BY
па-беларуску
Ала Савашэвіч. Форма памяці і часу

Ала Савашэвіч. Форма памяці і часу

1.ala savashevich, widok wystawy indywidualnej _1374_, eastcontemporary, milan, 2024
2.ala savashevich, nadzia przy pracy, wystawa indywidualna _1374_, eastcontemporary, milan, 2024
3.ala savashevich, szyjcie same, wystawa indywidualna _1374_, eastcontemporary, milan, 2024
4.ala savashevich, duch, wystawa najlepszych dyplomów “my’17”, bwa wrocław, 2018
6.ala savashevich, widok wystawy indywidualnej “broń i chroń”, 66p subiektywna instytucja kultury, wrocław, 2023
9.ala savashevich, lilie, z cyklu tarcze, intarsja słomiana, 2023
13.ala savashevich, Ćwiczenie jest techniką, wystawa „nie czas żałować róż, gdy płoną lasy”, op enheim, wrocław, 2024
12.ala savashevich, róża bez kolców, 2023
14.ala savashevich, lekka materia, ciężka praca, wystawa _druga skóra_, cmw, Łódź, 2023
15.ala savashevich, dwa portrety, wystawa „daj nam dziś...”, galeria arsenał, białystok, 2021
5.ala savashevich, nieznany, wystawa “nagi nerw”, bwa wrocław, 2021
8.ala savashevich, widok wystawy indywidualnej “broń i chroń”, 66p subiektywna instytucja kultury, wrocław, 2023
11_when-edges-jab-harder-1
10 when-edges-jab-harder-4
16 can-one-guess-what-will-have-to-be-remembered-1

Ала Савашэвіч — беларуская мастачка, якая з 2014 года жыве ў Польшчы. Вывучала скульптуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску, закончыла Акадэмію выяўленчага мастацтва імя Эўгеніюша Гепэрта ва Уроцлаве, зараз вучыцца ў дактарантуры Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве.

Мастачка працуе з тэмамі калектыўнай памяці і фарміравання ідэнтычнасці ў грамадствах з вопытам аўтарытарызму і патрыярхату. Апошнія яе праекты прысвечаны гендарнай дыскрымінацыі жанчын і іх нябачнай працы ў патрыярхальным грамадстве. Яна пераасэнсоўвае ролю жанчын у гісторыі праз прызнанне іх працы, як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай.
 

Фота: Войтэк Хрубасік

- Вы вучыліся ў Акадэміі мастацтваў у Беларусі і Польшчы. Гэта вельмі адрозныя сістэмы адукацыі. Як вы спалучылі гэты досвед: акадэмічную адукацыю з грунтоўнай практыкай малюнка і скульптуры, і канцэптуальную, дзе ставіцца найперш задача, а пасля шукаюцца адпаведныя сродкі выражэння і матэрыял, праз якія гэтую задачу трэба вырашыць? Што перашкодзіла, што дапамагло вам як творцу ў гэтых двух навучальных сістэмах?

- Я стараюся браць усё магчымае з кожнага свайго досведу. Але з Мінску я з'ехала менавіта таму, што хацела атрымаць еўрапейскую адукацыю. Спрабавала паступіць у Акадэмію ў Парыжы, але ў мяне тады не было моцнага партфоліа. І падчас вучобы ў беларускай акадэміі я паехала па абмену ва Уроцлаў, дзе была вельмі добрая тэхнічная база. Мы таксама займаліся малюнкам, скульптурай, але менш, чым у Мінску, аднак праграма тут была больш разнастайнай. Напрыклад, у мінскай акадэміі ў мяне не было магчымасці паказваць рэчы па-за праграмай. А тут я магла выбіраць інструменты свайго выказвання.

Падыход да адукацыі ў Польшчы больш пластычны.

Аднак мне не хапіла канкрэтных ведаў: як рыхтавацца да выставы, прадумваць яе бюджэт, запаўняць конкурсныя і грантавыя паперы і як працаваць на арт-рынку. Цяпер я бачу, што ўжо з'явіліся нейкія праграмы, у рамках якіх праводзяцца сустрэчы з куратарамі, галерыстамі і іншымі дзеячамі культуры.

- І ўсё ж: што беларуская Акадэмія вам дала?

- Харошых сяброў, стасункі і асновы прафесіі. Я навучылася малюнку, атрымала базавыя навыкі, але ў сучасным свеце гэтага недастаткова. Важна навучыць яшчэ і канцэптуальнаму мысленню, уменню крытычна падыходзіць да праблем. У беларускай акадэміі хутчэй было наадварот: над студэнтамі ўсталёўваўся ідэалагічны кантроль.

- У разнастайных самапрэзентацыях вы падкрэсліваеце, што на вашу творчасць моцна паўплывала постсавецкае мінулае. Фактычна, яно стала для вас даволі плённым досведам, які вы пастаянна перапрацоўваеце…

- Я выхоўвалася ў акадэмічнай сістэме адукацыі, на строгіх законах пабудовы кампазіцыі і дакладнасці іх рэпрадукавання. Гэтыя законы нібы ўбудоўваліся ў нашу свядомасць, бо існаваў ідэальны ўзор, да якога трэба было імкнуцца. Як сказана ў маёй прэзентацыі на платформе Secondary Archive: «Мы былі гамагеннай масай, з якой можна было фармаваць такіх самых, як і ранейшае пакаленне, мастакоў і мастачак».

Я ўвабрала ў сябе гісторыю савецкай скульптуры, мы бясконца ляпілі нейкія галовы і манументы. Савецкі Саюз ужо распаўся, а мы нібы пастаянна ў ім знаходзіліся.

Да таго я ездзіла ў Францыю і пасля вяртання бачыла, наколькі іншая ў нас адукацыя. Вывучэнне гісторыі мастацтва мы закончылі пачаткам ХХ стагоддзя і не прасоўваліся далей. Сябры з Францыі пастаянна пыталіся ў мяне, навошта я ляплю столькі галоў з гліны. Гэтая праграма нібы і не мянялася ніколі.

- То-бок ваш свет фармаваўся на кантрасце. Вы бачылі, што вы загразлі ў гэтым саўку асабліва пасля вандровак у Еўропу. Магчыма з гэтага кантрасту і выраслі інтэнцыі вашых праектаў?

- Я б не была тым, кім я ёсць, калі б не прыехала сюды вучыцца і не змагла паглядзець на сябе з іншага боку. Тут, на прыкладах польскіх і еўрапейскіх  мастакоў, я ўбачыла чым ёсць сучасная скульптура, як яна адпавядае духу сучаснасці, а не старым ідэалагічным канструктам.

- У сваёй дыпломнай працы вы выкарысталі тканіну, праз якую вырашалі складаную гістарычную тэму.

- Вучоба ва Уроцлаве, размовы з сябрамі вельмі моцна на мяне паўплывалі. І пасля вяртання ў Мінск я пачала пераасэнсоўваць прастору, у якой выхоўвалася, і разумець, як гэта прастора на мяне паўплывала. І сам горад, і яго манументальныя помнікі.

Да дыплома я прыйшла паслядоўна. Спачатку на пераддыплом зрабіла эскізы: паспрабавала «зняць» з помніка Якубу Коласу паліто. То-бок сшыла яго з тоўстай тканіны. У беларускай акадэміі я працавала з металам, каменем. А ў Польшчы мне прапанавалі выйсці за гэтыя рамкі і паспрабаваць іншыя матэрыялы.

І я тады пачала працаваць з мяккім матэрыялам.

- То-бок ідэя дэканструкцыі савецкага манумента запатрабавала такога незвычайнага матэрыялу?

- Гэтак заўсёды адбываецца: у мяне з'яўляецца ідэя, я пачынаю яе ўвасабляць, і падчас працы высвятляецца, што не толькі сам працэс уплывае на мяне і на канчатковы вынік, але і той матэрыял, з якім я працую.

Напрыклад, я рабіла фартух з металічных колцаў. У гэтым творы я разважаю пра цяжар адукацыі. Калі я яго рабіла, працавала цэлы месяц ― з раніцы да вечара. У мяне балела ўсё цела: плечы, спіна і рукі. Напачатку я думала, што зраблю з гэтым фартухам перформанс, але ў выніку стала відавочна, што мне нават яго апранаць не трэба, таму што ўвесь цяжар гэтай гісторыі з савецкай адукацыяй нібы ўвасобіўся, перадаўся праз працэс вырабу твора.

А ў сваім дыпломе я выбрала матэрыял, які за нейкі час знікне, бо лямец (войлак) некалі проста струхлее, аднак пад ім знаходзіцца металічная канструкцыя, якая застанецца. Той досвед, які мы набываем у раннія гады, так моцна ў нас укараняецца, што мы можам перапрацаваць яго, але не можам пазбыцца. Мы не можам пазбыцца сваёй гісторыі, свайго выхавання, гэта заўсёды будзе з намі.

- Туфлі з абцасам у выглядзе зоркі ― вашая першая праца пасля акадэміі ― даволі ясны і чытэльны вобраз. Наколькі адназначна яго інтэрпрэтуюць гледачы?

- Мне падабаецца той факт, што калі ў мастацтве ты падымаеш нейкую праблему і ствараеш даволі выразны вобраз, гледачы развіваюць яго адпаведна ўласнага досведу.
Я рабіла праект ― міні-выставу на прыпынках, у якім таксама паказала гэты абутак з зоркай. Таксама размаўляла з выпадковымі гледачамі пра творы ды запісвала іх уражанні. Для мяне ў гэтай працы ўвасобіўся аналіз майго мінулага і адначасова ― мой гендарны досвед. Але, напрыклад, жанчына на прыпынку сказала, што яна бачыць тут рэалізацыю ідэі пяці хвілін славы. Маўляў, кожны ў сваім жыцці хоча мець свае пяць хвілін славы.

 

Фота: Матэвуш Ліпіньскі

- З гэтым аб'ектам вы зрабілі відэа, ператварыўшы выказванне ў адназначна палітычнае.

- Так, адной з першых маіх прац, прысвечаных 2020 году, стала відэа «Аддам рамку для фатаграфіі». У ім я ў туфлях на абцасах станаўлюся на стул і здымаю партрэт Лукашэнкі са сцяны. Праўда, абцасы там звычайныя, не зоркавыя. У Беларусі ў дзяржаўных установах вісяць партрэты Лукашэнкі, і гераіня відэа яго здымае, аднак рамка можа яшчэ камусьці спатрэбіцца. Відэа я запісвала перад выбарамі.

Пасля гэтага я запісала яшчэ адно відэа, дзе я танцую ў мундзіры. Першая яго прэзентацыя адбылася 9 мая.

- Мундзір і сцяг ― такія ж сімвалы савецкага мінулага, як і зорка…

- Так, на маёй персанальнай выставе «Калі куты коляць мацней» з'яўляецца мундзір і сцягі. Тут я працую з эмоцыямі, якія ў мяне звязаны з канкрэтнай прасторай, з тым, што я памятаю з той прасторы, з тых дзяржаўных святаў. Тут увасобіліся мае ўражанні ад кантакту з аб'ектамі, прызначанымі нібыта ўпрыгожваць горад падчас дзяржаўных святаў.
І я думала пра іх як пра аб'екты, якія табе перашкаджаюць знаходзіцца ў прасторы. Але і пра тое, як яны ўплываюць на наша цела, як будуюць харэаграфію перамяшчэння і адаптацыі да горада. Бо іх эстэтыка вельмі агрэсіўная. А параднасць ― штучная, таму на сваёй выставе я размясціла па баках плюшавыя агні.

- Цяпер у варшаўскай галерэі «Захэнта» выстаўлена ваша вялікая чорная галава. Гэтая скульптура таксама звязана з актуальнымі палітычнымі падзеямі?

- Гэтая галава сталася своеасаблівым працягам майго дыплома. Раней у мяне ўсё пыталіся, дзе ж галава той загадкавай постаці. Цяпер жа пытаюцца, ці не ад таго помніка гэтая галава. Цікава, як мае працы паміж сабой перасякаюцца.

Я шмат назірала за падзеямі ва Украіне і памятаю, калі шукала інфармацыю пра знос помнікаў тут у Польшчы і ва Украіне, пастаянна заўважала факты, што чыюсьці галаву з помніка знайшлі ў траве ці яе спілавалі. Разважала пра дэмантаж, пра тое, чаму знос помніка пачынаюць з галавы.

- Як ад тэмы ўлады вы прыйшлі да тэмы жаночай працы?

- У сваёй творчасці я пачынала з разважанняў на тэму таго, як чалавек пачувае сябе ў постсавецкім грамадстве, і тэма жаночай працы неяк натуральна выйшла з гэтых разважанняў.

Памятаю, у акадэміях вучылася шмат дзяўчат, але ты бачыш, што ў мастацтве і іншых розных прафесіях яны сутыкаюцца з большай колькасцю праблем, чым хлопцы. Але сітуацыя таксама мяняецца, што мяне вельмі суцяшае. У гэтым плане вельмі характэрны мой праект «Ружа без калючак» на тэму прадукцыі і імпарту кветак. Я камунікавала з чалавекам, якія працаваў у Галандыі і патлумачыў, што вытворчасць руж заснавана на жаночай працы. Ружы там вырошчваюць ужо без шыпоў, пазбаўляючы іх галоўнага элементу, а я наадварот шыпы дадаю, толькі металічныя. Выраб гэтай кветкі абыходзіцца вельмі дарагім коштам, там і шмат працы, і шмат шкоды для экалогіі.

- То-бок шмат сацыяльных шыпоў у гэтай кветкі застаецца…

- Пасля я зрабіла праект «Лёгкая матэрыя ― цяжкая праца», дзе ўпершыню выкарыстала паклю, неапрацаваны лён. Я паўтарыла ў гэтым матэрыяле ўзор з брамы тэкстыльнай фабрыкі ў Лодзі, на якой працавалі звычайныя жанчыны, часта ― вясковыя.

Цяпер, на дактарантуры ў кракаўскай Акадэміі мастацтваў я вывучаю тое, як цела жанчын змяняецца пад уплывам цяжкай працы, пад уплывам часу і ў розных прафесіях.
Працэсы трансфармацыі ўвогуле займаюць вялікую ролю ў маім мастацтве. Напрыклад, ў апошнім маім праекце «Практыкаванне ― гэта тэхніка» я зноў працую з пакляй, з якой канструюю галовы. Гэтыя галовы, у якіх цяжка распазнаць гендар, натхнёныя партрэтамі са школьных альбомаў. І гэта зноў жа пра ўстаноўкі, якія нам навязвалі са школы і якіх вельмі цяжка пазбыцца.

Планую і далей з гэтым матэрыялам працаваць.

- Мне здаецца, што пакля як матэрыял вельмі плённы для манументальнай скульптуры ― ён пластычны і небанальны…

- Важна, што гэта матэрыял першародны, тое, з чаго пачынаецца тканіна. Ён праходзіць шмат этапаў апрацоўкі, падобных да таго, як фарміруецца асоба.

- У 2017 вы закончылі Акадэмію мастацтваў ва Уроцлаве, у 2019 годзе зрабілі першы самастойны твор. Каго ў якасці гледачоў вы тады разглядалі? Як планавалі сваё мастацкае жыццё: меркавалі ўліцца ў польскае арт-асяроддзе? Бо тады нічога не ўказвала на тое, што ў Польшчы з'явіцца такая вялікая беларуская дыяспара.

- Я ніколі не думаю пра тое, хто мой глядач. Стараюся працаваць універсальна, і кожны знойдзе сабе адказ у маіх творах. 

Але варта сказаць, што Польшча прайшла падобны да нашага шлях, і мае тэмы палякам зразумелыя.

Думаю, былі гледачы з Беларусі, якія заўсёды сачылі за тым, што я раблю. І пасля 2020-га я кардынальна не змянілася ў сваёй творчасці.

Хоць з іншага боку, калі я сюды прыехала, мне трэба было вывучыць гісторыю ды культуру Польшчы, таму ў пэўнай меры нейкая сацыялізацыя адбывалася. Аднак пасля падзей 2020-га мая беларуская ідэнтычнасць вельмі моцна ўмацавалася. Для мяне стала важнай і мая палеская ідэнтычнасць. Цяпер я асцерагаюся, што гэтыя ідэнтычнасці могуць разбурацца пад уплывам абставін, але мастацтва якраз і можа ўтрымаць і захаваць гэту форму памяці і часу.

*
Апісанне прадстаўленых у галерэі прац:

1. Фрагмент персанальнай выставы «1374». Мілан, 2024. Фота: Cristina De Paola, eastcontemporary.
«1374» - гэта колькасць гадзін, якія мастачка Ала Савашэвіч выдаткавала на стварэнне твораў для выставы. Падаўленне і нябачнасць, ад якіх гістарычна пакутавалі жанчыны, аўтарка трансфармуе праз тэму працы (у тым ліку мастацкай) у акт супраціву. Найбольш характэрным прыкладам гэтай трансфармацыі з’яўляецца твор «На галовах, руках, нагах» (справа), у якой жаночыя постаці, падобныя да грэчаскіх карыятыдаў, падтрымліваюць дах вялікага партала, нібы ўзятага з вясковай хаты.
Ваза злева («Дзяўчаты, куйце жалеза, пакуль горача») выканана з дапамогай саламянай аплікацыі і адлюстроўвае іканаграфію партала. Жанчыны на выявах занятыя працоўнай дзейнасцю, якая звычайна асацыюецца з мужчынамі.

2. «Надзя працуе». 2024. Фота: Cristina De Paola, eastcontemporary.
Выкананая ўручную мастачкай кальчужная стужка «Міс работніца» прымацоўваецца да аднаго з рэдкіх партрэтаў бабулі мастачкі, зробленага падчас бясконцых гадзін ручной працы. Створаная ў выніку працяглага працэсу стужка падкрэслівае рэальную нагрузку, якую нясе жаночае цела, выконваючы ролю, адведзеную жанчынам у грамадстве.

3. «Sew Your Own». 2022. Фота: Cristina De Paola, eastcontemporary.
Мастачка сплятае школьны савецкі фартух з тысячаў металічных дэталяў і ператварае яго ў сімвал, які ўвасабляе цяжар жаноцкасці, навязаны грамадствам. Аднак гэта таксама сімвал супраціву гвалтоўнай, патрыярхальнай «нармальнасці», якая пануе ў многіх сацыяльных інстытутах, такіх як сям'я або школа.

4. Дух. 2017. Фота: Ала Савашэвіч.
З бронзавай статуі Леніна ў горадзе Столін мастачка здымае касцюм. Звяртаючыся да гэтай другараднай дэталі і прыбіраючы цела палітычнага лідэра, Ала падымае тэмы калектыўнага савецкага мінулага, ідэалогіі і матэрыяльнасці.

5. Невядомы. 2021. Фота: Alicja Kielan, BWA Wrocław.
«У палітыкі няма сэрца. У яе ёсць толькі галава» - словы, якія прыпісваюцца Напалеону, літаральна ўвасабляюцца ў скульптурным праекце Алы Савашэвіч.
Адпраўной кропкай для стварэння скульптуры паслужылі сімвалічныя абезгалоўліванні помнікаў, факты, што неаднаразова з'яўляліся ў навінавых рэпартажах з розных перыядаў гісторыі і розных куткоў свету. Канцэпцыя яе новай працы раскрывае таямніцу зніклай галавы. Чаму развітанне пачынаецца з сімвалічнага пакарання, абезгалоўлівання ўжо «мёртвага» цела? Магчыма, гэты ўчынак цалкам аддзяляе нас ад непрыемных успамінаў і гісторыі, з якой цяжка змірыцца?

6, 8. Фрагмент персанальнай выставы «Барані і захоўвай», 66P, Вроцлаў, 2023. Фота: Małgorzata Kujda, 66P
Праект, які мае назву «Барані і захоўвай» прысвечаны жанчынам, іх нябачнай працы і трансфармацыі ролі жанчын у грамадстве. 

9. Лілеі. З цыклу «Шчыты». Саламяная інкрустацыя, 2023.  Фота: Małgorzata Kujda, 66P
У «Шчытах» Ала Савашэвіч злучае ваенныя, маскіруючыя ўзоры з выявай кветак ― жаночага сімвалу рэвалюцыі 2020 года. У кнізе «У вайны не жаночы твар» часта згадваецца тэма тугі па страчанай на вайне жаноцкасці і хатняй прыгажосці мірнага часу. Кветкі на вайне былі заменай гэтых якасцяў.

10. Мундзір. З персанальнай выставы «Калі куты коляць мацней», Art інкубатар, Сопат, 2022. Фота: Daria Szczygieł, Art Inkubator
Цела заўсёды будзе адпавядаць пэўнай форме, пытанне ў тым, як яно можа перастаць падпарадкоўвацца ёй і знайсці месца для рэгенерацыі і руху. Уніформа, прадстаўленая на выставе, з'яўляецца ўдасканаленай і фемінізаванай версіяй адзення, якое выкарыстоўваецца падчас парадаў высокапастаўленымі афіцэрамі беларускай арміі.

11. Сцягі. З персанальнай выставы «Калі куты коляць мацней», Art інкубатар, Сопат, 2022. Фота: Daria Szczygieł, Art Inkubator
Інсталяцыя складаецца з драўлянай канструкцыі са сцягамі, якая па сваёй форме адсылае да афармлення памяшканняў падчас масавых дзяржаўных цырымоній у Беларусі. Гэтая форма засталася ў памяці мастачкі як сімвал акцэнтаванай акупацыі грамадскай прасторы. Характэрнай рысай творчасці Савашэвіч з'яўляецца выкарыстанне лямцавых матэрыялаў, якія традыцыйна асацыююцца з жаночым рукадзеллем. Гэта адзін з матэрыялаў, які мастачка часта выкарыстоўвае для стварэння нестандартных формаў і ўзораў, у тым ліку буйнафарматных аб'ектаў.

12. Ружа без шыпоў. 2023. Фота: Ала Савашэвіч.
У гэтай працы мастачка факусуецца на вытворчасці і імпарце кветак. Ружы без шыпоў выведзеныя штучна, у працэсе «вытворчасці» яны пазбаўленыя свайго натуральнага ахоўнага элемента, гэтыя кветкі адказваюць чаканням спажыўцоў ― ідэальны знешні выгляд у любую пару года па максімальна нізкай цане. Для задавальнення гэтых патрэбаў вытворчыя працэсы часта даводзіцца размяшчаць у аддаленых кутках свету, што негатыўна адбіваецца на мясцовым і малым бізнэсе. Гэта прыводзіць да нераўнамернага размеркаванні гандлю, што ў асноўным выгадна транснацыянальным карпарацыям.
Савашэвіч устаўляе жывую кветку ў металічную канструкцыю, якая нагадвае шыпы. Пазбаўляючы яго вады, мастачка не падаўжае час памірання, яна дазваляе яму хутка завянуць. Мастачка задаецца пытаннем аб тым, які шлях праходзіць кветка, каб патрапіць да нас у рукі.

14. «Практыкаванне - гэта тэхніка». Выстава «Не час шкадаваць ружы, калі гараць лясы», OP ENHEIM, Вроцлаў, 2024. Фота: Alicja Kielan, OP ENHEIM
Калі мастачка працуе з кальчугай, то адчувае, што гэты матэрыял патрабуе цярпення і дысцыпліны, якім дзяўчынак вучаць у пачатковай школе. Неапрацаваны, мяккі, эластычны лён ― гэта матэрыял, якім лёгка маніпуляваць, мяняць яго форму.
«Практыкаванне ― гэта тэхніка», ― фраза ўзятая з кніжкі Мішэля Фуко ў раздзеле пра дысцыпліну: калі нешта паўтараць, гэта ператварае нас у аб'ект. Таму таго, што фармавала нас у дзяцінстве, цяжка пазбавіцца, яно становіцца стрыжнем, апорай, якія непрыкметна фармуюць маладыя розумы. Метафарай гэтай думкі ў працы аўтаркі становіцца лён-сырэц, які мастачка мацуе на кальчузе і з яго дапамогай стварае гіганцкія галовы, што нагадваюць партрэты са школьных альбомаў з аднатыпнымі прычоскамі.

14. Лёгкая матэрыя, цяжкая праца. Фота: NaWa, CMW
Браму на фабрыцы тэкстыльнай фабрыкі ў Лодзі мастачка робіць далікатнай, лёгкай і бясформеннай. Яна выткана з пакулля, грубай сыравіны, пражы нізкай якасці. Замяняючы метал на валокны, мастачка перапісвае афіцыйную гісторыю, засяродзіўшыся на ўладальніках фабрык, вытворчых працэсах, тэхналагічных адкрыццях і статыстыцы. Яна звяртае ўвагу на асабістае, матэрыяльнае, індывідуальнае, на прыглушаныя галасы работніц, якія знаходзяцца на самым нізкім узроўні іерархіі.

15. Два партрэты. 2021. Фота: Maciej Zaniewski, Galeria Arsenał.
Традыцыя сустракаць важных гасцей хлебам-соллю вядомая з даўніх часоў. Пачастунак, прапанаваны на парозе дома, павінен быў усталяваць сяброўскія і даверлівыя адносіны паміж гаспадаром і госцем. У цяперашні час такія звычаі трансфармуюцца ў больш зручную ці нават менш прывабную форму. Эканамічная і палітычная нестабільнасць прымушае людзей пераязджаць з адной краіны ў іншую. Здараецца, што нас запрашаюць у месцы, дзе нам прапануюць, здавалася б, дружалюбныя ўмовы, але часцяком за запрашэннем і ілюзіяй добрага пачастунку хаваецца падробка.

16. Can one guess what will have to be remembered. Персанальная выстава. 2021. Maciej Zaniewski, Galeria Arsenał.
Усім нам знаёмае гэта пачуццё: прынамсі, раз у жыцці мы ўсе адчайна спрабавалі ўспомніць нешта важнае, у той час як аб'ект успамінаў супраціўляўся прымусовай інтэнцыяльнасці. У такія моманты пачуццё абсалютнага расчаравання і разгубленасці можна параўнаць толькі з атавістычнай страхам назаўжды страціць памяць, што аўтаматычна асацыюецца з бездапаможнасцю, выключэннем з чалавечай супольнасці і смерцю.
Сёння фраза «сцерці з памяці» азначае нешта большае, чым літаральнае выдаленне ўсіх візуальных запісаў мірных пратэстаў з лічбавых носьбітаў. Яна таксама адносіцца да працэсу ліквідацыі, дэпартацыі і асіміляцыі тых, хто прымаў у іх удзел. 
 

Глядзець больш
СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ
СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ

Выстава прац студэнтаў Сацыяльнай ўстановы дапамогі людзям з аўтызмам «Майстэрня Побач» 

Умоўныя межы Алеся Родзіна
Умоўныя межы Алеся Родзіна

«Эксперыментальны кантакт» ― выставачны праект памяці мастака ў Мінску

Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай
Краявіды ўнутраныя і невідавочныя. Кераміка Ганны Мядзведзевай

Выстава «Пейзажы» ў Арт-Цэнтры Марка Роткі ў Даўгаўпілсе

"Наш горад Мінск"

Выстава "Майстэрні Побач"

ЛАРЫСА.
ЛАРЫСА.

Выстава Васілісы Палянінай