Анімацыя. Эксперымент. Беларусь

Усё самае галоўнае пра анімацыйны эксперымент увогуле і пра беларускі ў прыватнасці
1457_snovideniya-pozdney-oseni_1988
das_ornament_des_verliebten_herzens_.eastman.org
les corbeaux_fantoche.ch
norman mclaren - dots (1940) foto dailymotion
norman mclaren neighbours_mubi
rainbow dance - len lye (1936) фота imdb.com
the owl who married a goose_imdb.com
walter ruttmann, »lichtspiel opus i«, 1921 фота medienkunstnetz.de
Выдатная люканіда фота seanceru
Сказочка про козявочку_
Уладзімір Пяткевіч
беларускія прымаўкі
лафертаўская макаўніца

Анімацыя. Эксперымент. Беларусь

Эксперымент і анімацыя. Ідэальна для тых, хто любіць творчасць без абмежаванняў ці калі проста і складана адначасова. У гэтым артыкуле ўсё самае галоўнае пра анімацыйны эксперымент увогуле і пра беларускі ў прыватнасці. Так, у беларускай анімацыі былі эксперыменты, а галоўнае – працягваюць з'яўляцца новыя працы. Прапануем крыху паглыбіцца ў мінулае і цяперашняе эксперыментальнай анімацыі.

Два падыходы

Уступныя дадзеныя мы прапусцім і адразу пяройдзем да механікі. На досвітку анімацыі ў эксперыментатараў былі два асноўныя падыходы. Назавём іх умоўна:

а) Суровы, з тэорыі ў практыку.

Як працавала: складалі тэкст маніфесту, у якім заяўлялі аб пошуку новай візуальна-наратыўнай мовы. Пасля эксперыментавалі з дапамогай новай кінатэхнікі. У выніку пацвярджалі (ці не) свае заявы.

б) Жыццёвы, з практыкі ў вытворчасць.

Як працавала: шукалі рашэнні, якія могуць здзіўляць і прадаваць створанае. Напрыклад, трук з аб'яднаннем у адным кадры жывога чалавека і «ажыўленай» цацкі стаў асновай галіны кінаспецэфектаў.
Абодва падыходы выдатна працуюць як сто гадоў таму, так і сёння. Толькі дарога ад чыстага эксперыменту да камерцыйнага поспеху займае прыстойна больш часу. Возьмем, напрыклад, колеры.

Упершыню іх выкарыстаў Вальтэр Рутман у сваёй эксперыментальнай абстрактнай анімацыі «Опус №1» (1921). Першыя сюжэтныя працы з пакадравым жывапісам з'явіліся ў 60-х гадах у творчасці паляка Вітальда Герша і канадкі Каралайн Ліф. У далейшым метад развіваў Аляксандр Пятроў. Адна з яго ўзрушальных прац «Стары і мора» (2000) атрымала «Оскар». А ў 2017-м свет закахаўся ў першы поўнаметражны жывапісны, у прамым значэнні гэтага слова, фільм «Ван Гог. З любоўю, Вінцэнт». Над гэтым камерцыйным эксперыментам працавала вялізная каманда з Польшчы і Велікабрытаніі. Яе рызыка акупілася і дазволіла запусціць новы маштабны праект.

Першыя «суровыя» эксперыменты

У дзясятых гадах мінулага стагоддзі італьянскія, нямецкія і французскія групы мастакоў задаліся мэтай даследаваць магчымасці кінастужкі. Ставілася задача перадаць эмоцыі і музыку. Як? З дапамогай рытму, святла, колеру і размяшчэння розных фігур. Стужку палілі, драпалі, на ёй малявалі… Не проста так, а на навуковай аснове – тэорыі музыкі, геаметрыі, оптыкі і інш. Аўтары-эскперыментатары хацелі стварыць новую мову і ідэальны фільм. З эмоцыямі ў выніку атрымалася сяк-так, а з музыкай – на ўсе сто адсоткаў. Усе музычныя візуалізатары і каляровыя дыска-штукі працуюць на аснове гэтых эксперыментаў. Карацей: гэтыя авангардныя напрацоўкі з гукам і колерам сталі асновай для ўсяго анімацыйнага мастацтва.

Варта ўбачыць

Першыя практычныя эксперыменты

Прыхільнікі другога падыходу былі вельмі рукастыя, думалі нестандартна і, галоўнае, умелі манетызаваць свае вынаходкі. Ідэальны прыклад, вядома, Уолт Дысней, але першым тут быў Уладзіслаў Старэвіч. Ён вырас у Вільні, у пачатку мінулага стагоддзя. Дарэчы, Старэвіч вельмі любіў беларускую культуру, і, улічваючы гістарычную мультыкультурнасць горада, не будзе дзіўным, калі ў яго родзе акажацца беларуская кроў. Увогуле Старэвіч працаваў у этнаграфічным музеі ў Коўне, калі захварэў на кіно і арандаваў камеру. Легенда кажа, што пасля пары дакументальных замалёвак ён вырашыў зняць, як жукі-алені змагаюцца за самку. Здымка не задалася – жукі не хацелі рухацца пад яркім святлом. Іншы б здаўся, а Старэвіч зрабіў лялечныя копіі і з дапамогай гумы, дроту і лёскі ў 1910 годзе ажывіў жукоў. Яго «акцёры» насілі шпагі і капелюшы, закохваліся і біліся на дуэлі. Пробны фільм выклікаў фурор, за якім рушыла ўслед запрашэнне працаваць у Маскву на самую вялікую тады студыю Аляксандра Ханжонкава. А простыя гледачы яшчэ шмат гадоў лічылі, што Старэвіч умела дрэсіраваў жывую жамяру.

Пошукі арыгінальных рашэнняў давялі, што ажывіць можна ўсё: любыя прадметы, любыя сыпкія матэрыялы. Больш за тое – можна заанімаваць людзей. Першым гэта зрабіў Норман Макларэн. Фільм «Суседзі» заваяваў кучу ўзнагарод, у тым ліку «Оскар». Самы складаны від – анімацыю парашковых сумесяў з пяску, каменя і пылу – адкрылі апошнім. Першапраходцамі сталі швейцарац Эрнэст Ансорж і канадка Кэралайн Ліф, а аднымі з найлепшых у свеце – беларускія рэжысёры-аніматары Алена і Уладзімір Пяткевічы. Яны стварылі ўнікальныя па стылі і змесце пясочныя казкі-сны, напоўненыя філасофскім сэнсам і чараўніцтвам.

«Лафертаўская макаўніца» – дыпломная работа Алены Марчанка (пасля замужжа Пяткевіч) і першы беларускі пясочны фільм. У «Макаўніцы» дзяўчынка вучыцца адрозніваць дабро і зло і выбірае прытрымлівацца бабуліных запаветаў, а не ісці на павадку ў мачахі. Для Алены гэта не быў першы досвед працы з пяском. Да абароны дыплома яна дапамагала будучаму мужу анімаваць «Казку пра кузурачку». Лірычную і філасофскую гісторыю жыцця малышкі-аднадзёнкі. Перасоўваючы пясок па міліметрах, Алена і Уладзімір стварылі каля дзясятка пясочных гісторый. Унікальныя фільмы з лямпавай атмасферай – скарбы беларускай і сусветнай анімацыі.

Варта ўбачыць

Гісторыя беларускага анімацыйнага эксперыменту

Усё пачалося ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Беларуская студыя знаходзілася ў Ленінградзе, які ў той час быў канцэнтратам перадавой кінаанімацыйнай думкі савецкага часу. Часцей за ўсё на студыі рабіліся анімацыйныя ўстаўкі ў хроніку, навукова-папулярныя і мастацкія фільмы, а таксама ролікі з палітычнай прапагандай. На жаль, ад фільмаў захаваліся толькі назвы: «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Бунт зубоў» (1928) і інш. Зразумець, у якім стылі тады здымалі, можна па анімацыі «Савецкія цацкі» Дзігі Ветрава. Дарэчы, ёсць інфармацыя, што памяшканні для здымкаў гэтага фільма давала беларуская студыя.

Пасля Другой сусветнай вайны беларуская студыя змяніла назву і канчаткова перабазавалася ў Мінск. Новы адлік беларускай анімацыі пачаўся ў 1971 годзе. Тады рэжысёры Уладзімір Голікаў і Марта Лубяннікава прыехалі ў Мінск на «Беларусьфільм» зняць адну серыю да лялечнага серыяла пра «Нязнайку» і засталіся працаваць. У 1973-м на «Беларусьфільме» быў адкрыты цэх мультыплікацыі, які ў 1976 годзе стаў майстэрняй, а ў 1987-м – адмысловай студыяй мультыплікацыйных фільмаў.

Да 70-х гадоў мінулага стагоддзя мультыплікацыя страціла сваю даросласць. Стала лічыцца, што яна для дзяцей. Такое становішча істотна абмяжоўвала эксперыментальную прастору, але беларускія аніматары не здаваліся. Яны эксперыментавалі ў межах магчымага і з матэрыяламі, і з тэхнікамі. Салома ў «Дудцы-весялушцы» (1978), дрэва і лён у «Ціхім балоце» (1979), арыгінальнае спалучэнне папяровых марыянетак з фарбамі ў «Пустэльніку і ружы» (1980)... Самай эксперыментальнай працай ранняга перыяду з'яўляецца «Папяровая казка». Уявіце: на шчаслівы двухмерны папяровы свет нападаюць сапраўдныя нажніцы. Пануе паніка. Раптам межы рэальнага і выдуманага «ломяцца» – да мультыплікацыйнага станка, на якім разгортваецца дзеянне, падыходзіць дзіця і са свайго вымярэння дапамагае і папяровым героям, і нажніцам. Паварот варты апладысментаў.

Насамрэч беларуская анімацыя вельмі схільная да эксперыментаў. Гэта добра бачна па анімацыях канца 1980-х – пачатку 1990-х. Вялікая частка фільмаў гэтага перыяду – працы на сур'ёзныя, філасофскія тэмы і выключна для дарослага гледача, са складанымі тэхнічнымі рашэннямі. Галоўным у гэтых фільмах, як у першых авангардных эксперыментах, становіцца не сюжэт, а перадача пачуццяў праз незвычайную выяву. Знойдзеныя рашэнні ўражваюць і працуюць на ўсе сто адсоткаў.

Што асаблівага было зроблена? Напрыклад, у «Сненнях позняй восенню» злучаны рэальныя прадметы з папяровымі персанажамі і лялькамі. Па сюжэце да самотнага старога прыходзяць успаміны-навіны. Свет старога трохмерны, а яго ўспаміны ўвасабляе двухмерная папера. У фільме «Не забі. Шостая запаведзь Маісея» практычна знікае мяжа паміж малюнкам і акцёрскімі сцэнамі. Падаецца, што відэа дадаткова апрацавалі фільтрамі ў відэарэдактары. Але не, гэта ўсё стужка і ручная праца.

Духам перамен працяты зборнік навэл «Лабірынт-1». Пры праглядзе застаецца толькі дзівіцца і ўсклікаць: «Аказваецца, так было можна!» Пара прыкладаў для разумення: у навэле «Капец канічнага вершніка» рыцар скача насустрач аранжаваму квадрату-сонцу; у маляўнічай «Ікарыядзе» вароне сніцца, як у неба ляцяць каровы; у «Крылах» чалавек прадае людзям крылы, каб дастаць стрэльбу і зладзіць паляванне... Пасля гэтага ўжо ніяк нельга сказаць, што беларускія аніматары робяць толькі казкі для дзяцей.

Гісторыя будзе няпоўнай без згадкі візітоўкі нулявых – карункавых папяровых выцінанак Міхаіла Тумелі. Ён першы здолеў стварыць і заанімаваць ажурных персанажаў. Аказалася, што гэты стыль можа ў роўнай ступені моцна расказваць і вясёлыя, і сумныя гісторыі. Калі з «Беларускіх прымавак» можна добра пасмяяцца, то пасля песні «Як служыў жа я ў пана...» хочацца плакаць. Апісваць сюжэт няма сэнсу: гэта трэба бачыць. Як, зрэшты, і ўсе астатнія фільмы.

Варта ўбачыць

Сучасная эксперыментальная анімацыя

Звычайна кажуць, што ўсё змянілася са з'яўленнем камп'ютараў. Але сапраўдныя змены пачаліся крыху раней, калі два асноўныя падыходы вычарпалі сябе. Яны былі замкнутыя на ўменні аднаго чалавека ці невялікай групы аднадумцаў. Новы падыход узнік разам з культурай перформансу, калі прыйшла філасофія гульні і стаў важны дыялог паміж аўтарам і гледачом. Стварыць такі дыялог у анімацыйным фільме стала магчымым са зваротам да псіхалогіі, сімвалаў і намёкаў, стварэннем шматзначнасці і шматслойнасці ў сюжэце і вобразе.

Камп'ютары ж далі новае велізарнае новае поле для эксперыментаў: 2D, 2.5D, 3D, захоп руху плюс сферычная анімацыя на 360 градусаў. Дадайце галаграмы і вынікі навучання камп'ютарных нейрасетак. Ёсць дзе разгарнуцца. Сёння вытворчыя студыі эксперыментуюць практычна ў кожным праекце, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі і спонсараў. Напрыклад нашумелы «Клаус», у якім 3D-мадэлі апрацавалі так, каб яны глядзеліся як маляваныя. А ў фільме «Ван Гог, з любоўю Вінцэнт», наадварот, кожны кадр намаляваны ўручную. Пра «Каханне. Смерць. Робаты» лепш не пачынаць, бо гэта будзе бясконца.

Што цяпер у беларускай эксперыментальнай анімацыі?

Ёсць дзве вобласці, дзе нашы аніматары выкарыстоўваюць свае эксперыментатарскія ўменні: «плоскаэкранная» 2D- і 3D-анімацыя, а таксама паўнакупальная, ці сферычная. Можна ганарыцца тым, што сярод усіх паўнакупальных фільмаў свету нашы аніматары зрабілі першы лялечны. Называецца фільм «Мышаняты і Месяц». Аўтары – выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў. Казка была прыдуманая для маленькіх дзяцей, якія ўпершыню прыйшлі ў планетарый. Па сюжэце два мышаняты думаюць, што ад Месяца хтосьці адкусвае кавалачкі, і хвалююцца, што ён знікне, але робаты-астраномы адукоўваюць мышанят. Фільм знаходзіцца ў пастаяннай праграме мінскага планетарыя.

Сёння беларускі анімацыйны эксперымент рухае наперад незалежная анімацыя. Людзі робяць фільмы сваімі намаганнямі, на свае грошы, у вольны час. Тут будуць згаданыя самыя яркія і моцныя работы.


Пачнём з «Царства зорак». Рэжысёр-аніматар Іван Гапіенка прапануе эмацыйную гісторыю без слоў. Глядач сам павінен даць адказ, чаму хлопчык супрацьстаіць каралю ці адкуль у дзіцяці чароўная сіла. Абавязковая ўмова – перажыць шмат эмоцый. На іх выклік актыўна працуюць насычаныя, яркія колеры і светлавыя рашэнні. І гэта не выпадкова – так было задумана.

Плюс у карму ўсім, хто ведае аўтарскую анімацыю «Калі я быў генерал». Стваральнік фільма Юрый Сямашка ўмела балансуе на мяжы «аматар-прафесіянал». Вывастраны сцэнар і ідэальна выбудаваныя сцэны ў злучэнні з вуглаватымі лялечнымі самаробкамі і кардоннымі дэкарацыямі ствараюць новы, лёгка пазнавальны стыль, які можна назваць анімацыйным хэнд-мэйдам. Раннія працы Юрыя таксама зроблены ў гэтым стылі, і калі іх параўнаць з «Генералам», то можна ўбачыць, як рэжысёр-аніматар прапампоўвае свае ўнікальныя скілы.

Вішанькай на торце з'яўляецца творчасць Генадзя Буто. Гэты аўтар не шукае лёгкіх шляхоў. Працуючы на анімацыйнай студыі, ён актыўна цікавіцца сучасным мастацтвам і рэалізуе ідэі на практыцы. Яго апошняя праца «Занадта вялікі малюнак» заваявала цэлы шэраг фестывальных узнагарод. Калі хочаеце ўбачыць самыя эксперыментальныя эксперыменты, варта паглядзець і іншыя яго работы, пачынаючы з «Панарамы», якая ўволю грае з прасторай і часам.

Варта ўбачыць

Сутнасць анімацыйнага эксперыменту – пазначыць тэндэнцыю і даць гледачу ежу для вачэй і розуму. Ніякіх гатовых рашэнняў «на сподачку». Сакрэтнага інгрэдыенту ў эксперыментальнай анімацыі няма. Проста яна – заўсёды выток новага, нават калі з моманту стварэння эксперыменту прайшло шмат гадоў. Добры эксперымент ніколі не састарэе і можа падштурхнуць да новых ідэй. Так што глядзіце, інтэрпрэтуйце, атрымлівайце асалоду і натхняйцеся!

Глядзець больш
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»

Беларускі кінематограф за паўгадзіны да нацыянальнага героя

Цуды анімацыі Івана Гапіенкі
Цуды анімацыі Івана Гапіенкі

Глядзіце анімацыю і аповед аўтара пра сябе і сваю творчасць на Art-context.com

Горад, якога (ужо) няма
Горад, якога (ужо) няма

Фільмы "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь) і "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)

Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага
Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага

Перамога беларускага фільма "Спатканне ў Мінску" на партугальскім кінафестывалі DOCLISBOA

Музыка кіно
Музыка кіно

Кіно гучыць. Музыка і музыканты заўсёды былі адным з самых папулярных сюжэтаў у беларускіх дакументалістаў. Вось і за апошні час выйшла адразу тры стужкі, прысвечаныя музычнаму кірунку.

Маланка
Маланка

Беларусь, 2020, драма, рэж. Агата Міхайлава

Фільм
Фільм "Decomposition"

Галоўны герой стужкі – сучасны Віцебск, які вымушана развітваецца са сваёй арт-сцэнай, мастакамі, культурнай ды чалавечай прасторай...