BY
па-беларуску
«Это капец, беларусский язык!»

«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

«Гэта немагчыма слухаць, беларуская нашмат больш натуральна гучыць з тваіх вуснаў»

Ілья, смеючыся, прыгадвае, што хадзіў у школу рэдка, браў розныя вызваленні, якія ў тым ліку сам сабе пісаў.
«Шмат спяваў, выступаў на нейкіх канцэрціках, хадзіў у студыю, музычную школу. Дастаткова музычнае дзяцінства было. У шматлікіх конкурсах удзельнічаў, большасць рэпертуару там была на беларускай мове. Але не тое, каб я тады атаясамліваў сябе з беларушчынай. Ужо пазней пачаў цікавіцца беларускай, вывучаў, пачаў размаўляць на ёй і завёў TikTok».

Цікавасць да мовы выклікала сукупнасць фактараў, кажа Ілья. Але сярод твораў, якія паўплывалі, называе «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.
«Ад сяброў і сям’і спачатку, магчыма, было непаразуменне, што я размаўляю па-беларуску. Але не памятаю перыяду, каб мне хтосьці гаварыў: «Не, Ілья, хопіць, гэта капец, якая беларуская мова! Размаўляй па-руску ўсё жыццё». Я нават зараз калі па рофлу спрабую размаўляць з бабуляй і дзедам на рускай, нават «прямо специально пробую говорить по-русски», яны кажуць: «Гэта немагчыма слухаць, беларуская нашмат больш натуральна гучыць з тваіх вуснаў».

Абыходзіў TikTok за некалькі кіламетраў

Хлопец кажа, што спачатку не хацеў заводзіць TikTok. Зараз у акаўнце Ільі 100 тысяч падпісантаў.
«Сябра казаў, маўляў, Ілья, давай завядзём TikTok, ты разбіраешся ў беларускай мове, давай пачнём нешта цікавае здымаць. І вось неяк так пачалі, і далей з ім здымаем, ён мой аператар, ідэі часам падкідвае. Я з нейкай такой падлеткавай пазіцыі абыходзіў TikTok за некалькі кіламетраў, бо лічыў платформай для дзяцей. Але потым гэты максімалізм сышоў, я пасталеў у гэтым плане».

Самае першае зробленае відэа і «заляцела», прыгадвае хлопец.
«Гэта быў верш Сяргея Грахоўскага «Ветразь», дзе вельмі шмат словаў максімальна не падобных на рускую мову. Я тады яго паказаў на фоне партрэтаў выбітных беларусаў. Відэа недзе 30 тысяч праглядаў сабрала адразу і па актыўнасці нармальна пайшло. Не было такога, што я нешта рабіў у TikTok незаўважнае. І, з пэўнага моманту, стрэліла. Былі пераходныя моманты ў кантэнце: спачатку мог стаяць ля сценкі і расказваць нешта цягам хвіліны, потым пайшлі скетчы, апытанкі, влогі і гэтак далей».

Ідэі для відэа прыходзяць падчас адмысловага брэйншторму сам насам з сабою, або разам з аператарам Уладам.
«У мяне розны кантэнт. Ёсць відэа, якія проста сам сабе раблю, напрыклад, апытанка ці влог, яны ніяк не звязаныя з трэндавасцю, яны заўжды так ці інакш будуць існаваць. А бываюць мемы, гук трэндавы нейкі з’явіўся ў TikTok, і здымаеш, толькі з беларускай тэматыкай, адаптуеш пад сябе».

Ілья кажа, што ў апытанках прыкладна разумее, якія могуць быць адказы людзей. У адным з відэа ён запытваў мінскіх дзяўчат, ці сустракаліся б яны з беларускамоўным хлопцам, і большасць была рэакцый адмоўных.
«Я меркаваў, што будуць такія адказы, не тое, каб я адразу «Wow!» Я не думаю, што беларускі павёрнутыя на тым, каб іх хлопец абавязкова не быў беларускамоўны. Гледзячы, што за чалавек. Канечне, некаторыя адказы былі фрыкаватыя. У нас выбарка літаральна чалавек пяць, не абавязкова, што ўсе там прытрымліваюцца дадзенага меркавання. Ну і ад хлопца, зразумела, залежыць».

«Я разумею, што такія правілы гульні»

З хэйтам ці агрэсіяй ад людзей на вуліцы яшчэ ні разу не сутыкаўся, прызнаецца блогер.
«Яшчэ не было такога, каб я да кагосьці падышоў «можаце адказаць на пытанне», а хтосьці ― «пайшоў ты!», ― смяецца хлопец. ―Звычайна, альбо кажуць «Ой, прабачце, не маю часу», альбо «Так, давайце». Зараз, калі выхаджу на Нямігу і не адмыслова па людзей 30+, можна школьнікаў зняць. Звычайна, нават яны самі падыходзяць: «Вітаю! Можна сфоткацца, зняцца?» Але стараемся розныя пакаленні закранаць».

 

У каментары пішуць рознае, як хэйт, так і нешта адэкватнае.
«У асабістыя нічога дрэннага не пішуць, звычайна, словы падтрымкі, падзякі, пытанні нейкія і такога кшталту. Ну і наўрад ці калі б мне напісалі, што я «колхозник», я бы біўся ў канвульсіях, плакаў і думаў, як мне жыць далей, ― смяецца Ілья. ― Ну напісалі і напісалі, бог з вамі. Магчыма, калі б нешта вельмі асабістае было, то мяне б гэта кранула. Я разумею, што такія правілы гульні».

Бабу Тому ў вёсцы ведаюць, кажуць: «Во, у тыктоку цябе бачылі!»

