4 снежня 2024 году беларуская выцінанка была ўключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА
Хто ж не памятае папяровыя сняжынкі са школьных часоў? Але што гэта за традыцыя
на самой справе? Гэта выцінанка –
беларускае мастацтва выразання ўзораў з паперы. Паразмаўлялі з Вольгай Palunisa, вядомай мастачкай беларускай выцінанкі,
пра асаблівасці гэтага мастацтва ў Беларусі,
а таксама склалі з ёй парады для тых, хто сёлета плануе ўпрыгожыць выцінанкай свой дом.
Што такое выцінанка
У Беларусь выцінанка прыйшла бліжэй да XVI стагоддзя. Пачалося ўсё з кустодыі – аздобы для аховы пячатак з сургучу на дакументах, якую выразалі пісары:
– Такую папяроваю выразку першапачаткова маглі дазволіць сабе толькі магнаты, – тлумачыць Вольга. – Пазней, папера стала пашырацца. З Заходняй Еўропы ў Беларусь прыйшло сілуэтнае выразанне. Гэтым пачынае ўжо карыстацца шляхта: жанчыны, напрыклад, свае альбомчыкі ўпрыгожваюць выцінанкай. Да нашых часоў дайшло рэха таго традыцыйнага сілуэтнага выразання. Напрыклад, на Віцебшчыне я ўбачыла хатні алтарык, у выглядзе дамка, дзе размешчаны такі рэлігійны сюжэт, выразаны з чорнай паперы. Там такія анёлкі лётаюць, крыжык стаіць. Гэта вось такое рэха той шляхецкай традыцыі.
Калі папера стала даступна для ўсіх, выцінанка ператварылася ў папулярнае хатняе ўпрыгожванне. Апошні росквіт выцінанкі назіраўся ў 1940-50-ыя гады. Пасля гэтае мастацтва амаль што знікла. Толькі ў 1980-х выцінанка пачала адраджацца, паступова вяртаючы сабе папулярнасць. Адраджэннем мастацтва выцінанкі займаліся майстры, развіваючы новыя элементы і стылі. І вось 4 снежня 2024 году беларуская выцінанка была ўключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА:
– У 1980-90-ыя ніхто практычна выцінанкай не займаўся, толькі адзінкавыя мастакі. У 2000 годзе я была адна з выцінанкай на Славянскім базары. Я ўсім тлумачыла, што такое выцінанка. Але я казала, што хачу, каб наша выцінанка стала беларускім брэндам, як калісьці была беларуская саломка. Тады ніколі б не падумала, што тое сапраўды здарыцца, асабліва пры маім жыцці.
Пасля 4 снежня мне вучаніца расказала, што ехала ў транспарце ў Мінску і ўбачыла дзвюх дзяўчын. Яны размаўлялі: «Ты чула, што выцінанку ўключылі ў ЮНЭСКА? – Так, чула. А ты ведаеш, што такое выцінанка? – Не, давай паглядзім!» Так што, вядома, такія падзеі таксама падымаюць цікавасць да выцінанкі. І гэтая цікавасць мэтанакіраваная. Яна ўстойліва павялічваецца. Успомніце Еўрапейскія гульні, калі білборды былі ў выцінанцы. Потым цікавасць пайшла далей, але чаму? Бо выцінанка не патрабуе нейкіх спецыяльных матэрыялаў.
Я ўвогуле лічу, што мы павінны мэтанакіравана развіваць нашу культуру. І калі мы гэта ўсвядомім, калі хоць пяць адсоткаў людзей будзе ствараць свае традыцыі самастойна, у нас будзе развівацца культура. Бо тры адсоткі інтэлігенцыі развіваюць грамадства. І калі мы знойдзем гадзінку на месяц на традыцыі, гэта ўжо будзе такі крок. Бо нікому, акрамя беларусаў, беларуская традыцыя непатрэбна.