалкам аўтэнтычную праграму. Цяпер яго ўжо складана параўноўваць з іншымі музыкантамі, бо песні максімальна інтымныя і самадастатковыя.
«1ок» — вельмі асабістая і грунтоўная праца аднаго з самых таленавітых і цікавых музыкантаў Беларусі. Кучмейна — вельмі далёкі ад кан’юнктуры і трэндаў чалавек, і ў гэтым яго безумоўны плюс: толькі такім чынам можна ствараць па-сапраўднаму варты і непаўторны матэрыял.

Challenger Deep

III. The Path — СЛУХАЦЬ

Гэты гурт паўстаў падчас росквіту беларускага мадэрновага металу: у сярэдзіне «дзясятых» пост-хардкор быў адным з самых модных напрамкаў і гучных гітарных калектываў было вельмі шмат. Але мала хто з іх дажыў да 2024 года — за модай сышлі і бясконцыя эпігоны, а назвы гэтых гуртоў проста зніклі са свядомасці. Адзін з нешматлікіх калектываў, які варта было б вылучыць з той хвалі — гэта Challenger Deep. Карані гэтай музыкі знаходзяцца ў самых змрочных музычных жанрах: змрочным і дэпрэсіўным дум-метале, бязлітасным хаатычным хардкоры, атмасферным шугейзе і суворым блэк метале. Шматслойны мікс, які патрабуе ад музыкантаў добрага разумення кожнага з напрамкаў, цудоўнага валодання інструментамі і шчыльнай працы з гукам.
Challenger Deep заўсёды былі перфекцыяністамі. Таму іх мінулы альбом «Irreversible» анансаваўся шмат разоў, але рэліз пераносіўся — заўсёды знаходзілася нейкая драбяза, якую музыканты хацелі дапрацаваць. Гэта было ў далёкім 2014 годзе, а пасля гурт паставіў сваю дзейнасць на паўзу.
Цікава выглядае цяпер інтэрв’ю з нагоды выхаду «Irreversible», у якім хлопцы казалі, што будуць гнуць сваю лінію, колькі спатрэбіцца. Таму што праз шмат год яны вярнуліся з новым альбомам III. The Path — выдатным метал-рэлізам, які працягвае дыскаграфію гурту. Па настроі ён адрозніваецца ад папярэдняга: тут ужо няма дума і куды менш пост-метала — матэрыял базуецца на хардкоры і блэк-металічным уплыве. Музыканты знайшлі амаль ідэальны баланс паміж агрэсіяй і мелодыкай, давялі гучанне да вельмі высокіх стандартаў і ў выніку выдалі цудоўны матэрыял. Адзінае, што засмучае — гэта якасць тэкстаў: і на англійскай, і на рускай мове яны выглядаюць так, нібыта былі згенераваныя штучным інтэлектам.
 

Глядзець больш
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя