Фотавыстава «Паміжжа / Месяц фатаграфіі ў Мінску» ў межах традыцыйнага FOTOFESTIWAL у Лодзі — 17-25.06.2023
Сёлета куратар, які просіць не называць сваё імя, сабраў візуальныя даследаванні аўтараў, што, на яго думку, дакладна фіксуюць наша агульнае адчуванне часу — стан паміжжа, калі мінулае патрабуе пераасэнсавання, цяперашняе няпэўнае, а будучыні няма.
Фатаграфія сёння прапануе дапытліваму візуальнаму даследчыку ўнікальны інструментарый.
Па-першае, гэтае медыя валодае хуткай фіксацыяй, што дае магчымасць in vitro распрацоўваць свой канцэптуальна-даследчы апарат.
Па-другое, фатографы, якія працуюць у полі сучаснага мастацтва і адчувальныя да сацыяльна-палітычнага кантэксту, ствараюць у асноўным серыямі, паднімаюць узнятую праблему не толькі комплексна, але і ў яе развіцці. Прычым часавы прамежак можа сягаць ад пары гадоў да некалькіх дзесяцігоддзяў.
Менавіта таму міжнародны фестываль «Месяц фатаграфіі ў Мінску» заўсёды праходзіў даволі заўважна, збіраў багатыя водгукі і шмат наведнікаў.
Першы і адзіны ў Беларусі міжнародны фатаграфічны фестываль распачаўся ў 2014 годзе. Тады ў праграму ўвайшлі каля дзясятка выстаў, лекцыі ды прэзентацыі кніг. Напрыканцы была прысуджаная ўласная фотапрэмiя «Прафота».
Ад самага пачатку фестываль задаў высокі ўзровень выставачных і куратарскіх рашэнняў. І як жа без зорных імёнаў: на першы Месяц прыехаў Марцін Пар — знакаміты брытанскі фатограф, куратар і калекцыянер фотакніг. Вывесці фэст на міжнародны ўзровень праз вядомых ва ўсім фатаграфічным і мастацкім свеце аўтараў — беспамылковая стратэгія, і яна спрацавала: інтэрв'ю з Парам на адным тады самым папулярным партале займела 100 тысяч праглядаў, а ў наступныя гады каманда арганізатараў лічыла за гонар прывезці на фестываль гучныя фотапраекты з самых гарачых кропак: прынцыповай задачай Месяца было ўпісаць Мінск у сусветную мапу фотападзей.
Паступова фестываль перакрочыў межы сталіцы і пашырыўся на іншыя беларускія гарады.
Усё паламалася ў 2020-м, толькі прычынай тады стаў каранавірус. Фэст больш не прэтэндаваў на ахоп усёй краіны, нават у Мінску ён абышоўся адной лакацыяй: арганізатары вырашылі правесці яго ў фармаце оўпэн-эйр у двары культурнага цэнтра «Корпус».
Фактычна ад імпрэзы засталася толькі галоўная выстава. Дарэчы, з пэўнага часу яна фармавалася вакол адной тэмы. Напрыклад, «Цэнтр – перыферыя» (2016), «Калектывізацыя» (2017), «Юбілей» (2018) і «Гісторыя» (2019). А ў 2020-м — «Выжыванне».
У 2021 годзе прыйшло разуменне, што ў наяўных умовах немагчыма зрабіць фестываль, які б адкрыта распавядаў пра новы досвед. Якраз дарэчы арганізатары польскага штогадовага Fotofestiwal Lodz прапанавалі зрабіць МФМ у Лодзі. Fotofestiwal Lodz — адна з галоўных фатаграфічных падзей Польшчы, дзе выстаўляюцца фатографы з усяго свету. На выставе былі паказаны здымкі беларускіх фатографаў, прысвечаныя пратэстам, а на яе адкрыцці спяваў «Вольны хор».

Пасля тэмы «Выжыванне» лагічна і заканамерна інтарэс куратараў Месяца фатаграфіі засяродзіўся на жыццёва важных праблемах для беларускага грамадства.
Тэма выставы 2022 года была прысвечаная страчанаму дому.
А сёлета куратар, які просіць не называць сваё імя, сабраў візуальныя даследаванні аўтараў, што, на яго думку, дакладна фіксуюць наша агульнае адчуванне часу — стан паміжжа, калі мінулае патрабуе пераасэнсавання, цяперашняе няпэўнае, а будучыні няма.
Такі стан даволі моцна ўплывае і на саму прафесію фатографа: некалькі аўтараў на выставе схавалі імёны, многія з іх не паказваюць свае працы ў публічным полі, большасць не пачынае новых праектаў. Некаторыя мяняюць род дзейнасці — цалкам ці часова.
Тым не менш куратарскі адбор адбыўся, і на выставе ў Лодзі былі прадстаўлены працы 17 аўтараў, якія тым ці іншым чынам упісваліся ў канцэпт выставы «Паміжжа».

У частцы фатаграфій асэнсоўваецца жыццё апошніх трох гадоў, іншыя праекты былі створаны раней, але ўсе яны апісваюць сустрэчу са станам зыбкай памежнасці паміж нармальным жыццём і вайной, турмой, выгнаннем, смерцю. «Транзітны стан і чаканне зрабіліся самім жыццём. Вялікія ідэі і мары сціснуліся да побытавага, няўстойлівага і крохкага цяпер. Надзея знікае і рассейваецца ў тумане Паміжжа», — так гучыць куратарскі канцэпт.
Асобны ракурс гэтага візуальнага даследавання прапануюць беларускія аўтары, якія жывуць ва Украіне ці, як творчы дуэт Kanaplev + Leidik, сутыкаюцца з украінскімі бежанцамі ў Польшчы. «Тата ў тэлефоне» — гэта серыя сямейных партрэтаў, аднак тата на іх прысутнічае анлайн, праз экран тэлефона. Оптыка фатографаў адчувальная не толькі да псіхалагічных момантаў, з якімі сутыкаюцца разлучаныя вайной сем'і, а і да сацыяльна-палітычных, што праяўляецца ў падтрымцы, фіксацыі і пошуку адпаведных ракурсаў.

Яўген Атцецкі даследуе стан львоўскага грамадства. Горад знаходзіцца дастаткова далёка ад фронту вайны, аднак яго абстрэлы ўсё ж здараюцца. У серыі стрыт-фатаграфій аўтар шукае моманты салідарнасці і адаптацыі да непрымальных умоў.
Падобны праект у Аляксандра Зянкевіча, які паказвае сцэны мірнага жыцця на нямірным фоне.

Аляксандр Васюковіч фіксуе непасрэдныя сляды вайны, каталагізуючы разбурэнні. На выставе паказалі серыю ўзарваных мастоў.


Паша Крычко расказвае гісторыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, выбіраючы моманты «паміж» — паміж бітвамі, паміж лакацыямі. І ў больш шырокім сэнсе — паміж жыццём і смерцю.
Частка праектаў прысвечаная жыццю ў Беларусі. Некаторыя зроблены да ад'езду з радзімы, некаторыя фіксуюць рэальнасць у цяперашнім часе, нягледзячы на небяспеку для іх аўтараў. Гэтыя фатаграфіі пераклікаюцца са здымкамі украінскіх гарадоў. Прастора напоўненая агрэсіўнай сімволікай, аднак людзі спрабуюць выжываць, карыстаючыся стратэгіямі мірнага часу.
Частка праектаў — пра сум па доме, тут аўтары спрабуюць зафіксаваць страчаныя каардынаты — праз рэчы, здымкі інтэр'ераў ці віртуальнае спалучэнне пакінутых кватэр і здымкаў іх гаспадароў.

Макс Швед паказвае свой праект 2020--2021 гадоў, — фіксацыю мінскіх сцен, на якіх пратэсная сімволіка замазваецца не надта ахайнымі камунальнікамі. Зафарбаваныя надпісы застаюцца чытэльнымі, а каляровыя прастакутнікі яшчэ больш прыцягваюць увагу.

Сляды барацьбы ўлады з грамадзянскай супольнасцю пераканальна візуалізуюцца ва ўсёй сваёй красамоўнасці. Вынік гэтай барацьбы ўвасоблены фатографам IH у праекце пад назвай LISTENERS. Гэта серыя фатаграфій тэлевізійных выступленняў — здымкі экрана, на якіх работнікі прадпрыемстваў слухаюць афіцыйныя выступы.


Логіка прасторы Паміжжа патрабавала выяў турмы. Куратар знайшоў выйсце, размясціўшы малюнкі Міхаіла Мішука, якія той зрабіў падчас свайго знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання.


Дакументальная фіксацыя разбурэння звыклага свету... Якімі метадамі яна робіцца?
На выставе было няшмат чыста мастацкай фатаграфіі, найбольш пераканальныя вынікі давала калажная тэхніка. Аднак парадокс у тым, што абсурдная рэальнасць сама па сабе ўтрымлівае дастаткова шмат слядоў разбурэння, рэальных — як ва Украіне, сімвалічных — як падчас ідэалагічных войнаў у Беларусі.
Фатографы, прадстаўленыя на выставе, валодаюць асаблівай адчувальнасцю і крытычным поглядам на пагранічныя моманты нашай рэальнасці. І маюць прыдатны інструментарый, што прапануе фатаграфія з яе прамой фіксацыяй і аптычным неўсвядомленым, якое раптам становіцца вельмі зразумелым і лёгка счытваецца.