BY
па-беларуску
Траўматычныя аскепкі думак

Траўматычныя аскепкі думак

Адкуль бяруць натхненне беларускія музыкі

У новым музычным аглядзе распавядаем: пра эмігранцкія альбомы, якія асэнсоўваюць актуальныя падзеі, але вельмі адрозніваюцца па настроі; супергурт з удзельнікаў «Петли пристрастия» і Port Mone і яго дэбютны альбом, што надзвычай дакладна трапляе ў восеньскі настрой; а таксама вельмі арыгінальнае і творчае пераасэнсаванне беларускай класікі ад гурта, які запісаў адзін з найлепшых альбомаў апошніх пяці гадоў.

Лявон Вольскі 

Emihranty — СЛУХАЦЬ

Пра альбом Вольскага ўжо сказана і напісана даволі шмат. Меркаванні падзяліліся, але ў адным слухач і крытык дакладна паразумеліся: у «Emihranty» нямала прахадных трэкаў, а эмігранцкае існаванне, паводле класіка беларускай музыкі, часам выглядае дастаткова павярхоўным і пазбаўленым сапраўднага жыцця. Гэта складанка з анекдотаў рознай ступені актуальнасці — стылізаваныя музычныя замалёўкі, у якіх непасрэдна Вольскага не так ужо і шмат.
Калі раптам прапусцілі гэты рэліз, дык вось вам самары для разумення нюансаў. Спадар Лявон запісаў самы працяглы па часе альбом у сваёй сольнай дыскаграфіі: больш за 30 трэкаў, 21 песня — і ўсё гэта пэўны чынам адлюстроўвае эмігранцкае жыццё беларусаў. Геаграфія даволі шырокая: тут ёсць песні пра Берлін і пра Польшчу, пра Ізраіль і пра Каліфорнію, пра Вільню і, вядома, пра Беларусь. Умоўна альбом падзелены на дзве часткі: несур’ёзную, у якой ва ўласцівай Вольскаму іранічнай манеры апісваюцца думкі ўмоўнага эмігранта пра адаптацыю ў чужой краіне, і сур’ёзную, дзе гэты эмігрант ужо сумуе па родным краі.
Дык вось менавіта першая частка і выклікае найбольш пытанняў, бо абсалютная большасць гэтых кампазіцый — аднаразовага прымянення. Вольскі не ўпершыню працуе на тэрыторыі псеўданароднага шансону, але менавіта тут вельмі яскрава адчуваецца яго намаганне зрабіць новы «Народны альбом»: запісаць зразумелую і лёгкую музыку для масавай публікі. Але сапраўды масавая публіка засталася ў Беларусі, а гэты альбом, відавочна, не для яе. Ён і не для масавага эмігранта, які існуе не ў анекдоце, а ў суворай рэчаіснасці.
Менавіта суворая рэчаіснасць сустракае слухача ў другой частцы альбома — там, дзе беларуская траўма і гукі вайны. Каб не перагрузіць анекдот складанымі аранжыроўкамі, для першай часткі альбома падабраны найэфектыўнешы інструментарый — акустычна-мінімалістычнае гучанне. А вось другая частка адчайна патрабуе больш шчыльнай працы з гучаннем і афармленнем песень. Бо тая ж «Беларуская траўма» гучыць вельмі недасканала (нават тэмп выклікае пытанні), а песня-прысвячэнне Алесю Пушкіну ўвогуле ў гэтым альбоме губляецца.
Можна было б вылучыць кампазіцыю «Зорачка», але тут ёсць пытанні па выкананні — замест трагедыі мы чуем недарэчны пафас і тэатральны эфект, якога варта было пазбегнуць. У выніку ў «Emihranty» вылучаеш дзве песні — меланхалічныя «Каляды ў Менску», дзе Вольскі працуе на зразумелай для сябе тэрыторыі і са знаёмымі вобразамі. І «Куды і калі», якую ратуе Вольны хор.
Цяпер Вольскі працуе над альбомам пра палітвязняў. Цікава, якім атрымаецца новы рэліз.

Leibonik 

Tam — СЛУХАЦЬ

А цяпер — яшчэ пра адзін эмігранцкі рэліз. Ён больш інтравертны і скіраваны на ўнутраныя пачуцці чалавека, які быў вымушаны пераехаць у іншую краіну. Натуральна, гаворка пра альбом «Tam» гурта Leibonik. Хаця тут варта ўсё ж такі казаць не пра гурт, а пра асобу Сяргея Башлыкевіча.
Гэты запіс смешны і балючы адначасова. Нават кліпы на сінглы з «Tam» нібыта вясёлыя, але ўсё ж хаваюць сумную ўсмешку іх аўтара.
Такі ж па настроі і альбом «Tam» — Сяргей Башлыкевіч вельмі крута працуе са словам: альбом гучыць нібы сяброўская размова за півам, змястоўная, асэнсаваная, дарослая і менавіта таму вось такая іранічная. Як і ў Вольскага, музычны складнік тут адыгрывае другасную ролю, але прычыны зусім іншыя: запіс пабудаваны такім чынам, каб не забіраць увагу слухача і засяродзіць яе менавіта на гэтай размове.
Гэта альбом, у якім ёсць сапраўдныя і шчырыя думкі. І гэта тое, чаго так бракуе сучаснай беларускай музыцы: якаснай працы са словам, свежай глыбокай рэфлексіі, сучаснага кантэксту. «Там» — гэта Гаральд, які ўсміхаецца праз боль. Але Башлыкевіч робіць гэта такім чынам, каб з Гаральдам захацелася кульнуць чарку і проста паразмаўляць пра гэтае шалёнае жыццё-быццё ў эміграцыі.
«Там» — цалкам тэкстацэнтрычны альбом, але пры гэтым у ім неблагі музычны складнік. Нішто не перашкаджае табе ўспрымаць сэнс, да таго ж аранжыроўкі дапамагаюць стварыць патрэбны настрой і дэкаруюць рыфмы. Leibonik выдалі класную нізку вершаў для эмігранцкага жыцця, каб заканспектаваць яго і даць магчымасць зразумець тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў.

Polyn

202022 — СЛУХАЦЬ 

Гурт Polyn — зусім новая з’ява ў беларуская музыцы, хоць яго ўдзельнікаў вы ведаеце дакладна. Гэта трыа з музыкантаў «Петли пристрастия» і Port Mone. У кожнага з іх свой цікавы бэкграўнд і скіл-сэт.
Ілля Чарапко-Самахвалаў — вакаліст двух вельмі цікавых беларускіх гуртоў («Петля пристрастия» і «Кассиопея»), у кожным ён раскрываецца па-свойму, але слухаць яго заўсёды цікава. Сяргей Краўчанка — перкусіяніст Port Mone і адзіны ўдзельнік эмбіент-праекта Sk.Ein, які стварае халодныя шматслойныя гукавыя ландшафты. Аляксей Ванчук — бас-гітарыст Port Mone і спецыяліст па гуку ў буйной міжнароднай IT-кампаніі. То-бок кожны з іх — самастойная творчая адзінка і чалавек з унікальным наборам інструментаў.
«202022»— лаканічнае выказванне з васьмі трэкаў на 32 хвіліны агулам. Але пры гэтым ён вельмі глыбокі, шматслойны і прапрацаваны. Кожны трэк — асобная гісторыя, якую вельмі складана апісаць стылістычна. Постпанкавы па сваім настроі, ён хістаецца то ў бок трып-хопу, то на тэрыторыю эмбіенту, то выплывае ў uk garage. Нязменным элементам тут выступае толькі Ілля Чарапко — настолькі пазнавальна ён тут гучыць.
Цікава, што Ілля звычайна выступае і аўтарам лірыкі. Прынамсі, так гэта працуе ў «Петле пристрастия» ці ў «Кассиопее», але ў гурце Polyn усю лірыку напісаў якраз Сяргей Краўчанка. Таму вельмі цікава паназіраць, як Чарапко працуе з чужымі тэкстамі. З аднаго боку, ён усё роўна вельмі пазнавальны. З іншага — тэксты дакладна адрозніваюцца ад іншых праектаў Іллі. Калі «Петля пристрастия» пра лаканічную афарыстычнасць, а «Кассиопея» пра абсурдныя фэнтэзійныя сюжэты, то Polyn прапануе слухачу больш глыбокую і змястоўную рэфлексію.
«202022» — вельмі сумны восеньскі альбом, які духмяніцца познімі працамі Radiohead, але з фокусам на беларускі кантэкст. У кожным трэку — складаныя, але зразумелыя вобразы, траўматычныя аскепкі думак і пачуццяў, пасланне ўсім нам, параненым і змучаным. 

Syndrom Samazvanca

Radyjo Niamiha — СЛУХАЦЬ

У адным з папярэдніх аглядаў мы ўжо распавядалі пра надзвычай цікавы беларускі гурт Syndrom Samazvanca, які спалучае ў сваёй творчасці шмат складаных і невідавочных элементаў — ад краўт-року да арт-панку. Сапраўды, іх альбом «Vostraŭ skarhaŭ» можна аднесці да самых цікавых рэлізаў у беларускай музыцы апошніх пяці гадоў. Але вось вам неспадзяванка — пасля такога паспяховага ў творчым плане рэлізу гурт выдаў яшчэ адзін лонгплэй. Але цяпер працуе не з аўтарскім матэрыялам, а з вельмі цікавымі здабыткамі беларускай рок-музыкі.
Летась гэтай сцежкаю ўжо хадзілі музыканты гурта Relikt. Памятаеце, яны запісалі альбом кавераў «Былі, ёсць, будзем»? Але той праект быў рэалізаваны шляхам акуратнай рэстаўрацыі: шмат якія сапраўды важныя і цікавыя песні з залатой калекцыі беларускага року ўпершыню з’явіліся ў якасным гучанні.
А вось «Radyjo Niamiha» — гэта творчае перасэнсаванне спадчыны гуртоў кшталту Ulis, N.R.M. ці «Новае неба». А таксама вяртанне калектыву да творчасці Альгерда Бахарэвіча.
У «Radyjo Niamiha» сапраўды вельмі шмат эксперыментаў. Экзістэнцыяльны «Сон у трамваі» — краўт-рокавая п’еса з псіхадэлічнымі запіламі. Гітарны баевічок «ŁaŁaŁaŁa» пераўтварыўся ў пругкі сінт-поп, драйвовыя «Ночы» гурта «Палац» у пачатку гучаць як нейкі нуар. Блізкімі да арыгіналу тут застаюцца хіба «Іржавыя дні» гурта Ulis і тое самае вяртанне Syndrom Samazvanca да творчасці Альгерда Бахарэвіча — у каверы на «Шэф у гістэрыцы» гурта «Правакацыя», у якім удзельнічаў знакаміты беларускі пісьменнік. Цяпер у кожным з трох альбомаў калектыву можна знайсці спасылкі на творчасць Бахарэвіча.
У кожнай песні ёсць характар і вельмі дакладная афарбоўка. Кожную можна назваць выдатным пераасэнсаваннем класікі. Кожная загучала так, нібы яе напісалі толькі ўчора. Альбо трыццаць гадоў таму. І ў гэтым увесь кайф «Radyjo Niamiha».
 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу