Тэатр у эміграцыі

Тэатр у эміграцыі

Пасля жніўня 2020 года ў Беларусі многім здавалася, што тэатр цяпер не патрэбны, як, зрэшты, і мастацтва ў цэлым.
chor-wolny-780x580
opium-kv-780x580
photo by dorothee theebert-filliger iгар шугалеzў
piesn-nad-piesniami-kv4-780x580
sarmaty-ja-ty-kv-780x580
sarmaty-ja-ty-kv2-780x580
sarmaty-ja-ty-kv3-780x580
sarmaty-ja-ty-kv4-780x580
Перформанс Ігара Шугалеева (2)
Перформанс Ігара Шугалеева (3)
Перформанс Ігара Шугалеева (4)
Перформанс Ігара Шугалеева
падчас фэсту bliski wschod

Беларускі тэатр у эміграцыі. Фестывальны рух

Папярэднія дваццаць гадоў развіцця беларускага тэатра можна назваць сапраўдным уздымам. Ён адбыўся ў тым ліку дзякуючы развіццю недзяржаўнага культурнага сектара: з’явіліся незалежныя тэатральныя калектывы, праектныя тэатры, альтэрнатыўныя пляцоўкі, уплывовыя фестывалі. Гэта прыцягнула за сабой здаровую канкурэнцыю, якая распаўсюдзілася як сярод дзяржаўных, так і сярод незалежных калектываў. Шчыра кажучы, цікавыя тэатральныя івэнты здараліся па некалькі разоў на тыдзень. Сёння гэта складана ўявіць. Наша жыццё вельмі змянілася, як і беларускі тэатральны ландшафт. 

Пасля жніўня 2020 года ў Беларусі многім здавалася, што тэатр цяпер не патрэбны, як, зрэшты, і мастацтва ў цэлым. Было незразумела, што паказваць, як іграць, пра што размаўляць з гледачом. Беларуская тэатральная супольнасць апынулася ў складаным становішчы. Многія трупы праяўлялі жэсты салідарнасці, аднак усеагульнай забастоўкі так і не адбылося. Пасля сыходу купалаўцаў меркаванні падзяліліся, і паміж людзьмі тэатра ўзнікла напружанне. Былі тыя, хто лічыў, што ўсе калектывы павінны рушыць услед за звольненымі купалаўцамі. Але факты гавораць аб тым, што мелі месца толькі кропкавыя звальненні. Многія прадстаўнікі калектываў, салідарных з пратэснай павесткай, не хацелі знішчаць свае тэатры: выпадак з Купалаўскім паказаў, што для рэжыму няма тых, каго нельга замяніць. Ілюзій больш не засталося.

Дзяржаве, вектар развіцця якой не скіраваны на культуру, адназначна будзе лягчэй паставіць дзейнасць непажаданых культурных устаноў на доўгую паўзу. Таму многія прадстаўнікі дзяржтэатраў праяўлялі падтрымку калег і гледачоў у іх пратэснай пазіцыі — рэгулярна ўдзельнічалі ў маршах, ладзілі розныя творчыя акцыі, лісты, відэазвароты, а таксама дасылалі зашыфраваныя, але ўсім зразумелыя сігналы, якія гучалі ў пастаноўках або адкрыта дэманстраваліся гледачу на фінальным паклоне. Не кажучы аб тым, што многія артысты пасля заканчэння спектакля лічылі важным паказаць знак вікторыі як сімвал пратэсту ў Беларусі. Гэты жэст падхоплівалі і гледачы, абрываючы апладысменты і апускаючы залу ў цішыню. Зразумела, размова не ідзе пра ўсе тэатры. Многія калектывы як маўчалі, так і маўчаць да гэтага часу. Што хавае гэтая цішыня, можна толькі здагадвацца.

Але хутка нават падобныя выказванні сталі немагчымымі. Пачаліся рэпрэсіі, з тэатраў звальнялі і працягваюць звальняць «нязгодных», на спектаклі прыходзяць прадстаўнікі адміністрацыі ды адмысловыя цэнзурныя камісіі. Пастаноўкі здымаюцца з рэпертуару — то аўтар п’есы не дагадзіў сваімі поглядамі, то рэжысёр дзесьці засвяціўся. Зрэдку ў дзяржаўных тэатрах можна сустрэць актуальны і востры спектакль, і калі такі насуперак усяму з’яўляецца, тэатральная супольнасць заглядае яго да дзірак.

Што тычыцца недзяржаўнага тэатра, дык там зусім усё сумна. Практычна ўсе незалежныя тэатральныя кампаніі ці ўжо ліквідаваныя ўладамі, ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. Некаторыя кампаніі самі вымушаныя замарозіць свае праекты, бо ўлады не даюць магчымасці паказваць іх у краіне. Культурныя цэнтры, дзе адбываліся паказы, закрытыя і не працуюць. Многія тэатральныя дзеячы былі вымушаныя з’ехаць і цяпер рэалізуюць свае праекты за межамі Беларусі, бо ўнутры краіны існуе негалосная забарона на прафесію звольненых непажаданых працаўнікоў тэатра. Адсюль узнікла масавая эміграцыя дзеячаў культуры, звязаная з ціскам і пагрозамі з боку ўладаў.

Такіх прыкладаў шмат, немагчыма расказаць пра кожны. Але тэатральныя дзеячы працягваюць шукаць магчымасці для ўзаемадзеяння ўнутры супольнасці і падтрымкі звонку, каб развіваць і захоўваць беларускі тэатр, яго значны гістарычны патэнцыял, які цяпер планамерна знішчаецца машынай дзяржаўных рэпрэсій. Нягледзячы на ціск уладаў, жаданне займацца любімай справай нярэдка пераважвае страх і пераадольвае перашкоды.

У сучаснага беларускага тэатра, падобна, застаюцца два шляхі для развіцця і магчымасці выказвацца на сапраўды хвалюючыя тэмы: існаванне ў падполлі ды праца за мяжой. Пра першы варыянт іншым разам, а што тычыцца тэатра ў эміграцыі, то ў гэтым кірунку даволі няпроста разважаць, калі не маеш шырокіх магчымасцей, каб адсочваць усё, што адбывацца з размеркаванай па Еўропе тэатральнай супольнасцю Беларусі. І ўсё ж некаторыя магчымасці з’яўляюцца.

Ідэя паказу беларускай праграмы ў межах таго ці іншага еўрапейскага фестывалю сталася жыццяздольнай і карыснай найперш для саміх беларусаў. Гэта падаецца відавочным, калі ўзяць тры падзеі, якія прайшлі ў апошнія паўгода, дзе так ці інакш была прадстаўлена беларуская павестка.

З 3 па 5 снежня 2021 года на прэстыжным кракаўскім фестывалі Boska Komedia была паказаная адмысловая праграма Białoruś – odNowa. Яе арганізатарамі сталі Інстытут Адама Міцкевіча і тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага. У праграму ўвайшлі перформансы, чыткі п’ес, саўндрама, а таксама яшчэ і адукацыйная частка з выступленнем тэатразнаўцаў і крытыкаў, якія прадставілі свой погляд на стан сучаснага беларускага тэатра і драматургіі. Усе названыя ніжэй работы былі зробленыя ў межах артыстычных рэзідэнцый, арганізаваных польскімі калегамі для беларусаў.

З беларускіх твораў былі прадстаўлены дзве работы ад незалежнай тэатральнай трупы «Купалаўцы» даволі традыцыйнага кшталту -- перфарматыўнае чытанне п’есы Славаміра Мрожэка «Паліцыянты» ды спектакль «Нататкі афіцэра чырвонай арміі» паводле аповесці Сяргея Пясецкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Таксама актрыса і рыжысёрка Паліна Дабравольская паказала сваю саўндмонадраму «SarmaTY/JA» паводле паэмы Марыі Мартысевіч. Гэта трагічная гісторыя няздольнасці ўкараніцца ў чужым свеце, у якой удала спалучыліся беларускі фальклор, хіп-хоп, відэа-арт ды яркая візуальнасць. 

Акрамя таго, быў паказаны вельмі шчымлівы перформанс Ігара Шугалеева «375 0908 2334 The body you are calling is currently not available». Ідэя спектакля нарадзілася як пратэст супраць гвалту, шматгадовага стрэсу, страху і пачуцця віны, у якім жывуць сёння беларусы. Перформер прапанаваў уявіць і фізічна прайсці момант затрымання, праз які прайшлі шматлікія беларусы.

На працягу гадзіны перформер стаіць на каленях тварам у падлогу у спецыфічнай позе, у якой гадзінамі вымушаныя былі знаходзіцца людзі, затрыманыя на пратэстах. На пачатку Ігар Шугалееў звяртаецца да аўдыторыі з прапановай далучыцца да яго. На розных паказах публіка вядзе сябе па-рознаму, часам далучаюцца дзясяткі чалавек, часам адзін, хтосьці не вытрымлівае гадзіны, хтосьці стаіць да канца. Некаторыя пачынаюць размаўляць з перформерам ці маліцца, стоячы побач. Іншыя не далучаюцца фізічна, але моўчкі плачуць, назіраюць за дзеяннем, згадваюць пакуты і беззаконне, праз якія прайшлі і працягваюць праходзіць дзясяткі тысяч жыхароў нашай краіны.

