BY
па-беларуску
Сэрца пацана.

Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Павел Гарадніцкі – асоба рознабаковая. Акцёр і рэжысёр Беларускага Свабоднага Тэатра. Музыка гурту “Разбітае Сэрца Пацана”. Удзельнік праекту “ДСП”… Уласна на базе ДСП і зарадзілася «Разбітае Сэрца Пацана»: 18 год таму хлопцы-студэнты Пашка і Дзёнька (Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка) заснавалі калектыў, які спяваў простыя гумарныя песні пра каханне. Менавіта да іх артысты цяпер і вярнуліся: канцэрт “ДСП” з моцнай падтрымкай публікі адбыўся не так даўно ў Варшаве у клубе Scena Chmielna. Гэта быў ужо чацвёрты выступ праекту ДСП пасля адраджэння.
Пра канцэртную дзейнасць, творчасць ва ўсіх яе праўленнях, а таксама парады ад жонкі-псіхолага мы і паразмаўлялі з Паўлам Гарадніцкім.

ДСП. “Грэх хаваць такія такія скарбы ад людзей!”

– Менавіта што падштурхнула вас з Дзянісам на тое, каб вы ўсё ж такі зрабілі рэтраспектыву на 18-годдзе ДСП?
– Штуршок быў насамрэч не зусім ад добрага жыцця, а таму, што ў нас стан гурту такі: частка музыкаў «Разбітага Сэрца Пацана» не ў Польшчы, нам цяжка збірацца на вялікія электрычныя канцэрты, большасць часу мы з Дзёням сустракаемся ўдвух. І мы падумалі, што трэба выкарыстаць гэтую магчымасць і прыгадаць мінулае, калі мы стварылі дуэт ДСП. Гэта па-першае. А па-другое, калі мы сабраліся і ўспомнілі гэтыя песні, то нам так стала класна (бо гэтыя песні настолькі смешныя, рамантычныя, цікавыя і ў гармоніі), што падумалі: “Грэх хаваць такія скарбы ад людзей!”
 

РСП. Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка

Гэтыя ж песні амаль ніхто не чуў, у запісе ёсць толькі дзве: “Ты прасці” і “Дождж”. Ды і тое – яны толькі ў Вконтакте. Карацей, мала хто чуў рэпертуар, які мы тады – 18 гадоў таму – гралі пад баян і піяніна. Ды мы яго і самі пасля забыліся. У нас з'явіліся іншыя праграмы. Праўда, яшчэ ў Мінску былі думкі некаторыя песні аранжыраваць у поўным складзе «Разбітага сэрца». Нават зрабілі некалькі рэпетыцый. Але не пайшло. Зараз, калі пераслухоўвалі гэта ўсё, Дзёня сказаў, што гэтыя песні трэба альбо рабіць з сімфанічным аркестрам, альбо ўвогуле не запісваць. А многія пішуць нам у instagram, просяць запіс. І тады мы падумалі, што ўсё ж такі трэба шукаць сімфанічны аркестр, чалавека, які зрабіў бы аркестроўкі і, магчыма, у такім выглядзе яно выйдзе ў свет.


–  А зараз нейкія новыя песні пішуцца для ДСП?
– Пакуль не. Нам бы разабрацца з тым матэрыялам, што ўжо ёсць. У нас больш за 20 песень. Мы шмат часу выдаткавалі, каб ўзгадаць словы, знайсці нататкі з тэкстамі. Частку з іх мы так і не ўспомнілі, таму прыдумалі нешта сваё.
Апошні ЕР “Разве тут” таксама не зусім РСП-шны. Ён нават не быў запісаны з нашымі музыкамі. Там ёсць гітара, але ў цэлым гэта электронны праект.
–  Але мне падаецца, што “Разве тут” і не да «Разбітага сэрца», і не да ДСП. Ён – нешта трэцяе…
– Ён бліжэй да «Разбітага сэрца». Гучанне проста больш электроннае. І гэтае электроннае гучанне, якое нам зрабіў Яраслаў Таміла, цяжка зайграць на канцэрце жыўцом. Але мы зрабілі адну песню і, магчыма, выканаем яе на фэсце “Грай на Каляды” 22-га снежня. Песня “Чемодан” называецца.

– У вас нядаўна з праектам ДСП адбыўся канцэрт на Scena Chmielna у Варшаве. Перад тым у сталіцы Польшчы быў яшчэ выступ у Beer Station…
– З ДСП гэта быў наш чацвёрты канцэрт наогул. Першы раз мы сыгралі ў Beer Station напрыканцы лета. Было вельмі класна, цёпла, атмасфера, прыемна. Шмат людзей было. Пасля ў нас адбыліся Кракаў, Уроцлаў. Думаем яшчэ пра Гданьск і Познань. Магчыма, гэта пасля Новага году ўжо.

– Тое, што праект ДСП мае права на жыццё зараз, праз 18 гадоў, - пра гэта вам сказалі поўныя залі на канцэртах? Ці што для вас стала паказчыкам? Чаму вы вырашылі працягваць?
– Мне асабіста мая жонка сказала, што мы не маем права гэтыя песні пахаваць. Што гэтыя кампазіцыі павінны гучаць на вялікую аўдыторыю. Ну і на канцэртах пасля выступу мы заўсёды пытаемся: “Як вам? Зайшла праграма?” Мы ж разумеем, што многія не ведаюць, на што ідуць. Ведаюць толькі, што ДСП – гэта баян і піяніна. І што радуе – я пакуль не бачыў расчараваных людзей, якім не хапіла рока ў гучанні. Усе спяваюць разам з намі літаральна ўжо з другога прыпеву.

ТЭАТР. “Фрык? Ну і хай сабе!”

– Што ў цябе зараз адбываецца з тэатрам?
– Напрыканцы верасня мы са Свабодным тэатрам сыгралі ў Лондане прэм'еру “Дзікае паляванне Караля Стаха”. Гэта быў вялікі праект. Дырыжор – Віталь Алексяёнак. Удзельнічалі оперныя выканаўцы з Украіны, драматычныя акцёры Свабоднага тэатра. Але праект гэты трошкі не паваротлівы, таму што ў ім вельмі шмат тэхнічнага стафа, выканаўцаў, вакалістаў, аркестр цэлы. Прывесці ўсё гэта мы пакуль пакуль не можам. Але ў Лондане сыгралі ўжо чатыры разы. Зараз ідуць перамовы пра ўдзел у фестывалях. Спадзяюся, прыедзем у Варшаву.
Яшчэ ў мяне быў спектакль з Новым тэатрам “1.8М”. Пра беларускія падзеі 20-га году. Мы сыгралі ў Францыі некалькі пастановак.

Зараз я стаўлю спектакль з двума акцёрамі: Валяй Гарцуевай і Колем Стонькам па п'есе Наталлі Міхаліны Скарынкі “Выгарэўшы”.
Прэм'ера адбудзецца 15 снежня ў Музеі Вольнай Беларусі.
Гэта эксперыментальны драматычна-паэтычны тэкст. Там няма лінейнага аповяду і наратыву, гэта хутчэй набор асацыяцый.
Запрашаю ўсіх на прэм'еру!


– Я памятаю, што яшчэ ў вас была моцная пастаноўка “Последетство. Послебегство”…
– Так. Літаральна днямі запрасілі з гэтым спектаклем на гастролі на фестываль у Брэмен у Германіі. Цяпер думаем над тым, каб зноў сабрацца, бо мы даўно не ігралі. Адна з дзяўчынак-падлеткаў, якая там удзельнічала, украінка Дыля, з'ехала дадому. У яе праблемы з дакументамі, і яна не можа заехаць у Еўразвяз. Таму мы думаем, як яе замяніць, каб мастацкасць не пацярпела. Бо яе тэкст раскідаць на кагосьці іншага тэхнічна гэта таксама складана. Плюс мала часу: фестываль адбудзецца на пачатку студзеня. Але пабачым.

