BY
па-беларуску
#сашатут

#сашатут

Таленавітага рок-музыкі не стала 5 год таму, але яго творчасць па-ранейшаму жывая. На падзеі яго памяці па-ранейшаму ходзяць прыхільнікі. Яго песні па-ранейшаму гучаць у калонках. Па ім усё гэтак жа сумуюць блізкія і паплечнікі. І ўсе сыходзяцца ў адным: Аляксандр Куллінковіч быў насамрэч выбітнай асобнай.


  Аляксандр Міхайлавіч Куллінковіч нарадзіўся
  18 мая 1972-га года ў Смалявічах. Яшчэ
   5-гадовым пераехаў у Мінск. Атрымаў
   спецыяльнасць “сантэхнік”, але па факце
   працаваў журналістам: пісаў для «БелГазеты»,
   «Советской Белоруссии», сайту Naviny.by і часопісу
   «Sexus». У падлеткавым узросце пачаў пісаць вершы
   і музыку. А 17 ліпеня 1989 года заснаваў той самы
   знакаміты гурт “Neuro Dubel”. Усяго на рахунку
   калектыву 16 альбомаў. Але сімвалічна, што
   менавіта апошні лонгплэй мае назву “Першы”.
   Рэліз выйшаў у 2017 годзе, і тады яго ўспрыманне
   не было адназначным. На тым жа беларускім
   партале Experty.by лонгплэй атрымаў толькі
   6,75 балаў з 10 магчымых. І разам з тым
   заслужанасці гурту не адняць. Менавіта гэты
   бэнд станавіўся ўладальнікам “Рок-кароны”: у 1998
   і 2007 гадах. На той жа прэміі у розныя часы браў
   намінацыі “Найлепшы альбом”: 1999 – “Ворсинки
   и катышки”, 2005 – “Tanki”, 2007 – “Stasi”. А ў 2009
   музыкі ўзялі спецпрыз – “За адданасць рок-музыцы”. 

І дакладна адна з самых паказальных старонак жыцця “Neuro Dubel” – “Рок-каранацыя-1998”. Менавіта тады яны перамаглі ў намінацыях “Найлепшы альбом”, “Найлепшая песня” і “Найлепшы кліп” (усё – “Охотник и сайгак”). А яшчэ тады яны атрымалі галоўны прыз – Рок-карону. І ўручаў яе не менш вядомы лідар “Песняроў” Уладзімір Мулявін, з якім “Neuro Dubel” разам выканалі песню “Вологда”. Зрэшты, каверы – гэта асобны пункцік у творчасці ND. Так, музыкі прадстаўлялі свае версіі кампазіцый самых розных артыстаў. Сярод іх, натуральна, ёсць і беларускія песні “Вологда” (“Песняроў”), “Здравствуй, чужая, милая» (А. Саладухі), і расійская класіка “Надежда” (Э. П’ехі), “Ясный мой свет” (Т. Буланавай), «Дети галактики» (Л. Лешчанкі), і замежныя хіты “Бухаст” (“Rammstein”), “Feel Good” (“Depeche Mode”), і нават прывітанне дзяцінству “Ничего на свете лучше нету” з мультфільму “Бременские музыканты”. Дарэчы, за “Здравствуй, чужая, милая” гурт атрымаў прыз “Найлепшая інтэрпрытацыя эстраднага шлягеру” на ўсё той жа “Рок-каранацыі”. У 2010 годзе Аляксандр Куллінковіч заспяваў разам з пераможцай дзіцячага «Еўрабачання» Ксеніяй Сітнік песню "Мы вместе". Менавіта з ёй маладая спявачка перамагла ў конкурсе ў 2005 годзе. 

У 2004 годзе бэнд прэзентваў свой першы альбом цалкам на беларускай мове. Ён меў назву “Tanki”. І безумоўна, лонгплэй быў прызнаны найлепшым, па версіі “Рок-каранацыі”. Менавіта ў гэтым рэлізе ўтрымліваліся такія песні, як “Марскі чалавек” Лявона Вольскага, “Гузік”, “Вольга”, “Жыццё” і “Belarus Ueber Alles!”. 
 

Зведаў гурт і трапленне ў так званыя “чорныя спісы” – пералік музыкаў, якія былі забароненыя ў Беларусі. Гэта адбылося ў 2011-м. Забароны выступаў, адмовы ў ратацыі на радыё і тэлебачанні… І толькі праз 2 гады гурту атрымалася аднавіць свае выступы.
 

Асаблівая любоў Аляксадра Куллінковіча – яго праект “Группа Велосипедистов”. Гэта – крыху іншы бок творчасці “Neuro Dubel”. Акустыка, душэўнасць, цеплыня. Як зазначаў артыст, праект, заснаваны ў 2016-м годзе, быў створаны “для аматараў выпіць і паплакаць”.

І хоць у рамках гэтага гурта можна было пачуць і новыя песні ND, але ж націск рабіўся на песнях 90-ых, якіх мала было чуваць раней. У склад “ВелосипедистоВ”, акрамя Аляксандра, уваходзілі Юрый Навумаў, Дзяніс Кукоўскі (гітара), Яўген Броўка (вакал, бас, джамбей), Анастасія Мурашка (скрыпка), Андрэй Сцепанюк (барабаны). 
 

