Святлана Дземідовіч ― беларуская мастачка, якая жыве ў Польшчы. Сёлета ілюстраванае ёй выданне атрымала прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку. Вартасць кнігі паэзіі Насты Кудасавай «Побач» яшчэ і ў тым, што вершы і графічныя творы вядуць уласныя аповеды і ўзаемапераклікаюцца глыбіннымі сэнсамі.
Святлана Дземідовіч таксама была ілюстратаркай кніг Андрэя Хадановіча, Дзмітрыя Строцава і нямецкага паэта Рона Вінклера. А нядаўна стала лаўрэаткай брытанскага конкурсу ілюстрацый Cheltenham Illustration Awards 2023 за графічную серыю «Паштоўкі мінулых часоў».
Мастачка жыве на хутары на ўскрайку Тухольскіх бароў і ўжо некалькі гадоў стварае сваю графічную кнігу. Паразмаўлялі са Святланай Дземідовіч пра няпростыя дарогі ― як мастакоўскія, так і паэтычныя.
― Як вы апынуліся ў Польшчы і як шлях у гэту краіну адбіўся на вашым мастацтве?
― Я б хутчэй сказала, што менавіта мастацкі шлях і прывёў мяне ў Польшчу. У Віцебску пасля заканчэння аддзялення жывапісу на мастацка-графічным факультэце я працавала ў Музеі сучаснага мастацтва, дзе пазнаёмілася з творцам Лукашам Левандоўскім. Ён рабіў у нас выставу, і мяне прызначылі куратарам. Пабачыўшы мае малюнкі і гравюры, Лукаш запрасіў мяне на майстар-клас для моладзі ў сваёй польскай майстэрні.
Мне спадабалася выкладаць. Я хутка вучылася размаўляць па-польску і пачувала сябе добра ў гэтай краіне. У нас пачаліся адносіны з Лукашам, і я зразумела, што маё далейшае жыццё будзе звязана з Польшчай. Так і аказалася.
Цяпер мы жывём на хутары ў лесе, у нас трое дзяцей і агульная графічная майстэрня.
― Вы вучыліся жывапісу, але сталі графікам. Як так атрымалася?
― Так, дыплом у мяне быў жывапісны, але з часам графіка пачала жывапіс выцясняць. Аднак цяпер заўважаю, што ў маёй графіцы з'явілася больш колеру.
― А якога памеру вашыя працы? Ці вы працуеце з такім невялікім ілюстрацыйным фарматам?
― Пакуль не займалася ілюстрацыяй, то любіла пазмагацца з фарматам, былі творы 1,5 на 2 метры. Дарэчы, зазвычай такія рэчы вельмі цяжка прадаюцца, але адна з такіх вялікіх прац паляцела ў Кіеў адразу пасля таго, як я выклала яе ў інтэрнэт. Калі пачала займацца ілюстрацыяй, перайшла на іншы фармат, таму што ілюстрацыя сама па сабе ― гэта выклік. Шмат што трэба пераадолець, з чымсьці пазмагацца. Таму ўжо не бяру вялікі фармат.
― Пераадолець ці хутчэй улагодзіць сваё бачанне з меркаваннем аўтара кнігі? А што павінна скласціся, каб вы ўзяліся за ілюстраванне? Кніга павінна вам падабацца, быць простай ці, наадварот, складанай. Ці вобразы і ідэі з'яўляюцца адразу пры яе прачытанні, ці трэба іх пашукаць? Якая алхімія павінна скласціся?
― У мяне адразу нараджаюцца вобразы ў галаве. Тым больш, што найчасцей да мяне звяртаюцца з паэзіяй. Мне з паэзіяй добра і думаю, што і паэзіі, якую я ілюстравала, добра побач з маімі карцінкамі.
Ёсць мастакі, якія кажуць, што маюць мару праілюстраваць нейкага аўтара ці выдаць кніжку ў нейкім выдавецтве. А я веру ў тое, што мае замовы дзесьці выспяваюць і мяне абавязкова знойдуць. А зараз я займаюся сваёй уласнай кніжкай. Яна будзе графічнай, бо я не хачу выяўляць сябе праз словы. Я прывыкла выказвацца вобразамі. Таму кніжка будзе без слоў, будзе так званы silent-book ― маўклівая кніга. Гісторыя, якая будзе ў ёй, раскажа сама за сябе.
― А пасля вы звернецеся да нейкага выдавецтва? Польскага ці беларускага? Ці кніга будзе існаваць у адным экзэмпляры?
― Пакуль яшчэ думаю, да якога выдаўца звярнуцца.
― З чаго вы, жывапісец па адукацыі, пачалі свой шлях ілюстратаркі?
― З паразы. Мне замовілі ілюстрацыі, і я вырашыла паспрабаваць. Тэкст быў цудоўны і мне падабаўся, але, на жаль, аўтару не адпавядаў настрой маіх ілюстрацый. І тады я даслала іх на конкурсы, і яны прынеслі мне перамогі. Гэта было як знак, што я, не зрабіўшы ніводнай кніжкі, выйграла некалькі ілюстратарскіх конкурсаў. І тады я пачала чакаць менавіта маю замову, і яна прыляцела да мяне ― замова ад Насты Кудасавай.
― Як вы знайшліся - аўтарка кнігі і яе ілюстратарка?
― Сёння гэта даволі частая гісторыя, што людзі знаходзяць адзін аднаго ў інтэрнэце. Я чытала вершы Насты, Наста глядзела мае ілюстрацыі, я бачыла яе рэакцыю. І раптам у адзін цудоўны дзень яна напісала, ці не хачу я зрабіць ілюстрацыі да яе кнігі вершаў. Пазней Наста казала, што яна сумнявалася, бо сёння, можа, не ілюструюць паэзію, а стараюцца выдаць маленькі зборнічак, які будзе больш танным. А я на прапанову адрэагавала вельмі эмацыйна, што вось я сяджу і чакаю менавіта на гэтую замову. Не прайшло і тры гады, як выйшла кніжка.
― Вам трэба было пагрузіцца ў гэтыя вершы, знайсці ў іх нейкі парадак. Што вяло: выяўленчы ці паэтычны сюжэт? Што гэтую кніжку структуравала?
― Перш, чым пачаць маляваць, я думала дзесьці месяцы два над тым, як яна павінна выглядаць. Мне не хацелася проста зрабіць карцінкі, якія б паказвалі, што ў тых вершах дзеецца. Не хацела, каб ілюстрацыі былі нейкім дадаткам. Тым больш, што гэта быў мой дэбют, і мне хацелася ўкласціся максімальна і зрабіць штосьці нязвыклае. І пасля двух месяцаў разважанняў, чытання вершаў прыйшла ідэя з'яднаць кнігу вобразам дарогі. Я задумала графічны аповед пра тое, як лірычны герой падарожнічае са старонкі на старонку.
З'яўляецца на пачатку кнігі і там гучыць яго споведзь, пазней ён пачынае ісці, даходзіць да сярэдзіны, пасярэдзіне ў кнізе кульмінацыя.
Характар малюнкаў таксама мяняецца ― напачатку яны спакойныя, пазней набываюць напружання і займаюць усё больш месца на аркушы. І вось пасярэдзіне здараецца рай: там дрэва, Адам і Ева пад дрэвам. І я знайшла два вершы пра каханне, пра ідэал, дзе аўтарка, амаль як у Гётэ, просіць спыніць імгненне.
...ні глыбіняў не хачу, ні высяў ―
мне б вось тут пажыць яшчэ хоць раз!
не спяшай, прашу цябе, спыніся,
час...
Але з гэтага раю герою даводзіцца сысці. Ён зноў ідзе, губляецца, адпачывае, шукае адказаў. Напрыканцы, дзе ён выходзіць з кнігі, ёсць верш Насты як адказ на пытанні «Як жыць?», «Куды ісці?» Адказ такі, што трэба проста ісці.
...слухаць, як туліцца восень да ног сонным лісцем,
проста ісці,
бо дарога і ёсць выйсце.
Наста мне дала поўную свабоду, і я змагла рэалізаваць усё задуманае. Мусіла падпарадкаваць вершы гэтай канструкцыі, то-бок выбраць вершы, якія б гэтаму вобразу дарогі адпавядалі.
Нягледзячы на параду калегаў «Ілюструй класікаў, бо яны табе нічога не скажуць», з Настай вельмі добра працавалася.
― Кніга рабілася тры гады, аднак у ёй ёсць і даволі свежыя вершы...
― Яна падкідвала мне вершы падчас працы. А я іх у гэтую структуру кампанавала.
― Якая была яе рэакцыя на ваш эксперымент?
― Яна марыла, каб яе вершы былі праілюстраваныя. І не думаю, каб яна марыла, каб хтосьці дакладна намаляваў усё тое, што ў вершы адбываецца.
― То бок у вас атрымаліся паралельныя гісторыі?
― У нейкім сэнсе паралельныя, але ўзаемадапаўняльныя.
― Давайце звернемся да тэхнічных пытанняў. Што ў вас за мастацкая тэхніка, як вы працуеце? Як дасягаеце такіх нюансаваных пераходаў паміж тонамі і фактурамі ў вашых творах?
― Усё вельмі проста: гэта самая звычайная туш і самая звычайная папера. Аднак часам бяру крэйдаваную паперу, каб было лягчэй нешта змяніць. Бо я не працую ў лічбе, таму калі мне штосьці не падабаецца, проста бяру новы аркуш. Я выкарыстоўваю вельмі розныя інструменты, каб маляваць, таму што туш магічная. Яна можа быць сухой, можа быць вадкай ці паўсухой. Можна маляваць пэндзлем, асадкай, губкай. Мне здаецца, што гэта самы эластычны матэрыял.
― Вас прываблівае менавіта ручная графіка, не друкаваная?
― Некалі мае малюнкі нагадвалі афорты, бо раней я не мела магчымасці працаваць у гэтай тэхніцы. На сённяшні дзень, калі я ўжо маю станок для друку, працую ў тэхніцы тушы. Ужо каля пятнаццаці гадоў. А калі так шмат гадоў працуеш, тэхніка пачынае з табой гаварыць і адкрываць нейкія свае таямніцы.
― У вашых графічных творах своеасаблівы гарызонт, бо кропкамі прыцягнення рэчаў і персанажаў неабавязкова з'яўляецца зямля. Што вы выбудоўваеце на гэтым аркушы, каб твор склаўся, чаго вы шукаеце ў яго прасторы?
― Я пачынаю працу з паветра. Стараюся схапіць настрой у гэтым паветры, перадаць напружанне. Часам малюю без накідаў, каб выява нарадзілася сама, выбралася з гэтага паветра.
― А якія сюжэты ў вас пераважаюць у тых творах, якія робіце не на замову: больш звязаныя з горадам, з цывілізацыяй ці з прыродай?
― Розныя. Напрыклад, я люблю падарожнічаць, захапляюся архітэктурай. У кожным падарожжы стараюся схапіць настрой горада, каб пазней глядзець на малюнкі як на дзённік з успамінамі.
З іншага боку, я жыву ў лесе, таму стараюся занатаваць прыроду. І ў маіх працах з галавы ўсё ж пераважае прырода, бо гэта і мае ўспаміны з дзяцінства, з жыцця ў бабулі ў вёсцы.
― Вы працуеце цыкламі ці адзінкавымі працамі, калі не на замову?
― Зараз усё больш стараюся працаваць серыямі і цыкламі. Таму што мне ўжо мала адной працы, каб распавесці. Таму сюжэт пераліваецца з твора ў твор.
Зараз я ўжо трэці год працую над сваёй кнігай. Вельмі павольна, бо калі штосьці не падабаецца, перарабляю. Магу зрабіць шэсць варыянтаў аднаго развароту, таму што ўвесь час шукаю найлепшага вырашэння…
― Які павінен быць імпульс, прычына, каб распачаць новую працу? Візуальнае ўражанне? Ці вы нешта прачыталі? Нешта адчулі?
― Вельмі розныя рэчы ўплываюць.... Зімой асабліва кранаюць пейзажы, якія самі па сабе графічныя творы, калі белы снег ляжыць як белы аркуш. Накіды, якія раблю падчас падарожжаў, часам перарастаюць у графічныя цыклы і нейкія гісторыі.
― Наколькі сёння магчыма зарабіць сваім графічным мастацтвам?
― Шчыра кажучы, гэта быў наш свядомы выбар з мужам. Мы вырашылі быць, а не мець, не гнацца за грашыма, не жыць у вялікім горадзе ў цэнтры Варшавы, каб увесь час думаць, як зарабіць на гэтую магчымасць жыць у горадзе. Параўноўваючы наша спакойнае жыццё з жыццём нашых знаёмых паспяховых творцаў, якія жывуць у горадзе, бачым, што жывём значна спакайней, павольней. У нас ёсць час падумаць, прайсціся, азірнуцца.
Мы гэта вельмі цэнім.
Я заўсёды пра гэта расказваю, калі на майстар-класах людзі пачынаюць распытваць, як я магу рабіць графічную кніжку так доўга? Тры гады праект не аплачваецца. Так, тры гады раблю кніжку і магу сабе дазволіць. Бо мы не гонімся за нечым, а жывём проста.
― Вялікая перавага для сучаснага мастака, што ёсць інтэрнэт...
― Так, мяне вельмі здзіўляе, што людзі праз халодны экран могуць закахацца ў нейкую працу і знайсці ў ёй нешта сугучнае ўласнаму свету.
Святлана Дземідовіч у сацсетках - Instagram, Facebook, Behance.net