Кожны год у ліпені Сацыяльная ўстанова дапамогі людзям з аўтызмам «Майстэрня Побач» праводзіць летнік для сваіх студэнтаў.
Летнік - гэта магчымасць для хлопцаў з аўтызмам быць у падтрымліваючым асяроддзі, дзе ёсць цікавы расклад дня, заняткі, прагулкі, паездкі і пікнікі. Дзе ёсць камунікацыя і магчымасць займальна бавіць час. Адсутнасць камунікацыі – адзін з асноўных дэфіцытаў у людзей з аўтызмам, а лета – той перыяд, калі заняткі ў школах і карэкцыйных цэнтрах заканчваюцца.
Для дзяцей вельмі важна знаходзіцца ў коле сваіх аднагодкаў і падчас канікулаў, каб не страчваць навыкі, якія былі набыты на працягу навучальнага года.
У летнім лагеры студэнты Майстэрні вучацца адаптавацца да нестандартных сітуацый, падарожнічаюць, малююць, гуляюць і даведваюцца шмат чаго новага.
Летнік - гэта таксама пра адпачынак для бацькоў.
Калі пяць гадзін у дзень на працягу ліпеня яны могуць быць спакойныя і не перажываць,
дзе іх дзіця з аўтызмам. Гэта глыток паветра і вольны час на свае справы і захапленні. Бацькі ведаюць, што іхніх дзяцей суправаджаюць цудоўныя людзі, кваліфікаваныя педагогі Майстэрні. Што ў іх добрая цёплая кампанія.
Летнік - гэта рух насустрач адзін аднаму
Ён важны не толькі для людзей з аўтызмам і іх сем'яў, але і для ўсяго грамадства. Чаму важны? Летнік дае магчымасць інклюзіўнага ўзаемадзеяння і дазваляе ў мяккай і талерантнай форме паказаць: не трэба баяцца тых, хто чымсьці ад нас адрозніваецца.
Баяцца, як правіла, невядомага. А калі дзіця з аўтызмам у кампаніі такіх жа хлопцаў, з суправаджэннем педагогаў, прыходзіць у кафэ, робіць заказ – гэта проста паказвае навакольным, што не варта хвалявацца. Што гэта проста людзі, якія сядзяць і чакаюць сваёй піццы. Складаней, калі ўзнікае такая сітуацыя, што іх паводзіны выбіваюцца з агульнапрынятых нормаў. Так, яны могуць пляскаць у ладкі, рабіць дзіўныя рухі рукамі. Але гэта не страшна. Так, гэта можа быць дзіўна, але не страшна.
Мы проста хочам паказаць, што чалавек з аўтызмам мае права жыць такім жа грамадска-сацыяльным жыццём, як і чалавек без аўтызму. А мы, звычайныя людзі, мусім такое права забясьпечыць. Гэта па-людску. Давайце быць дабрэй!
Летнік - гэта магчымасць для самаго грамадства стаць больш памяркоўнымі і прыязнымі
Лета — лепшы час для падарожжаў
У рамках летніка падлеткі шмат падарожнічаюць і
адчыняюць для сябе новыя месцы Беларусі. Яны
былі ў Нясвіжы і Мірскім замку, ездзілі ў Заслаўе,
Налібоцкую пушчу, Дукору і Дудуткі, Станькава і
Азярцо. Свае ўражанні яны адлюстравалі ў малюнках.
Падлеткі малявалі не толькі тыя месцы, у якіх
пабывалі, але і тыя, якія хацелі б наведаць.
Гэтыя падарожжы не толькі па мясцовасцях, але і па часе,
гістарычныя, этнаграфічныя адкрыцці, якія знаёмяць з
культурай нашай роднай краіны. Мы бачым прыгажосць,
гармонію, шукаем нешта асаблівае ў кожным
архітэктурным помніку, мы напаўняемся новымі
эмоцыямі, захапленнем і здзіўленнем... У падарожжах і
дарослыя і дзеці растуць і напаўняюцца ўражаннямі на
будучыню!
Падчас паездкі ў Заслаўе мы былі ў Музеі маляванкі. Усіх уразілі працы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Наша майстар па маляванні, Аксана Прэнц-Майсак, прапанавала рабятам стварыць свае карціны па матывах сюжэтаў маляванак і паспрабаваць свае сілы ў стылі наіўнага мастацтва.
У выніку згаданых падарожжаў з‘явілася выдатная
серыя малюнкаў нашых студэнтаў, якую мы
назвалі «СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ».
Выставу прац «СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ» па выніках летніка Сацыяльнай ўстановы дапамогі людзям з аўтызмам «Майстэрня Побач» можна паглядзець у Віртуальнай галерэі.
Падтрымаць майстэрню можна, пералічыўшы любую пасільную для вас суму на дабрачынны рахунак МДГА "Майстэрня Побач" праз АРІП: дабрачыннасць, грамадскія аб'яднанні /Дапамога дзецям, дарослым/ Майстэрня Побач / дабрачынныя ўзносы / код паслугі 5249641. (ЕРИП-> Благотворительность, общественные объединения -> Помощь детям, взрослым -> Майстэрня Побач -> Благотворительные взносы | код услуги 5249641)