BY
па-беларуску
ПАЭТЫЧНАЯ ПАШТОЎКА

ПАЭТЫЧНАЯ ПАШТОЎКА

Уладзімір Караткевіч "Нават сцюжным зімовым вечарам..."

Чытае Ганна Южакова

Нават сцюжным зімовым вечарам
Або увосень, як зліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу —
Падгінаюцца ногі мае.
 
Што казаць пра майскае ранне,
Калі ў росах салоўка б’е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.
 
Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а...
кроч не кроч,
Будзе тое ж:
салоўка, журбота,
Цыгарэты агеньчык ля плота
І маўчанне ў цёплую ноч.
 
Будзе тое ж:
начныя лукі
Без світання.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі —
Падгінаюцца ногі мае.

 

Яўгенія Янішчыц «Ты пакліч мяне. Пазаві...»

Чытае Ганна Семяняка

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві –
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві –
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.

 

Уладзімір Караткевіч "Бацькі з магіл цяплом дыхнулі..."

Чытае Арцём Курэнь

Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
З узгоркаў снег схаваўся ў роў,
І кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў.
Загіне, хто ў мінулым дрэмле:
Буяна травы ймкнуць да зор
Навыперадкі, напярэймы,
Узахапы і насупор.
Сок крочыць па мільёнах лесвіц,
Па клетках — аж да верхавін,
Каб падарыць сусвету песні,
Здабытыя з зямных глыбінь.
Ляжу каля лясных узбочын,
Ляжаць і ждуць мяне гады,
І п’юць ускінутыя вочы
Ўсю повень неба і вады.
Мне цяжар шчасця грудзі сплюснуў,
Спляліся валасы з травой,
І мятлушка сядзіць на вуснах,
Каб разам уздыхаць са мной.
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не — жыві!
Кароўка божая ў далоні,
Як кропля божае крыві.
І зноў бязмежны свет чакае,
Свет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі без краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Знікаюць крыўды, боль і зло...
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі
Каб дзецям жыць лягчэй было.
 

 

Стась Карпаў ”Новую зіму мне не перажыць”

Чытае Максім Брагінец
 
Новую зіму мне не перажыць. Запішы.
Восенню буду хварэць на тугу і ангіну.
Ў снежні, пішы, удыхну (і ўдыхнуўшы загіну)
Пах мандарынаў і елак на кірмашы.
Не перанес. Напішы, што зіму і тугу.
Месяц у марным чаканні новага года
Пройдзе ізноў незаўважна і знікне нагода
Нешта чакаць. Не чакаць - запішы - не магу.
Так і пазнач, што не вынес. А лепш, што не стаў.
У верасні з гэтай тугой жыць цяжэй чым з віною.
Выйшаў і йшоў. Напішы, што, здаецца, Дзвіною.
Знік, напішы, што, здаецца, ў раёне Пастаў.
Што ён убачыў ў дарозе? Давай, памагі -
тут спадзяюся, што ты разбярэшся з прадметам.
Я бы сказаў: адпаведна народным прыкметам
Рухаўся, бачачы збольшага пальцы нагі.
Птушак не бачыў і, чуючы іх галасы,
Грэў свае ногі на беразе ў восеньскай ціне
І уяўляў як ляціць і ляціць павуцінне
Рамам на шыбы і мамам ляціць ў валасы.
Пахлі палі, запішы, тыпаграфскім свінцом -
Жалі ўраджаі на першых палосах газеты.
Больш не пішы анічога. Цяпер, балазе ты,
Бачыш сама: гэта будзе някепскім канцом.


Аркадзь Куляшоў «Хамуціус» 

Чытае Таццяна Ружаўская
 
 — Хамуціўс!
 Хамуціўс!!!
— Чаму дзвярэй з падвойнымі замкамі не зачыняеш?
— Таму што, Кастуся, яны з астрога выпускаюць самі...
Хадзем са мной
— Куды? Я не ўяўляю! Мяне ты знаеш?
— Знаю...
Я знаю Кастуся даўно, з часоў твайго маленства. Па сцежках ты блукаў над Нёманам, дзе ты гуляў з Марысяй. Вянкі і пальцы, як вянкі сплятаў...
Здзіўляесся?
Дарэмна.
Не дзівіся...
— Жыццё, на жаль, у нас адно...
— Хадзем ад мёртвых да жывых, і верш бяры з сабой прачуты, што ты Марысі склаў. А заадно, вазьмі з сабою і яе пакуты; вынось адгэтуль і цяжкі свой крыж. Нічога тут не пакідай... А заўтра рана, пад гук трубы і пошчык барабана, зірнеш ў вочы людзям. А калі зямлю асвеціць сонца, што ў засадзе таілася да гэтае пары, пачуеш песню жаўранка ў гары.

 

Рыгор Барадулін «Я не спяшаюся зіму сустрэць…»

Чытае Аляксандр Ніканенка
 
Я не спяшаюся зіму сустрэць,
Пакуль гасцюе лета ў сэрцах нашых,
Пакуль шалее хмель у поўных чашах,
Агню лагоды хочацца гарэць.
Я Вас праводжу, як праводзяць ноч,
Сцямнелую ад жарсці і знямогі,
Кілімы ўдзячнасці сцялю пад ногі,
Шлю рэха радасці ісці наўзбоч.
Як раніцу, я сустракаю Вас,
Ад суму адзічэлы і ўначэлы,
Крылатага стральца сляпыя стрэлы
Цаляюць у ратунак мой якраз.
Баюся страціць Вас і пастарэць,
Мая вясна і лета залатое.
Мне варта жыць было б хаця б за тое,
Каб Вас, неразгаданую, сустрэць.
 

