BY
па-беларуску
Мысляр перадусім

Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ

Персанальная выстава Уладзіміра Лукашыка пад назвай «Пераадоленне» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску праходзіць да 11 лютага 2024 года і прысвечана памяці творцы, які сышоў ад нас восенню 2023 года. Адштурхнуўшыся ад гэтай выставы, згадаем галоўныя праекты гэтага ўнікальнага майстра.

Нарадзіўся творца 17 сакавіка 1953 года ў Мінску, працаваў як дызайнер кніг, ілюстратар і педагог, а таксама зрабіў дызайн памятнай манеты да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.
Графічная манера Уладзіміра Лукашыка была ў значнай ступені абумоўлена яго адукацыяй. Пасля школы ён паступіў на факультэт архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а праз два гады – на кафедру прамысловага мастацтва Акадэміі мастацтваў. Дызайнерская адукацыя выхоўвае асаблівыя рысы: невідавочнасць вырашэння задачы, скіраванасць на нестандартныя творчыя хады, валоданне крэатыўнымі тэхнікамі і адмысловымі метадамі генерацыі ідэй.

А гэта значыць, што мастакоўскія пошукі Уладзіміра Лукашыка рушылі не ад традыцый беларускай станковай графікі, а ад ведання асаблівасцей чалавечага ўспрымання і разумення сучаснай візуальнай мовы.
Выразнасць і дынамічнасць графікі майстра часта абумоўлены спецыфікай фармату кніжнага аркуша, але і разуменнем выявы як канструкцыі, што павінна прыцягваць увагу і актыўна ўздзейнічаць на глядацкае ўспрыманне. Гэтай логікай кіруецца, напрыклад, мастак-плакатыст, кампануючы твор фармальна выразны, які ў адзінцы свайго візуальнага вымярэння змяшчае максімум інфармацыі. Мастак-плакатыст мае ўяўленне пра сілавыя лініі твора – дыяганалі, цэнтр і перыферыю аркуша, пра законы фармальнай кампазіцыі. Усе гэтыя асаблівасці глядацкага ўспрымання дызайнеры ведаюць, што, аднак, не робіць іх адразу аўтарамі глыбокіх і пераканальных мастацкіх твораў, бо апошнія ўтрымліваюць яшчэ адзін пласт – сімвалічны і наратыўны, калі вока, зачапіўшыся за няўлоўныя кручочкі, расстаўленыя візуальнымі майстрамі, перадае нешта душы і розуму.
У Лукашыка ўсё гэтыя ўмовы – дызайнерскі падыход і творчае ўяўленне – склаліся ў адно. Выдатнае валоданне рэалістычным малюнкам і прадуманы халодны разлік вызначылі арыгінальныя хады яго мастацкіх аркушаў.

Свае кампазіцыі ён будаваў шматпланава, аднак іх прастора ўтвараецца метадам калажу па прынцыпе тэатральных дэкарацый. Мастак выдзяляе планы, кампануе сюжэты не як аповед, а як верш, строгімі рытмамі і выразнымі сілуэтамі. Прычым вельмі важную ролю ў яго графічных аркушах адыгрывае плоскасць.
Плоскасць у графіцы заўсёды выконвала важную ролю, такая спецыфіка графічнага мастацтва: у малюнку ці друку, нават у акварэлі – усе гэтыя тэхнікі аддаюць належнае фону, пустаце. У творах Лукашыка ўзаемаадносіны асноўнай выявы і фону ўзаемазалежныя. Але не так, як у фігуратыўнай карціне; у яго гэтыя адносіны не столькі сугучныя, колькі кантрасныя. Прынцып ізаляванасці галоўнага аб'екта, прамаляванага вельмі дэталёва, амаль гіперрэалістычна, з'яўляецца яго галоўным мастацкім прыёмам.
Аднак гэта не прыводзіць да халоднасці і абстрагаванасці. У кожным, нават невялікім малюнку заўсёды адчуваецца філасафічны падтэкст. Перадусім Уладзімір Лукашык – мысляр.

Уладзімір Лукашык быў выдатным дызайнерам кнігі, які вельмі тонка разумеў яе спецыфіку. Яго кніжныя разгорты адначасова ўраўнаважаныя і дынамічныя, з прапрацаванымі рытмамі і балансам элементаў.
У ілюстрацыях да кнігі «Меч князя Вячкі» Леаніда Дайнекі 1987 года гістарычныя персанажы, артэфакты (у асноўным зброя) і нават прырода скампанаваныя ў дакладныя і выразныя структуры. Франтальная падача прадметаў і персанажаў, якая даволі арганічна глядзіцца ў кнізе, спалучана з нечакана падрабязным малюнкам. Такі прыём стварае асаблівую атмасферу абстрагаванасці, дакладнасці, пагружанасці ў таямнічы гістарычны флёр.
Над ілюстраваннем гістарычных кніг ён працаваў як сапраўдны даследчык: вывучаў старажытныя беларускія строі, тагачасныя ўзбраенне, прадметы побыту. Для «Мяча князя Вячкі» стварыў выявы гарманічнымі, а галоўных герояў падаў высакароднымі. І ў гэтым не было ідэалізацыі, толькі тонкая мастакоўская стылізацыя.

