BY
па-беларуску
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

Тэатральная трупа «Купалаўцы» паказала нядаўна ў Любліне пастаноўку «Дзяды». У галоўнай ролі – прыма Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосцік. У інтэрв’ю парталу Art-context.com актрыса распавяла пра сваё цяперашняе жыццё ў эміграцыі, раскрыла, якая ў яе арт-тэрапія, а таксама згадала складаныя сцэнічныя іспыты і шчаслівыя моманты.

Ці адчуваеце вы, што ваша жыццё пасля 2020 года стала больш хаатычным?
— Яно стала не столькі хаатычным, колькі ты проста ўжо не ведаеш, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц. Ты ўжо не плануеш, што будзе праз паўгода. Мы крыху разгубіліся, плывём паміж нейкіх патокаў і там імкнёмся сказаць: «Мы тут ёсць».
Мы вельмі хочам працаваць для беларусаў. А калі і палякам цікава тое, што мы робім, —  мы толькі рады. Але мы не хочам стаць часткай польскай культуры.
Насамрэч у нас ёсць што паказваць, але няма дзе. Ёсць мы, купалаўцы, ёсць наш праект. Але яшчэ патрэбныя грошы і памяшканне. А іх знайсці цяжка. Так, наш менеджар працуе, як можа. Проста мы яшчэ не ўсё ведаем. І пакуль мы ў працэсе высвятлення ўсяго, то мы як у космасе.
 

Фота: Марына Савіцкая

— З чаго цяпер складаецца ваш дзень?
— Як і ва ўсіх, з чытання зводак з франтоў. Пра тое, што сталася ў Беларусі: каго ўзялі, каго пасадзілі, у каго дзень нараджэння. Пішу паведамленні, лісты. Далей іду гуляць па Варшаве. Я вельмі люблю чытаць, але цяпер чытанне мне ў галаву не ідзе. Я не пазнаю сябе з 2020-га: чытаю ўсё менш і менш. Далей – бытавыя дробязі, каб не звар’яцець зусім. А яшчэ я шыю лялькі. Гэта мая арт-тэрапія. Занырваю ў свае фантазіі: вочкі, ручкі, ножкі, пальчыкі (у залежнасці ад таго, што я там раблю) – і ўсё.
Асабліва вялікае шчасце – сустрэчы з блізкімі, сябрамі. Але вельмі не хочацца перадаваць ім свой цяжкі, дэпрэсіўны настрой. Вось і наладжваеш сябе, нацягваеш усмешку і ідзеш.
Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

Як у вашым жыцці з’явілася захапленне лялькамі?
— Я скончыла мастацкую школу. Усіх падманула, што буду кніжнай графікай займацца. Так што я з дзяцінства малюю і нешта раблю рукамі. Цяпер, напрыклад, займаюся лепкай. А лялькі – гэта мае лекі.
 

Фота: Мацей Рукаш


Ці ёсць літаратурныя творы, якія цяпер вас найбольш кранаюць?
— Хацелася б, каб не краналі, таму што раздзіраюць сэрца і душу. Кніга, з якой я жыву апошнія некалькі месяцаў, – твор Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча». Я мару паставіць яго для купалаўцаў, толькі пакуль не ведаю, як да яго падступіцца. Гэта проста геніяльная, фантастычная літаратура. У ёй, наколькі я памятаю, 138 старонак, але адчуванне, што там тамы – такая шчыльнасць падзей і эмоцый! Гэтая кніга быццам для вялікага, шматбюджэтнага, галівудскага кіно з суперрэжысёрам. Тэатр – гэта іншае. Я ўжо зламала галаву, але чакаю, што мне прыйдзе нейкі інсайт. Таму што я вельмі хачу зрабіць гэты твор.

— Вы шмат гадоў працуеце ў тэатры. Якія тры пастаноўкі вы лічыце найбольш актуальнымі, важнымі за гэты перыяд?
— Складана сказаць адназначна. Многія нам казалі, што калі «Паўлінку» нашую глядзяць, то ліюць слёзы. Мы яе рабілі ў такіх складаных умовах… Вельмі хутка. Не ведалі, адкуль узяць касцюмы. Нам вельмі дапамаглі людзі, у якіх мы гэта займалі. Не буду казаць, хто гэта, бо яны засталіся ў Беларусі. І мы, нарэшце, зрабілі купалаўскі фінал, калі Якімку забіраюць. Не вось той саладжавенькі, цукровенькі фінальчык, як гэта было ў спектаклі Літвінава.
З таго, што засталося ўжо за бортам, у тым жыцці, я думаю, варта паглядзець «Людзі на балоце» і «Нямы». Гэта першае, што прыйшло мне ў галаву. І, магчыма, наш спектакль-канцэрт па песнях Марка Мермана сёння балеў бы для гледача.

Якое выпрабаванне падчас тэатральнага жыцця стала для вас найбольш моцным?
— Думаю, самы галоўны мой іспыт быў, калі я хацела стаць артысткай. Калі ў мяне ўсё ішло крыва-коса і мяне не прынялі ў Тэатральна-мастацкі інстытут. Калі я пайшла ў Інстытут культуры. Потым мяне там заўважылі. Мая вучоба цягнулася 6 гадоў. Гэта было вельмі складана. Я наогул інтраверт, мне цяжка трапляць у новы калектыў і там наладжваць камунікацыю. Толькі праз гады я стала больш-менш прыстойным чалавекам у гэтым сэнсе. Многія думаюць: «О, нейкая амбіцыёзная!» Але не, насамрэч я – заяц-баязлівец. Мне складана хутка адкрывацца. Таму я думаю, што гэтае выпрабаванне – патрапіць на курс, які ўжо быў складзены ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, – было найбольш складаным. Мяне ж узялі адразу на другі курс. Усё было дрэнна. Нічога не атрымлівалася. Я думала, я паміраю.
А вось у тэатр мне было прыйсці лягчэй. Таксама складана, але лягчэй. І ў самім тэатры ніякіх вельмі складаных выпрабаванняў не было, я да ўсяго была падрыхтаваная. Выпрабаванні былі тады, калі ў мяне былі прастоі, не было роляў. Год мне не даюць роляў, другі год не даюць роляў... Вось тут трэба было трымаць сябе ў форме, не скардзіцца, не патрабаваць нічога. Проста чакаць. Дзякуй богу, што была праца ў Акадэміі мастацтваў, у кіно… Нечым я ўсё роўна займалася. Старалася не апусціцца, годна вытрымаць. Ну і былі яшчэ выпрабаванні, калі ты хочаш, каб у цябе роля правільна атрымлівалася, як ты хочаш, як хоча рэжысёр. Хочаш быць сапраўднай артысткай, наколькі табе здольнасці твае дазваляюць. Заўсёды хочацца скокнуць вышэй за галаву.
 

Фота: Караліна Юзвяк


Ці стымулявалі выпадкі, калі падчас фінальнай сцэны вы стаялі на падмостках і разумелі, што сёння вы сыгралі не так, як хацелі?
— Безумоўна. Спектакль на спектакль не прыпадае. Бываюць высокія, палётныя пастаноўкі, бываюць не зусім. І часам ты не разумееш, чаму ўсё атрымалася не так, як хацелася. Ты і вельмі рыхтаваўся, ты і рыхтаваў свой арганізм. Але выходзіш на сцэну – і збоі, збоі, збоі, збоі… Быццам недагатаванае печыва. Тады вельмі важна прааналізаваць, што здарылася. Дзе твая віна? Што не так у супрацы з партнёрамі? Як рэагавала зала? Ад залы шмат залежыць. Важна, як гледачы ўспрымаюць, як суперажываюць, як чакаюць, бо гэта – адна энергія. Вось ты аналізуеш і грызеш сябе. Я цяпер стараюся менш сябе грызці, бо гэта не вельмі добра для артыста. Але па сутнасці я – грызун самой сябе. Проста хочацца, каб глядач кожны раз бачыў найлепшы варыянт спектакля.

Вы зазначылі, што навучанне стала для вас складаным перыядам. Але ж роля ў той самай «Паўлінцы» з’явілася ў вас на чацвёртым курсе… Ці адчувалі вы гэты момант як перамогу?
— Не. Таму што гэта быў самы цяжкі мой іспыт. Я прыйшла ў тэатр, аб якім марыла з дзяцінства, у якім працаваў мой дзядуля (і яго вельмі любілі), працаваў мой тата, мая бабуля, дзе ўсе мяне ведалі з калыскі. Як зрабіць так, каб мая сям’я мною ганарылася, а не наадварот? Гэта было складана. Я хацела граць усё лепш, лепш, лепш… А потым выдыхнула.
Памятаю, я яшчэ здавала дыпломныя спектаклі. У тэатры Янкі Купалы павінны былі пачынацца гастролі ў Кіеве, і нас запрасілі адкрываць іх «Паўлінкай». Гэта была першая «Паўлінка», дзе я скінула з сябе ўсе камяні. Мне вельмі спадабалася граць там. Мы выступалі ў Кіеўскім тэатры імя Івана Франка. Гэта нашыя сябры, яны часта ездзілі да нас, мы – да іх. У іх намоленая сцэна, мне вельмі цудоўна там працавалася.
Я на ўсё жыццё запомніла той дзень. Я прыехала, пабыла на рэпетыцыі, сыграла спектакль і пайшла гуляць па Андрэеўскім спуску. Усе мяне віншавалі. Я была вельмі шчаслівая. А пасля я паехала атрымліваць дыплом і далей іграць спектакль.
Я нават не разлічвала, што мяне возьмуць працаваць у тэатр. Такое можа быць: цябе запрашаюць на спектакль, ты прыходзіш, іграеш, але пры гэтым у тэатры не працуеш. Але мяне ўзялі. Думаю, гэта было складана зрабіць, бо ўсе за мной сачылі, назіралі.
 

Фота: Мацей Рукаш


— Бадай, калі ў вас фактычна ўся сям’я знаходзіцца ў тэатры, гэта яшчэ нашмат болей дадатковай адказнасці. А ці ёсць нейкія бонусы ад гэтага?
— Ніякіх бонусаў, я так лічу, няма. Хіба што толькі мы можам адно аднаго падтрымліваць і быць на адной хвалі. Можам пакрытыкаваць, паразмаўляць, пабедаваць. Хаця мы нікога не падпіхваем, амаль не даём парадаў. Я ніколі не лезла да сваёй дачкі Валянціны. Мне здаецца, яна мне лепшыя парады давала, чым я ёй. Я наогул не лічу, што варта лезці да моладзі. Нават калі мне не падаецца, што маладыя нешта робяць не так, — не факт, што я не памыляюся. Гэта яны на сучаснай хвалі, яны дыхаюць свежым паветрам. Таму ім лепш бачна.
А наконт выказванняў кшталту: “А-а-а, Гарцуеў сваю жонку і сваю дачку ў пастаноўках займае”, — я скажу вось што. Ён іх займае таму, што яны – нармальныя артысткі. І вельмі часта я адмаўлялася ад тых роляў, якія я насамрэч хацела б сыграць, каб не было такіх папрокаў лішні раз. Але гэта дробязі.
 

Фота: Караліна Юзвяк


— Давайце завершым інтэрв’ю на аптымістычнай ноце. Прыгадайце, калі ласка, свой самы шчаслівы момант, які прымушае вас нават у складаных сітуацыях усміхацца.
— Шчаслівыя моманты былі зусім нядаўна. Я была шчаслівая і вельмі ганарылася сваім тэатрам, калі мы ў 2020 годзе ўсе сышлі. Не думала, што гэта будзе так. Не думала, што 73 чалавекі з усяго тэатра сыдуць. Розныя людзі, розныя матывацыі, але мы былі адзіным цэлым. Гэта цудоўна!
Шчаслівы момант – тое, што мы з сям’ёй знаходзімся тут. Мы разам! І мы спадзяёмся нешта зрабіць для Беларусі, каб дапамагчы беларусам перажыць складанае жыццё тут, бо я ведаю, як людзі хочуць дадому, як ім цяжка, як яны сумуюць. Мяне падтрымлівае тое, што ёсць паплечнікі, калегі, разам мы абавязкова ўсё зробім.
Цяпер мы атрымліваем новы досвед. Я да сваіх 60 гадоў зрабіла ўсё, каб уладкаваць сваё жыццё, каб можна было адмаўляцца ад той працы, якая мне не падабаецца, каб з’явіўся нейкі грунт, каб я магла радавацца жыццю, дапамагаць студэнтам. Але ўсяго гэтага не стала. І мы адчуваем разгубленасць. І тым не менш мы набываем новы досвед, які б ніколі не атрымалі і які нам яшчэ спатрэбіцца ў новым жыцці.
Мы набылі шмат сяброў. Пазнаёміліся з такімі беларусамі, якіх раней не ведалі. Раней мы жылі кожны ў сваім коле. Але тут мы быццам расплюшчылі вочы. Так што ўсё цудоўна, я ўпэўненая!

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»