Інтэрактыўны спектакль “Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека” Сямейнага інклюзіў-тэатра “і” (СІТі-тэатра).

Інтэрактыўны спектакль “Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека” – яркая тэатральная пастаноўка беларускага Сямейнага інклюзіў-тэатра “i”. У спектаклі занята 175 артыстаў, з іх 65 чалавек з аўтызмам. 

Галоўныя персанажы спектакля – супярэчлівыя пачуцці, якія ў тыя ці іншыя моманты жыцця ахопліваюць кожнага чалавека: злосць, сум, цікавасць, крыўда, страх, радасць, задавальненне, віна. Спектакль забірае гледачоў у трывожны свет сталення, поўны невядомага і незразумелага, праводзіць праз пошук сябе і свайго месца ў гэтай вялізнай зменлівай прасторы. 

Сямейны інклюзіў-тэатра “і” паўстаў у красавіку 2016 года. Ірына Кісялёва - заснавальніца, рэжысёр і мастацкая кіраўніца і прадзюсар - Леанід Дынерштэйн стварылі Сямейны інклюзіў-тэатр “i”, які стаў першым і адзіным у Беларусі, дзе на сцэне граюць дзеці з аўтызмам. За простай фразай “граць на сцэне” стаяць гады карпатлівай працы, безумоўнай любові і прыняцця: “Ідэя стварыць інклюзіўны тэатр з'явілася дзесьці за два гады да яго фактычнага нараджэння, але тады грамадства было не гатовае. 
Сёння ўсё ўдалося – сумеснымі намаганнямі неабыякавых людзей і творчай прафесійнай каманды створана платформа, якая дазваляе не толькі рэалізоўваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, але і змяняць стаўленне беларусаў да праблемы аўтызму.”

Сямейны інклюзіў-тэатр “i” – гэта творчая прастора, дзе ставяць прафесійныя спектаклі для ўсёй сям'і. Сярод акцёраў тэатра – дзеці з аўтызмам. Гэта не проста Цэнтр вольнага часу для дзяцей з аўтызмам, а сур'ёзная творчая студыя. 
Ірына – чалавек з вялікім сэрцам, душа тэатра. Яна не можа прамінуць чужы боль. Калі ў студыю прыйшло першае дзіця з аўтызмам, то вынікі працы з ім былі вельмі добрыя. Бацькі сталі прыводзіць такіх дзетак усё часцей, займаліся яны бясплатна, тут асяроддзе роўных магчымасцяў. 

Чым раней паставіць дыягназ дзіцяці і пачаць з ім займацца, тым больш значных вынікаў можна дасягнуць. Дарослы чалавек з такім разладам можа жыць самастойна. Калі дзіця ўпершыню прыводзяць у тэатр, часцей за ўсё даводзіцца займацца з ім індывідуальна, потым яно адаптуецца і паступова прывыкае да групы. Усе хлопцы і дзяўчаты розныя, і да іх патрэбны індывідуальны падыход. Тры прыкметы, паводле якіх дыягнастуюць аўтызм, – парушэнне камунікацыі, сацыяльнага ўзаемадзеяння і стэрэатыповыя паводзіны (нешта ў паводзінах увесь час паўтараецца). 
Пастаноўкі сямейнага інклюзіўнага тэатра “i” – гэта не самадзейнасць, а прафесійная праца выкладчыкаў і артыстаў. З дзецьмі займаюцца вакалам, харэаграфіяй і акцёрскім майстэрствам. 
Сямейны інклюзіў-тэатр – праект для многіх незразумелы. 80% дзяцей, якія тут займаюцца, – здаровыя. Дзеці з аўтызмам разам з імі ставяць п'есы, спяваюць, іграюць на музычных інструментах. Як такі падыход дапамагае развязаць рэальныя праблемы дзяцей

Тэатр “і” дае магчымасць гэтым дзецям не замкнуцца ў сваіх кватэрах, а сацыялізавацца. Яны пачынаю размаўляць, лепей вучацца ў школе, перамагаюць на алімпіядах, раскрываюцца на сцэне! У будучыні гэтыя хлопцы і дзяўчаты змогуць прынесці рэальную карысць грамадству. 
А як дабрэюць здаровыя дзеці, якія займаюцца ў студыі! 
Гэта і ёсць сапраўдны інклюзіўны асяродак! І яго змаглі стварыць, такога няма нідзе ў Беларусі. 
Досвед, які назапасілі супрацоўнікі тэатра, яны ўжо перадаюць далей! Ірына Кісялёва стала кансультуе калег і педагогаў з Беларусі ды іншых краін. Да яе звяртаюцца не толькі людзі творчых прафесій, але і педагогі, якія займаюцца выключна з дзецьмі з аўтызмам. Яна лічыць, што галоўнае бачыць не дыягназ, а чалавека і талент! 
Нядаўна тэатрам зацікавілася дзіцячая студыя з Галандыі. Калегі з Брэста, Гомеля, Кіева ўжо наведвалі тэатр. А пасля гэтай сустрэчы ў Брэсце ўжо прайшлі першыя заняткі! 
— Вельмі важна, што людзі хочуць гэта рабіць. Наўрад ці дэфектолаг і лагапед стане рэжысёрам тэатра. А вось рэжысёр можа навучыцца працы з дзецьмі з асаблівасцямі і стварыць такі тэатр. І мы ёсць, каб дапамагчы, — расказвае Ірына. 
Ужо пяць разоў запар у Мінску праходзілі форумы “Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы”, што арганізуе Мясцовы дабрачынны фонд “Сямейны інклюзіў-тэатр “і”. Досведам сацыялізацыі дзяцей з аўтызмам праз мастацтва дзяліліся эксперты з Беларусі, Ізраіля, Канады, ЗША, Украіны. 

Форумы становяцца міжнароднай пляцоўкай па абмене досведам для педагогаў, псіхолагаў, цьютараў, бацькоў і спецыялістаў карэкцыйных цэнтраў, якія займаюцца стварэннем інклюзіўных праграм. Асноўныя тэмы для абмеркавання экспертаў – важнасць групавой творчасці, развіццё навыкаў камунікацыі праз жывыя зносіны, тэатратэрапія, асаблівы дызайн для асаблівых дзяцей, інклюзіўныя навучальныя класы і сяброўская атмасфера. Тэатр выпусціў ужо дзесяць спектакляў і стаў вялікім творчым калектывам. 
“Мы любім і беражом нашых дзяцей. Любуемся імі, нават калі яны засмучаюць нас. Мы хочам бачыць у іх Асобу. І яны растуць у Любові. І пакрысе знаёмяцца з гэтым Светам – такім усякім і розным. Але ў штодзённай мітусні, у абавязках, у працы, у імкненні да лепшага – мы так рэдка бываем разам. І пытанні ў Чалавека назапашваюцца, і яны – нашы нядаўна маленькія дзеці – неяк вучацца іх вырашаць. 

Гэты шлях – ад мілага немаўляці да адказнага падлетка – добра было б прайсці разам: часам побач, часам у абдымках – ім так патрэбныя нашы рукі і словы, наш клопат і разуменне, наш інтарэс да іх, людзей, якія думаюць і сталеюць, прызнанне іх як Асоб. 
Гэтыя размовы пра важнае – пра страхі, пра каханне, любоў, смерць, сяброўства, адказнасць – гэта тыя масточкі разумення паміж пакаленнямі, гэта шлях не згубіцца, не адчужыцца, шлях, калі побач добра і лёгка і дзецям, і бацькам. 
Вось пра гэта наш спектакль – як нагода да размовы і запрашэнне ў далейшы шлях разам. Проста таму што разам – вам і вашаму дзіцяці – добра і цікава па-сапраўднаму”, – распавядае Ірына Кісялёва. 

Аўтар ідэі: Кастусь Жыбуль 
Аўтары сцэнара: Ірына Пушкарова, Вера Жыбуль, Злата Залеская
Рэжысёр-пастаноўшчык: Ірына Пушкарова 
Кампазітар: Раман Мякотных 
З выкарыстаннем музыкі: 
Златы Залескай, Веры Жыбуль
Харэограф-пастаноўшчык: Дзяніс Дадзішкіліяні 
Рэжысёры: 
Генадзь Фамін, Ханс Салемінк (Нідэрланды) 
Мастак-пастаноўшчык: Павел Архангельскі 
Віджэінг, сцэнаграфія: Сяргей Ісакаў 
Здымачная група: 
Сяргей Ісакаў, Віктар Трафімовіч 
Дызайн і пашыў касцюмаў: 
Творчая майстэрня Юліі Чыгілінскай 
У спектаклі бяруць удзел: вучні Студыі Пушкаровай, ансамбль Мінскай музычнай школы мастацтваў №10 імя Яўгена Глебава “Музычныя пацеркi” пад кіраўніцтвам Галіны Аеравай 
На сцэне разам з дзецьмі граюць вядомыя беларускія акцёры і артысты балета.

Глядзець больш
"Майстэрня побач"

Дабрачынны праект для сацыялізацыі і творчага развіцця людзей з аўтызмам

Вучымся здымаць кіно
Вучымся здымаць кіно

Майстар-клас для удзельнікаў Сацыяльнага валанцёрскага клуба

Дакументальны праект
Дакументальны праект "Мастацтва для ўсіх". Частка 2

Героі гэтага фільма – кіраўнік Сацыяльнага валанцерскага клуба Андрэй Гапановіч і прадусар Сямейнага інклюзіўнага тэатра “і” Леанід Дзінерштэйн.

Дзве грані Максіма Лагуна
Дзве грані Максіма Лагуна

Быць іншым, асаблівым - гэта такі рэдкі дар у часы цяперашняй татальнай аднастайнасці! 

Героі гэтага фільма - не толькі цудоўныя акцёры, але яшчэ і мастакі, фатографы, музыканты. Творчасць становіцца для іх спосабам узаемадзеяння з мірам і разумення саміх сябе, сваіх пачуццяў і эмоцый.