Яго стыль, з сённяшняй перспектывы, нечакана нагадвае камп'ютарную графіку. Такое падабенства ўзнікае з уражання стылізаванай фатаграфічнасці (настолькі па-майстэрску дапрацаваныя яго выявы), калажнай арганізацыі прасторы, аднак з намёкам на перспектыву. Выявы другога плану ў Лукашыка сапраўды меншыя па памеры, як гэта ўласціва рэалістычнай прасторы, але яднае іх фармальная логіка кампазіцыі.

Мастак любіў кампазіцыйныя скачкі, разрывы і паўзы ва ўвасабленні прасторы, кантрасты памераў. Ён запаўняў першы план смела, густа і выразна. Падаваў галоўных персанажаў падрабязна і фактурна, гуляў прасторай, як майстар і яе гаспадар. Любіў глыбокія фактуры. Набліжаў дэталі, рабіў іх галоўнымі дзейнымі асобамі. Нібы спавядаў філасофію, у якой кожная дробязь прамаўляе пра свет не менш важка, чым складаныя структуры. 
У новым стагоддзі Уладзімір Лукашык цалкам пераходзіць на лічбавае маляванне звычайнай камп’ютарнай мышшу.


Мастака часта запрашалі да працы з гістарычнай прозай: акрамя культавай кнігі «Меч князя Вячкі», гэта адметныя вырашэнні кніг «Гаспадар-камень» Генрыха Далідовіча, «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» Пятра Васючэнкі, «Міндаўг. Пачатак гаспадарства» Алеся Краўцэвіча.
За дызайн, афармленне і ілюстрацыі да кнігі Пятра Васючэнкі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» Лукашык у 2004 годзе быў узнагароджаны прэміяй «За найлепшае выданне года» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Як дызайнер і як выкладчык на кафедры дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў, Уладзімір Лукашык успрымаў кнігу інакш, чым мастак-ілюстратар. Не як тэкст, які трэба прадубляваць-запаралеліць выявамі, а як структурна арганізаваную інфармацыю, якую важна данесці чытачу ў найбольш ёмістай форме. Выбар фармату, шрыфту, якасць і колер паперы – усё кладзецца на плечы дызайнера кнігі. Уладзімір Лукашык мог перадаваць атмасферу і нават стыль тэксту, ведаў, дзе зрабіць акцэнт, а дзе адысці ў цень і даць права голасу словам і літарам.
Пагатоў шрыфтавіком Лукашык быў дасканалым. Як, дарэчы, і каліграфам. На выставе «Пераадоленне» прадстаўлены некалькі яго каліграфічных кампазіцый. Па рытме, форме і працы з прасторай аркуша гэта выдатныя завершаныя мінімалістычныя творы, якія выдатна глядзяцца, нават калі не разумееш тэкст.

У ілюстрацыях да кнігі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» Пятра Васючэнкі мастак, каб стварыць прастору містычную і загадкавую, гуляе з некалькімі візуальнымі сістэмамі. Выкарыстоўвае эфект фатаграфічнай дакладнасці ў стварэнні ілюзіі рэальнага свету, але таксама і фатаграфічнай выпадковасці, як быццам дэталі з'яўляюцца ў яго аркушы выпадкова: прадметы абразаюцца, натыкаюцца адзін на адзін, як у хутка зробленым кадры, але парадаксальным чынам у выніку ўсё складаецца ў выразную і дакладную структуру, дастаткова парадаксальную, каб адпавядаць зместу гэтай казкі.
Вокладка выдання «Міндаўг. Пачатак гаспадарства» Алеся Краўцэвіча (2005) вырашана сімвалічна: галоўны герой падаецца як знак – праз шлем і кальчугу. Сапраўды, мы не ведаем, як выглядаў вялікі князь, але асэнсоўваем, якім застаўся ў гісторыі. Сімвалам моцы. Дакладным і выразным пазначэннем пачатку. Тым больш што аповед пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Наваградку быў створаны гісторыкам Алесем Краўцэвічам на падставе навукова даследаваных падзей.

На выставе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў асаблівы акцэнт зрабілі і на выявы коней. Іх сапраўды шмат, і вывучыў Уладзімір Лукашык іх дасканала і нават з сярэдзіны 1980-х займаўся верхавой яздой на іпадроме ў Ратамцы. Любоў да высакародных жывёл, да прыроды, да гісторыі сваёй краіны сталі стрыжнем яго творчасці. Жарсць, з якой аўтар працаваў над тэмамі, што яго хвалявалі, вызначыла сілу ўздзеяння гэтага мастацтва.
 

Глядзець больш