BY
па-беларуску
«Ператрус у музэі» Альгерда Бахарэвіча

«Ператрус у музэі» Альгерда Бахарэвіча

Арт-кантэкст. Найлепшае. Кнігі

Беларускія падзеі лета-восені 2020 года дасюль вельмі слаба адлюстраваныя ў мастацтве. Магчыма, таму, што гештальт яшчэ незавершаны. Магчыма, таму, што мастацтва не паспявае за імклівымі сацсеткамі. А мо таму, што перажытае намі, беларусамі, наогул вельмі цяжка паддаецца рэфлексіі сучасным цывілізаваным чалавекам.

Бадай, ці не самую дасканалую спробу здзейсніў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Яго «Ператрус у музэі. Апавяданні 2020-2021» —  зборнік гісторый —  убачыў свет у сярэдзіне 2023 года. Кніга гэтая, відаць, стала не толькі найлепшым на сённяшні дзень апісаннем пакут беларускіх, але і ці не найлепшай у творчым жыцці аўтара. Паказальна: адгукаюцца на яе чытачы, прафесіяналы і аматары, дасюль не вельмі ахвотна. Тое зразумела —  яшчэ раз перажываць калектыўную ды асабістую траўму непрыемна, нязручна, балюча.
Але неабходна.

Чытач разам з аўтарам ды галоўным героем «Ператрусу...» асуджаны на бясконцае пракручванне сюжэта: а ці ўсё я зрабіў тады слушна? А ці прыклаў дастаткова намаганняў? Вечныя пякельныя мукі.
Рэцэнзій на «Ператрус у музэі», як і рэфлексій на тэму 2020 года, да крыўднага мала. Сучасныя даследаванні пачалі аспрэчваць тэзу наконт збавення ад псіхалагічнай траўмы праз яе новае перажыванне, маўляў, нібыта тады негатыўныя эмоцыі знікаюць. Беларускія літаратары не спяшаюцца згадваць свае эмоцыі, чытачы не імкнуцца да іх звяртацца. 2020-ы баліць, і, відаць, гэта надоўга. Магчыма, праз пэўны час і з'явяцца творы, якія пакажуць тыя падзеі ў рамантычна-гераічным ключы, і ўнукі-праўнукі будуць узрушана імі ганарыцца. Як у свой час з'явілася літаратура пра паўстанні 1830 і 1863 гадоў. Але пакуль Альгерд Бахарэвіч прапануе беларускаму чытачу ізноў сустрэцца са сваім ПТСР твар у твар у тым выглядзе, у якім любы траўматычны вопыт становіцца яшчэ больш траўматычным.
Менавіта «Ператрус...», калі не лічыць пары спрэчнай якасці кінафільмаў і некалькі амаль незаўважаных шырокай аўдыторыяй тэкстаў, з'яўляецца галоўным мастацкім творам пра 2020 год.
Кніга выйшла ў свет у выдавецтве «Кнігаўка» і можа прэтэндаваць на самую важную падзею ў беларускай літаратуры за апошні час.
 

Альгерд Бахарэвіч. Фотаздамак са старонкі аўтара ў Фэйсбуку

Пісьменнік ствараў яе ў эміграцыі, у аўстрыйскім горадзе Грац, куды адправіўся разам з жонкай ды фактычнай суаўтаркай (а таксама прататыпам адной з гераінь твора) Юліяй Цімафеевай восенню 2020-га, але кніга напісана па гарачых слядах падзей, таму яе нельга назваць паўнавартаснай эмігранцкай літаратурай. Пры ўсіх сваіх фантастычных элементах, чытаецца «Ператрус у музэі» нібыта дакументальная хроніка.

Альгерд Бахарэвіч дробніць тэкст на асобныя мікрасюжэты, канцэптуальна звязаныя паміж сабой часткі. Гэтаксама падзяляўся яго опус магнум —  раман «Сабакі Эўропы», на сённяшні дзень бадай што самы гучны твор. Але «Ператрус...» атрымаўся і больш кампактным, і больш ёмкім. Для пісьменніка гэтая кніга стала добрым выйсцем з відавочнага творчага тупіка, у які ён трапіў з вышэйзгаданым вялікім раманам, пэўныя часткі якога былі, відавочна, на мяжы эпігонства —  адлюстраваннем тэкстаў Уладзіміра Сарокіна.

Кампазіцыйна «Ператрус у музэі» складаецца з 16 частак, кожная са сваім сюжэтам і памерам. Аднак успрымаецца менавіта як цэльны твор, а не зборнік апавяданняў. Цяжка назваць «Ператрус...» паўнавартасным раманам, старонак там не больш за дзве сотні. Але, нягледзячы на аб'ём, парадаксальна бліжэй за ўсё азначэнне «эпапея», бо ў наяўнасці ўсе прыкметы апошняй: маштабны твор пра значныя гістарычныя падзеі. Да таго ж «Ператрус у музэі» —  з шэрагу экзістэнцыяльнай літаратуры. Гранічна невыноснае чытанне для тых, хто тое перажыў і хто ў любы момант яшчэ лёгка можа стаць персанажам адной з частак кнігі.

Для беларускай літаратуры сапраўдная візітоўка экзістэнцыяльнай прозы — Быкаў, Адамовіч, Алексіевіч. Бахарэвіч ідзе быццам след у след, ды ўсё-ткі іншым шляхам. Прайшоўшы праз бязлітасны ды бессэнсоўны юнацкі мадэрнізм дзевяностых, у двухтысячныя пісьменнік нарадзіўся як празаік праз прымерку да рознабаковых «пост-».
 

Альгерд Бахарэвіч.
Фотаздамак са старонкі аўтара ў Фэйсбуку

«Ператрус у музэі» —  гэта і постмадэрнізм, і пострамантызм адначасова. Стыль Бахарэвіча трапна адносяць да г.зв. магічнага рэалізму. Праўда, не кожны, хто выкарыстоўвае гэты тэрмін, у стане дакладна растлумачыць, што той азначае. Да класічнага лацінаамерыканскага магічнага рэалізму «Ператрус...» блізкі, бадай што, тэматычна. Сутнасць паўднёвых заакіянскіх дыктатур надта падобная да беларускай. Аднак багатая на экзатызмы проза Маркеса, Астурыяса, Карпенцьера надта квяцістая ў параўнанні з шараватымі айчыннымі рэаліямі.

Класічным рэалізмам «Ператрус у музэі» пагатоў назваць немагчыма. І праўда, пагадзіцеся, кожнаму з нас, пачынаючы з 2020 года, хоць раз карцела прадраць вочы і задацца пытаннем: а ці тое не сон? Жудасны, кашмарны сон, што наўрад ці можа быць апісаны сродкамі звычайнай побытавай прозы.

«Ператрус...» прапануе перажыць падзеі 2020-га праз шэраг яркіх, вострых, балючых вобразаў і сітуацый. Аўтар адразу расстаўляе акцэнты — яго бачанне падзей з самага пачатку гранічна азначанае і не ўтрымлівае інтрыгі, — але прапануе свой, псіхалагічны, пункт погляду.
Нядзельныя маршы, карнікі заганяюць старых і малых жыўцом у сарай, практычна як у Алеся Адамовіча, бяззбройныя людзі ляжаць на падлозе бібліятэкі, каб не было відаць з вокнаў, бы ў гета…

Vae victis. Гора пераможаным. На першы погляд, «Ператрус у музэі» —  эмацыйная хроніка прайгранай беларускай рэвалюцыі. Альгерд Бахарэвіч паслядоўна ды паступова апісвае ўсе элементы вялікай карціны, яны пакрысе складаюцца ў трагедыю дыктатуры еўрапейскай нацыі, што трапіла ў пастку. Здавалася б, што тое беларуская пекла ў параўнанні з украінскім?.. Але беларускі жах страшны тым, што сядзіць унутры, вонкавае толькі яго дапаўняе.

Бахарэвіч расказвае і пра вонкавае, зразумела. Але для яго, відавочна, важнейшае пытанне, як адбылося, як здарылася, што жыхары адной краіны так раптам падзяліліся на дзве няроўныя часткі. Мо адразу былі такімі?
Пісьменнік робіць сваім персанажам радыкальны тэст на людскасць ды нялюдскасць. Маштабу «Ператрусу...» дадае колькасць персанажаў, герояў і антыгерояў. Аўтар паспрабаваў апісаць 2020 год вачыма дзейных асоб з розных бакоў барыкад. І ў яго атрымалася паказаць адразу два сусветы, якія па азначэнні не могуць сысціся.

Асноўны канфлікт кнігі Альгерда Бахарэвіча — культурны, цывілізацыйны. Свет тых, на чыім баку аўтар, — нармальны свет чалавечых пачуццяў, звычайных сямейных адносін, утульных кватэр ды натуральных жаданняў. Яму супрацьстаіць свет малаадукаваных, закамплексаваных, чужых і па крыві, і па духу. Апошніх вылучае баязлівасць, зайздроснасць, глупства, непісьменнасць. А самае страшнае — абыякавасць, галоўная беларуская хвароба. Абыякавасць аматараў чаркі ды шкваркі, да жыцця, да людзей наўкол. Галерэя беларускіх вобразаў радыкальна падзеленая пісьменнікам на дзве часткі, дзе сярод чалавечых твараў з'яўляюцца нялюдскія пачварныя пысы.

Людзі з першага свету шчыра кахаюць адно аднаго, пішуць кнігі, валодаюць талентам пераўвасаблення, вывучаюць мастацтва. Людзі з другога — любяць здзекавацца з іншых, належаць да чужынскай, не еўрапейскай культуры, маюць хібы фізічныя, кшталту пачварнай бародаўкі на бачным месцы, ды псіхічныя, кшталту недаразвітай сэксуальнай канстытуцыі.

З апошнімі персанажамі аўтар абыходзіцца па-постмадэрнісцку сувора, актыўна карыстаецца гратэскам для апісання іх характэрных рысаў. Зрэшты, сатыра — вельмі моцная зброя Альгерда Бахарэвіча як пісьменніка. Апошняя дапамагае збіваць залішні пафас, а той сам сабою напрошваецца ў апісанні падзей 2020-га. Чаго «Ператрус ў музеі» пазбаўлены, дык менавіта пафасу ды цынізму — дзвюх адвечных хвароб сучаснага беларускага літаратарства.

«Ператрус у музэі» нават сваёй назвай паказвае беларускі канфлікт «2020» як канфлікт культур. Канфлікт адукаваных і невукаў, сваіх і прышлых, паўнавартасных і, у розных сэнсах, недаразвітых, еўрапейцаў і стэпавікоў-варвараў, цывілізацыі і дзікунства. Прычым нацыянальная прыкмета тут не ў прыярытэце — адзін з кіраўнікоў спецназу, які рушыць арыштоўваць Фокусніка ў аднайменным раздзеле, паводле прозвішча ці азіят, ці каўказец, але яго падначаленыя — з тыпова беларускімі імёнамі.

Пасля прачытання гэтага таленавітага тэксту карціць падзяліць людзей менавіта па нейкіх найперш культурных рысах. Такі падыход, відаць, самы спрэчны момант твора, бо падзеі 2020 года прымусілі здрыгануцца і вывелі на вуліцы людзей самага рознага ўзросту, узроўню адукацыі, этнічнай прыналежнасці. У жніўні 2020-га з пратэстамі выходзілі і тыя, хто сапраўды былі ў музеі раз у жыцці — у восьмым класе агульнаадукацыйнай школы, і прыхільнікі жорсткага патрыярхату з наймацнейшай алергіяй на словазлучэнне «гендарная роўнасць». Падзел, відаць, адбываўся і адбываецца паводле нейкага іншага прынцыпу.

«Ператрус...» дэманструе нейкае абсалютнае ліха, але прычыны яго з'яўлення ў грамадстве — ці не самая вялікая загадка з пачатку часоў. І, відаць, кніга Альгерда Бахарэвіча не прызначана даваць на гэта адказ, а толькі ставіць чытача перад фактамі. Пісьменнік узнімае пытанні, што, здавалася, ужо ніколі не ўзнікнуць у жыхароў добраўладкаванага, камфортнага ХХІ стагоддзя, грамадства татальнага канс'юмерызму ды геданізму, якое ў сваім жыцці амаль не сутыкалася з такой з'явай, як усеагульны сістэматычны гвалт з боку дзяржавы.

Самымі неадназначнымі часткамі кнігі Альгерда Бахарэвіча сталі дзве наступныя гісторыі. Іх персанажы вельмі добра дэшыфруюцца, бо апісаны вельмі выпукла ды пазнавальна.
Першая гісторыя — пра галоўнага рэдактара аднаго найвядомейшага беларускага рэсурсу, з якім у пісьменніка ў мінулым здарыўся асабісты канфлікт і які быў рэпрэсаваны падчас падзей 2020 года. Гэты раздзел, на жаль, выглядае як асабістая помста, нясвоечасовая спроба вырашыць сітуацыю на сваіх умовах.
Другая — пра пісьменніцу пад гуллівым псеўданімам «Надзея Радзівіл», аўтарку беларускай гістарычнай, «а-ля Караткевіч», прозы, канфармістку вышэйшага лэвэлу, узор славутай памяркоўнасці. У яе асобе пісьменнік распраўляецца з тымі калегамі па пісьменніцкім цэху, якія спрабуюць перасядзець, ператаптацца, перацярпець, нягледзячы на рэпрэсаваных родных і добрае разуменні сітуацыі.
Абодва раздзелы атрымаліся вельмі спрэчнымі з маральнага боку. З іншага пункту гледжання, тут Альгерд Бахарэвіч б'е сваіх, каб чужыя баяліся. Нездарма ў прадмове ён заклікае да гранічнай пісьменніцкай шчырасці, найперш адсутнасці самацэнзуры. І, трэба адзначыць, такая адкрытасць дадае яго кнізе плюсаў.

Зрэшты, самае вялікае расчараванне ад кнігі — амаль усе персанажы «Ператрусу...» у выніку застаюцца атамізаванай масай, тымі самымі беларусамі, якія беларусу — беларусы... Але тут, хутчэй, прэтэнзіі чытачы павінны прад'яўляць самі сабе, а не аўтару твора. Апошняму і так шмат дасталася і дастаецца.

Гісторыю кшталту нашай, беларускай, вельмі цяжка расказаць сродкамі сур'ёзнага мастацкага даследавання. Асабліва калі яна яшчэ не завершаная. На эмоцыі ад 2020-га наклалася шмат новых. Тэкст Альгерда Бахарэвіча ўбачыў свет праз тры гады пасля апісаных у ім падзей. Але ён не пра мінулае — пра цяперашнее. Пытанні, што быццам павіслі ў паветры.
За тое, што будзе з персанажамі кнігі далей, адказны ўжо не аўтар тэксту. А здарацца з імі «Людзі, гусі, лебедзі» — антыўтопія з самай уражальнай часткі рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», — або адбудзецца нешта іншае, залежыць ад чытачоў «Ператрусу ў музэі», тых, пра каго гэтая кніга напісана.

Адзін нямецкі філосаф задаваўся пытаннем, ці можа існаваць паэзія пасля Асвенціма. Беларуская літаратура пасля 2020 года вымушана кожным сваім радком адказваць на пытанне, ці можа існаваць беларуская літаратура наогул. Альгерд Бахарэвіч «Ператрусам у музэі» адказвае на гэтае пытанне станоўча.

Глядзець больш
«Мы стараемся выжыць...»
«Мы стараемся выжыць...»

Пісьменніца Ганна Янкута пра Беларусь, эміграцыю, падарожжы і кнігі

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Вядучы “Літаратурнага клуба”, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст Андрэй Хадановіч сустрэўся і паразмаўляў з вядомымі літаратарамі Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам, якія апошні час жывуць у аўстрыйскім Грацы.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Праз 500 гадоў пасля Францішка Скарыны ў Празе з’явілася беларускае выдавецтва “Vesna”, дзе публікуецца як арыгінальная паэзія і проза, так і пераклады сусветнай класікі на беларускую мову.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Чым канцэптуальная кніга паэзіі адрозніваецца ад простага лірычнага зборніка? Андрэй Хадановіч сустрэўся ў Варшаве і паразмаўляў з беларускімі паэткамі Марыяй Мартысевіч і Ганнай Янкутай, аўтаркамі дзвюх адметных паэтычных кніг “Сарматыя” і “Канстытуцыя”.