Мастак сцвярджае, што ўся гэта серыя – пра адзіноту і пра пакуты: нібы выкінутыя на вуліцу людзі, сточаныя дэталі аддзяляюцца ад вялікага механізму і становяцца непатрэбнымі. Адначасова яны выглядаюць і па-чалавечы няшчаснымі, і механістычна-жудаснымі, чалавечае і механічнае яднаецца ў формах даволі злавесных. Час разбурыў важныя сувязі, згрыз фрагменты і ператварыў гэтыя механізмы ў загадкавыя, незвычайныя ды ірацыянальныя прадметы, якія набылі амаль чалавечыя разломы і надломы, сталі аб'ектам творчай гульні і далейшых трансфармацый дзіцячых уражанняў, якія для аўтара становяцца стартавым спускам мастакоўскай вобразнасці.

Мастак Іван Семілетаў выкарыстоўвае жывапіс як сродак фіксацыі неназваных пачуццяў, як спосаб захаваць тое, што хутка з'яўляецца ды імгненна знікае. Адсюль і характэрны метад стварэння карцін – тонкая каларыстычная пабудова, мігатлівыя паверхні, усвядомленыя разрывы малюнка, які часам імітуе сюррэалістычнае пісьмо ў спробе абвесці сілуэты ірэальных існасцяў. Паверхні ўвасобленых прадметаў становяцца багатай крыніцай вобразнасці, утрымліваюць складкі, разломы, намёкі, так ствараецца паралельны і самастойны аповед на мяжы фігуратывізму і абстракцыі.
Сюжэты гэтых твораў ад пачатку маскіруюцца як няпэўныя і няўстойлівыя. Сутнасць шматслойнага паведамлення, зашыфраванага ў карцінах, мастак канцэнтруе ў персанажах. Наколькі б абстрактнай ні здавалася выява, фантазійны і чытэльны персанаж з большай ці меншай настойлівасцю будзе весці свой уласны аповед. Нават у нацюрмортах ці краявідах выявы блізкія да антрапаморфнасці і напружана транслююць кожны сваю эмоцыю.
У знакавай для Семілетава серыі "Пакуты механізмаў" мадэль, што адначасова нагадвае і заводскі механізм, і намякае на вобраз чалавека, становіцца галоўным сродкам прачытання гэтых твораў, часткай драматычнай гульні, якую мастак вядзе з гледачом.
Іван пачаў працаваць над гэтымі творамі яшчэ падчас вучобы ў Беларускай акадэміі мастацтваў пад уражаннем ад Шонберга, Сартра, Камю. "Гэтая серыя пра жывое і нежывое. Пра механічнае і духоўнае. У кожным чалавеку ёсць нешта механічнае і ёсць духоўнае. І сучасны свет часта ператварае чалавека ў механізм", – тлумачыў мастак канцэпт свайго праекта.
Мастакоўскі прыём, рэалізаваны ў карцінах, выглядае даволі простым: аўтар малюе прадметы, старыя механізмы – і на іх паверхнях, у іх формах пазначае яшчэ адзін пласт выяў: у выглядзе фрагментаў чалавечых твораў ці іншых аналагаў з расліннага ці жывёльнага свету. Важна, што ў аснове гэтых вобразаў – жывыя дзіцячыя ўражанні, звязаныя з вылазкамі на стары закінуты завод. Творца згадвае, што ў дзяцінстве з сябрамі ноччу гуляў у Мінску па заводзе Кірава, а вялізныя цэхі з высокімі столямі нагадвалі яму храм. Яму здавалася, што рэшткі індустрыяльных прадметаў вядуць сваё незразумелае жыццё. А аднойчы старая прамысловая выцяжка – як вялізная жывёла – уключылася і засталася ў памяці велічэзнай пачварай, што сабралася праглынуць нязваных гасцей.
Праграмны трыпціх серыі мастак назваў "Таемнае жыццё прадметаў", на ім ён увасобіў тое, што адбываецца ў той момант, калі чалавек пакідае завод: рэшткі механізмаў пачынаюць жыць сваім жыццём, труба ператвараецца ў птушку, з'яўляецца твар, праз падлогу і столь прарастаюць незвычайныя кветкі.
Закінутая заводская прастора нагадвае турэмную камеру: закратаваныя вокны, белая кафельная плітка і рагі бруднай іржы ўзмацняюць уражанне, ствараючы адчуванне небяспекі і адзіноты.
Мастак сцвярджае, што ўся гэта серыя – пра адзіноту і пра пакуты: нібы выкінутыя на вуліцу людзі, сточаныя дэталі аддзяляюцца ад вялікага механізму і становяцца непатрэбнымі. Адначасова яны выглядаюць і па-чалавечы няшчаснымі, і механістычна-жудаснымі, чалавечае і механічнае яднаецца ў формах даволі злавесных. Час разбурыў важныя сувязі, згрыз фрагменты і ператварыў гэтыя механізмы ў загадкавыя, незвычайныя ды ірацыянальныя прадметы, якія набылі амаль чалавечыя разломы і надломы, сталі аб'ектам творчай гульні і далейшых трансфармацый дзіцячых уражанняў, якія для аўтара становяцца стартавым спускам мастакоўскай вобразнасці.
Трыпціх тонка вырашаны па каларыце, тры карціны яднае матыў белай пліткі. Але гэты банальны пліткавы фон ператвараецца ў складаную і эстэтычную паверхню, з гульнёй цёплых і халодных адценняў, губляе стэрыльнасць, пэцкаецца, трэскаецца, падтрымліваючы ў занядбанасці і адзіноце дзіўных персанажаў. Сюррэалістычны сюжэт твораў пераканальна матэрыяльны – як каляровы сон ці навязлівы ўспамін, што жыве ў памяці мастака з часоў дзяцінства: стэрыльнасць белай кафлі ў дзіцячых садках і школах, працэдура вырывання адэноідаў таксама сярод гэтай белай кафлі і яшчэ шмат чаго старанна забытага і малапрыемнага – усё гэта адбілася, як у люстэрку, у гэтых карцінах.
Аднак надзея ўсё ж застаецца: у цэнтральнай частцы трыпціха мы бачым акенца, а за ім – фрагмент пяшчотнага неба.
Развіваюць тэму трыпціха і творы пад аднайменнай назвай. У "Таемным жыцці прадметаў – 4" аўтар адыходзіць ад паўнамёкаў і пераходных форм і стварае з закінутых механізмаў кветкі. Зробленыя з металу, нібы звараныя рукой майстра-ўмельца, запэцканыя, як і навакольнае нейтральнае асяроддзе, крывавай іржой, яны выглядаюць сведкамі ці непасрэднымі ўдзельнікамі нейкага жудаснага злачынства, страчанага ў часах і забытага з прычыны даўнасці. Толькі мастак, бадай, ведае, якое злачынства ён неўсвядомлена раскрыў. Магчыма, на характар гэтага твора паўплывалі аповеды яго бабулі пра рэпрэсіі, пра тое, як раскулачылі яго прадзеда і выкінулі зімой з сям'ёй у лесе. Увесь жах злачынстваў, якія здзяйсняла савецкая ўлада, адбіўся ў карцінах не наўпрост – а ў адчуваннях, выйшаў вонкі праз гэтую крывавую ржу.

Большасць работ серыі – манахромныя і малаапавядальныя. Кампазіцыйна творы выбудаваны як партрэты. Антрапаморфнасць адзінокіх, забытых і занядбаных герояў палотнаў падкрэсліваецца назвамі, у якіх часта паўтараецца слова "погляд" – спынены, сумны, застылы.
Партрэтнасць адгадваецца па асацыяцыі. Дзірка замест рота сімвалізуе крык, чытаюцца і вочы. Палатно "Настальгія па жывым", у якім форма балансуе паміж абстракцыяй і падабенствам, – магчыма, самае драматычнае ўвасабленне адчаю. Разлом форм і пачуццяў, перададзены праз вобразы механізмаў, з'яўляецца пераносам чалавечых эмоцый. Калі б гэтыя эмоцыі былі ўвасобленыя ў фігуратыўным чалавечым партрэце, атрымаўся б кіч, фальшыўка. Усю жудасць, закладзеную ў мастакоўскім паведамленні, прынялі на сябе нежывыя рэчы. Гэты прыём пераносу вызваляе мастакоўскую эмоцыю і аўтарскі жэст, разнявольвае і гледача, які можа інтэрпрэтаваць любы твор з любога пункту погляду.
Напрыклад, са стылістычнага – згадаўшы сюррэалістаў і футурыстаў, крыху дадаістаў з іх ніякаватымі механістычнымі гульнямі. Гуманістычнага – пранікнуўшыся мастакоўскім пачуццём. Ці навуковага – паспрабаваўшы разгадаць страчаныя функцыі і разарваныя ланцужкі сувязей. Або псіхалагічнага, асэнсоўваючы тое, як лагічнае халоднае, упарадкаванае і механістычнае ператвараецца ва ўражлівае ірацыянальнае і жудаснае.
Аднойчы калега-мастак, углядаючыся ў новыя работы Івана, сказаў яму: "Хутка пачнеш ствараць скульптуры".
Серыю "Механізмы, якія пакутуюць" Іван Семілетаў паказаў у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Выстава называлася "Сінтэз" з канкрэтнай прычыны: мастак прадэманстраваў і жывапісныя палотны, і іх квінтэсэнцыю – унікальны гукавы арт-аб’ект, дызайнерскую акустычную сістэму, у якой дзве акустычныя канструкцыі, з'яднаныя гукам, вырашаны ў выглядзе персанажаў карцін.
Такім чынам мастак сумясціў сваё хобі, электроніку, з жывапісам.
"Электроніка, – тлумачыў аўтар, – была патрэбная, каб збіраць простыя прыстасаванні і рамантаваць побытавую тэхніку, але ў нейкі момант я захапіўся класічнай музыкай і патрэбы для гукаўзнаўлення сталі расці. Спачатку збіраў простыя акустычныя канструкцыі, скрыню з шасцю сценкамі, потым мне захацелася нечага незвычайнага, і я распрацаваў сваю дызайнерскую акустычную сістэму".
Кола, такім чынам, замкнулася, і нешчаслівыя маўклівыя персанажы набылі новую функцыю: сталі праваднікамі музычных гукаў.