У красавіку 2015 года Аляксандр Куллінковіч на сцэне перажыў мікраінсульт. Як пазней прызнаваўся творца, ён не разумеў, што з ім тады адбывалася. На сцэне ён блытаў,  забываў словы, складана перамяшчаўся. Прыхільнікі падумалі, што Куллінковіч п’яны, а высветлілася, што справа не ў тым. Гэта пазней ужо Аляксандр распавядзе, што перад прэзентацыяй альбома ён не спаў некалькі дзён і вельмі перажываў з-за новага дыска гурта, плюс крыху выпіў перад выступам. Вось і вынік.

Праз 3 гады пасля падзеі, 4 жніўня 2018-га, у гурта “Neuro Dubel” быў запланаваны выступ на фэсце «Рок за Бобров». Гурт актыўна рыхтаваўся, рэпетаваў. Але ўвечары 3 жніўня Аляксандру Куллінковічу стала дрэнна. Ён выклікаў хуткую і патрапіў у рэанімацыю. На наступны дзень музыкі не стала. Яму было 46 год. Прычынай смерці называюць "утоенае запаленне лёгкіх". Для многіх, хто прыехаў тады на “Рок за Бобров”, такая навіна стала поўнай нечаканасцю. Развітанне з артыстам адбылося 5 жніўня ў залі крэматорыя на Паўночных могілках Мінска. Развітацца з творцам прыйшло безліч людзей.
 

ПОСТСКРЫПТУМ

    З 2018 года штогод адбываюцца
    канцэрты, прысвечаныя Аляксандру
    Куллінковічу. Сёлета – у траўні ў
    Варшаве – таксама такая імпрэза
    адбылася. У залі, як звычайна,
    назіраўся аншлаг. Любімыя песні
    знакамітага калектыву выканалі
    Алесь-Францішак Мышкевіч
    (The Superbullz), Дзяніс Тарасенка
    (Разбітае Сэрца Пацана), Алесь Лютыч
    (:B:N:), Зоя Сахончык (Зьмяя), Юры
    Стыльскі (Дай Дарогу).

    Спецыяльным госцем імпрэзы
    стаў гітарыст “Neuro Dubel”
    Уладзімір Сахончык. Вяла падзею
    Марына Савіцкая. Арганізатарам
    мерапрыемства выступіла
    “Wild Beat Sound”.

    Некалькі ўспамінаў з той падзеі мы і
    прапануем прыгадаць:

 

“Песні Neuro Dubel часта пра смерць, пра сум… Я б сказала, што ў гэтым ўвесь Саша: ён заўсёды рабіў песні, якія праракалі яго ўласны лёс. Магчыма, з кожным выбітным артыстам так адбываецца. Азіраешся на песні гэтага чалавека і табе заўсёды падаецца: “Ён пісаў пра свой лёс!”
(Зоя Сахончык, гурт “Зьмяя”)

“Памятаю адзін цікавы момант. У нас ёсць песня – “4К” – 4 кілаграмы катА. Калі Саша яе запісваў, ён на самым пачатку кашлянуў: ”Кх!” Гэта патрапіла ў мікрафон. Мы накіравалі ўсё на звядзенне і працуем далей. Затым нам дасылаюць гэтую версію. Мы робім папраўкі: “Цішэй гітары, вакал…”. І тут гэтае рыпенне пастаянна: “Кх… кх…”. Саша мне кажа: “Папрасі гукарэжысёра Іллю Дзянісенку, няхай ён гэта прыбярэ”. Той: “А навошта? Я думаў, так і трэба…” Нават гэта было ў тэму, было крута! Але ўсё роўна мы гэта выдалілі…”
(
Уладзімір Сахончык, гітарыст “Neuro Dubel”)

“Яшчэ з падлеткавага ўзросту я хадзіў на канцэрты, якія былі ў парку Горкага ў Мінску. Гэта было недзе ў пачатку – сярэдзіне 90-ых. Памятаю, тады я быў вельмі ўзрушаны выступам нейкага гурта. А гэта аказаўся Neuro Dubel. З гэтага часу – вось і ўсё!”
(Дзяніс Тарасенка, гурт “Разбітае Сэрца Пацана”)

“Саша пастаянна ставіў мне задачы. Ён пастаянна мне пісаў: “Вова, у цябе ёсць апошняя база антывірусу?”. Ён даваў мне даручэнні, прычым часам дзіўныя, – а я іх выконваў. Цяпер не хапае такіх вось простых жыццёвых рэчаў. З’явілся пустэча, якую цяпер немагчыма запоўніць.
Я вельмі рады, што людзі прыходзяць на канцэрты ND. Рады, што памятаюць. І пакуль мы жывыя і можам, мы будзе заўсёды рабіць усё, каб музыку Neuro Dubel не забылі”

(
Уладзімір Сахончык, гітарыст “Neuro Dubel”)

Фільм-канцэрт памяці лідара гурта Аляксандра Кулінковіча “Я принёс тебе ура”:


Кавер-версія на песню “Гуси лебеди” ад гурта “Зьмяя”: 


“Neuro Dubel” – “Край”


“Neuro Dubel” – “Першы”


 “Neuro Dubel” – “Тараканы”


 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу