Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Мастак Андрэй Духоўнікаў – былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – пра музей і супрэматызм

Андрэй Духоўнікаў застаўся ў Віцебску пасля вучобы і не толькі закахаўся ў гэты горад, а злавіў яго адбіткі ў мностве пластычных увасабленняў. А таксама стаў адным з ініцыятараў стварэння знакамітага Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, дзе выкладаў Шагал, куды прыехаў Малевіч з аднадумцамі, распрацаваўшы тут тэарэтычныя асновы авангарднага стылю супрэматызм. 

ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА «ФОРМУЛЫ ГОРАДА АНДРЭЯ ДУХОЎНІКАВА» 

Пагаварылі з мастаком і былым дырэктарам Віцебскага Цэнтра сучаснага мастацтва пра няпросты шлях да творчасці, крыніцы натхнення ды віцебскую гісторыю авангарда. А яшчэ пра ўдзел у Лонданскім арт-біенале, на якое прынялі яго графічны твор "Дзве душы".

Даведка. Афіцыйнае адкрыццё Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (вул. Марка Шагала, 5а) адбылося 9 лютага 2018 года ў будынку, у якім у 1918–1923 гадах размяшчалася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Вучэльня была створаная па ініцыятыве Марка Шагала, упаўнаважанага Калегіі па справах мастацтваў Віцебскай губерні, і стала першай дзяржаўнай педагагічнай установай мастацкага профілю на тэрыторыі Беларусі. Музей адкрыты напярэдадні 100-гадовага юбілею заснавання вучылішча. Рэканструкцыя выканана ў адпаведнасці з захаваным планам будынка 1923 года.

ШЛЯХ У ВІЦЕБСК І МАСТАЦТВА

– З чаго пачалася ваша творчая біяграфія? Якія жыццёвыя шляхі прывялі вас у Віцебск, на мастацка-графічны факультэт мясцовага ўніверсітэта?
 

Андрэй Духоўнікаў

– Я нарадзіўся ў мястэчку Ленгер у Казахстане. Мама з Варонежскай вобласці, некалькі пакаленняў з яе роду былі настаўнікамі.
А тата нарадзіўся ў лагеры ў сяле Лятовачнае ў Казахстане. Мой дзядуля – карэец. (Карэйскае меншасць у сталінскім СССР падвяргалася рэпрэсіям, у тым ліку, заключалася ў канцлагеры. – Заўв. Artcontext.) Дарэчы, прозвішча Духоўнікаў, паводле сямейнай легенды, яму даў праваслаўны святар.
Тата загінуў, калі мне было пяць гадоў. І мама выйшла замуж за беларуса, які застаўся ў Казахстане пасля службы ў войску. Жылі мы ў пасёлку геолагаў (Паўднёваказахстанская нафтаразведвальная экспедыцыя).
Калі я быў у дзявятым класе, мы пераехалі ў Беларусь.
Мама ўгаварыла паступаць на філфак у горадзе Магілёве, я не паступіў і падаў дакументы ў бібліятэчны тэхнікум.

А маляваў я пастаянна, з дзяцінства, хоць усе навокал пастаянна мне гаварылі: "Андрэй, прафесіі мастака не існуе!"
Усё вырашылася ў войску, калі я служыў у горадзе Уладзіміры. Я пазнаёміўся з рэстаўратарамі, які працавалі на Успенскім саборы. Мяне пусцілі на рыштаванні, і я ўбачыў фрэскі Андрэя Рублёва, тыя самыя, з фільма Таркоўскага. І ў той момант зразумеў, што больш за ўсё хачу стаць мастаком.
Гэта вельмі асаблівая гісторыя – апынуцца з Рублёвым сам-насам у саборы. І шлях прывёў мяне ў Віцебск.

Падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце я маляваў амаль 24 гадзіны ў суткі.
Пасля пайшоў выкладаць у школу, таму што гены, таму што некалькі пакаленняў маіх продкаў былі настаўнікамі. Напісаў новую праграму па гісторыі мастацтваў, у той час, у 1990-я, гэта можна было рабіць – пісаць індывідуальныя праграмы.
Гэта былі цудоўныя гады. З маімі вучнямі я камунікую і сябрую дасюль, хоць іх і параскідала па ўсім свеце.
А пасля адмянілі мой прадмет – сусветную мастацкую культуру.

Я стаў падпрацоўваць дызайнерам і ў 2000 годзе распрацаваў курс па выкладанні камп'ютарнай графікі. У 2005-2006-м мы з вучнямі ўдзельнічалі, а ў 2006-м выйгралі міжнародны конкурс з камп'ютарнай праграмай, прысвечанай Віцебску. Мы анімавалі Віцебск, паказалі яго з птушынага палёту, зрабілі так, што можна было заходзіць у кожны будынак, які мы пазначылі на карце. Таксама ажывілі карціны Марка Шагала і расказалі гісторыю горада.
Пасля гэтай перамогі ў мяне адбылася сустрэча з міністрам адукацыі. Я сказаў, што хацеў бы аб'яднаць анімацыю і праграмаванне. І нават паказаў гатовую праграму. Ён сказаў: крута, трэба ісці ў Інстытут удасканалення. Аднак мяне там хутка спусцілі на зямлю, маўляў, "куды ты лезеш? хто ты такі?".
У выніку я вярнуўся ў Віцебск і неўзабаве з'ехаў на заробкі ў Маскву.
Калі ў 2009-м я вярнуўся Віцебск, стаў працаваць у Цэнтры сучаснага мастацтва. І вось з таго часу, з 2009 года, і да 14 верасня 2023-га я быў дырэктарам Цэнтра сучаснага мастацтва.

МУЗЕЙ – ГЭТА НАЙПЕРШ УНІКАЛЬНЫ ДОМ

– Як пачыналася гэтая цудоўная гісторыя па стварэнні філіяла вашага Цэнтра – Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча?
 

– Будынак, у якім размясціўся наш музей, у 1914 годзе пабудаваў самы багаты чалавек Віцебска – банкір Вішняк. У 1918 дом перадалі для мастацкага вучылішча, якое ўзначаліў Марк Шагал. У 1920-м туды прыехаў Казімір Малевіч, распрацаваўшы ўласную сістэму выкладання.
Заснавальнік супрэматызму, Малевіч стварыў у горадзе групу УНОВІС, рэалізаваўшы свае ідэі з дапамогай віцебскіх хлапцоў. Ён працаваў тут два з паловай гады, напісаў за гэты час некалькі філасофскіх работ. І стварыў унікальную школу сусветнага ўзроўню, якая заклала падмурак і сучаснага мастацтва, і архітэктуры і дызайну.

– Твораў і дакументаў ад дзейнасці УНОВІСа ў Віцебску, здаецца, амаль не засталося... Што тады было пакладзена ў аснову музея?
– У Віцебскім абласным архіве вельмі шмат дакументаў аб вучылішчы і ў прыватнасці – усе статутныя дакументы УНОВІС. З імі працуюць спецыялісты і пастаянна робяць новыя адкрыцці, з'яўляюцца новыя знаходкі. Аднак галоўны экспанат нашага музея – гэта дом. Дом, што цудам захаваўся, перажыўшы вайну і камуністаў. Наша ідэя была ўдыхнуць у яго жыццё. Вярнуць Віцебску і краіне, здавалася б, страчаныя старонкі культуры. Гэта вельмі важныя старонкі! Яны ўключаюць і Віцебск, і Беларусь у кантэкст сусветнай культуры. З гэтым не паспрачаешся.

І мы гэта зрабілі, адрэстаўравалі будынак.
Павінен сказаць, што былі выкарыстаныя толькі грошы з бюджэту горада. Пры праектаванні з'явілася ідэя аб'яднаць матэрыяльную гісторыю з віртуальнай. І мы з дапамогай мультымедыя сталі расказваць тую гісторыю пачатку 1920-х. Гэта наратыўны музей, музей-аповед.

– Ці была спроба ўзнавіць майстэрні, кабінеты?
– Не, гэта немагчыма было зрабіць. Мы ўзнавілі лесвіцу, старадаўнюю ляпніну...
Акрамя вучылішча, там была і паліклініка, і дзіцячы дом. Але наша гісторыя ў асноўным пра вучылішча.
Галоўная мэта была ў тым, каб вярнуць тую авангардную, супрэматычную гісторыю ў Віцебск.

Так, ва ўсіх сусветных энцыклапедыях па авангардзе згадваецца гэты дом, гэтая школа, у якой Малевіч выкладаў паводле сваёй сістэмы, аднак падрабязнасці ведаюць толькі спецыялісты. А мы паспрабавалі зрабіць гэтыя веды здабыткам шырокай грамадскасці.

– Музей мае шмат функцый: напрыклад, тут ладзяцца выставы...
– Так, мы зрабілі ў музеі невялікую (120 м2) выставачную залу. Гэтая зала, напэўна, самая статусная ў нашай краіне, бо выстаўляць свае працы ў месцы, дзе нараджалася гісторыя сучаснага мастацтва, – асаблівы гонар!

Зразумела, што мы не можам там выстаўляць праекты па-за кантэкстам гэтай віцебскай тэмы, напрыклад краявіды ці дэкаратыўнае мастацтва.
Мы ладзілі там выставы эксперыментальнага мастацтва ці звязаныя з тэмай авангарду.
Напрыклад, паказвалі Восіпа Цадкіна, прывозілі творы Родчанкі з Масквы. Цяпер экспануецца Мацвей Басаў.

– Якія навуковыя даследаванні праводзяць навуковыя супрацоўнікі музея?
– Супрацоўнікі музея даследуюць тэму гісторыі Віцебска пачатку ХХ стагоддзя. Вывучаем Віцебск таго часу, і нават больш вузка – раён, дзе размешчаны музей. Атрымалася так, што мы гэту тэму прыватызавалі, і галоўны аб'ект і тэма даследавання – гэта дом і тое, што ў ім адбывалася.

– Вітрынай Віцебска цяпер з'яўляецца «Славянскі базар», аднак, здаецца, менавіта супрэматызм, Малевіч, Шагал і Віцебскае мастацкае вучылішча павінны стаць яркімі і сапраўднымі сімваламі горада.
– Наш музей не частка маскультуры, хоць мы жывём у свеце, дзе дамінуе гэтая масавая культура. Стварэннем брэнда вучылішча мы якраз займаемся. І паспяхова, бо цяпер істотна павялічылася колькасць наведнікаў, тых людзей, якім гэтая тэма блізкая і цікавая.
Тое, што мы паказваем, не надта зразумела шырокаму гледачу, таму мы шмат займаліся асветніцтвам, даводзілі, чаму авангард 1920-х – гэта нацыянальная каштоўнасць, якую ніхто ў Віцебска ўжо не забярэ!
І паціху ўсё спрацавала.

– Супрэматызм – яркі, пазнавальны стыль. Як вы ўводзілі гэты перыяд у гісторыю і сучаснасць горада?
– Па-першае, так, гэта прыгожа, стыльна і сучасна.
Геаметрычная абстракцыя пачатку ХХ стагоддзя – аснова сусветнага дызайну.

Мінімалізм цяпер модны трэнд. І мы гэтую супрэматычную гісторыю і спрабуем развіваць.
Распрацоўваем сувеніры. У асноўным гэта працы нашага віцебскага дызайнера, які выдатна ў тэме разбіраецца і зрабіў так, што пра наш музей ведаюць далёка за межамі Беларусі. У нашым музеі няма ніводнага кітайскага вырабу.
Мы вызначылі некалькі брэндавых пазіцый. Напрыклад, «Віцебскі трамвай». Мастакі УНОВІС распісалі віцебскі трамвай у 1920 годзе. І ўвогуле гэта вельмі прагрэсіўны від транспарту еўрапейскіх гарадоў.

Сімвалам музея мы зрабілі табурэт. На тагачасных фотаздымках відаць, што дом абстаўлены старой мэбляй, і сярод гэтай шыкоўнай мэблі шмат табурэтаў для працы мастакоў у майстэрнях.
Таму, напаўняючы наш музей мэбляй, мы зрабілі акцэнт менавіта на табурэтах. У нас іх чатыры віды – дызайнерскіх, адмыслова прадуманых, рознай вышыні. Бо гэтая самая дэмакратычная мэбля.

– Можа, у вас ёсць нейкія фішачкі ў працы з наведнікамі музея?
– Мы ладзім шмат майстар-класаў, напрыклад табурэткі распісвалі, праводзім квэсты па музеі. Я распрацаваў экскурсію для дзяцей, падчас якой вучым дзесяць новых слоў, звязаных з супрэматызмам. І многае іншае.

– А з гарадской прасторай як працуеце? Віцебскія супрэматысты актыўна займаліся ўпрыгажэннем горада да рэвалюцыйных святаў…
– Мы праз нашых графіцістаў, праз будаўнічыя кампаніі спрабавалі дамагчыся, каб ствараліся супрэматычныя роспісы на дамах.
Некалькі такіх муралаў з'явілася.

На вуліцы Марка Шагала, дзе размешчаны наш музей, ёсць муралы з рэплікамі паводле твораў Малевіча. Цяпер будуюць дамы ў новых мікрараёнах, якія ўпрыгожаць супрэматычнымі мураламі.
Важна, каб супрэматызм не надакучыў, не ператварыўся ў клішэ…

– Калі інтэрпрэтацыі супрэматызму сыдуць у дэкаратывізм, то ёсць такая пагроза. А калі ўспрымаць стыль як аснову сучаснай мастацкай мовы, то такога можа і не адбыцца.
– Так, гэта мусіць рабіцца дакладна, ненавязліва і вельмі паслядоўна.


ТВОРЧАСЦЬ

– Вашы творы як мастака вельмі рытмічныя і ўраўнаважаныя. І даволі мінімалістычныя па колеравай гаме... Цікава, які метад стварэння вашых графікі і жывапісу – вы свае кампазіцыі грунтоўна прадумваеце ці робіце іх спантанна?
– Я імпульсіўны чалавек, таму творы раблю на інтуіцыі, як дыхаю...
Літаральна працую – як дыхаю. Я знайшоў сабе такую формулу – маляваць на выдыху.
Мне сёння няважна, дзе я працую, з якімі матэрыяламі. Знайшоў для сябе два-тры тэхнічныя прыёмы, што выкарыстоўваю і на мініяцюрных, і на вялікіх работах, – і мне дастаткова. Працую і алеем, і пастэлямі, і сангінай, аднак не толькі на паперы, а і на палатне. Нават акварэллю малюю на палатне.

– У сваіх работах вы пастаянна спрабуеце злавіць формулу горада. Вашы выявы рытмічныя, кампактныя, дынамічныя. У іх аснове ляжыць канкрэтны краявід ці ўсё ж фантазія?
– Гэта пытанне мне пастаянна задаюць, таму што людзі шукаюць нешта знаёмае ў маіх малюнках. Віцебск я намаляваў уздоўж і ўпоперак. У мяне шмат рэалістычных малюнкаў, у якіх я даследаваў архітэктанічныя ўзаемадзеянні.
Але ў нейкі момант мой калега Алесь Мемус назваў гэтыя творы турыстычнымі карцінкамі. І я ўбачыў, што сапраўды скаціўся да нейкага турыстычнага ўвасаблення Віцебска, хоць такія рэчы, безумоўна, прадаваліся. І я перастаў выяўляць гэты горад літаральна, стала нецікава гэта рабіць. 
Я люблю Польшчу, шмат маляваў Вільню. Шукаю і знаходжу графічныя формулы самых розных гарадоў. Гэта цікава і дае мне магчымасць рухацца далей.
Мяне ў іншых гарадах найперш цікавяць людзі. Горад нешта азначае, калі ў ім ёсць знаёмыя мне людзі.
Я прыязджаю ў Берлін і іду не ў музеі, а да сяброў. Людзі – найважнейшыя.

– Аднак у вашых работах чалавечыя фігуры прысутнічаюць як статысты...
– Так, у маіх творах людзі – гэта, можна сказаць, знакі...
Мае працы – гэта мае ўнутраныя маналогі. Я расказваю пра нейкія рэчы, пра якія ў той момант думаю і якія часам нельга перадаць словамі.
Некаторыя мае творы мінімалістычныя – на паўтары думкі. Некаторыя перагружаныя, бо трэба шмат чаго сказаць.
Таксама мяне хвалююць пластычныя вырашэнні – рух, акцэнт, колер.
На вялікіх палотнах такі падыход не працуе, глядач не зразумее твой парыў, калі ты не адбудуеш сваё паведамленне з дакладнасцю да міліметра. У вялікіх творах шмат фізічнай працы.

–Як вы сталі ўдзельнікам Лонданскага арт-біенале, якое адкрылася ў Чэлсi 27 ліпеня?
– Вельмі проста: я адправіў некалькі карцін поштай. І там на месцы гэту карціну проста адвезлі ў Старую ратушу ў Чэлсі.
Я адпраўляў некалькі твораў, аднак узялі толькі адзін.

– Вы пасля паехалі на адкрыццё?
– Не атрымалася, не далі візу. Так што давялося назіраць экспазіцыю толькі на відэа.
 

Карціна «Дзве душы» А. Духаўнікава ў эскпазіцыі Лонданскага арт-біенале

– Чаму работа з выставы ў Чэлсі называецца "Дзве душы"? Фармальна там увасоблены баланс раўнавагі…
– Для таго, каб быць цэльным чалавекам, патрэбная душа, а каб гэтая цэльнасць была поўнай – дзве душы. 
А раўнавага патрэбная не толькі ў жыцці, яна патрэбная і ў творчасці.
 

"Дзве душы", 2016. Палатно, змешаная тэхніка, 70х50

ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА «ФОРМУЛЫ ГОРАДА АНДРЭЯ ДУХОЎНІКАВА»