Таксама ў межах фестывалю Boska Komedia прайшла серыя сцэнічных чытанняў п’ес беларускіх драматургаў Канстанціна Сцешыка, Ганны Рэлітавай, Мікіты Ільінчыка ды іншых аўтараў, што пажадалі застацца ананімнымі. Самі чыткі рабіліся сіламі прадстаўнікоў польскіх тэатральных калектываў. Былі і іншыя мерапрыемствы, напрыклад адкрыццё выставы тэматычных маляваных дываноў Максіма Осіпава ці пастаноўка п’есы Андрэя Курэйчыка «Галасы новай Беларусі» польскім рэжысёрам Лукашам Косам.

З 19 па 26 чэрвеня ў Любліне таксама адбылася важная для беларускага тэатра падзея. Упершыню быў арганізаваны фестываль Bliski Wschód, прысвечаны сумеснай дзейнасці артыстаў з Беларусі, Украіны і Польшчы. Ён першапачаткова задумваўся як выключна беларускі, але ў сувязі з пачаткам вайны ва Украіне фармат быў, зразумела, скарэктаваны. Арганізатарам, акрамя іншага, было важна такім чынам падтрымаць польскіх і беларускіх валанцёраў, якія дапамагалі і працягваюць дапамагаць уцекачам з Украіны.

Праграма часткова паўтарала кракаўскую, што было нядрэнна, але ўсё ж паказала абмежаваныя магчымасці ў арганізацыі падзей такога кшталту. Былі цяжкасці з прыездам калектываў, прадстаўнікі якіх ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, з клопатам пра бяспеку тых ці іншых артыстаў, драматургаў, перформераў, лектараў, якія нярэдка жадаюць заставацца ананімнымі.

Ізноў была магчымасць пабачыць дзве працы купалаўцаў: «Гусі-людзі-лебедзі» паводле «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева; паказалі і відэаверсію спектаклю «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча ў рэжысуры Паўла Пасіні. Ізноў выступілі Паліна Дабравольская са спектаклем «SarmaTY/JA», Ігар Шугалееў са сваім перформансам. Акрамя гэтага, быў прывезены некалі нашумелы спектакль, які і сёння кранае і вабіць: «Песня песняў» Юркі Дзівакова. Рэжысёр цяпер жыве і працуе ў Польшчы і сам не бачыў сваю работу ўжо некалькі гадоў.

Вялікім болем адгукаліся творы, у якіх аўтары наўпрост разважаюць пра беларускія пратэсты і іх наступствы. Пытанне, якім чынам можна размаўляць на гэтую тэму са сцэны і ці варта гэта цяпер рабіць, абмяркоўваецца актыўна і гучыць востра. Кожны вырашае яго для сябе па-свойму. Напрыклад, ананімны калектыў – стваральнік спектакля «Паўгода» па п’есе Касі Чэкатоўскай – звяртаецца да ўспамінаў сведкі падзей дзве тысячы дваццатага. Яна перажыла і шчасце ад пачуцця еднасці на маршах, і затрыманне, і турэмнае заключэнне. Сама пастаноўка зробленая пры дапамозе сціплых выразных сродкаў: артысткі прамаўляюць тэкст пад стрыманы відэашэраг, зазіраючы гледачам у вочы. Але гэтага аказваецца дастаткова для таго, каб твары гледачоў пакрыліся слязамі, а разуменне татальнай непрапрацаванасці нацыянальнай траўмы ахінула з галавой.

Адваротны падыход абралі аўтары і выканаўцы пры сцэнічным чытанні п’есы «У нас на кухні», дзе ў абсурдысцкай манеры разгортваецца гісторыя раптоўнага з’яўлення ў маладой сямейнай пары на кухні беларускага дыктатара, які цяпер збіраецца з імі жыць. Абсурдныя сітуацыі і гумар, з якім апавядаецца гісторыя, выклікалі выбухі смеху ў глядзельнай залі, смеху на мяжы з істэрыкай. Што ізноў-такі кажа: спакойна да гэтай тэмы беларусы ставіцца не могуць і не змогуць яшчэ немаведама колькі. Смех скрозь слёзы, слёзы скрозь смех.
Bliski Wschód прапанаваў і відэапаказы спектакляў. Напрыклад, на вялікім экране была прадстаўлена пастаноўка п’есы Віталя Каралёва «Опіум» рэжысёра Аляксандра Марчанкі. Цікава, як надзвычай актуальна з сённяшняга дня глядзіцца гісторыя беларуса з Рагачова, які вымушана едзе на заработкі ва Украіну, дзе ідзе вайна. А спектакль, між іншым, быў пастаўлены яшчэ ў 2016 годзе.

Таксама была арганізаваная адукацыйная праграма з удзелам беларускіх тэатразнаўцаў і крытыкаў, гэтым разам колькасць лекцый павялічылася з трох да пяці. Тэмы, наконт якіх выказваліся спецыялісты, былі самымі разнастайнымі: ад сучаснай беларускай драматургіі да фемінісцкай павесткі ў айчынным тэатры, ад візуальнага тэатра да тэатра аб’екта. Паразмаўлялі таксама наконт крытэрыяў ацэньвання сучаснай пастаноўкі.

Вядома, былі сустрэчы з аўтарамі і творчымі калектывамі, ладзіліся спантанныя абмеркаванні спектакляў, былі і нетэатральныя івэнты, напрыклад шчымлівы канцэрт Андрэя Хадановіча і лекцыя Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай. Праграма сапраўды атрымалася вельмі насычанай і яскравай. Праўда, тыя пастаноўкі з праграмы, у якіх адсутнічаў беларускі след, у большасці сваёй значна саступалі астатнім у мастацкім плане і выглядалі выпадковымі.

Яшчэ адна невялікая, але важная падзея адбылася ў Вільні: з 4 па 6 ліпеня 2022 года на базе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прайшоў фестываль-канферэнцыя «Беларускі сучасны тэатр: логіка пераменаў». За тры цудоўныя дні ўдзельнікам і гледачам удалося праслухаць серыю дакладаў ад шасці беларускіх тэарэтыкаў, паглядзець відэапаказ таго ж «Опіуму», абмеркаваць асаблівасці ўзнікнення і магчымасці сучаснага існавання нашага праектнага тэатра. Вельмі шчымлівым падаўся эскіз спектакля «Маналогі жніўня» ананімнага аўтара. Пасля паказу ў калідорах і закутках ЕГУ чуліся рыданні, якія вырываліся з беларускіх сэрцаў. І тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Спадзяемся, з гэтага эскіза вырасце паўнавартасны спектакль, і тады можна будзе пра яго расказаць падрабязна.

Арганізацыя і існаванне падобных мерапрыемстваў, натуральна, вельмі важныя для таго, каб беларускі тэатр мог працягваць развіццё ў сучасных неверагодна цяжкіх умовах. Замежныя калегі на хвалі салідарнасці даюць магчымасць выказацца беларусам, арганізоўваюць рэзідэнцыі, адмысловыя праграмы на фестывалях, канферэнцыі. Але з’яўленне такіх імпрэз зрабіла відавочнай важную праблему, змаганне з якой у нас толькі наперадзе. Гэта невялікая цікавасць да нашага тэатра з боку замежнікаў, пра якую відавочна казала колькасць і склад гледачоў на паказах і лекцыях. Ад таго часам стваралася ўражанне пэўнага міжсабойчыку. Прытым што мастацкая якасць абсалютнай большасці спектакляў была вельмі высокай. Віной таму можа быць і нешырокая рэклама, выкліканая ў тым ліку і пытаннямі бяспекі ўдзельнікаў. Ці вайна ва Украіне, якая захінула беларускія праблемы. Відавочна, адназначнай прычыны няма. Зрэшты, гэта бясспрэчнае шчасце – сабрацца разам са сваімі на свабоднай тэрыторыі і пагаварыць шчыра і сумленна, не азіраючыся пасля кожнага слова.

СПАСЫЛКІ

Boska Komedia Białoruś – odNowa 

Festiwal Bliski Wschód

«375 0908 2334 / The body you are calling is currently not available»

 

Soundrama "SarmaTY/JA", трэйлер
 

Фота з сайту фэстывалю Bliski Wschód  http://ck.lublin.pl

Глядзець больш
На прыпынку ў Еўропе ў чаканні цуду
На прыпынку ў Еўропе ў чаканні цуду

Дакументальны спектакль Валянціны Мароз у Варшаве

Аддай сваё сэрца. Калі зможаш
Аддай сваё сэрца. Калі зможаш

«На чорнай-чорнай вуліцы» Яўгена Карняга ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек

Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі