У новым музычным аглядзе прапануем вам паслухаць страшныя казкі з беларускім каларытам у металічным гучанні, выправіцца ў музычнае падарожжа разам з джазавай спявачкай Лерай Дэле, пазнаёміцца з інтымным альбомам героя беларускага хіп-хоп-андэграўнду і, нарэшце, паспрабаваць адчуць вельмі цікавую імправізацыйную плытку беларуска-польскага праекта.
Trollwald / Trollwald
Калісьці ў Беларусі існаваў выдатны фолк-метал-гурт Litvintroll. Яго гісторыя даволі трагічная. Музыканты працяглы час працавалі над новым альбомам і амаль яго дапісалі, але здарылася няшчасце. На жаль, адзін з удзельнікаў гурта не дачакаўся рэлізу — у кастрычніку 2012 года бас-гітарыст Litvintroll загінуў на сцэне ў Гомелі на фестывалі «Mass Medium 2012». У выніку «Чорную панну» прысвяцілі яму.
Затым адбыўся яшчэ адзін непрыемны момант. Пасля гэтага альбома паміж музыкамі гурта ўзнік канфлікт праз юрыдычныя нюансы. Фактычна Litvintroll раскалоўся на дзве часткі, а потым і ўвогуле перастаў існаваць. У выніку атрымаліся два гурты — Sakramant і Trollwald. Першы не выдаваў новы матэрыял аж з 2019 года. А вось у Trollwald нядаўна здарыўся паўнафарматны альбом.
Па гучанні і стылістычна ён даволі моцна адрозніваецца ад папярэдніка, бо тут амаль цалкам хэві-металічная структура і вайб: песні, нібы заканспектаваныя за класікамі жанру, не прэтэндуюць на структурную арыгінальнасць і вынаходніцтва, але гучаць шчыльна і якасна. Самы цікавы момант — дуда, якая фактычна выконвае ролю лід-гітары: гучыць вельмі каларытна і цікава.
Trollwald на новым альбоме расказваюць страшную казку. Ты нібыта чытаеш старыя беларускія паданні з ілюстрацыямі Валерыя Славука, бачыш перад вачыма гэтыя вобразы і дамалёўваеш сюжэты ў свядомасці. Гурт робіць вельмі нязвыклую для беларускай музыкі справу — прапануе слухачу сторытэлінг, распавядае гісторыі, прычым таленавіта. Да таго ж сюжэты небанальныя і харызматычныя. Тут і казка «Троль-байструк», і сумная гісторыя «Нявеста», і сінгл «Не гуляйце, дзеўкі, у лесе». Ты быццам зноў чытаеш «Заклятыя скарбы» ці «Людзі слухай, а свой розум май» з каларытнымі малюнкамі і аўтэнтычнымі сюжэтамі.
Але ёсць у гэтым матэрыяле і відавочна слабыя месцы. У першую чаргу гаворка пра вакальныя партыі, якім часам бракуе яскравых мелодый. Матэрыял вельмі роўны, і ў гэтым яго галоўная праблема: музычнаму складніку не стае харызмы, каб гэтыя страшныя казкі сапраўды пайшлі ў народ.
That Tree / KOOB
Лера Дэле нарадзілася і вырасла ў Мінску. Тут жа яна пачала займацца музыкай і ў выніку вырасла ў прыкметную соўл-вакалістку, якая паўдзельнічала ў шэрагу лакальных гуртоў. З іх перш за ўсё варта вылучыць калектыў Dee Tree — настраёвы, прафесійны гурт, які выдатна міксаваў соўл, фанк і джаз (а гэта ўжо само па сабе з’ява для дэпрэсіўнай беларускай сцэны).
У нейкі момант гурт Dee Tree перастаў існаваць, а Лера пераехала ў Берлін, каб вучыцца ў мясцовай кансерваторыі. Натуральна, гэта вельмі прыдатная глеба для новых знаёмстваў, творчых эксперыментаў і самых шалёных ідэй. І летась Дэле выдала незвычайны відэаальбом «Sadder days», прысвечаны маці перформансу Марыне Абрамавіч. Гэта вельмі яскравая, поўная сімвалізму і творчага пошуку работа, у ёй спалучаюцца эксперыментальная электроніка і джаз, аздоблены імправізацыйным відэашэрагам.
У чэрвені Лера Дэле выдала яшчэ адзін альбом свайго інтэрнацыянальнага праекта KOOB, у якім сабраліся музыканты з усяго свету. Гэта альбом называецца “That tree”, і ён сапраўды замешаны на традыцыях розных краін. У гэтым джазавым матэрыяле можна адчуць вайб самых экзатычных куточкаў планеты, у ім пульсуе неверагодная энергія і музычнай свабода, якая не вымяраецца межамі канкрэтнай краіны.
“That tree” вельмі добра балансуе паміж эксперыментам і поп-музыкай. Тут ёсць і пакручастыя, складаныя для ўспрымання кампазіцыі, і простыя рашэнні — музыкі нібыта гуляюць між сабой, але гэта не спартыўнае спаборніцтва, а, хутчэй, творчае сяброўства, дзе кожны дадае нешта сваё, а ўпрыгожвае ўсё гэта вакал Леры Дэле.
У Беларусі бракуе такой музыкі: на мяжы эксперыменту і традыцыі, разняволенай і прафесійнай, аўтэнтычнай і мульцікультурнай. Таму матэрыял на “That tree” ўспрымаецца як крок са знаёмай сцежкі ў бок віруючага свету музычнай свабоды. Ну і вокладка, якая цытуе Эгана Шыле, дадае гэтаму матэрыялу яшчэ больш харызмы.
Vandroŭny cyrk majho hramadskaha žyćcia / ...eman
У Беларусі даволі моцная традыцыя хіп-хопу. І гаворка зараз не пра вядомых рэпераў, што зрабілі сабе кар’еру па суседстве на Усход, а менавіта пра беларускі андэграўнд, які падарыў уважліваму слухачу багата імёнаў і рыфм.
Адзін з культавых персанажаў гэтага беларускага хіп-хоп-падполля — Zeman, хлопец, які дагэтуль робіць цікавы олдскульны рэп. Пачнём з класікі: калі вы нічога не ведалі пра Зэмана, то раім паслухаць выдатны альбом «Коска». Цяпер ён гучыць, нібы дзённік з мінулага, мірнага жыцця, як аўдыязапіс, што знайшоўся, калі ты разбіраеш свае валізы ў новай краіне з новым бэкграўндам. Гэта глыток старога Мінска, дзе сябры жартуюць у барах, дзе адбываюцца нейкія смешныя ці сумныя рэчы. А ў суседняй краіне ўжо ідзе вайна.
Пасля гэтага альбома Зэман працягнуў мінскі летапіс. У яго ёсць запісы, цалкам прысвечаныя раёнам беларускай сталіцы, і цяпер гэта таксама выглядае як аскепак мінулага, што тырчыць з сэрца.
Новы альбом Зэмана называецца «Вандроўны цырк майго грамадскага жыцця». Гэта той жа самы олдскульны хіп-хоп, але пры гэтым ён зусім іншы па настроі. У ім не так багата сторытэлінгу ці нейкіх наўпроставых панчаў. Ён зусім пра іншае: гэта саўндтрэк да жыцця пасталеўшага чалавека, у якім засталося не так ужо і багата таго юнацкага максімалізму, што прымушае пісаць рэп. «Вандроўны цырк» — вельмі асабісты ды інтравертны запіс. Бадай, самы інтравертны ў багатай дыскаграфіі Зэмана. І каб добра зразумець гэты альбом, спачатку трэба добра вывучыць папярэднія, бо з «Вандроўнага цырку» не варта пачынаць, ім варта працягваць — тады гэты запіс раскрыецца перад вамі зусім па-іншаму.
Zaručyny / Maria Elena Bonet
Мы ўжо расказвалі пра вельмі прадуктыўны і надзвычай цікавы праект беларускага паэта, журналіста і музыканта Віктара Сямашкі Fantastic Swimmers. Гэта імправізацыйны калектыў, склад якога часта змяняецца. Гэтым разам «Фантастычныя плыўцы» сабраліся ў беларуска-польскім складзе і разам з беларускай мастачкай і паэткай Марыяй Эленай Бонэт запісалі чароўны аўдыякалаж пад назвай “Zaručyny”.
Запіс гэтага альбома адбываўся ў незвычайных умовах. Спачатку Марыя Элена Бонэт запісала свае тэксты: гэта палявыя нататкі, якія яна пакідала ў дзённіку падчас жыцця ў Гданьску. А ўжо музыкі падчас адной варшаўскай сесіі аздобілі гэтыя нататкі імправізацыйным матэрыялам. Міксавалася гэта ўсё ўжо ў Беластоку. Такім чынам, альбом багата павандраваў па Польшчы, перад тым як трапіць да слухача.
Гэты матэрыял нельга ўспрымаць проста як музычны альбом. Уявіце, што музычны яго складнік — гэта не супрацоўніцтва з тэкстам, а рэакцыя на яго. То-бок узаемаадносіны паміж Марыяй Эленай Бонэт і Fantastic Swimmers адбываюцца на іншым узроўні. У першую чаргу яны слухачы, а ўжо потым — удзельнікі працэсу. Калі вось такім чынам успрымаць гэты матэрыял, слухаць яго становіцца яшчэ цікавей.
Натуральна, гэта альбом для актыўнага спажывання. Вы не зможаце праглынуць яго залпам ці паставіць фонам пасля цяжкага працоўнага дня. Вы таксама мусіце стаць паўнавартасным удзельнікам “Zaručyny”, знайсці там таемныя сэнсы і, магчыма, зрабіць свае нататкі на палях.