Мастак Андрэй Духоўнікаў закончыў у Віцебску мастацка-графічны факультэт Віцебскага універсітэта і застаўся ў горадзе - жыць, працаваць і тварыць.
Віцебск захапіў Андрэя Духоўнікава сваёй атмасферай, мясцовай гісторыяй авангарда і стаў галоўнай тэмай, аб'ектам і фармальным прыёмам яго графічных аркушаў і жывапісных палотнаў.
Ад рэалістычных замалёвак, што падабаліся шматлікім турыстам, мастак перайшоў да больш фармальных рэчаў - складанай рытмікі твораў, пошуку кампазіцыйных прыёмаў, адпаведных пагорыстаму гарадскому рэльефу, максімальна ёмістых колераў, формаў, што складаюцца ў дынамічныя архітэктурныя формулы.
Формулы горада Андрэя Духоўнікава вызначаюцца многімі фактарамі. Напрыклад, прысутнасцю ці адсутнасцю чалавека. Звычайна чалавек у яго працах - проста знак, крыху больш няпэўны, чым дарога ці будынак. Аднак часам чалавек пачынае ўплываць на краявід вакол сябе. А часам людзі і будынкі падаюцца мастаком структурна аднароднымі і абрыс цела становіцца працягам сцяны. Такі любімы сярод мастакоў кантраст біянічнага і геаметрычнага губляе сваю канфліктнасць і становіцца аўтарскім метадам і часткай агульнай структуры, якая парадкуе ўсё - завіток валасоў, капялюш на галаве героя, галінку дрэва і гарадскую архітэктуру.
Пры ўсёй стылістычнай выверанасці гэтых кампазіцый яны даволі разнастайныя па форме ўвасаблення. Ёсць сюжэтныя, што нагадваюць гарадскія замалёўкі, ёсць сімвалічныя, ёсць больш абстрактныя, строга выбудаваныя паводле законаў фармальнай кампазіцыі. І пачынае мастак свае творы таксама заўсёды па-рознаму: часам ідзе ад плямы, часам ад абрысу, часам ад структуры. Галоўнае, што яднае гэтыя творы, - тонкі баланс, дынамічная лінія, уважлівасць і мастакоўская пазіцыя - крыху адстароненага, але неабыякавага назіральніка, які толькі робіць выгляд, што ён не ўлучаны у свае захапляльныя гісторыі.
Інтэрв'ю з Андрэем Духоўнікавым чытайце ў раздзеле АРТ