BY
па-беларуску
Псіхадэлічны ды чорны. Рок і метал па-беларуску – год 2023

Псіхадэлічны ды чорны. Рок і метал па-беларуску – год 2023

Чорны метал і псіхадэлічны рок па-беларуску. Як гэта гучыць?

Мы падрыхтавалі даволі пярэсты агляд новай беларускай музыкі. Тут ёсць і блэк-метал сусветнага ўзроўню, і нервовы постпанк з экзістэнцыйнай лірыкай з глыбінь гомельскага андэграўнду, і акустычны празрысты фолк з Гродна, і псіхадэлічны рок з багатай духавой секцыяй. Музыка на любы густ — чытайце агляд і слухайце новыя беларускія гурты. 

Чёрточка «Пап»
 

Гомельскі андэграўнд працягвае прэзентаваць цікавую новую музыку. Нядаўна мы распавядалі пра цікавы праект Sož, у якім спалучаюцца нервовы, пульсоўны постпанк і выдатная лірыка, і вось — інтрыгуючы працяг гэтай стылістычнай лініі: гурт «Чёрточка» са сваім дэбютным альбомам «Пап»

Гэта дастаткова мінімалістычны запіс, у якім няма багатых аранжыровак ці нейкіх гукавых выкрутасаў. Больш за тое, ён досыць сыры і няўтульны, але ў гэтым і яго прыгажосць: ён стварае неабходную атмасферу, выганяе слухача з зоны камфорту і прымушае ўважліва сачыць за развіццём кампазіцыі. 

І развіццё адбываецца дзякуючы вакалістцы і аўтарцы лірыкі Настассі Шакуновай, якая вядзе балючы ўнутраны маналог — інтравертны і вельмі асабісты. Гэтая экзістэнцыяльная лірыка пачынаецца з меладэкламацыі, а зрываецца ў чыстую эмоцыю — ці не галоўны інструмент гурта «Чёрточка». Магутная рытм-секцыя стварае патрэбныя дэкарацыі для змрочнай і суворай размовы. 

Вельмі шчырая праца, у якой непрычасаны, калючы гітарны драйв цудоўна спалучаецца з крыкам параненай душы. Адзінае, што выклікае пытанні ў гэтым альбоме, — вокладка, з якой варта было б яшчэ папрацаваць. 

Ciemra  «The Tread Of Darkness»
 

 

Традыцыя чорнага металу ў беларускай музыцы настолькі моцная, што можна сабраць лайн-ап неблагога блэк-метал-фестывалю са сваімі хэдлайнерамі і неафітамі. Штогод з’яўляюцца новыя цікавыя гурты, якія робяць выдатны матэрыял сусветнага ўзроўню. Адзін з такіх — Ciemra

Альбом «The Tread Of Darkness» выйшаў на італьянскім лэйбле Avantgarde Music, і гэта сур’ёзная заяўка на адзін з самых цікавых рэлізаў года ў жанры. Ciemra балансуе: агрэсія і меладычнасць, шчыльнае і якаснае гучанне і сырасць нібы са скляпенняў. «The Tread Of Darkness» — матэрыял сусветнага ўзроўню ў межах артадаксальнага жанру.

Альбом вельмі разнастайны: тут ёсць і атанальныя гітарныя рыфы, і меладычныя акустычныя ўстаўкі, і мілагучныя сола, і выдатная рытм-секцыя, што не абмяжоўваецца аднымі бластбітамі. Відавочна, што плытку рабілі таленавітыя музыкі, якія дакладна разумеюць, як працаваць з аранжыроўкамі і гукам. 

Ciemra стварае свой сусвет па ўсіх канонах жанру. Тут і яскравы знешні выгляд удзельнікаў гурта, і выдатная праца з айдэнтыкай, і нават капірайты, нібы заканспектаваныя з творчасці Лавэя. Усё грунтоўна і з увагай да дробязяў. Але калі ўжо шукаць аналогіі, то па настроі гэта часам нагадвае польскі калектыў Mgła, але з папраўкай на мелодыку і большую музычную разнастайнасць. Калі Mgła цалкам пра атмасферу і дынаміку кампазіцыі, то ў Ciemra больш багатыя аранжыроўкі. 


Папараць  «Глубина»
 

 

А цяпер — пра гарадзенскую музыку. Выдатны гурт «Папараць» нядаўна выдаў свой другі альбом: «Глубина» — складанка прыгожых акустычных песень з празрыстымі і ўтульнымі аранжыроўкамі. 

Удзельнікі калектыву — дасведчаныя музыканты, і гэта адразу адчуваецца, калі пачынаеш слухаць матэрыял. Да гэтага яны выдалі беларускамоўны альбом «Вуціца», заснаваны на традыцыйных спевах. Калі правесці павярхоўныя аналогіі, то гэта нагадвае падыход этна-трыа «Троіца»: вельмі пяшчотнае і паважлівае карыстанне першакрыніцамі, змястоўныя і цікавыя варыяцыі, дасканалае і дарослае выкананне. 

Альбом «Глубина» складаецца ўжо з аўтарскіх кампазіцый на ўласную лірыку і на вершы вядомых паэтаў. На ім — шмат цікавых і даволі нестандартных меладычных рашэнняў і ўвагі да дробязяў у аранжыроўках, вельмі шчыльная праца з гукам (ён нібы лунае ў паветры). 

Можна праводзіць пэўныя музычныя аналогіі, але «Глубина» — надзвычай пяшчотная, нават інтымная плытка, у якой адчуваецца вялікая любоў да музыкі. Магчыма, вам не спадабаецца камерная тэатральнасць гэтага запісу, але за ёй — сапраўдная шчырасць. Аўтарская песня, мажліва, крыху архаічная і несучасная, ды пры тым настолькі прыгожая, што хочацца заплюшчыць вочы на ўсю гэтую нямоднасць і проста распусціцца ў музыцы. 


fishtank  «Бяззор’е»
 

Упершыню гурт fishtank заявіў пра сябе ў 2020 годзе, выдаўшы сінгл «Crack of dawn» — недасканалы, але даволі цікавы па настроі і мелодыцы. Праз тры гады музыкі саспелі для паўнавартаснага альбома пад назвай «Бяззор’е» — складанкі з васьмі кампазіцый на трох мовах: беларускай, англійскай і расійскай. 

Гэты альбом — відавочны прагрэс у параўнанні з першымі сінгламі гурта: шчыльнае гучанне, выдатны аўтарскі матэрыял, добра прапрацаваная канцэпцыя. «Бяззор’е» — гэта псіхадэлічны рок, які хістае то ў бок постпанку, то да больш цяжкога стоўнер-гучання. Такі пярэсты красовер, але пры гэтым дастаткова цэльны і добра сфармуляваны. 

Дэбютнік fishtank змог бы стаць адным з наймацнейшым альбомаў сёлета, але ён крыху недапрацаваны, і ў першую чаргу гэта пра вакал: класныя партыі і нестандартныя рашэнні з аднаго боку, а з іншага — ён проста дрэнна запісаны, і ў дадатак выканаўцу ў пэўных момантах проста бракуе досведу, таму вакал атрымліваецца заціснуты і плоскі. Нюанс, але важны для далейшага развіцця гурта, бо ў гэтага матэрыялу неблагі патэнцыял і перспектывы. Яшчэ адзін важны момант — зусім не абавязковае трохмоўе, якое парушае пэўную цэласнасць альбома і замінае слухачу ўспрымаць яго як нейкую агульную канцэпцыю. 

Пры ўсіх гэтых недахопах «Бяззор’е» — класны дэбютны альбом, да якога музыкі ішлі даволі працяглы час. Якасная гітарная музыка, якой цяпер у Беларусі мала. 


 

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць

Траўматычныя аскепкі думак
Траўматычныя аскепкі думак

Адкуль бяруць натхненне беларускія музыкі