 

Юля Цімафеева “Стрыптыз”

Чытае Ганна Южакова

“Распранайся!”
Я зняла паліто і боты.
“Распранайся!”
Я зняла калготкі, спадніцу
і швэдар.
“Распранайся!”
Я скінула майткі і станік.
Стаю голая, як кветка.

“Распранайся!”
Я зняла сумленне.
“Распранайся!”
Я скінула гонар і годнасць.
“Распранайся!”
Няма ні надзеі, ні веры, ні любові,
Ні прагі, ні смагі.
Стаю голая, як зерне.

“Распранайся!”
Я скідаю адно за адным свае “я”,
І скідаючы, на іх станаўлюся,
І расту аж да самага неба.

“Распранайся!”
Я ужо вышэй за дрэвы.
“Распранайся!”
Я ўжо вышэй за дахі.
“Распранайся!”
Я ўжо роўная з хмарай.
Лячу голая, як пёрка.

Апошняе “я” з сябе злушчваю.
Нікога не слухаю,
Распранаюся.
Галоўнае не забыцца на тую "я",
Што ў валасах схавалася.
Да апошняй кропелькі,
Да апошняй крошачкі
Вышкрабла, да апошняга з сябе
Вылузалася.
Распранулася.
Знік
Ла…

 

 

Уладзімір Караткевіч «Казка» —  верш з рамана «Нельга забыць»

Чытае Дзяніс Аўхарэнка

Ну сядай, сядай са мной, калi ласка.
Навальнiцы песня старая-старая.
Слухай казку. Апошнюю казку.
Яна на тваiх вачах памiрае.
Ў гэтай казцы ялiны лапы схiлiлi.
Вiзантыйскi захад у алым дыме…
"Зялёная сарока кашку варыла,
Зялёная сарока з дурнымi вачыма…"
У кулiнарную кнiгу глядзела,
Чухала патылiцу драўлянаю лыжкай,
I дзеткi кашку да лыжкi з'елi,
А нам з табой не далi анi крышкi.
Ты смяешся? Такога няма на свеце?
Не смейся, любая, свет шырокi.
Мы з табою толькi дурныя дзецi.
Нам добра з гэтай чубатай сарокай.
Сарокi розныя рэчы крадуць,
I ,можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч,
Ляжыць каханне, святло i радасць,
Што прынесла сарока з-за сiняга мора.
Аддайце, сарока. Няма ўжо сiлы.
Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце…
Дай я цябе пацалую, мiлая.
А каша? Чорт з гэтай кашай, нарэшце.

 


 

Пімен Панчанка “Родная мова”

Чытае Андрэй Мілюхін

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
 
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» -
Адрачэцца ад мовы народ, -
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
 
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
 
Студзень - з казкамі снежных аблокаў,
Люты - шчодры на сіні мароз,
Сакавік - з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
 
Красавік - час маланак і ліўняў,
Травень - з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень - з ягаднаю зарой,
Ліпень - з мёдам,
З пшаніцаю - жнівень,
 
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад - залаты лістапад,
Снежань - першы густы снегапад...
 
Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна...
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!
 

 

Яўгенія Янішчыц «Ля ложка хворай маці»

Чытае Таццяна Ружаўская

Ты ляжыш не на ложку,
а ў жытнёвым полі.
Мама!
Так мне рукі твае не балелі ніколі.
То пасланы ў пакоі не ходнікі —
саматканыя сцежкі-дарогі.
Мама!
Так ніколі твае не балелі мне ногі.
Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца.
Мама!
Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца.
І ружовіцца дзень.
І жыты ўжо чакаюць за хатай,
А табой за паўвека так многа жытоў перажата!..
 
Ты на ложку ляжыш,
А здаецца, што ў сонечным полі.
Мама!
Так ніколі твая не балела мне доля.
Ты на ложку ляжыш.
І прыціхла за хатай дуброва.
Мама!
Так ніколі, як сёння,
Тваё
Не балела мне слова.
 

 

ПЛЭЙЛІСТ ЦАЛКАМ
 

 

Глядзець больш
«Мы стараемся выжыць...»
«Мы стараемся выжыць...»

Пісьменніца Ганна Янкута пра Беларусь, эміграцыю, падарожжы і кнігі

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Вядучы “Літаратурнага клуба”, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст Андрэй Хадановіч сустрэўся і паразмаўляў з вядомымі літаратарамі Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам, якія апошні час жывуць у аўстрыйскім Грацы.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Праз 500 гадоў пасля Францішка Скарыны ў Празе з’явілася беларускае выдавецтва “Vesna”, дзе публікуецца як арыгінальная паэзія і проза, так і пераклады сусветнай класікі на беларускую мову.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Чым канцэптуальная кніга паэзіі адрозніваецца ад простага лірычнага зборніка? Андрэй Хадановіч сустрэўся ў Варшаве і паразмаўляў з беларускімі паэткамі Марыяй Мартысевіч і Ганнай Янкутай, аўтаркамі дзвюх адметных паэтычных кніг “Сарматыя” і “Канстытуцыя”.