Ілья таксама здымае цёплыя і смешныя відэа са сваімі сваякамі, па каментарах відаць, што яны вельмі блізкія беларусам.
«Вось баба Тома, ― жанчына, якая найбольш папулярная з усіх, ― спачатку думала, што я па рофлу гэта ўсё здымаю, не для таго, каб выкласці. Але зараз яна добра гэта ўспрымае, яе ў вёсцы ведаюць, кажуць: «Во, у тыктоку цябе бачылі!». Збольшага, бабуля (сястра бабы Томы) з дзедам, яны таксама добра ставяцца. Спачатку, вядома, было такое: «Ай, Ілья, не здымай!». А зараз яны наадварот нават самі хочуць».

Вось, што Ілья раіць людзям, якія хочуць зрабіць свой блог:
«Трэба рабіць якасна і з густам. Знайсці сваю разынку і кляпаць кантэнт. Яшчэ трэба быць асобай, нельга піліць нейкія відосікі раз на тыдзень і ні з чым не асацыявацца ў людзей. Трэба ўсё ж такі нешта сабою ўяўляць».

Бум быў з трэка «На Нямізе»

Ілья Шынкарэнка піша музыку і робіць песні на вершы беларускіх аўтараў, а таксама трэкі на свае ўласныя тэксты.
«Я пачаў рабіць аўтарскае з сінгла «Нявесце Каліноўскага» на верш Уладзіміра Караткевіча ў 2022-м, там толькі музыка мая. Потым выйшаў трэк «Нібы сон» ― цалкам мой аўтарскі. Пазней зрабіў міні-альбом на вершы Караткевіча. А вось нейкі бум быў ужо з майго трэка «На Нямізе».

Дарэчы, у Ільі нават ёсць свой мерч ад вядомага ў Беларусі брэнду LSTR Adziennie.

Хлопец дадае, што любіць пісаць тэксты для песень на паперы, але выключна асадкай, а не алоўкам, бо той раздражняе.
«На тэлефоне максімум можна нейкія нататкі рабіць. Вось ідзеш, нешта з’явілася ў галаве, бам! ― запісаў. А так, прыходзіць нейкая задума, сядаеш за фартэпіяна, прадумваеш, пішаш, акорды падбіраеш, гармонію, мелодыя сама нараджаецца. Звычайны працэс».

Першыя выступы са сваімі песнямі Ілья правёў у Магілёве і Мінску.
«У ліцэі БДУ было нейкае мерапрыемства і вось у мяне акурат выйшаў міні-альбом «Пад сярпом тваім», яго там і заспяваў. Гэта быў першы раз, калі выканаў сваю праграму. У Магілёве я выступаў на юбілейным канцэрце як выпускнік вакальнай студыі, тады «Нявесце Каліноўскага» ў ДК гарадскім бахнуў. Але пасля канцэрту ў ліцэі пачаліся розныя выступы. Людзі пішуць добрыя словы, дораць файныя падарункі, дзякуй усім!»

Толькі ты і балота на 9 тысяч гектараў

Хлопец шмат вандруе па Беларусі і распавядае пра розныя месцы ў TikTok.
«Я бы вельмі параіў наведаць Ельню, бо сам да яе не даеду ніяк. Я неяк нават прыехаў туды, але там ужо было дужа цёмна, толькі з ліхтарыкам хадзіць. Ну і ўсё, пабачыў, як жураўлі чарадою ляцяць, развярнуўся і паехаў. Да таго ж там апошняя турыстычная група з’ехала і нікога не засталося, толькі ты стаіш і балота на 9 тысяч гектараў. І ўсё, цішыня, толькі птушкі спяваюць, хрэн яго ведае, можа мядзведзь які выйдзе», ― смяецца Ілья.


Таксама хлопец раіць наведаць Палессе і крэйдавыя кар’еры, але папярэджвае, што летам там вельмі горача і шмат мошак, а схавацца няма дзе ― пустыня з кар’ерам і сонца.
«Прыкольна яшчэ на Нарачы на яхце пакатацца. З гарадоў Гародня прыгожая, файны горад, Пінск таксама. Ну і пасля Другой сусветнай яны ў большай ступені захаваліся ў архітэктурным плане. Толькі ў Пінску машкары дахалеры, ― усміхаецца хлопец. ― Магілёў файны горад, раней называлі «Белакаменнай Прагай». У Віцебску вельмі прыгожая панарама гораду, як і ў Гародні, дарэчы, таксама, калі ад’ехаць за мост і глядзець на горад па іншы бераг Нёмана: там замкі і касцёлы, так прыгожа-прыгожа!»
 


Ілья называе сябе меламанам, але пра любімых выканаўцаў дыпламатычна не гаворыць. Затое раіць кнігі, якія абавязкова трэба прачытаць беларусам і беларускам.
«Няхай будуць «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, «Палеская хроніка» Івана Мележа і «Вянок» ― проста прыгожая мова, ды і Багдановіч файны. Безумоўна, шмат файных кніжак, пісьменнікаў. Трэба ўсіх чытаць, усіх ведаць!»

Хлопец кажа, што ў ягоных планах зараз ― арганізаваць вялікі канцэрт у Мінску перад Новым годам, а таксама «дабіць» 10 тысяч падпісантаў у Instagram.
«Мяне натхняюць і надаюць сілы людзі: сябры, знаёмыя, слухачы, гледачы!»

Сачыце за творчасцю Ільі Шынкарэнкі ў InstagramTikTokYouTube.
Cлухайце на платформах SpotifyApple Music.
 

Фота Ільі (з прыватнага архіву)