На сцэне Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве паказалі дакументальны спектакль «Прыпынак Еўропа» (Stopover Europe), створаны ў 2023 годзе ў супрацы чэшскай прадзюсарскай кампаніі Rekultur і Лабараторыі сацыяльнага тэатра з Беларусі, пры ўдзеле ўкраінскіх актораў. Рэжысёрка спектакля – Валянціна Мароз, мастацкая кіраўніца лабараторыі, выкладчыца і куратарка тэатральных праектаў.
Прэм’ера спектакля адбылася ў 2023 годзе ў пражскім тэатры Divadlo X10.
Лабараторыя сацыяльнага тэатра, заснаваная ў 2017 годзе на базе канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), у сваіх пастаноўках факусуецца на актуальных для беларускага грамадства сацыяльных праблемах. Напрыклад, іх першы спектакль «11 красавіка» распавядаў пра выбух у мінскім метро ў 2011 годзе. У спектаклі «Родныя людзі?» аб’ектам даследавання быў сямейны гвалт.
У аснове новага спектакля «Прыпынак Еўропа» – серыя шматгадзінных глыбінных інтэрв'ю, узятых у эміграцыі ва ўкраінскіх і беларускіх уцекачоў. Факты, выкладзеныя ў гэтых тэкстах, ужо ўражваюць, аднак стваральнікі спектакля на іх грунце прапануюць гісторыю, камунікацыю і дыялог, узмацняючы дакументальны матэрыял мастацкімі сродкамі – гукам, святлом, акторскай ігрой і калізіяй сюжэта. У спектакля лаканічная сцэнаграфія і мінімалістычны антураж, каб не адцягваць увагу ад галоўнага.
Са шматгадзінных дакументальных запісаў адабралі драматургічны матэрыял, спарадкаваны вакол некалькіх важных тэмаў. Ці ўплывае эміграцыя на нацыянальную ідэнтычнасць? Што адбываецца з беларусамі і ўкраінцамі ў часы вайны і вялікіх узрушэнняў? Ці магчымы яшчэ дыялог паміж двума народамі? І ці могуць сем’і, унутрана раз’яднаныя ў выніку выбару розных палітычных варыянтаў, знайсці згоду?
Ва ўкраінцаў і беларусаў некалькі моцных траўмаў – рэпрэсіі, вайна, эміграцыя і няпростая адаптацыя. Беларусаў трыгераць падзеі пасля лета 2020-га, украінцаў — пасля лютага 2022-га. Аднак кожны чалавек са сваёй гісторыяй, які з'яўляецца на сцэне, імкнецца выслухаць суразмоўцу, хоць без крыўдаў часам не абыходзіцца. Бо беларуска-ўкраінскія ўзаемадачыненні цяпер няпростыя. Аднак калі чуць адно аднаго і быць уважлівымі да дэталяў, тады атрымаецца заспяваць агульную песню.
Спачатку ўсё ідзе няпроста. Рэжысёрка спектакля – таксама эмігрантка, якая прапрацоўвае і ўласныя траўмы, звязаныя з культурнай адаптацыяй у іншай краіне. Напрыклад, сюжэт святкавання Новага года ў спектаклі быў выбраны не проста так. Пасля эміграцыі Валянціна Мароз не знайшла з кім адсвяткаваць свой першы Новы год, бо сябры за мяжой, а для еўрапейцаў галоўнае свята – Раство.
Таму святкаванне Новага года становіцца стрыжнем сюжэта: група беларускіх і ўкраінскіх валанцёраў збіраецца за сталом, каб правесці 2022-і і сустрэць наступны, 2023-і.
Спектакль пачынаецца дакладным пазначэннем часу і месца: 31 снежня 2022 года, валанцёрскі пункт, Прага, Чэхія. Людзі збіраюць груз для адпраўлення ва Украіну. Акторы прадстаўляюцца ў пачатку кожнай дзеі, нібы прагаворваюць свой культурны код. «Лиза, беларуска, разговаривает по-русски». «Наста, беларуска, размаўляе па-беларуску». «Алена, українка, говорить українською». «Максім, українець, говорить українською». Пасля з'явяцца яшчэ некалькі персанажаў.
Героі расказваюць адно аднаму ўласныя гісторыі, і раптам высвятляецца, як не так і шмат мы ведаем пра нашых суседзяў, а яны пра нас.
Ліза і Паліна, беларуска і ўкраінка, збіраючы на стол, раптам пачынаюць шукаць песню, якую маглі б разам заспяваць. Шукаюць і знаходзяць: «Гарэла сосна, палала». «Мне бабушка в детстве пела», – кажа Ліза. «А в нас на весіллі співають», – адказвае Паліна. Агульным раптам аказваецца і салат аліўе, які ці то расійскі, ці то савецкі. І гэта ўжо зусім іншы пласт гісторыі, з якім невядома што рабіць. Як і з пачаткам вайны, якая насамрэч ва Украіне ідзе з 2014 года. Як і з рускай мовай беларусаў, якую ўкраінцы далікатна трываюць.
Рэжысёрка разбівае спектакль на дзеі не перапынкамі, а пераапрананнямі. «Давайце зробім паўзу», – кажа хтосьці з актораў, і яны адным жэстам здымаюць швэдры і кашулі і застаюцца ў чорным. Гэтым рухам яны адкідаюць і свае ролі, ператвараюцца ў саміх сябе і расказваюць ужо свае ўласныя гісторыі. Слова «Імправізацыя» з'яўляецца на экране замест цітраў, на сцэну падымаецца перакладчык на польскую мову (прынамсі так было на варшаўскім паказе), гісторыі саміх выканаўцаў і ход спектакля пачынаюць пераплятацца і перагуквацца, рэальны ход падзей і дакументалістыка размываюць уласныя межы, трансфармуюцца. Бо такое жыццё: акторы таксама эмігранты, які перажылі падобныя гісторыі, украінцы свае – з гукамі вайны і страхам памерці ў ванне ад выпадковага прылёту, са стратай дома і замежнай салідарнасцю, а беларусы свае – з турмой, уцёкамі і роздумам пра тое, чаму ўсё пайшло не так.
Аднак ёсць і агульнае – пачатак паўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022-га. У спектаклі, паводле сюжэта, раптам прападае святло, пачынаецца грукат, нібы навальніца, але якая навальніца зімой. І ўсе адразу згадваюць вайну. Гераіня-беларуска, якая аказалася тады ва Украіне, успамінае рэакцыю сяброў: спачатку жах ад таго, што «мы – саўдзельнікі», а пасля расказвае, як многія беларусы не змаглі заставацца ўбаку.
«Ананімны клуб 24 лютага», – сумна жартуе былы журналіст некалі самага папулярнага беларускага партала, а ўкраінка тут жа згадвае, як сказала 13-гадоваму сыну, што вайна – гэта проста камп'ютарная гульня.
Будучыня ва ўсіх няпэўная, таму ў гэтых гісторый няма завяршэння, як і ў спектаклі няма канца.
Затое ва ўсёй гэтай жахлівай падзейнасці праяўляюцца абрысы простых чалавечых каштоўнасцей. Яны, напрыклад, у аповедзе актора падчас імправізацыі пра настаўніцу ў Чэхіі, якая бясплатна вучыць украінскіх дзяцей англійскай і чэшскай мовам.
Мы не можам выбіраць лёс, мы можам выбіраць годны чын. Не так і мала ў нас засталося. Ці, напрыклад, Наста, журналістка, згадвае свой самы памятны чын салідарнасці, калі ў турме жанчыны былі пакараныя тым, што іх выгналі на вуліцу, на холад. І яны ціхенька пачалі спяваць. Згадвае яна і ссабойку, якую аддаў ёй маладзенькі курсант, зразумеўшы, што яна цэлы дзень не ела пасля брутальнага затрымання. Што гадзіннік, люстэрка і гарачая вада ў кране турэмнай камеры – усё, што патрэбна для жыцця.
Час дзеі падыходзіць да Новага года, з'яўляецца пытанне, чыю прамову слухаць. «А давайце кожны скажа сваю», – вырашае ўкраінец, і складаюцца навагоднія пажаданні: «За перамогу!», «За Еўропу!», «За вяртанне дадому!», «За каханне!» Усё як ва ўсіх – і значна іначай.
У кожнага свае мары, украінская такая: вярнуцца дадому, закончыць будову дома і каб дзеці хадзілі да той школы, да якой хадзілі раней, не баяцца выйсці на вуліцу пасля 9 вечара, бо пачынаецца каменданцкая гадзіна, не чуць выбухі, жыць у міры ў сваёй краіне.
Але ўсе разумеюць, што «як раней» наўрад ці будзе.
– Будзе яшчэ лепш, – адказвае нехта, і ўсе зноў пачынаюць марыць, ужо на вуліцы, на прыпынку, пра аўтобус, які зараз прыедзе і завязе ўсіх... дадому.
Таму і заканчваецца ўся дзея сумесным спяваннем запозненай калядкі – шчодрыка, бо чакаць цудаў, нават такіх незвычайных, як вяртанне дадому, трэба незалежна ад раскладу святаў.
ФОТА: Teatr Ósmego Dnia