BY
па-беларуску
Мастак Яраслаў Кірвель: “Галоўнае – слухайце сябе”

Мастак Яраслаў Кірвель: “Галоўнае – слухайце сябе”

Яраслаў Кірвель беларус, які навучаецца на другім курсе Акадэміі Мастацтваў у Варшаве. Яго часта можна ўбачыць на канцэртах, фестывалях, грамадскіх падзеях. І амаль заўсёды – за працай.
А нядаўна дзеяч запусціў YouTube падкаст “Калякі Малякі”, гасцямі якой ужо сталі блогер Мікіта Мелказёраў і музыка Лявон Вольскі.

Пра новую праграму, свой мастацкі шлях і першыя творы мы паразмаўлялі з Яраславам Кірвелем.

– Як у цябе з'явілася ідэя праекту “Калякі Малякі”?

– Усё пачалося з таго, што я маляваў вядомых беларусаў для сваёй будучай выставы (спадзяюся, што яна адбудзецца ў наступным годзе).  Для гэтай падзеі я ствараў партрэты вядомых і не вельмі, але заўсёды годных беларусаў з натуры. Падчас сесій я размаўляў з гэтымі людзьмі пра рознае: пра тое, што хвалюе іх і што хвалюе мяне. Заўсёды было цікава.

Дык вось падкаст “Калякі Малякі” – гэта тое ж самае, толькі на камеру. Проста хацелася, каб было больш забаўляльнага кантэнту. Не пра палітыку. Цяпер вось выйшла новае шоў з Чалым, але там усё адно больш пра палітыку. Яно прыкольна, класна. Але заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Напрыклад, да таго ж самага амерыканскага шоў. Там узровень 100% вышэй, але мы разумеем чаму. Ну і праграмы пра мастацтва ў нас робіць фактычна толькі Мікіта Моніч і Максім Жбанкоў.
Ну а што да майго падкасту, то як мой аператар коратка яго апісаў: “Ярык запрашае сваіх куміраў і размаўляе з імі на камеру”. То бок быццам у мяне ёсць легальны спосаб зацягнуць да сябе любімага артыста, маляваць яго дзве гадзіны і з ім размаўляць. 

– У цябе апошні выпуск “Калякаў Малякаў” выйшаў з Лявонам Вольскім. Ці было нешта падчас размовы, што асабліва цябе ўразіла?

– Мне да канца нашай размовы было не зразумела, як Лявон Вольскі мяне намалюе. Я гэтага папросту не ўяўляў. Хоць я быў на яго вернісажы, дапамагаў у мантажы яго выставы, мы разам з Вольскім вешалі ўсе гэтыя карціны, абмотвалі малярным скотчам усе гэтыя слупы, плялі бчб-павуцінне, што было на выставе. Я бачыў яго карціны жыўцом. Але я ўсё роўна не да канца ўяўляў, як ён адлюструе мяне. 

– У выніку табе спадабалася?

– Мне вельмі спадабалася! Я быў вельмі ўражаны! Палітру ўсіх маіх эмоцый цяпер можна ўбачыць напрыканцы падкасту ў адкрытым доступе. Як кажуць, лепш адзін раз паглядзець, чым 100 разоў пачуць. 

– Хто яшчэ ў эпіцэнтры тваёй увагі апынецца ў бліжэйшы час?

– У наступным выпуску будзе Алесь Дзянісаў. Ён ужо адзняты, яго трэба толькі зманціраваць. Наогул у маім фокусе – людзі з творчых прафесій, але ўсё ж больш я імкнуся запрашаць людзей з выяўленчага мастацтва, таму што я сам – выяўленчы мастак і мне гэта цікава. Той жа Андрусь Такінданг таксама трапляе у мае радары.  Я быў бы вельмі рады, калі б ён пагадзіўся. Тыя ж самыя акцёры, рэжысёры, крытыкі, як той жа Максім Жбанкоў. Welcome! Павел Паўлавіч Латушка таксама мне цікавы, таму што ён – экс-міністр культуры, экс-дырэктар Купалаўскага тэатра. Да творчасці ён мае вялікае дачыненне, нават хутчэй да мэнэджменту гэтай творчасці. А мэнэджмент творчасці – гэта таксама ў нейкім сэнсе творчасць. Без арганізацыйнай працы не будзе такога моцнага прамоўшэна мастацтва.


СТАНАЎЛЕННЕ

– З чаго пачалася твая мастацкая гісторыя? 

– Будзе вельмі пафасна гучаць, але я скажу. Колькі я сябе памятаю, я заўсёды хацеў маляваць. Фактычна я і малюю з пялёнак. Ведаеш, усе ж у дзяцінстве нейкія калякі-малякі робяць. Пасля іх на лядоўню мама ці бацька вешаюць: маўляў, глядзі, гэта ты намаляваў: вось ты, вось мама, вось бацька. А там наогул нешта незразумелае. Але ты ўсё адно радуешся гэтаму, ты адчуваеш, што цябе любяць. Дык вось і я малюю з самага дзяцінства. Проста ніколі не задумваўся пра гэта, для мяне маляванне было заўсёды нечым падсвядомым.

–  Ты памятаеш свой першы малюнак? 

– Не памятаю. Але добра памятаю, як бацька распавядаў адну гісторыю сваім сябрам. Я быў побач і падслухаў. Дык вось. Мне год. Я маленькі, размаўляць не ўмею. Сяджу такі сумны і бацька ў мяне пытаецца: “Што ты хочаш? Есці?” Я мычу: неа. Ён: “А гуляць хочаш?”. Я зноў: неа. Ён: “А маляваць хочаш?”. Я: “Угу”. Цікава: ужо ў такім маленькім узросце, калі я сябе нават не ўсведамляў, не памятаў, я ўжо хацеў маляваць. Гэта вельмі шмат чаго кажа пра мяне. Ці ты так не думаеш?

– Думаю. Добра, пра сваё жаданне маляваць ты заявіў, калі табе быў 1 год. А далей што ў цябе было па выхаванні і адукацыі?

– Я быў паслухмяным, вельмі добрым і сціплым хлопчыкам. Я не быў хуліганам. Па гаражах любіў лазіць, але здаралася такое нечаста. Пасля заняткаў у школе ў мяне была процьма гурткоў: лепка, маляванне, мадэляванне танчыкаў, стварэння макету фары Вітаўта, папяровага фасаду Фарнага Касцёла... ІХ было спраўды шмат. Спачатку мае бацькі мяне ў гурткі запісвалі, пасля – я сам пачаў далучацца. У сёмым класе паступіў у мастацкую школу, але ў дзявятым сышоў, бо мяне прынялі ў Каледж Мастацтва. Там таксама шмат часу бавіў: заставаўся пасля заняткаў і маляваў. 

– А пасля?

– Пасля эміграваў у Варшаву. Тут паступіў. І цяпер вучуся ў варшаўскай Акадэміі Мастацтваў. Менавіта тут я магу маляваць на тыя тэмы, якія цікавыя мне. У Гародні гэта не заўсёды атрымлівалася. Там табе давалі спіс, з якога ты павінен быў абраць нешта. Толькі ўжо на чацвёртым курсе прадмету “Плакат” нам сказалі: “Добра, малюйце, што хочаце”. Я намаляваў гурт Dzieciuki. А гэта – нагадаю – 2021 год быў. То бок у 2021-м годзе ў спартзале Каледжа Мастацтва вісеў мой плакат гурта “Dzieciuki” як курсавой.

– А хто зараз у цябе часцей пераважае на карцінах? Зміцер Вайцюшкевіч? 

– Я Вацюшкевіча вельмі даўно не маляваў. І вельмі даўно не быў на ягоных канцэртах. Але сапраўды быў такі перыяд, калі я амаль кожны месяц быў на яго выступах. Гэта пачалося яшчэ ў Беларусі. Там я трапіў спачатку ў Гародні на “Мова Нанова” на закрыццё сезону. Ён там таксама быў і запрасіў да сябе на Вайцюшкі. Я тады сабраў 40 рублёў, якія для студэнта вельмі вялікімі грашымі, але я іх зарабіў сумленнай мастацкай працай. Другі раз быў на яго Народзінах. Трэці раз у Вайцюшках я быў, калі мы ўжо дамовіліся, што я яго намалюю. Гэта было ўзімку. Потым – калі мы ўжо былі ў эміграцыі ў Беластоку на яго канцэртах. Пазней – у Варшаве. І калі я быў ужо ў Тэатры лялек. Ён там часта вельмі грае для філасофскай публікі. Нават піва мне тады праставіў. 

– Як думаеш, колькі ў цябе сумарна зараз намаляваных Вайцюшкевічаў? 

– Больш за 10 дакладна.

– Якія ў цябе планы на будучыню? Вось ты завяршаеш Акадэмію Мастацтваў і...?

– … раблю сваё мастацтва. Раблю сваю творчасць. Шчыра кажучы, я канкрэтна на гэтае пытанне адказаць не магу, таму што я зараз займаюся вучобай, развіццём свайго стылю, мастацкай думкай. Разважаю, як пашырыць сваю дзейнасць, каб мяне не толькі ведалі як партрэтыста і дакументаліста беларускай рэаліі.  Я ж і пейзажы малюю, і вельмі шмат люблю іх. Я імкнуся прапрацоўваць уласную мову, распавядаць сваю гісторыю, а не пераказваць чужую –  тую, якая ўжо адбылася. Хачу адлюстроўваць тое, што я прыдумаў. І ў мяне ёсць пару такіх карцін. 
Зараз я раблю вялікую карціну з Гародні. Яна вельмі высокая і вузкая, дзесьці 2 м на 60 см. Праца дзеліцца на два сектары: стары горад і неба, якое амаль цалкам занятае тэлевежай. Яна недзе метр на 30. Гэтая тэлевежа заўсёды была як волат сярод нашай малапавярховай Гародні. Калі я быў у Менску і глядзеў на мясцовую тэлевежу, то з-за што будынкі ў Менску вышэйшыя, чым у Гародні, не двух-трох-павярховыя, а хутчэй 5-6-7-мі, такога эфекту няма. Цікава.


ПОСТСКРЫПТУМ

–  Ці ёсць у цябе падказкі для маладых мастакоў, якія толькі-толькі пачынаюць свой шлях? На чым ім лепш засяродзіцца, як знайсці сябе?

– Спачатку трэба наогул навучыцца маляваць. Даведацца базу, пазнаёміцца з акадэмічным малюнкам, зрузумець, як паказваць усё рэалістычна. Пасля гэтага можна перайсці да эксперыментаў. І не бойцеся працаваць на ўласныя тэмы. Калі вы хочаце маляваць анімэ, то малюйце анімэ. Бо ў Беларусі нам казалі: “Анімэ – гэта бздура! Не малюйце гэта! Лепш малюйце Радзіму!” Але я скажу: “Хочаш маляваць? Малюй!” У Польшчы студэнты малююць нейкую дзіч, напрыклад, жукоў з сардэчкамі. Але гэта нікога не бянтэжыць, а прафесары тут хіба што скажуць: “Можа быць, у гэтым месцы можна было б зрабіць святлей? Тады гэты жук будзе выглядаць больш выразна”. Таму галоўнае – слухайце сябе.

Глядзець больш
Мысляр перадусім
Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ

Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола
Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь 2: комплекс Касандры»

Дзве душы і раўнавага ў творчасці
Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Мастак Андрэй Духоўнікаў – былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – пра музей і супрэматызм

Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць
Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Татальныя інсталяцыі беларускага мастака

Цяперашняе, якое працягваецца
Цяперашняе, якое працягваецца

Жывапісныя праекты Наталлі Залознай