BY
па-беларуску
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

У польскім тэатры Komuna Warszawa паставілі спектакль «Эма» беларускага рэжысёра і драматурга Мікіты Ільінчыка. Гэта трэці яго спектакль, дзе ён працаваў адначасова і як рэжысёр, і як драматург, і чацвёрты – у гэтым тэатральным сезоне. Ужо ў новай для маладога творцы краіне.

У Мікіты Ільінчыка імклівая творчая біяграфія. Выпускнік рэжысёрскага факультэта маскоўскага ГІТІСа 2020 года, ён паставіў некалькі бліскучых спектакляў у маскоўскім Тэатры на Броннай, мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца скандальна вядомы Канстанцін Багамолаў. Адзін з іх – «Благоволительницы» па матывах знакамітага аднайменнага рамана брытанскага пісьменніка Джанатана Літэла пра Другую сусветную вайну. Як і аўтар літаратурнай першакрыніцы, тэму вайны малады рэжысёр падаў праз псіхалагічны партрэт галоўнага героя эсэсаўца. Гістарычная канва стала толькі нагодай, каб пагрузіцца ў невыносныя глыбіні чалавечай псіхікі. Падобны падыход Мікіта Ільінчык выкарыстаў і ў сваім новым спектаклі «Эма».
 

Рэжысёр Мікіта Ільінчык

«"Эма", – сказаў Мікіта Ільінчык перад прэм'ерай, – спектакль пра знішчэнне межаў».

Гэты пасыл счытваецца імгненна, варта толькі кінуць вокам на сцэну. Беларускі сцэнограф Аляксандр Адамаў узнаўляе фрагмент сумна вядомай 186-кіламетровай агароджы на мяжы Польшчы і Беларусі. Гэтую сцяну польскія ўлады пабудавалі зусім нядаўна, каб сцерагчыся ад непажаданых гасцей з Усходу. Аднак на сцэне варшаўскага тэатра мы бачым толькі пралом у ёй – два ацалелыя фрагменты з двух бакоў. Ашчэраныя, сагнутыя ў розныя бакі кавалкі металічнага шчыкетніка, што засталіся ад яўна брутальнага прарыву, становяцца фонам для спектакля, яго моцнай візуальнай і эмацыянальнай дамінантай.
Астатнія дэкарацыі неглыбокай сцэны камернага тэатра Komuna Warszawa – побытавыя, падкрэслена будзённыя. Як, на першы погляд, і падзеі спектакля. Паслядоўныя сюжэты. Жыццёвыя размовы. Аднак гэтую класічную драматургічную канву Мікіта Ільінчык пастаянна выпрабоўвае на трываласць, станчае і разрывае з дапамогай сучасных прыёмаў сцэнічнай мовы.

Ён гуляе з кантрастамі і планамі з дапамогай відэапраекцыі (відэа – яшчэ адной беларускі Аляксандры Канончанка). Робіць відэа дынамічным інструментам аповеду. Напрыклад, выява на экране, што фіксуе галоўную дзею на сцэне, псуецца, дрыжыць, мігаціць, скажаецца. Рэжысёр перабірае колеры і фактуры, мяккая ружовая тканіна пачынае дамінаваць над усімі прадметамі.

Спектакль пабудаваны на рэальнай гісторыі Эмы, эмігранткі з Беларусі, якая жыве ў Варшаве. Яна паспяховая дзелавая жанчына, валодае будаўнічай кампаніяй. Аднак усе яе работнікі з'яўляюцца ўцекачамі, яны прыехалі ў краіну «з тэрыторыі былых усходніх ускраін Польшчы» (фраза з польскай анатацыі да спектакля). Калі і ёсць тут палітычнае выказванне, рэжысёрская пазіцыя, то яна зашыфраваная ў спрэчках багатай бізнэсвуман і выканаўцы яе загадаў, – спрэчках пра місію ратавання мігрантаў. Спрэчкі, праўда, рэзка прыпыняюцца, калі гаворка заходзіць пра людзей, што захраслі паміж двума краінамі.

Асноўнае дзеянне адбываецца ў пакоі кватэры галоўнай гераіні (Эма - актрыса Аніта Сакалоўская). Толькі ў канцы спектакля героі апынуцца на мяжы, дзе дзікія зверы ды вольныя лані. Але да часу ўсё замыкаецца ў абмежаванай прасторы. Тут гутаркі, спрэчкі, дзіўнае чаяванне. А па-за сценамі разгортваюцца драматычныя падзеі няпэўнага гістарычнага моманту: дзесьці зусім блізка ідзе вайна.
Тэма спектакля не проста злабадзённая, а даволі пікантная, аднак яна не захінае сваёй вастрынёй галоўнае – драму жанчыны. Яе адзіноту і ўнутраную барацьбу дзвюх яе іпастасей, любоўнай ды бізнэсовай, беспаспяховыя спробы знайсці надзейны прыстанак у іншым чалавеку.

- Раскажы мне, дзе ты нарадзілася? – пытае Эму малады каханак Ян (Мацей Ланчынскі).
- Той краіны больш няма, адказвае Эма.

Рэжысёр уводзіць у спектакль дзіўнага персанажа Жэню (Эльжбета Зайко). З аднаго боку, логіка яго прысутнасці нібыта зразумелая: гэта сын галоўнай гераіні. Аднак брутальныя гульні Жэні ў лялькі, яго роля ў любоўным трохкутніку, яго няпэўны гендар робяць гэтую постаць транзітнай персонай паміж тэатрам абсурду і тэатрам псіхалагічным.

Тым не менш асноўную драму рэжысёр змяшчае ва ўнутраны свет галоўнай гераіні.
Каханак Ян, малады чалавек (паміж Эмай ды ім 20 гадоў розніцы), працуе на запраўцы, вяршыня яго мар – адкрыць тату-салон. Эма прапануе яму грошы ды драйв. Пад кіраўніцтвам загадкавага Руслана, камунікацыя з якім адбываецца выключна праз мабільны тэлефон, Ян будзе прывозіць на будоўлю гастарбайтараў.
Ян на гэтым не спыняецца, распрацоўвае далейшыя, больш амбітныя планы заробкаў на вайне. Яго падтрымлівае Руслан, але не ўхваляе Эма.
Эма дае каханку ўсё, але ўрэшце страчвае палюбоўніка. Спачатку Ян выходзіць з-пад яе ўлады, з-пад той вялізнай ружовай коўдры, якой яна пяшчотна накрывае яго, каб схаваць ад небяспекі. Пасля Ян па-просту знікае.

Падчас пошукаў Яна Эма сімвалічна страціць і сына, не чуе, калі той просіць, даволі, праўда, найграна, пра дапамогу.
Тэмы, закранутыя ў спектаклі, дастаткова шматслойныя. Гэта і трагедыя звычайнага чалавека падчас нечалавечых катастроф, і праблема маральнага выбару. А кампазіцыйны стрыжань «Эмы» – ідэя нажывы падчас вайны – мае сваю мастацкую гісторыю.

- Яны ж загінуць! – кажа пра застраглых на мяжы ўцекачоў Ян.

І Эма тлумачыць яму, што нічога нельга зрабіць. І гэта сапраўды не яе справа.
Нават тыя мігранты, што трапляюць у Еўропу, часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і гвалтам, бо не ўпісваюцца ў новы лад жыцця. Каб выжыць і забяспечыць сабе нейкі матэрыяльны ўзровень, яны парушаюць законы і правілы, іх злачынныя метады і жорсткія традыцыі кідаюць выклік дэмакратычным еўрапейскім каштоўнасцям.

«"Эма", – тлумачыць рэжысёр у адным з інтэрв'ю, – гэта "Матухна Кураж" ХХІ стагоддзя».

П'еса Бертольта Брэхта «Матухна Кураж і яе дзеці» была напісаная пасля Другой сусветнай вайны. Яна распавядае гісторыю жанчыны, якая падарожнічае па Еўропе падчас Трыццацігадовай вайны ХVІІ стагоддзя і жыве з гэтай агульнаеўрапейскай бойні. Але ў выніку галоўная гераіня п'есы Брэхта траціць усіх сваіх дзяцей.

Вайна, якая дае багатыя магчымасці для вялікай камерцыі, адначасова неверагодна лёгка перамолвае людзей у сваіх жорнах. Страціць жыццё – як Ян? Страціць сябе – як Эма? На шалёных гістарычных скразняках выбару часта не бывае.
Ці ўсё ж ён ёсць – гэты выбар?

Рэжысёр Мікіта Ільінчык любіць метафары, не схільны да маралізатарства і канец спектакля пакідае адкрытым. Аднак дзікія звяры і вольныя лані на відэапраекцыі – гэта самыя жывыя сцэны, якія мы тут пабачылі.
 


 

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»