Да жніўня 2020-га яны былі артыстамі знакамітага беларускага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Але падчас пратэстаў выступілі супраць гвалту і за новыя выбары, сышлі ў забастоўку, а пасля – звольніліся. І тым не менш яны працягваюць творчасць. Цяпер як акцёрская трупа “Купалаўцы”. Пра нялёгкі шлях, жыццёвыя і сцэнічныя іспыты распавядае менеджарка калектыву Вольга Кулікоўская.
СПЕКТАКЛІ АНЛАЙН - рэкамендацыі ад Вольгі Кулікоўскай і спасылкі — ніжэй у тэксце
Як нарадзіліся “Купалаўцы”
Той час згадваецца фрагментамі ці ўспышкамі. Памятаю, што зранку ў дзень звальнення напісала ў агульны купалаўскі чат нешта кшталту “калегі, нам трэба зрабіць прэм’еру “Тутэйшых” без тэатра”. Не ведаю, адкуль узялася гэта адказнасць ці амбітнасць, але было адчуванне, што ўсім трэба зараз даць нейкае пачуцце… будучыні. І што мы не губляем, а проста абіраем іншы шлях. Хацелася, каб усе акцёры гэта пачулі. І яшчэ хацелася зрабіць класны праект, спектакль, каб падтрымаць усіх беларусаў, паказаць, што мы ўсё можам зрабіць самастойна. Але гэта была тая магія гарызантальных сувязей, якую мы рамантычна прымалі за любоў. І акрамя болю, вядома, 2020 год быў напоўнены менавіта гэтым пачуццем – уласнай адказнасці, прагі і агульнай моцы і еднасці.
Дзіўна, але Мікай Мікалаевіч Пінігін адразу пагадзіўся. І ўсе таксама пагадзіліся. Я тады яшчэ працавала ў “АртКарпарэйшн” і змагла знайсці спонсараў, каб зноў запусціць пляцоўку на “ОК16”. Я спытала, ці магчыма, каб купалаўцы там ладзілі рэпетыцыі і прэм’еру. І Анжаліка Крашэўская, дырэктарка, дала згоду.
Наступная ўспышка – вуліца Кастрычніцкая і Міша Зуй, які кажа: “Нам патрэбны YouTube-канал, нам патрэбны YouTube-канал”. Які YouTube-канал, Міша?.. Мы ж тэатр… Але ладна, рабі, калі хочаш і маеш час.
Потым патэлефанавалі з тэатра і папрасілі, каб мы прыпынілі вядзенне сацсетак. Я пагадзілася і папрасіла стварыць новыя старонкі. Тады ўзнікла пытанне пра назву і лагатып.
І вось ужо згадваю размову з юрыстамі і абмеркаванне пытанняў рэгістрацыі. І калі мы пачалі рабіць “Тутэйшых”, я ўжо разумела, што мы не вернемся і трэба прыдумляць наступны праект. Было вельмі яснае адчуванне: нам нельга спыняцца, -- і гэтае пачуццё трывае дагэтуль. І асабліва цяпер мы мусім рабіць насуперак усяму, мусім мець прагу да паляпшэння, да развіцця.
Акцёры “Купалаўцаў”
У нас не было нейкага пэўнага спісу, хто з былых купалаўцаў увойдзе ў новы склад, а хто – не. Мы насамрэч вельмі адкрытая сістэма. Гэтай восенню на розныя праекты ў Варшаве і Штутгарце прыязджалі акцёры, якія з намі не працавалі ні ў адным новым праекце з самага пачатку. А цяпер пагадзіліся на прапанову, і я шчаслівая ад гэтага. Ёсць тыя, хто зніжае тэмп. Ёсць тыя, хто сыходзіць. Але нікому ніхто і нічога не замінае зноў працаваць над праектамі купалаўцаў у будучыні. Тут ніякіх прэтэнзій, бо гэта сапраўды складаны шлях -- заставацца ў групе. Як у Брэхта: “Тыя, хто можа пайсці, павінны сысці, не трэба прасіць іх застацца. Застацца павінны толькі тыя, хто не можа пайсці”.
Складанасці падчас з’яўлення “Купалаўцаў”
Эмацыянальна гэта быў (дый застаецца) вельмі складаны час. Было многа пакут і страхаў ад таго, што адбываецца ў краіне. Не было сродкаў, не было пляцовак, не было ўпэўненасці ні ў чым. І ў першую чаргу ў саміх сабе, што ўвогуле здолеем. Думаю, за першы год працы кожны атрымаў некалькі дадатковых прафесій. Бо ў тэатры існавала вельмі моцная іерархія. Тэхнары не разумелі турбот акцёраў, акцёры ніколі не думалі пра грошы. Мастацтва ўвогуле не задавалася пытаннем эфектыўнасці і самарэпрэзентацыі. Але давялося.
Супраца з гуртом “Intelligency”, трэк “ZLO”, прэзентаваны ў 2020-м
Так, страціўшы адзін шлях, мы адкрылі для сябе безліч іншых. Часам – самых непрадказальных. Гэта было запрашэнне, на якое мы з цікавасцю пагадзіліся. Такая прыгода, знаёмства і яшчэ адна магчымасць выказвання. Песенька пра зло ў гулкай прасторы занядбанага дзіцячага інтэрнату.
Мы рады такім працам. Ужо ў 2021 годзе зрабілі ўласны музычны праект “Я гавару” на вершы сучасных беларускіх аўтараў. Прыдумлялі песні, аранжыроўкі рабілі самі артысты. І атрымалася выдатна -- прынамсі, я так лічу. Цяпер думаем над працягам.
Пра змены з 2020-га да цяперашняга моманту
Я не бачу кардынальных змен у нашай творчасці. Знешнія ўмовы, вядома, мяняюцца: гарады, краіны, месцы працы… Адбываюцца пераходы ад мадэлі рэпертуарнага існавання да праектнага кіравання. І потым у адваротны бок, да рэпертуараў ужо ў межах польскіх тэатраў.
Моцна змяніўся амаль кожны з нас. Мы перажылі безліч надзей, канфліктаў, роспачы, любові. Безумоўна, гэта ўплывае на творчасць, бо мы як супольнасць сплятаем вельмі цікавы агульны лёс. Але час менавіта змен у творчасці яшчэ наперадзе. Ёсць адчуванне, што мы цяпер на сваім месцы і ў сваім часе. Мы адпавядаем беларусам, супадаем з душою нашага народу.
Іспыты
Cамы складаны час з моманту з’яўлення “Свабодных купалаўцаў” – пачатак вайны. Да вайны я паспела стварыць арганізацыю ва Украіне. Былі сабраныя сродкі, запланаваныя цікавыя праекты на 2022–2023 г. За некалькі дзён да 24 лютага я паляцела з адной камандай купалаўцаў у Аўсбург на фестываль. А другая каманда ў гэты час працавала над новым спектаклем у Любліне. І акурат 24-га я вярталася з Аўсбурга ў Варшаву, а з Любліна ўжо пісалі акцёры, што тэрмінова вяртаюцца ў Беларусь, бо там сем’і, і ніхто не ведаў, як будуць развівацца падзеі. Увечары мы сустрэліся ў Любліне, і, вядома, ніхто не мог працаваць. Частка акцёраў з’ехала на наступны дзень. Мы ўсе задавалі сабе пытанне: “Навошта цяпер тэатр, тым больш – беларускі тэатр?” Рахункі арганізацыі ва Украіне былі заблакаваныя. Я асабіста ў першы тыдзень не магла зрабіць сабе ў Польшчы нават пластыкавую банкаўскую картку, бо беларуска і санкцыі. А трэба было не тое што картку зрабіць, а знайсці ўмовы і сродкі для працы над праектам многіх акцёраў. Потым пасыпаліся адмовы ад партнёраў, з якімі дагэтуль было ўсё дамоўлена. Усе нашыя спектаклі пра беларусаў. Але ніхто не бачыў сэнсу размаўляць пра беларусаў у лютым 2022-га. Складана было паверыць, што другі раз за год прыйдзецца пачынаць з нуля.
Але зноў было адчуванне, што ні ў якім разе нельга спыняцца. І мы дамовіліся з тымі акцёрамі, што засталіся, што завершым працу. Галоўнае, што на гэта пагадзіўся і цалкам падтрымаў нас рэжысёр Павел Пасіні і Цэнтр культуры ў Любліне. З імі мы і выпусцілі спектакль “Дзяды” ў лютым. Потым атрымалася дамовіцца з Тэатральным інстытутам і Тэатрам Юльюша Астэрвы і пачаць працу над “Гусі – людзі – лебедзі”. Затым мы пачалі праект з Тэатрам польскім у Варшаве “Рамантычнасць” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Зрабілі паэтычны спектакль “37 – 22” з Андрэем Саўчанкам і беластоцкай фундацыяй “Tutaka”. Зараз ідзём да прэм’ерных чытак п’ес. Напрыканцы снежня разам з Гётэ-інстытутам і Тэатральным інстытутам пакажам прэм’еру ад рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Якую – сюрпрыз.
Атрымліваецца, што ў гэты цёмны час мы маем добрыя вынікі. Бо працавалі і не звярталі ўвагі на крытыку.
Незабыўны момант
Усё ж такі наш самы яркі выступ – “Тутэйшыя” ў Мінску, у верасні 2020. Наш першы спектакль у якасці незалежнай тэатральнай групы. І адзіны ягоны паказ жыўцом, хай і з 300000 праглядаў у інтэрнэце. Мы пакуль рэпетавалі, то былі такімі асцярожнымі: адключалі лакацыю на тэлефоне, калі ішлі на пляцоўку. А ўжо ў дзень прэм’еры за гадзіну да прыходу гледачоў (таксама запрашалі кожнага асабіста, нідзе не казалі пра прэм’еру) на пляцоўку прыехалі “пэўныя людзі”, але пасля з’ехалі. І было ўвогуле незразумела, што рабіць, ці адмяняць паказ. Вырашылі рабіць. Аднак я не пабачыла прэм’еру, бо ўвесь час хадзіла вакол будынка, чакала “гасцей” і нешта там сабе ўяўляла, што я буду казаць і як спыняць іх, калі прыедуць забараняць прэм’еру. Але не прыехалі, а я выкурыла пачак цыгарэт. Пасля спектакля амаль усе сышлі, засталіся толькі некалькі чалавек, каб усё прыбраць: дэкарацыі, крэслы, ліхтары… Нібыта нічога не было. Вельмі позна скончылі і пайшлі спаць. А праз некалькі гадзін, а 8-й раніцы, я прачнулася ад тэлефанавання: мне паведамілі, што на пляцоўку прыехала праверка МНС. А там жа… пуста на пляцоўцы.
Будучыня
Што датычыцца тэатральных праектаў на 2023-ы, то мы плануем працягнуць працу з сучаснымі беларускімі аўтарамі і зрабіць ужо тры паўнавартасныя спектаклі паводле кніг Ганны Златкоўскай, Сяргея Лескеця і Аляксандра Чарнухі.
У партнёрстве з Агульным тэатрам (Teatr Powszechny) плануем стварыць тэатральную лабараторыю па працы з сучаснай усходнееўрапейскай драматургіяй у адмысловым фармаце.
І будзем часцей ладзіць гастролі існых праектаў. Бо зрабілі досыць -- 14 спектакляў. Большасць з іх паказвалі жыўцом усяго адзін-два разы. Але такі быў план. Было жаданне стварыць як мага больш новых праектаў за гэтыя першыя сезоны.
Запланаваны і аўдыяльны праект. Гэта новая вялікая і цікавая праца, дзе мы ставім за мэту з’яднаць у самай простай па вытворчасці форме адметных сучасных мысляроў.
Улетку спадзяемся запрасіць вашых дзетак у тэатральны лагер.
І яшчэ запішам некалькі новых песень.
ШТО ПАГЛЯДЗЕЦЬ. Рэкамендацыі ад Вольгі Кулікоўскай
1. Музычны праект “Я гавару” варты ўвагі і вольнага вечара. Гэта найноўшая беларуская паэзія і найноўшыя музычныя аранжыроўкі. Праглядаць, слухаць і танцаваць можна ў кампаніі, каб потым напяваць і параўноўваць улюбёныя радкі. “Я хацеў бы жыць на востраве, невялікім, але каб трымаўся моцна ў водах поўначы”.
2. “Дзяды” ў пастаноўцы Паўла Пасіні са сцэнаграфіяй Аляксандры Канарскай. Гэта асалода для вачэй, выключная ўвага да дэталей, абрадавасці, кантэкстаў і падтэкстаў. Здаецца, беларусы імкнуцца вылічыць тут польскасць Міцкевіча, а палякі – беларускасць. Так паўстае тэатр традыцый Вялікага Княства Літоўскага.
3. Спектакль “Я” праз тонкія нітачкі ўспамінаў расказвае, як шукаць радасць у штодзённым. Згадаць тых, хто дарыў нам цяпло, адчуць тое, з чаго пачыналася спазнаванне шчасця. Калі згадаць, чым было шчасце ў дзяцінстве, простыя палоскі святла на падлозе могуць сагрэць наш дзень.
4. “Голас” памяці Алеся Разанава нагадвае, якім важкім можа быць слова. Гэта сапраўдныя карункі паэзіі, у якіх няма аніводнай лішняй паўзы.
З Вольгай Кулікоўскай размаўляла Марына Савіцкая