– Раскажы, калі ласка, пра сваю любімую ролю. Тую, што ты сыграў, альбо тую, што ты паставіў.
– Мая любімая роля з рэпертуару Свабоднага тэатра. Гэта спектакль “Зона маўчання”, які быў у нас гадоў 10 таму. Пастаноўка з трох частак. Першая – “Легенда дзяцінства”: у ёй распавядаюць свае гісторыі з дзяцінства, звязаныя з траўмамі. Другая частка – “Іншыя”. Там нам заданні даў рэжысёр Уладзімір Шчэрбань: сказаў знайсці нейкіх гарадскіх фрыкаў, з імі зрабіць інтэрв'ю і падчас размовы прысвоіць сабе гэтых персанажаў, то бок пераўвасобіцца ў гэтых людзей. А мы ж часта вельмі мала ведаем пра людзей, проста глядзім на іх і думаем: “Фрык? Ну і хай сабе!”. І ў нас няма жадання падысці, пазнаёміцца, даведацца лёс гэтага чалавека, чаму ён так сябе паводзіць. Дык вось тады я пазнаёміўся з мясцовым бамжом Грышам з Інстытута Культуры . Ён працаваў побач: прыносіў газеты, каб заварочваць у іх кветкі. І ён пастаянна сыпаў цытатамі. Вядома, праз слова ў яго былі мацюкі, але ён наогул дасведчаны таварыш быў, па яго словах, з Пуціным і Лукашэнкам на кароткай назе. Карацей, суперцікавы філасофскі чувак. І другі персанаж у мяне быў афрабеларус Марат. Гей, які жыў каля станцыі метро “Спартыўная”. Ён таксама запрасіў мяне ў госці. Я з ім пазнаёміўся, мы правялі нейкі час разам. Ён мне сваю гісторыю расказаў – і я яе ўвасобіў на сцэне. Гэта было крута, таму што я ў той момант зразумеў, што я магу рэальна стаць гэтым чалавекам. Гэта такія неверагодныя адчуванні! Ты ў гэты момант супервольны, таму што гэта – не ты Паша Гарадніцкі, а ты – іншы чалавек.

РЭЛАКС. “І хоць ёсць жаданне выдыхнуць, усё адно глядзіш і дрыжыш”

– У цябе жонка – псіхолаг. Якая яе парада стала для цябе найбольш карыснай? 
– Напэўна, самае важнае, што яна мне кажа, – гэта каб я верыў у сябе. Таму што я самаед, вельмі ў сябе не веру. Сумняваюся пастаянна. Калі запісваю якую-небудзь пробу, Надзя кажа: “Клас! Усё супер! З першага дублю выдатна зроблена!” Але я пачынаю грызці: “Не! Давай перапішам! Гэта не так!” У выніку перапісваем. Становіцца яшчэ горш, на мой погляд. Я пачынаю сябе грызці, не магу спаць ноччу, перажываю. Яна кажа: “Проста вер у сябе! Ты таленавіты! Чаму ты не верыш у сябе? Няўжо ты б пратрымаўся ў мастацтве столькі гадоў, калі б быў не таленавітым?” Карацей, гэта такі сіндром самазванца. І вось з гэтым я дзякуючы Надзі ваюю.

– Што для цябе ёсць зараз найбольшым выдыхам найбольшым рэлаксам?
– Канцэрты з ДСП. Калі мы збіраемся на рэпетыцыях, гэта заўсёды такі кайф! З Дзёнькам мы не перастаем смяяцца. На канцэртах такога, вядома, ужо няма, але ўсё роўна гэта чысты кайф! І файна, што гэтыя песні былі напісаныя 18 гадоў таму, але людзі і цяпер слухаюць, і ўсё адно ім смешна і класна. Гэта дае мне момант выдыхнуць на паўтары гадзіны на сцэне.
– А калі не лічыць музыку і тэатр?
– Серыялы.
– Што апошняе спадабалася?
– Серыял “Халіфат”. Пра ісламскую дзяржаву ісламістаў. Яны вярбуюць шведаў, каб тыя паехалі ў Ірак і Сірыю. Вельмі цікавы серыял, напружаны. І хоць ёсць жаданне выдыхнуць, усё адно глядзіш і дрыжыш.

ПАСТСКРЫПТУМ

– Сваё саракагоддзе ты адзначыў у Аўстраліі. Праз 10 гадоў дзе б ты хацеў адзначыць свае Народзіны? У вольнай Беларусі?
– У вольнай Беларусі – гэта вядома, так і будзе. Але з такіх экзатычных краін мне б, напэўна, хацелася ў Аргенціне пабываць. Цяпер у іх новы прэзідэнт. Ён такіх поглядаў цікавых: хоча адмяніць песа і ўвесці долар амерыканскі. Легалізаваць лёгкія наркотыкі, прастытуцыю. Мне здаецца, што калі зараз яны пачнуць гэта рабіць, то праз 10 гадоў, акурат як раз прыеду, там будзе ўсё патрэбнае, каб сустрэць свае 50 гадоў.
 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу