BY
па-беларуску
Прысутнасць жывога. Вольга Падгайская

Прысутнасць жывога. Вольга Падгайская

Аб творчым працэсе, аб імпульсах, якія нараджаюць новыя кампазіцыі, аб жыцці ў эміграцыі, аб кантактах, прэм'ерах і даляглядах

Кампазітар, арганістка Вольга Падгайская – выпускніца Беларускай акадэміі музыкі (клас кампазіцыі прафесара Вячаслава Кузняцова), лаўрэат міжнародных конкурсаў арганістаў і кампазітараў, удзельніца стыпендыяльнай праграмы Gaude Polonia (2016, 2022). З 2013 года з'яўляецца музычным дырэктарам фестывалю сучаснай музыкі і нямога кіно «Кінямо» ў Мінску. Удзельнік і асноўны кампазітар калектыву «Five-storey ensemble». Яна актыўна вядзе канцэртную дзейнасць, ініцыятар шматлікіх падзеяў, звязаных з сучаснай музыкай у Беларусі. Член Саюза беларускіх кампазітараў і Саюза музычных дзеячаў Беларусі. У 2021 годзе пераехала жыць у Варшаву (Польшча)
Вольга Падгайская – аўтар твораў у розных жанрах: сімфанічнай, камернай, харавой музыкі, музыкі да больш чым 20 нямых фільмаў, музыкі да спектакляў тэатра «Крылы Халопа», рэжысёра Святланы Бень, актыўна супрацоўнічае з тэатральным рэжысёрам Юрыем Дзіваковым. Музыка Вольгі Падгайскай гучала на міжнародных фестывалях, канцэртах, творчых праектах у Беларусі, Украіне, Германіі, Польшчы, Расіі, Швейцарыі, Італіі, Канадзе, Даніі.

Размову вяла музыкавед НАТАЛЛЯ ГАНУЛ
Фота — Вольга Падгайская

Five Storey Ensemble

Кожны, хто сутыкаецца з сучаснай акадэмічнай музыкай, адкрывае для сябе вялізны разнастайні гукавы свет, зразумець які можна толькі маючы жаданне да спазнання новага. Нярэдка слухач становіцца неабходнай часткай шчыльнага падзейнага інфармацыйнага працэсу, які ствараецца кампазітарам у музычнай партытуры і агучаным часе-прасторы. Аднак уступленне ў раўнапраўны творчы дыялог або дыскусію патрабуе паглыбленне ў кантэкст, які задаецца аўтарам. Менавіта таму знаёмства з культурна-гістарычным бэкграўндам творчай асобы, аўтарскія акцэнты ў адзнацы ўласных опусаў, асэнсаванне сваёй індывідуальнай інтанацыі, – усё гэта прасвядная глеба для стварэння шматграннага пазла-партрэта кампазітара на фоне яго часу.


Аб творчым працэсе, аб імпульсах, якія нараджаюць новыя кампазіцыі, аб жыцці ў эміграцыі, аб кантактах, прэм'ерах і даляглядах гаворым з ВОЛЬГАЙ ПАДГАЙСКАЙ.

Н.Г. Оля, мы з табой знаёмыя больш за чвэрць стагоддзя, нават не верыцца, але я сапраўды прызнаюся, што не перастаю дзівіцца тваёй творчай энергіі, нестандартнасці думак, інтуіцыі. Таму давай пачнем нашу гутарку з невялікага бліц-апытання на тэму «Штрыхі да партрэта».

В.П.
Лічба – 6
Колер – сіні
Галоўнае слова – каханне
Форма – трохкутнік (геаметрычная), трохчасткавая (музычная)
Карціна – «Ноч» Ван Гога
Фільм – “Сем псіхапатаў” рэжысёра Марцін Мак Дона (2012), “Каханне і смерць” рэжысёра Вудзі Алена (1975)
Кніга – творы Эрыка-Эманюэля Шміта
Калі адчуваю сябе дрэнна, – спяваю тэму «Паваны» Равеля.
Танальнасць – рэ мінор
Тэмбр – арган
Смак – шакалад
Эпоха – Барока
Горад – Берлін
Стыль – непазнавальны

ПЕРАМОГА КАХАННЯ

Н.Г. Перш за ўсё я хачу павіншаваць цябе з сусветнай прэм'ерай. Ужо двойчы адбылося выкананне твайго опуса «Неба Марыі» на найбуйнейшых еўрапейскіх пляцоўках: у рамках Бетховенфэсту і ў Берлінскім Музычным цэнтры П'ера Булеза . Кампазіцыя прагучала ў выкананні «Вольнага хору» (кіраўнік Галіна Казіміроўская), інструментальнага ансамбля пад кіраўніцтвам дырыжора Віталя Аляксеёнка. Анлайн трансляцыя канцэрта дазволіла тысячам слухачоў далучыцца да гэтага акту музычнай салідарнасці, а гледачы, якія знаходзіліся ў зале авацыямі шмат разоў дзякавалі табе і музыкам. Раскажы пра гэты твор.


В.П. У 2022 годзе дырыжор Віталь Аляксеёнак прапанаваў арганізатарам Бетховенфэсту маю кандыдатуру, як кампазітара, для стварэння опуса, прысвечанага музыцы і палітычнаму дзеячу Марыі Калеснікавай. Так была распачата праца над кампазіцыяй для флейты, хору і інструментальнага ансамбля. За паэтычным тэкстам я звярнулася да Андрэя Хадановіча. Але ў гэты момант ён ужо не мог напісаць верш толькі пра Машу, бо пачалася вайна ва Украіне. Андрэй прысвяціў свой опус усім тым, хто стамляецца ў беларускіх турмах, хаваецца ва ўкраінскіх бамбасховішчах (горад Марыі / Марыупаль), хто патанае ва ўласнай нянавісці … Выратаваць нас і ўвесь свет можа толькі каханне: як заўсёды казала Маша.

“Сэрца замкнёнае ў схове у схове у схове
Верне сьвятло і адкрые адкрые адкрые
Новае неба Марыі Марыі Марыі
Ў дзень перамогі любові любові любові”
(“Неба Марыi”, Андрэй Хадановiч)

Н.Г.  Для цябе наогул у творчасці тэма кахання на семантычным узроўні з'яўляецца вызначальнай. А якая музыка ў Любові?

В.П. Яна павінная натхняць … а ўсё астатняе чыста тэхнічныя моманты.
 

На рэпетыцыі кампазіцыі «Неба Марыі» ў Берліне. 15.10.2022

INSIDE

Н.Г. Яшчэ ў 40-я гады мінулага стагоддзя музыказнаўца Янаш Хамершлаг напісаў кнігу “Калі б Бах вёў дзённік…”, пасля дзённікавая тэма ўвогуле становіцца “хітом” выданняў і стала карыстаецца чытацкай папулярнасцю. Кампазітар Вольга Падгайская вядзе дзённікі?

В.П. Так. Я пачала весці дзённікавыя запісы больш за 10 гадоў таму. Спачатку гэта былі кароткія каментары да падзей, якія адбыліся напярэдадні. Але паступова працэс мяне захапіў, і цяпер гэта сапраўдны рытуал, за ранішнім кубкам кавы я абавязкова бяру свой дзённік і расказваю пра папярэдні дзень. Яшчэ люблю чытаць дзённікавыя нататкі розных гадоў Віталю, свайму мужу. Што, напрыклад, здарылася ў гэты ж дзень два, тры, пяць гадоў таму. Гэта як машына часу, проста захоплівае. Дзённік захоўвае мае перажыванні, мае слыхавыя адчуванні ў дні пратэстаў у Беларусі, рэакцыю на мой уласны творчы працэс.

Н.Г. Якім чынам можна вызначыць твой музычны стыль?

В.П. Гэта складана.. гавораць, што ў мяне мінімалізм. Магчыма, збольшага, але не зусім. Паўтарэнне – асноўны спосаб развіцця фактурнага пласта маіх кампазіцый, але на фоне гэтых блокаў, якія паўтараюцца, развіваецца галоўная музычная думка, якая кантынуальная. Магчыма, як існуе прадметны абстракцыянізм у жывапісе, у мяне прадметны мінімалізм. Увогуле блізкая ідэя мінімалістычнага музычнага выказвання.
 

Н.Г. Ты хутка пішаш музыку?

В.П. Залежыць ад шматлікіх фактараў. Але калі пастаўлены тэрміны замоўцам, то імкнуся рабіць своечасова, а часам натхненне накрывае хваляй. Напрыклад, яшчэ ў Мінску ў мяне ўвогуле на працягу трох тыдняў адзін за адным былі напісаны тры хоры на паэтычныя тэксты Юлі Цімафеевай.

Н.Г. Оля, а як ты пішаш музыку, за кампутарам, за пісьмовым сталом?

В.П. Не, за фартэпіяна, паглыбляюся ў працэс пошуку музычнай тэмы, прыёмаў, імправізую, а ў нейкі момант разумею, што гэта трэба запісаць на нотнай паперы. А ўжо потым, калі выснова гатова, пачынаю тэхнічную дапрацоўку партытуры на кампутары і вельмі шмат маю зносін з выканаўцамі, адносна таго, як зручней выконваць пэўны прыём, аплікатуру, рыскі, пазіцыю і г.д.

Н.Г. Твае ўзаемаадносіны з выканаўцамі? Стравінскі казаў, што добры выканавец той які сапраўды выконвае ўказанні кампазітара. Што для цябе ў першую чаргу з'яўляецца краевугольным каменем у інтэрпрэтацыі/выкананні? Як ты ставішся да фальшывых нотаў у тваім творы?

В.П. Я ўвогуле лічу, што вельмі важна быць у кантакце з выканаўцамі. Заўсёды стараюся размаўляць з аркестрантамі, удакладняць у іх, наколькі зручна і карэктна на іх інструментах выконваць канкрэтныя пасажы або меладычную лінію ў маіх партытурах. Калі яны мне падказваюць больш практычныя варыянты, то адразу ж уношу гэтыя праўкі ў тэкст. Вельмі важна, каб музыкі гралі твае творы з камфортам, для задавальнення, тады і менш памылак будзе ў іх інтэрпрэтацыі.

Н.Г. А як ты ставішся да крытыкі ў цэлым?

В.П. У цэлым дастаткова спакойна. Цікава, як успрымаюць тваю музыку, але для мяне галоўнае, што я выказалася на хвалюючую мяне тэму і як я гэта зрабіла.
 

Н.Г. Ты выкарыстоўваеш у сваёй кампазітарскай практыцы новыя камп'ютарныя тэхналогіі?

В.П. У працах над музыкай да спектакля я выкарыстоўваю для працы з гукам праграму Cubase. Гэта вядома не самая новая тэхналогія, але яна дае мне магчымасць паэкспераментаваць, знайсці цікавыя гукавыя эфекты і тэмбравыя спалучэнні. Гэта і ў эканамічным плане разгружае, бо не трэба запрашаць аркестр “жывых” музыкаў.

Н.Г. Як выканаўца, арганістка, ты перайграла сотні музычных партытур розных стылявых напрамкаў і эпох. Ці ёсць музыка, якая выклікае ў табе падвышаную адчувальнасць?

В.П. Вядома, ёсць некалькі твораў розных аўтараў, якія я гатова іграць бясконца. Напэўна на асаблівым месцы знаходзіцца Ёган Себасцьян Бах. Я ж з ім нарадзілася ў адзін дзень (21 сакавіка), нават у сне вяла з ім гутаркі і неаднаразова звярталася да ягонага імя ў сваёй творчасці. На жаль, цяпер, у Варшаве, у мяне, наогул няма выканальніцкай практыкі. Тут у касцёлах вялікая канкурэнцыя для арганістаў…

Н.Г. Лягчэй пісаць на замову?

В.П. У мяне так склалася, што ўсе заказаныя мне опусы былі зьвязаныя з актуальнымі тэмамі, з тым, што вельмі хвалявала і мяне.

Н.Г. Статус кампазітара ў сучасным соцыуме? Ці можна сёння зарабляць кампазітарскай працай?

В.П. Няпростае пытанне. Сёння ёсць паспяховыя кампазітары, творы якіх іграюць ва ўсім свеце. Ёсць выбітныя кінакампазітары, заробкі якіх дазваляюць ім купіць вілу з басейнам. Я да такіх кампазітараў сябе не адношу. Так, мае творы перыядычна выконваюць, я ўдзельнічаю ў асобных праектах, але ўсё гэта хутчэй спосаб псіхалагічнага выжывання. Ва ўсякім разе для мяне кампазітарскі працэс – неабходная і дамінантная частка майго існавання, а ці ўжо прыносіць гэтая дзейнасць поспех або матэрыяльныя выгоды, паняцце адноснае.

Н.Г. Тэма свабоды і кантролю ў сучасным мастацтве, музыцы знайшла адлюстраванне ў тваёй творчасці?

В.П. У змястоўным стаўленні, улічваючы, тое, што мяне захапляюць, тэмы актуальныя і вечныя, – адназначна, так! Але я адкажу на гэтае пытанне ў нашай прафесійнай плоскасці. Калі я вучылася ў Акадэміі музыкі большая частка маіх настаўнікаў давалі нам неабходнае пачуццё свабоды ў працэсе творчасці. Гэта значыць тлумачыліся тэхнічныя правілы, парушаць якія не трэба было чыста па музычных законах, напрыклад, гукавы дыяпазон канкрэтнага музычнага інструмента і г.д. Мае ўрокі ў прафесара Вячаслава Кузняцова праходзілі такім чынам: я прыносіла фрагмент свайго твору, а ён захапляўся, мудра, як настаўнік казаў мне словы пахвалы за тое, што я зрабіла гэтую працу. І толькі пасля этапу “захаплення” ён далікатна паказваў на канкрэтнае месца і казаў: “Оля, вось толькі тут тубы не змогуць выканаць, таму што ў іх няма гэтых нот у дыяпазоне, а так усё выдатна!” Гэта значыць, ён умеў знайсці баланс паміж свабодай, падтрымкай крылаў сваім вучням і кантролем за якасцю і тэхнічнай правільнасцю сачынення.

Яшчэ адзін прыклад – «Рычаркар бязмоўя», я напісала яшчэ ў Менску ў 2020 годзе, – пра нашае бязмоўе, пра тое, як знешняя сітуацыя проста паралізавала ў дачыненні да творчага выказвання не толькі мяне, але і многіх маіх сяброў па цэху. Тады ж, увосень 2020, спецыяльна для Беларускай філармоніі была напісана кампазіцыя “Бах гуляе”. Але паколькі, ты памятаеш, што да дзеяслова з назвы было асабліва “трапяткое” стаўленне, я вымушана была даць яшчэ адзін загаловак, – “Пасакалія на тэму BACH”. Ідэя шэсьця/прагулкі захавалася, нібы Бах гуляе па Менску нашых дзён і назірае за ўсімі падзеямі.

Калі ж летам мінулага года ў Беларусі “ўзяліся” за музыкаў, многія мае сябры апынуліся на Акрэсціна і Валадарцы. Менавіта ў гэты момант адзін мой сябра папрасіў мяне напісаць што-небудзь для аркестра. Так з'явілася «Самая сумная калыханка на свеце», пра тое, калі за табой прыходзяць ... Ты чакаеш, глядзіш у акно і не ведаеш, быць можа, за табой ужо прыйшлі. Але вось пытанне: прыходзяць за табой ці да цябе? Гэты твор яшчэ ніколі не быў выкананы.

Н.Г. На жаль, старонкі гісторыі трагічна паўтараюцца… Я адразу ўзгадала паэтычны радок Альгерда Бахарэвіча “вось яны – а вось мы” з тваёй Паэмы “Горад-рака” для барытона і сімфанічнага аркестра.

В.П. Так, напрыканцы 2020 года я звярнулася да Альгерда Бахарэвіча з просьбай выкарыстоўваць яго верш, аднак зрабіць у ім невялікія купюры. У адказ на гэтую просьбу да мяне прыйшло ад яго паведамленне з вялікай колькасцю пытальнікаў. І я зусім разгубілася ... падумала, што Альгерд пакрыўдзіўся на маю просьбу. Тады я напісала ў адказ літаральна пакаяннае СМС, і ў выніку высветлілася, што ў яго былі перабоі з Інтэрнетам, а ён вельмі быў рады, што я звярнулася да яго тэкстаў.
 

Вольга Падгайская з Юліяй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам

Н.Г. Дзе выконваўся гэты твор?

В.П. Першы раз ён гучаў ў Мюнхене (кастрычнік 2021). Другі раз – гэтым летам у Людвігсбургу. Двойчы ў якасці саліста запрашаўся Ілля Сільчукоў, аднак, на жаль, у яго аказаліся складанасці з візай. Таму саліравалі спевакі з Украіны і Галандыі.

Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў у Мюнхене на рэпетыцыі Бахарэвіча

Н.Г. Ці ўсе твае творы маюць нейкі сюжэт, звязаны з праграмай?

В.П. Так, у кожнага опуса ёсць свая гісторыя, дакладней мая асабістая гісторыя, мае перажыванні, эмоцыі, рэакцыя на пэўныя падзеі. Пра гэта я і расказваю сваёй музыкай. Такі абстрактны рэалізм. Але я заўсёды разумею ці дайшло маё музычнае пасланне да слухача. Дарэчы, такое сумеснае перажыванне музыкі і візуальнага шэрагу адбылося на паказе фільма “Фаўст”, музыку да якога я пісала на замову Гётэ інстытута ў Мінску. У яго трагічным фінале гучыць музычная тэма, якая мяне заўсёды літаральна пераварочвае эмацыйна. Пасля паказу да мяне падыходзілі сябры, калегі, проста незнаёмыя людзі, з заплаканымі вачыма, дзякавалі за перажыты катарсіс. Гэта натхняе.

Н.Г. Ужо больш за год ты жывеш у Варшаве. Што дае табе імпульс творчасці?

В.П. Мой прыезд у Польшчу летам 2021 года пачаўся з удзелу ў двухтыднёвай тэрапеўтычнай арт-рэзідэнцыі, арганізаванай Сяргеем Доўгушавым, пад кіраўніцтвам Юрыя Дзівакова, у маляўнічым і натхняльным польскім горным мястэчку Бялка-Татшаньска. Сярод рэзідэнтаў – выканаўцы-інструменталісты, спевакі, прафесійныя акцёры і аматары, якія вымушаны былі з'ехаць з Беларусі па палітычных матывах. Гэта быў дзіўны час творчых практык, трэнінгаў і імправізацый, паглыбленне ў псіха-эмацыйную бездань. Літаральна на адным дыханні там была напісана і пастаўлена авангардная эмацыйная опера па-за гульнёй «Corporis Exercitia». Пяць сцэн гэтай оперы ўвасабляюць найбольш паказальныя чалавечыя эмоцыі: радасць, жах, гнеў, смутак, сорам. Музычны шэраг у гэтым гульнявым працэсе адлюстроўвае пэўную эмоцыю, даведзеную да свайго абсалюту, у чыстым выглядзе.



Н.Г. Музыка да драматычных спектакляў – твае вялікія і значныя працы за гэты перыяд. Уражвае, шмат у чым шакавальная «Насця» (рэжысёр Юры Дзівакоў ). Партытура гэтага спектакля шматузроўневая і поліфанічная: гукі «мужчынскай юрлівасці», «душа, якая вылятае з цела» (гук рэактыўнага самалёта), малітва-адпяванне, фінальная песня-катарсіс, якая пранізвае да глыбіні душы.


В.П. Гэта мая вялікая сумесная праца з Юрай Дзіваковым (тэатр Рowszechny, Варшава.
Само апавяданне Уладзіміра Сарокіна выклікае супярэчлівыя пачуцці: абсурд, жах, нянавісць, сацыяльныя стэрэатыпы. Аб тым, што ў кожным з нас утоены небяспечныя інстынкты, якія могуць вырвацца вонкі ў крызісныя моманты. Усё гэта ў сваёй сцэнічнай інтэрпрэтацыі Юры Дзівакоў узмацняе, ушчыльняе фактуру дзеяння. Спектакль вельмі не просты для гледача. Ды і я сама, кожны раз перажываю тое, што адбываецца на сцене.

Вольга Падгайская і Юрый Дзівакоў


Н.Г. Прэм'ера спектакля тэатра “Крылы Халопа” “FRAU MIT AUTOMAT” рэжысёра Аксаны Гайко адбылася ў Любіне (Польшча) у 2021 годзе. У гэтай пастаноўцы ты з'яўляешся сталым удзельнікам дзеяння, які знаходзіцца на сцэне і “ужывую” музычна каментуеш на фартэпіяна, рэагуеш /суправаджаеш кожную сцэнічную сітуацыю, ствараючы суцэльную музычную партытуру.

В.П. Аксана Гайко звярнулася да незвычайна актуальнай тэмы. Роля жанчыны ў грамадстве – маці, жонка, палюбоўніца, ахвяра, фурыя. Гэта аўтабіяграфічная драма, у аснове якой рэальныя жыццёвыя гісторыі гераінь, якія выраслі ў 1990-х гадах, з інкруставаннем фрагментаў з мастацкіх твораў выдатных літаратараў розных краін і пакаленняў, прысвечаных тэме салідарнасці жанчын. Атрымаўся жанравы мікст, які аб'ядноўвае оперу, дакументальны і лялечны тэатр, стэндап …

Рэпетыцыя спектакля «Frau Mit Automat» з Тэатрам «Крылы халопа» 

 

Вольга Падгайская ў Любліне перед рэпетыцыяй з Тэатрам «Крылы халопа»


У ГАСЦЯХ У АРВО ПЯРТА
 

Н.Г. Оля, мне так хочацца даведацца пра тваю паездку да Арва Пярту. Я столькі гадоў чытала лекцыі пра яго творчасць студэнтам Беларускай акадэміі музыкі, заўсёды з глыбокім піетэтам глядзелі яго відэа інтэрв'ю, чыталі яго філасофскія разважанні. У яго музыцы ўзрушае дакладнасць выказвання і прастата выказвання. У лютым 2022 года перамога ў конкурсе прынесла табе магчымасць пабываць у Цэнтры Арва Пярта , размешчаным у дзіўна паэтычным месцы ў прыбярэжным пасёлку Лауласмаа. З 64 заявак (37 краін-удзельнікаў), пададзеных на разгляд, журы прысудзіла Вользе Падгайскай стыпендыю, якая дазваляе “артысту засяродзіцца на сваёй працы на працягу месяца”. Вынікам гэтай творчай рэзідэнцыі стаў Струнны квартэт у 4-х частках “Я хаджу па чужых дварах ” (I walk around other Peoples Courtyards ) на вершы Андрэя Хадановіча , які ты прысвяціла Арво Пярту і яго жонцы.

В.П. На працягу месяца я працавала ў спецыяльна адведзеным для мяне кабінеце, сярод цудоўных эстонскіх зімовых пейзажаў. За гэты час адбыліся тры памятныя для мяне сустрэчы з Арва Пяртам, падчас якіх мы гутарылі аб вымушанай эміграцыі, аб творчасці, аб палітычнай сітуацыі. Аднойчы я яму распавяла аб уласным досведзе выканання на аргане аднаго з яго опусаў. У гэтай музычнай кампазіцыі адбываецца сталае вяртанне ў тоніку. Гэта адчуваецца нават фізічна, калі ты выконваеш на аргане, паварочваешся налева і вяртаешся ў тоніку, направа, – і зноў вяртаешся ў тоніку. Пярт спытаў у мяне, пра што я хачу напісаць у сваім творы, і я адказала, што для мяне зараз вельмі важная тэма дома, вяртанне дадому. На што Пярт адказаў, што і яны з сям'ёй практычна 30 гадоў былі “без дома”, на эміграцыі, і прыйшлі да высновы, што дом – гэта тоніка, якая знаходзіцца ў самім табе. Гэта значыць, не спецыяльны будынак, а тваё ўнутранае адчуванне дома. Вось і ў вершы “Вечны сюжэт” Андрэя Хадановіча мне запала думка пра “хаджэнне па чужых дварах”, якая неверагодна дакладна супала з маім эмацыйным станам:

Эстонія

“З гадамі сьвяты і будні сьвяткуюцца аднастайней.
Згараюць лішкі адвагі , але прытупляецца страх.
Аматар травы і сена, шукаючы цёплай стайні ,
хаджу па чужых дварах, дарах і календарах ”
(“Вечны сюжэт”, Андрэй Хадановіч)

Н.Г. А само месца рэзідэнцыі неяк паўплывала на музычнае рашэнне твайго квартэта?

В.П. Так, вядома, напрыклад, 3-я частка прысвечана менавіта гэтаму месцу. У маім кабінеце была празрыстая шкляная сцяна/акно. Уяві сабе цішыня, павольна падае снег, велізарныя дрэвы, хвоі і спакой … Там іншую музыку напісаць проста нельга, сама атмасфера задае табе неабходную гукавую фанасферу.
Мне наогул у гэты перыяд вельмі неабходна была цішыня, калі я прыехала ў Цэнтр, то першыя тры дні проста маўчала, не магла нічога казаць. Мусіць акумулявала энергію, якая затым рэалізавалася ў музычнай партытуры Квартэта.
Апошні тыдзень знаходжання ў рэзідэнцыі супаў з пачаткам ваенных падзей ва Украіне, і я ўжо не магла фізічна працаваць, вельмі перажывала за ўсё, што адбывалася. Юра Дзівакоў мне даў выратавальную для таго моманту думку: “Ты проста прыходзь і сядзі побач з Музыкай, можа табе і не атрымаецца яе запісаць, але проста пасядзі”. І я сядзела… і плакала…
 

Эстонія

Н.Г.  Партытура Квартэта незвычайна суцэльная. На ўзроўні вобразна-сімвалічнай драматругіі тут ёсць архетып дома, музычная выява руху / хады, сімвал Часу. А ты ў фінале вяртаешся ў свай Дом?

У самым пачатку Квартэта я выкарыстоўвала гукавы эфект свісту (рэмарка ў партытуры: * almost whistling on " Sh " with a feeling of cold ), які ўвасабляе стан холаду, ветру, марозу, адзіноты, пустэчы. Ашаламляльны кантраст, калі параўноўваеш сваё жыццё “да” і “пасля” эміграцыі, настальгія па сябрах, працы, “таму” дому ... Але ў фінале Квартэта, пасля доўгага падарожжа, я ўсё ж вяртаюся дадому.

Альбом FIVE-STOREY ENSEMBLE "PRESENCE"

Н.Г. Зусім нядаўна вы разам з ансамблем Five-Storey завяршылі запіс пятага студыйнага альбома “Прысутнасць”. У яго ўвайшлі перакладанні тваіх твораў для буйнейшых складаў, кампазіцыі розных гадоў. Давай прадставім твой погляд на кожную кампазіцыю альбома і дамо магчымасць нашаму чытачу іх праслухаць у анлайн фармаце.

 

В.П. «Прысутнасць (Presence)». Опус быў напісаны для сімфанічнага аркестра на замову дырыжора Віталя Аляксеёнка і выкананы ў Паўночнаданецку ў 2018 годзе. Для мяне ў той момант было важна перадаць уласныя перажыванні падзей ва Украіне. Неадступная думка аб вайне, якая заўсёды побач, адчуванне сталай прысутнасці страху. “Прысутнасць”, як фатальная дадзенасць, таго, што ты не можаш змяніць або прыбраць з твайго жыцця.

Five Storey Ensemble

«Кроплі цішыні падаюць у цішыні (Drops of Silence Through the Silence)». Праграмны падзагаловак быў узяты з паэзіі Самюэля Бэкета. Мне важна было знайсці гукавое адлюстраванне выявы цішыні, якая для мяне з'яўляецца абсалютнай марай: «Цішыня, што ляжыць у аснове Усяго» (Сэмюль Бэкет). Я люблю працаваць у цішыні і ў гэтай партытуры выкарыстоўваю прыём засурдзіненых скрыпак: “цішэй, чым цішыня”.
 

 “Фойхтвангер (Feuchtwanger)”. Правобраз гэтага нямецкага пісьменніка яўрэйскага паходжання, які актыўна змагаўся супраць фашызму, выказваючы свае думкі ў пацыфісцкіх творах, аказаўся ў гэты момант мне вельмі блізкі. Да таго ж да нас у гурт прыйшла новая скрыпачка, Саша Чахоўская, вельмі энергічная, актыўная, і я адразу зразумела, якую музыку хачу напісаць. У змястоўным падтэксце ў гэтай кампазіцыі прысутнічае схаваны вобраз барацьбы, магчыма з самім жыццём…

Five Storey Ensemble

«Не зіма (Not Winter)». Праграмная назва гэтай кампазіцыі з'явілася ўжо пасля стварэння партытуры. Што ў ёй…? Трывога… Чаканне чагосьці… Здзіўленне? Напрыклад, калі кампазітар пазначае свой опус назвай “зіма”, слухач ужо як бы праграмуе сваё ўспрыманне характэрнымі выявамі снега, завеі, халадоў і г.д. А тут сама назва, ужо задае пэўную інтрыгу, калі не зіма, то што? У адказе можа быць усё, што заўгодна… 
 

Five Storey Ensemble

“Зона цішыні (Silent Zone)”,  першапачаткова кампазіцыя была напісана для аргана ў 2016 г. Імпульсам да яе стварэння стаў мой шпацыр па Варшаве з арганісткай Марысяй Янушкевіч, якая звярнула маю ўвагу на таблічкі “Strefa ciszy”, размешчаныя ў грамадскіх зонах адпачынку, паркавых комплексах. Словазлучэнне само па сабе вельмі музычнае і шматсэнсоўнае. Музычная тэма з гэтай кампазіцыі развіваецца ў партытуры да фільма “Фаўст”.
 

Five Storey Ensemble

 


 “Эпітафія (Epitaph)”. Кампазіцыя, якая з'явілася па просьбе майго сябра, дырыжора Аляксандра Хумалы ў 2010 годзе: “Напішы мне эпітафію ў фа-дыез міноры”. Гэты тон фа-дыез шматкроць паўтараецца і як бы распластоўваецца ў музычным тэксце, ствараючы пласты гетэрафаніі. Мне наогул падабаецца гетэрафанія, нагадвае разнастайныя “адслаенні” чалавека ад самога сябе. 

Five Storey Ensemble

“Нона сямі ружовых вачэй (Nonna and Seven Pink Eyes)”. Кампазіцыю я напісала спецыяльна для касцёла. У яе назве зашыфраваныя імёны, двух скрыпачак, першых выканаўцаў, і маё: Насця – Оля – Насця. А другая частка назвы звязана з маёй паездкай у Італію. У невялікім, старадаўнім паўночным мястэчку Спілімберг, правінцыі Пардэноне, ёсць знакаміты сярэднявечны кафедральны сабор Arcipretale di Santa Maria Maggiore, фасад якога упрыгожваюць сем вокнаў/разетак па біблейскім тэксце “сем вачэй Бога”. Мне хацелася стварыць твор, у якім як бы адлюстроўваецца фанасфера касцёльнай архітэктуры, водгукі пустой прасторы, антыфоннае гучанне. 

 

ДЫЯЛОГІ

Н.Г.  Цябе атачаюць творчыя людзі, сумесна з якімі ты ўдзельнічаеш у праектах рознага кшталту: музычных фестывалях, тэатральных пастаноўках, мастацкіх інсталяцыях, музыкі да кіно. Хто цябе натхняе і чыя ты муза?

В.П. Рэжысёр Юры Дзівакоў. Пішу музыку для яго спектакляў з 2021 года. Гэта творчая асоба, чалавек, які мяне заўсёды здзіўляе і натхняе. Мая Муза.

Вольга Падгайская і Юрый Дзівакоў

Дырыжор Віталь Аляксеёнак – яркі, таленавіты дырыжор, надзвычайны арганізатар. Дзякуючы яго творчым замовам я напісала “Прысутнасць”, “Горад -Рака” і “Неба Марыі”.
 

Вольга Падгайская, Віталій Алексяёнак, Канстанцін Яськоў
Саша Вальц, Ёхан Сандзік, Віталий Алексяёнак, Віталій Дарашук, Вольга Падгайская

Аксана Гайко – рэжысёр тэатра “Крылы Халопа” і Святлана Гайдалёнак – акторка гэтага тэатра, менеджэр. Але, у першую чаргу яны мае сяброўкі і душэўныя ратавальнікі. Каля 12 гадоў працуем разам над спектаклямі і гастралюем па свеце.


Косця Яськоў – беларускі кампазітар, мой сябар з юнацтва. Рабілі шмат розных праектаў разам. Ён і яго жонка – маё выратавальнае кола.
 

Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў
Вольга Шпарага, Галіна Казіміроўская, Святлана Алексіевіч, Вольга Падгайская
Вольга Шпарага і Вольга Падгайская

ПЕРСПЕКТЫВЫ

Н.Г. Якія творчыя праекты ўжо на падыходзе ў найбліжэйшай будучыні?

В.П. Чакаецца дзве прэм'еры.
Сумесна з ансамблем калектыву «Sinfonia Varsovia» у Новым тэатры (Варшава), у рамках камернага канцэрта 29 лістапада, прагучыць твор “Адсутнасць неба” (“Nieobecność nieba”)
Мне прысніўся страшны сон, як у чорным бяздонным небе ляцяць самалёты, бамбуюць усё жывое, спускаюцца парашутысты і страляюць у людзей на зямлі. Стан панікі і хаосу, немагчыма нідзе схавацца, але самае жахлівае – адсутнасць неба над галавой.

19 лістапада ў тэатры Powszechny (Варшава) адбудзецца прэм'ера дзіцячага спектакля “Заяц і ліса”. Сюжэт гэтай вядомай казкі аб тым, як ліса выгнала зайца з дому, а ўсе лясныя жыхары дапамагалі яму вярнуцца, быў асэнсаваны і дапоўнены Таццянай (сцэнаграфія) і Юрыем Дзіваковымі (рэжысёр). У іх чытанні гэта аказаўся незвычайна актуальны тэатральны тэкст пра нашы сучасныя рэаліі, у якім маркіруюцца тэмы інтэрвенцыі, акупацыі, эміграцыі і сілы салідарнасці. Таму спектакль будзе цікавы як дзецям, так і дарослым.

АДКРЫТЫ ФІНАЛ

Н.Г. Твой муж, Віталь Дарашук, таленавіты выканаўца, фагатыст, удзельнік і арганізатар вашых сумесных праектаў, можна сказаць твой менеджэр і прадзюсер. Як думаеш, ці лёгка яму з табою?

Віталій Дарашук і Вольга Падгайская

В.П. (смяецца) Ну, пра гэта трэба яго самога спытаць. Але я абсалютна дакладна ведаю, што калі б не Віталік, яго энергія і арганізатарскія здольнасці, я б дакладна сама нічога не змагла. Дарэчы, ён яшчэ ажыццяўляе вялікую працу па дапамозе музыкам з Беларусі, якія сутыкнуліся з палітычнымі рэпрэсіямі. А ўсё, што ён робіць для мяне, дае магчымасць жыць і працаваць.

Н.Г. У цябе ёсць жыццёвае крэда?

В.П. Здзіўляць і натхняць.

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць