BY
па-беларуску
Горад, якога (ужо) няма

Горад, якога (ужо) няма

Фільмы "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь) і "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)

Беларускае кіно, што класічнае, што сучаснае, часцей за ўсё выклікае асацыяцыі з вёскай. Гарадскія матывы і самі гараджане з'яўляюцца ў кадры не так часта, яшчэ радзей кіно наўпрост прысвячаецца Мінску і яго жыхарам. Але апошнім часам былі знятыя адразу два фільмы, дзеянне якіх адбываецца і можа адбывацца толькі ў беларускай сталіцы.


З'яўленне на фестывальных экранах і ў пракаце некалькіх еўрапейскіх краін стужкі расійскага рэжысёра Барыса Гуца "MINSK" фурору не выклікала. Мо таму, што памятныя эпізоды жніўня 2020 года ўжо перакрытыя іншымі трагічнымі падзеямі. Мо таму, што зняты па гарачых слядах фільм асаблівымі мастацкімі і відовішчнымі вартасцямі не вызначыўся.

 

Кадр з фільма "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)


Аб узроўні фільма "MINSK" паспелі выказацца яго самыя перадузятыя гледачы – беларусы. І водгукі пераважна адмоўныя. У працы Барыса Гуца насцярожваюць ужо выканаўцы галоўных роляў і само месца здымак. Стварэнне стужкі "MINSK" абышлося практычна без удзелу беларусаў і ў кадры, і за кадрам, а здымачнай пляцоўкай стала эстонская сталіца. І калі з другім усё зразумела: здымаць у самім Мінску вялікі ігравы фільм пра пратэсты пасля жніўня 2020 года немагчыма, – то першае шчыра здзіўляе. Смелая творчая канцэпцыя – 83-хвілінны фільм зняты адзіным кадрам без мантажнай склейкі – не можа засланіць яго кан'юнктурнасці і неадпаведнасці падзеям памятнай большасці беларусаў ночы пасля выбараў 9 жніўня.

 

Кадр з фільма "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)


Нацыянальную трагедыю стваральнікі фільма "MINSK" выкарысталі як фон для бойкага роўд-муві па нейкім начным горадзе, быццам бы беларускай сталіцы. Галоўныя героі, маладая пара, выпадкова апынуцца на вуліцы ў ноч выбараў 9 жніўня і стануць выпадковымі ахвярамі беларускіх сілавікоў. Ніякай падаплёкі і нават намёку на сутнасць прычын канфлікту ў беларускім грамадстве аўтары не прапануюць.

 

Кадр з фільма "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)


Аўтары фільма выкарысталі ў сваім сцэнары максімум дэталяў тых страшных момантаў – легкавыя машыны, якія спыняюць людзі ў масках, выбухі святлошумавых гранат і ружэйныя стрэлы, кватэры, у якіх людзі хаваюць выпадковых мінакоў. Трапляюць героі і ў рукі азвярэлых сілавікоў – і гэта самая непераканаўчая частка фільма. Хоць паўтарыць на экране атмасферу тых страшных здзекаў з беларусаў мала якому кіно і якому аўтару пад сілу. "MINSK" —  першы з ігравых фільмаў, а Барыс Гуц —  першы з кінарэжысёраў, якія ступілі на тэрыторыю беларускага болю. Фільм зняты з мінімальнай адлегласці ад часу апісаных падзей. Але нават гэты факт не можа зрабіць яго больш пераканаўчым.
З тэхнічнага пункту гледжання "MINSK" цалкам якаснае відовішча. І ўжо даўно не арыгінальны, але ўражлівы прыём здымак адным планам фільму зусім не перашкаджае. Але паверыць у тое, што адбываецца на экране, ён усё роўна не дапамагае. Напэўна, нават тым, хто далёкі ад Беларусі і падзей апошніх двух гадоў. Недакладнасць у фільме маячыць з першага ж кадра. Фільм з гаваркой назвай "MINSK" (менавіта так, у варыянце лацінскай транскрыпцыі) не нясе ў сабе галоўнага – атмасферы горада. І рэч не толькі ў тым, што на вуліцах сапраўднага Мінска няма такой характэрнай забудовы, якая ёсць у фільме і ў Таліне, дзе фільм здымаўся. Маўленне акцёраў, якія выконваюць ролі ў фільме Барыса Гуца, таксама імгненна выдае ў іх масквічоў. Па тэмпераменце і па рэакцыях персанажы не цягнуць на мінчукоў і беларусаў. І не толькі галоўныя героі.

 

Кадр з фільма "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)


"MINSK" —  вольная фантазія на тэму, але ніяк не рэканструкцыя падзей. Тым больш не жаданне заглыбіцца ў праблему. Павярхоўны падыход аўтараў тут навідавоку. Барысу Гуцу не ўдалося, а можа, ён і не спрабаваў пранікнуцца горадам, пра жыхароў якога ўзяўся здымаць фільм. Тое, што значная частка гэтага кіно выбудаваная па галівудскіх схемах і відавочна задумана як трылер, не робіць "MINSK" мацнейшым з мастацкага плану. Ужо з першых хвілін з'яўляецца і да канца толькі ўзмацняецца ўражанне, што гэты фільм – толькі спекуляцыя на вострай тэме. Нездарма стваральнікі так спяшаліся хутчэй завяршыць стужку і адправіць яе на фестывалі.

 

Кадр з фільма "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)

 

 

Магчыма, галоўную памылку рэжысёр ды прадзюсары здзейснілі, калі не запрасілі да супрацоўніцтва беларускіх акцёраў. Бо горад і яго атмасфера гэта далёка не толькі архітэктура. Найперш – людзі.

Такія, якія з'яўляюцца ў фільме Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка "Гэта я, Мінск".

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Стужка, праўда, на экраны пакуль не выйшла (на снежань 2022 года). Хоць праца над ёю пачалася яшчэ ў 2019 годзе. І, што самае цікавае, на "Беларусьфільме". Праўда, мабыць, у самы ліберальны перыяд жыцця дзяржаўнай студыі. Дастаткова сказаць, што паралельна над "Гэта я, Мінск" ішла праца над не менш шматпакутным фільмам "Купала", які таксама пакуль не ўбачыў прэм'еры. І здымалі рэжысёры-дэбютанты па сваім аўтарскім сцэнары, які не падвяргаўся якім-небудзь знешнім праўкам. У выніку "Гэта я, Мінск" —  бадай, самы цікавы фільм нашай нацыянальнай кінастудыі за доўгія гады.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


У адрозненне ад фільма Барыса Гуца, ён цалкам зняты беларусамі і пра беларусаў. Галоўны герой якраз калектыўны, ён вынесены ў назву. Фільм пра Мінск, пра той горад, які ў 2020 годзе быў у топе сусветных навін. Пра горад, але не ў плане архітэктуры, а ў плане таго, што складае яго сутнасць, у першую чаргу пра людзей, якія ў ім жывуць. І менавіта яны галоўныя персанажы гэтага кіно.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Прычым у літаральным сэнсе. "Гэта я, Мінск" —  мікс ігравога і дакументальнага кіно. У чымсьці ён спадкаемца знакамітых кінакарцін 1960-х, у якіх дакументальныя ўстаўкі-інтэрв'ю ананімных мінакоў былі распаўсюджаным прыёмам. У фільме Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка мінчукам і проста тым, хто ходзіць па мінскіх парках і вуліцах, задаюць пытанне: "Кім вы сябе лічыце?" Адказы самыя розныя, як і асобы людзей, што адказваюць.
Спачатку такі прыём здаецца занадта простым, міні-інтэрв'ю з гараджанамі выглядаюць чужароднымі элементамі, устаўкамі ў ігравую частку, а само пытанне нябачнага рэпарцёра нават наіўным. Але бліжэй да канца пазл пачынае складацца. 

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Эпізоды, з якіх пабудаваны фільм, вельмі простыя.
Малады кінарэжысёр здымае свой фільм. Дзяўчына прыязджае з-за мяжы. Школьныя каханкі сустракаюцца пасля вялікага перапынку. Гісторыі, якія маглі адбыцца ў любым іншым мегаполісе. Але чамусьці менавіта ў кантэксце Мінска яны выглядаюць нейкімі асаблівымі і зачароўваюць вока.
Разабрацца ў сакрэце карціны не так проста, калі своечасова не ўцяміць, што "Гэта я, Мінск" —  фільм з нелінейнай пабудовай гісторыі. Узаемазалежнасць герояў з першага погляду зусім не відавочная, калі яна наогул ёсць – драматургія тут зусім не класічная.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Ключавое слова тут "мінскі". Калі ўважліва вывучыць фільмаграфію беларускіх кінематаграфістаў, то лёгка ўбачыць, што сюжэты іх карцін разгортваюцца або сярод вяскоўцаў, або ў сельскай мясцовасці. "Гэта я, Мінск" —  ледзь не першы абсалютна сталічны фільм у гісторыі нашага кіно. Яго стваральнікі і яго героі цалкам спароджаныя спецыфікай мінскага ўрбаністычнага асяродка. Яны сучасныя мінчане. Калі быць дакладным, узору першай паловы 2020 года.


Выконваюць ролі мінчан беларускія акцёры, прычым у пераважнай большасці практычна не задзейнічаныя ў іншых праектах. Таму "Гэта я, Мінск" —  яшчэ і прыемнае знаёмства з новымі акцёрскімі асобамі. І нягледзячы на тое, што глядач бачыць іх упершыню, эфект пазнавання тут спрацоўвае на 100%. Героі фільма ўспрымаюцца блізкімі суседзямі па століку ў любімай мінскай кавярняй. І манера гаварыць, і эмацыйныя рэакцыі, тэмперамент тут менавіта мінскія, ні з якімі іншымі не зблытаеш. Пры гэтым трэба ўлічваць: маладыя аўтары, адзін з якіх, Андрэй Грынько, шмат займаецца кліпамі і рэкламай, а другі, Дзмітрый Дзядок, лепш за ўсё здымае дакументальныя кінапартрэты, відавочна не ставілі мэту зрабіць нейкае сацыялагічнае даследаванне. Ці прэтэндаваць на стварэнне вычарпальнага вобразу нейкіх тыповых мінчукоў.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Персанажы "Гэта я, Мінск" відавочна сімпатычныя самім аўтарам – маладыя і трохі дзіўнаватыя міленіялы. Яны відавочна бліжэйшыя да вобраза жыхара сучаснага постіндустрыяльнага еўрапейскага горада, чым звыклыя за дзесяцігоддзі ўвасабленні мінчукоў як "завадчан" або "прадстаўнікоў інтэлігенцыі". Кінагероі "Гэта я, Мінск" —  няправільныя, у іх няма выразна выяўленага ўнутранага канфлікту, і гэта можа збіваць з панталыку тую частку аўдыторыі, якая прывыкла да ясна пазначаных функцый кожнага персанажа. Чым "Гэта я, Мінск" падкупляе – ён не ўпісваецца ні ў якія рамкі: ні ў жанравыя, ні, на дзіва, фестывальныя. Нават калі не прымаць у разлік ігравую прадукцыю "Беларусьфільма", што захрас у перманентным сацыялістычным рэалізме, фільм Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка выгадна адрозніваецца ў лепшы бок і ад фільмаў незалежных аўтараў.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


Мінск тут перадаецца не праз выявы будынкаў, а праз атмасферу ў кадры. Канцэнтравацца гледачу трэба не на гісторыях персанажаў, а на тым, што знаходзіцца паміж рэплікамі. Рэжысёрскім прыёмам тут доўгія атмасферныя паўзы. Апошнія кажуць нашмат больш за персанажаў. "Гэта я, Мінск" удалося зафіксаваць нейкія флюіды, зразумелыя толькі сваім і паміж сваімі.


Шмат у чым спецыфічная, амаль гіпнатычная атмасфера кадра – заслуга аднаго з найлепшых аператараў сучаснага беларускага кіно Аляксандра Алейнікава. Горад – празрыстая сюррэалістычная прастора, запоўненая ранішнім святлом. Практычна той самы знакаміты "горад Сонца" з канцэптуальнай тэорыі Артура Клінава. Хоць на архітэктуры і горадабудаўнічых асаблівасцях камера тут не фіксуецца, горад як матэрыяльны аб'ект ідзе фонам. Героі існуюць асобна ад навін, і нават чырвона-зялёныя сцягі з 2019-га ў 2022-м выглядаюць усяго толькі часовым элементам у свеце гарадскога абсурду. Звыклай дэталлю, на якую ў 2019 практычна не звярталі ўвагі.

 

Кадр з фільма "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь)


У Мінску з гэтага фільма няма знешніх кантрастаў, няма катэгорый чорнага і белага, канфліктаў і супрацьпастаўленняў. Гэты горад зручны і звыклы, як латэ ў любімай кавярні. Большая частка эпізодаў адбываецца ў тым самым ампірным цэнтры, дзесьці трапляюць у кадр акуратныя новабудоўлі. Інтэр'еры кватэр герояў (мастакі-пастаноўшчыкі – Павел Шапо і Андрэй Тоўсцік) – кожная са сваім бэкграўндам, нічога агульнага са стэрыльнымі еўрарамонтамі наварускага кіно. Важную ролю ў "Гэта я, Мінск" адыгрывае музыка Пафнуція Кузюкяна (так адзначана ў цітрах) і Ігара Камара. Шмат у чым дзякуючы ёй і ствараецца спецыфічная, медытатыўная, а часам і містычная атмасфера карціны.
Горад Мінск праяўляецца ў кадры не на ўзроўні статыстыкі, лозунгаў або ідэй, а на ўзроўні адчуванняў. Уласна, цяпер, у канцы 2022 года, разумееш: Мінск Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка – светлы ўспамін пра тое, чаго ніколі не было. У кожнага з нас засталіся свае вобразы з нашых фантазій, ілюзій і ўспамінаў. І "Гэта я, Мінск" дзіўным чынам падымае іх з падсвядомасці.
 

Глядзець больш
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»

Беларускі кінематограф за паўгадзіны да нацыянальнага героя

Цуды анімацыі Івана Гапіенкі
Цуды анімацыі Івана Гапіенкі

Глядзіце анімацыю і аповед аўтара пра сябе і сваю творчасць на Art-context.com

Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага
Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага

Перамога беларускага фільма "Спатканне ў Мінску" на партугальскім кінафестывалі DOCLISBOA

Анімацыя. Эксперымент. Беларусь
Анімацыя. Эксперымент. Беларусь

Усё самае галоўнае пра анімацыйны эксперымент увогуле і пра беларускі ў прыватнасці

Музыка кіно
Музыка кіно

Кіно гучыць. Музыка і музыканты заўсёды былі адным з самых папулярных сюжэтаў у беларускіх дакументалістаў. Вось і за апошні час выйшла адразу тры стужкі, прысвечаныя музычнаму кірунку.

Маланка
Маланка

Беларусь, 2020, драма, рэж. Агата Міхайлава

Фільм
Фільм "Decomposition"

Галоўны герой стужкі – сучасны Віцебск, які вымушана развітваецца са сваёй арт-сцэнай, мастакамі, культурнай ды чалавечай прасторай...