Дарослая прэм’ера ў «ляльках», – Карняг, Нерсісян, Аверкава – жывая шматметровая чарга за пару гадзін да адкрыцця тэатральнай касы забяспечаная. Квіткі атрымліваецца купіць не з першае спробы – затое на некалькі паказаў адразу.
Чорная-чорная камедыя – як акрэсліў жанр свайго новага спектакля «На чорнай-чорнай вуліцы» Яўген Карняг, галоўны рэжысёр Тэатра лялек у Мінску, – паўстала з дзіцячых жахалак, народжаных гарадскім і раннесеціўным фальклорам, і дарослых фобій, літаратурна перапрацаваных Хансам Крысціянам Андэрсэнам. Вершыкі пра «маленькага хлопчыка», «кулямёт», «трупы» і ўсялякія іншыя «падвалы» міксуюцца з ужо класічнай труной на колцах, пошукам ведзьмы – а мы ведаем, дзе мы, значыць і ведаем, што яна ёсць! – ды шпацырамі па могілках – у цемрыве-прыцемках, ясная рэч. І выбар пісьменніка сімптаматычны: Ханс Крысціян мог пахваліцца жменяй перапудаў – ад боязі сабак, пажару і атручэнняў да страху быць пахаваным зажыва: збіраючыся спаць, Андэрсэн клаў ля ложка нататку «Насамрэч я не памёр».
Змрочна? Яшчэ як. Пагатоў перад пачаткам дзейства, пакуль самыя спрытныя і/або ўдачлівыя займаюць месцы згодна з набытымі білетамі, гучыць аўдыяказка «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб». Казка вястуе – прынамсі знаёмым з гэтай гісторыяй, а цяпер і вам – вусціш з абяцаннем напрыканцовага катарсісу. Гатовыя да задавальнення і прасвятлення з дапамогай страху і спагады? Анягож. Ды будзьце ўважлівыя і глядзіце пад ногі, каб не перачапіцца аб нябожчыка... Страшна? Але згадаем, хто рэжысёр, і смела дамо нырца ў чорнагумарны сеанс тэатратэрапіі.
Здавалася б, ну прывыкніце ўжо, што сцэнаграфія, над якой працавала мастачка Таццяна Нерсісян, ашаламляльная, аж не – усё адно на працягу спектакля перыядычна перахапляе дыханне ад убачанага. І не толькі на працягу: прастора сцэны павялічаная-выцягнутая ў глядзельню з дапамогай подыума. Заднік сцэны нібыта адсутны: немагчыма не адзначыць віртуозную работу са святлом. Чорны крапіўнік то аблямоўвае падмосткі, то паўстае адным з рухавікоў аповеду (эпізод «Дзікія лебедзі»), але ў кожным разе робіць гэта прыгожа.
А што дзеецца на дне марскім падчас «Русалачкі» – сапраўднай, андэрсэнаўскай, не зацукраванай Дыснеем ды іншымі «рэдактарамі-аптымістамі»! Уласна Русалачка (Ганна Гаспадарык) мае чароўны голас, здольны узрушыць яе братоў і сёстраў ажно да ўтварэння лютага шторму. Да ўсяго яна яшчэ й выглядае шыкоўна і адрозна ад суродзічаў, якія насяляюць віры свае, – так, нібы была музай Гільерма дэль Тора для аскараноснай «Формы вады» (ну і трошкі для «Лабірынта фаўна»). А ведзьма, тамтэйшая бліскучая ведзьма сноўдае наваколлем такі на труне на кольцах…
Ці вось шафа: ейныя дзверцы могуць адчыніцца куды заўгодна і як заўгодна. Тут і звыклы птушыны двор плюс лясны гушчар ці хованка ад усяго і ўсіх («Брыдкае качаня»). І лядоўня з празектарскай, дзе, акрамя бабулі-нябожчыцы-апавядальніцы, цэлы сусвет-калейдаскоп жыцця і смерці («Дзяўчынка з запалкамі»). І садовы домік ды квяцярня руплівай Смерці. А калі ўмець адкрываць-глядзець – шафа ператвараецца ў экраны, здольныя паказваць будучыню («Гісторыя адной маці»). Ды ў багата чаго яшчэ – на што толькі стане ўяўлення. А апошняе ў магутнай пастаноўчай каманды ўвогуле не мае мяжы.
Праваднікі ў іншасвет – яны ж праваднікі па спектаклі – выглядаюць вельмі каларытна. Дзве жнейкі-смерці: адзін (Уладзіслаў Соладаў) высозны – уласны рост плюс майстэрскае валоданне хадулямі, – спакойна-ўпэўнены, дасведчаны. Другая (Іна Ганчар) маленькая – цікавая аманімія з французскім выразам la petit mort.
Невядома, свядомая ці не, але таксама выклікае мяккую ўсмешку, – «новенькая», поўная, такі ўжо каламбур, жыцця. Маленькая смерць – шчырая і кранальная правадніца, якая, апроч таго, што падкажа дарогу, яшчэ і падбадзёрыць у смутку, і проста пабудзе побач, каб было не так самотна. Ды ўсё ж не будзем забывацца і забываць, што дзеянне акурат пачынаецца з яе жадання «забраць ну хоць бы птушачку».
Дзве дзеі спектакля таксама сіметрычныя: у кожнай па тры казкі. Першая – умоўна вясёлая, прынамсі весялейшая, чым магла б быць: казка-падрыхтоўка, казка-пярэдых. Трэцяя – не мае ані намёку на ўсмешку. Узыходная слаістасць аповеду відавочнее з цягам часу пасля прагляду, калі эмоцыі трошкі супакойваюцца, але спектакль яшчэ трымае доўгайгральным посмакам.
Падобнае адчувалася ў папярэдняй рабоце для дарослых зорнага трыа рэжысёр-мастачка-кампазітарка ў Тэатры лялек. Іх ранейшы хіт «Інтэрв’ю з ведзьмамі» вылучаўся не толькі доўгім жыццём на афішы (восем сезонаў, восем гадоў!) ды кожнага разу запоўненай залай, але і высновамі: варта смяяцца, калі смешна, плакаць, калі балюча, ды не баяцца гэтых праяваў у сабе. У «Інтэрв'ю з ведзьмамі» градус спачатку напаляўся ад алюзіі на масмедыйную тэлежуйку, потым надыходзіла чарга казак братоў Грым (неадаптаваных тэкстаў, натуральна), наступная прыступка – апавяданне Метэрлінка «Пабіццё немаўлят», ну а апошняя – рэальныя ўспаміны вязняў Асвенціма.
У свежай прэм’еры трыа Карняг-Нерсісян-Аверкава характэрная рыса праяўляецца падобна: спачатку – уводны ўзровень – вершыкі-жахалкі й першая казка, самая, бадай, дзіцячая, «Брыдкае качаня»: страх быць не такім як усе, боязь непрымання грамадствам (чалавек, як вядома, жывёла сацыяльная). Затым загартоўваемся «Русалачкай» – адрынутыя першыя пачуцці, здрада каханага чалавека і/ці сябе, (сама)ахвярнасць. Пра «Дзяўчынку з запалкамі» – галеча, адзінота, халадэча і смерць – амаль ад пачатку зразумела: слёзавыціскальная машына, але пастаўленая настолькі прыгожа і па-майстэрску, тонка і глыбока, ажно займае дух і ад зместу, і ад формы. Нават шкада міргаць, каб не прапусціць аніводнага руху галоўнай гераіні – лялькі, якая, бы сама па сабе, далікатна вандруе апошнімі гадзінамі свайго жыцця.
Апошні аповед, «Гісторыя адной маці», бадай і не казка зусім у класічным разуменні. Філасофская прыпавесць, што заварожвае дзівосным сюжэтам, наводзіць на роздум пра, натуральна, жыццё і смерць, – але й пра долю чалавека, пра кон, прадвызначанасць, вышэйшыя сілы і свабоду выбару сваіх рашэнняў і ўчынкаў. І пра кошт, які гэта ўсё вымагае. Маці ўтрапёна выпраўляецца за Смерцю, каб вярнуць сваё забранае дзіця.
У пастаноўцы маці ўвасабляюць тры актрысы, Ганна Гаспадарык, Кацярына Трафімук і Наталля Кот-Кузьма, паўтараючы рэплікі адна за адной. Іх трохгалоссе таксама забіраецца пад скуру і грае сваю ролю ва ўздзеянні на гледача. На шляху маці, вядома, чакаюць выпрабаванні. Урэшце да дома і саду Смерці маці дабіраецца скрываўленая цярновым кустом, сляпая, бо вочы выплаканыя, сівая, бо аддала свае шыкоўныя валасы садоўніцы ў смерцевай гаспадарцы. І ўсё толькі каб высветліць: Смерць – таксама служка Бога і чыніць паводле яго загадаў, а кожнае наша жаданне закранае лёсы іншых людзей.
Так, жаночыя персанажы ў спектаклях Яўгена Карняга заўсёды моцныя, яркія і неймаверна прыцягальныя. А што з мужчынскімі вобразамі? Вылучым асноўных герояў усёй пастаноўкі – Прынца з «Русалачкі» і Караля з «Дзікіх лебедзяў». Абодва яны… рэчы. І справа ані не ў тым, што гэта пастаноўка тэатра лялек. Прынц увасоблены статуяй, што паказальна, безгаловай. Вось у гэты вылепак, што праўда, з рэльефнай і добра прамаляванай, скульптурнай мускулатурай, і закахалася Русалачка. Закахалася, адмовілася ад сям’і ды ад свайго ўнікальнага голасу на карысць бескарысных ног. Ад няўмення і нязвычкі нават стаяць на іх не можа, жывучы-віючыся ля нерухомай статуі. Ды ўрэшце становіцца пенай марскою. А Прынца-без-галавы, усё такога ж прыгожага й мармуровага, адносяць ў ягонае заўтра.
Што да героя дзеі другой, «Дзікіх лебедзяў» – Кароль, нарачоны і сужэнец Элізы, яшчэ круцейшы. Далакоп, расказваючы і паказваючы гісторыю пра адзінаццаць братоў і іх сястру-выратавальніцу, уздымае сваю рыдлёўку, трымаючы яе дзяржальнам уніз, – і вуаля, шырокі плоскі клінок нагадвае карону, віват! «Епіскап» тут, дарэчы, таксама рыдлёвачны, адно з крыжыкам на шуфлі замест кароны, што, ясная рэч, не змяншае ягонага ўплыву на ход гісторыі. У гэтай сцэнічнай версіі юнакі ўжо мёртвыя, ды Эліза ўсё адно мусіць голымі рукамі сплесці ім кашулі з крапівы – каб пахаваць па-чалавечы.
Чалавек баіцца невядомага, невымоўнага, непрамоўленага. Уявіць свой страх – першы і галоўны крок да перамогі над ім. Уявіць і пасмяяцца з яго – ці з сябе, апантанага бояззю, – крок наступны. Што, як не святло рампы, здольнае высветліць вусціш і суцешыць, разважаючы й пераносячы ўвагу са змрочнага на ўсмешлівае, хоць бы й на дзве гадзіны сорак хвілін з антрактам?
Такім чынам, смех перамагае страх. Але ўсё ж такі – хто смяецца апошнім?..
Ілюстрацыі puppet-minsk.by