Моменты и документы

астрына
в парке гомель
моманты і дакументы фрагмент экспазіцыі
санаторый ждановічы

Выпадковыя знакі

Выстава «Фотамоманты і манументы» ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура ў Мінску 

Неафіцыйны погляд на гісторыю

Гэтыя сорак здымкаў перыяду 1940–1970-х пра многае могуць расказаць.

Па-першае, яны захапляюць дэталямі – гэтыя модныя палітончыкі, дзіцячыя шапачкі, абутак, што насіўся ледзь не дзесяцігоддзямі… Знакамітыя будынкі Мінска і іншых гарадоў, фанерныя шчыты і рыштаванні, якія заўважаеш на заднім плане. Па-другое, адчуваецца ў іх персанажах нейкі асаблівы шык, пазёрства. «Я і помнік» – так умоўна гучыць тэма выставы. Ці больш афіцыйна: «Фатаграфія на памяць на фоне помніка».

У выставе відавочна праглядаецца пазіцыя куратара. «Я і помнік» у пасляваенныя часы… Што б гэта магло быць? Піянерскі салют і «дзядуля Ленін»? Ды не, на выбраных для экспанавання здымках людзі бавяцца, жартуюць і адпачываюць. Ладзяць тэатральныя мізансцэны, пазуюць і ўваходзяць у вобраз. Дэманстратыўна зацягваюцца цыгарэтай на фоне бронзавага Сталіна. Цыгарэта – гэта як адваяванне сваёй прыватнай незалежнасці, кавалачка ўласнай прасторы. Да змагання за свабоду яшчэ далёка, дый думкі, магчыма, такой не ўзнікне, аднак вось прыватная тэрыторыя і поза незалежнасці – гэта тое, што магчыма. Бо ёсць ты, найлепшы сябар побач і яшчэ адзін сябар, які здымае. І больш ніхто не павінен назіраць. Помнік можна абняць па-свойску, павырабляцца – цудоўныя нявінныя жарты.

Другі бок фотамедаля

У заходнім свеце гісторыя аматарскай фатаграфіі распачынаецца з выпускам першай камеры Kodak Джорджам Істмэнам у 1888 годзе. Дзейнасць амерыканскай кампаніі Kodak была накіраваная на максімальнае спрашчэнне працэсу фатаграфавання: «Вы націскаеце на кнопку – мы робім усё астатняе». Акрамя вытворчасці танных і простых фотаапаратаў, была створаная сетка абслугоўвання фотааматараў, дзе праяўлялі стужку, друкавалі фатаграфіі і зараджалі камеру новай стужкай. У пачатку XX стагоддзя аддзяленні і заводы Kodak з'явіліся ў многіх краінах, у выніку ўжо ў 1920-я фотааматарства ператварылася ў важны складнік вольнага часу.

У СССР даступная фотатэхніка з’явілася толькі ў 1950-я. Да гэтага часу фотаапарат быў прадметам раскошы, а ў 1930–1940-я мець яго было даволі небяспечна (праз шпіёнаманію). Аднак паступова фотаапараты сталі даступнымі, што паспрыяла масаваму распаўсюджванню фатаграфіі, фармаванню шматлікіх сямейных альбомаў і арганізацыі аматарскага руху.

Асабістыя гісторыі і сямейныя архівы сёння цікавяць не толькі куратараў і мастакоў. Музеі таксама актыўна калекцыянуюць такія сведчанні. Бо толькі праз асабісты вопыт чалавека прачытваецца складанасць і неадназначнасць гістарычных працэсаў, той другі бок медаля, які не дае запхнуць нашу мінуўшчыну ў вузкія ідэалагічныя рамкі.

Археалогія фатаграфіі

Выстава «Фотамоманты і манументы» ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура адбылася пад куратарствам Уладзіміра Парфянка, фатографа, які вядзе ў музеі даследчы праект пад назвай «Археалогія беларускай фатаграфіі». Археалогія мяркуе пранікненне ўглыб, аднак знаходкі, якія пры гэтым дастаюцца, трэба яшчэ прывязаць да кантэксту – як і чаму яны апынуліся менавіта ў гэтым месцы і гэты час. Так і тэрмін «археалогія», уведзены філосафам Мішэлем Фуко, азначае аналіз умоў з’яўлення нейкай культурнай з’явы, напрыклад фатаграфіі. Паводле Фуко, археалагічны падыход да вывучэння здымка мяркуе даследаванне ўмоў, у якіх адбывалася яго стварэнне. А стварэнне такіх аматарскіх фота (існуе спецыяльны тэрмін «вернакулярная фатаграфія») адбывалася ў самых натуральных, прынцыпова неафіцыйных умовах. У афіцыйных – запрашалі прафесійнага фатографа. 

Гэта прыватныя гісторыі людзей, з дапамогай якіх можна паспрабаваць (і куратары паспрабавалі) дэміфалагізаваць ідэальнае савецкае мінулае і паказаць розныя спосабы пражывання свайго ўласнага жыцця.

Тое, што знаходзіцца ў сямейных альбомах, можа ўяўляць вялікую цікавасць для гісторыка, яно шчыльна і непасрэдна звязана з пытаннямі гістарычнай і культурнай памяці. І патрэбны тут не мастацтвазнаўчы падыход, калі фатаграфія дзеліцца на мастацкую і, напрыклад, дакументальную. Тут любая фатаграфія – нават без фокуса, з заваленым гарызонтам і парушанай кампазіцыяй – каштоўная найперш сваёй дакументальнасцю. А таксама ролямі, якія граюць фатаграфаваныя, ды яшчэ пазіцыяй фатографа: што ён здымае і як гэта робіць. А робіць ён гэта інтуітыўна, неспрактыкавана. Яму фотакамера патрэбная дзеля адной мэты – зафіксаваць важную падзею або цікавы сюжэт. Такія шчырыя здымкі распавядуць нашмат больш пра жыццё чалавека, у адрозненне ад афіцыйных фотарэпартажаў са старонак перыядычных выданняў, зробленых на замову прафесійнымі фатографамі.

У музейным праекце «Археалогія беларускай фатаграфіі» былі ўжо такія побытавыя тэмы, напрыклад «навагодняя фатаграфія каля ёлкі», «пляжная фатаграфія», «мода беларускага мястэчка», і іх таксама прадстаўлялі ў выглядзе выстаў. Можна згадаць і іншы праект «VEHA», там збіралі архівы, прысвечаныя жыхарам беларускіх вёсак і мястэчак, вяселлям і пахаванням, а пасля выдавалі альбомы. «Тэма турыстычнай фатаграфіі на фоне помнікаў і манументаў гучыць упершыню,  – тлумачыць Уладзімір Парфянок. – Яна цікавая тым, што ў ёй мы можам выявіць перамены, якія адбыліся ў сацыяльных паводзінах “простага чалавека” пры “ўзаемадзеянні” з памятнымі месцамі, пры выкананні своеасаблівых сацыяльных рытуалаў, для якіх гэтыя памятныя месцы галоўным чынам і ствараліся».

Самая старая фатаграфія на выставе датуецца 1948 годам, і зроблена яна ў вёсцы Астрына Гродзенскай вобласці. На ёй крыху містычны сюжэт, што нагадвае антракт у спектаклі: вясковыя хаты, помнік Сталіну, маленькі хлопчык ідзе на фатографа, прыняўшы позу правадыра, – заклаўшы руку за крысо пінжака. Людзі зафіксаваныя ў паўзе паміж нейкімі ўрачыстымі здымкамі ці мерапрыемствамі, пазіруе фатографу толькі купка вяскоўцаў, астатнія камунікуюць паміж сабой ці застылі ў чаканні. Фрагмент паваеннага жыцця з яго крохкім і ледзь улоўным адчуваннем мірнага шчасця і адначасова – з суровай і строгай будзённасцю.

Гіпсавыя скульптуры спартсменаў, рабочых, правадыроў, камсамольцаў  – белыя штрых-пункціры на вуліцах гарадоў першых пасляваенных дзесяцігоддзяў. І маладыя, вясёлыя, гарэзлівыя людзі. Калі гэта зубр – яго можна і паштурхаць, зладзіўшы вясёлую мізансцэну, калі сур’ёзны помнік – жарты крыху прыцішаныя, таемныя. Ваенныя, а іх шмат на вуліцах тагачасных гарадоў, паводзяцца строга, пазуюць сур’ёзна. Асаблівы род фатаграфій  – здымкі на фоне фантанаў, куды абавязкова трэба залезці, скульптур аленяў – сімвала нейкай кранальнай прыгажосці. Напоўнены асаблівай вясёлай і крыху хаатычнай атмасферай здымкі з санаторыяў, дзе людзі ўнутры вялікай групы ладзяць маленькія мізансцэны абмену позіркамі ці жартаўлівымі жэстамі. Натоўп распаўзаецца па сваіх прыватных тэрыторыях, гэта закон жыцця, якімі б суровымі ні былі ўмовы за межамі вясёлых адпачынкаў.

І яшчэ. Для стварэння атмасферы часу ў выставачную залу прынеслі некалькі мадэляў скульптур аўтарства Заіра Азгура з калекцыі музея. Гэтыя скульптуры сапраўды існавалі ў горадзе і маглі быць зафіксаваныя на нейкіх кадрах, што схаваліся паміж старонкамі хатніх альбомаў...

У парку. Гомель (1955–1959). З архіва Аляксандра Весніна. 
Магілёў. 1950-я (?). З калекцыі Літвінавай.
Астрына, Гродзенская вобласць. 7 лістапада 1948. З калекцыі Уладзіміра Парфянка.
Санаторый «Ждановічы». 1962. Альбом Святланы Сярбаевай. З калекцыі Ірына Савосінай.
Фрагмент экспазіцыі.

Смотреть больше
Захар Кудин. Путь «левым глазом»
Захар Кудин. Путь «левым глазом»

Персональная выставка

Война, революция и замкнутый круг
Война, революция и замкнутый круг

Выставка Михаила Гулина и Антонины Слободчиковой «Кафе Беларусь 2: комплекс Кассандры»

Две души и равновесие в творчестве
Две души и равновесие в творчестве

Художник Андрей Духовников - бывший директор Витебского центра современного искусства - о музее и супрематизме

Взорвать и не собрать.
Взорвать и не собрать.

Тотальные инсталляции беларусского художника Игоря Тишина

Настоящее продолженное
Настоящее продолженное

Живописные проекты Натальи Залозной

Выставка
Выставка "Аромат свободы"

Выставка белорусских художников в Варшаве