BY
па-беларуску
PAULINN: “Навокал вельмі шмат гвалту, а нашыя мамы нас чакаюць”

PAULINN: “Навокал вельмі шмат гвалту, а нашыя мамы нас чакаюць”

Беларуская спявачка і музыка Паўліна Роман PAULINN пра творчае дзяцінства, шлях да сябе, музыку і як Чэслаў Немэн дапамог ёй знайсці каханне.

“Я не ведала, як можна не займацца музыкай”

Музыка з’явілася ў жыцці Паўліны вельмі рана: яна спачатку навучылася спяваць, а потым размаўляць.
“Мы жылі з бацькамі ў інтэрнаце для супрацоўнікаў гарадзенскай філармоніі. Каб я не сумавала, мама навучыла мяне спяваць гаму. Аднойчы ішоў спектакль па тэлевізары, я спявала, паўтарала, што чула. Да нас прыйшла настаўніца сальфеджыа і кажа маме: «У мяне так чыста вучні не спяваюць, як тваё дзіця». Мне было недзе паўтара года”, – смяецца, прыгадваючы дзяцінства, Паўліна.



Паўплывалі на Паўліну і бацькі-акторы, бо шмат спявалі дачцэ. Музыка заўжды прысутнічала ў жыцці. Потым дзяўчына з мамай пераехала ў Мінск і пайшла ў музычна-педагагічную гімназію, дзе разам з базавай школьнай, дзецям давалі поўную пачатковую музычную адукацыю. Паралельна Паўліна займалася ў дзіцячай студыі пры оперным тэатры.
“Я не ведала, як можна не займацца музыкай. Я збірала летам у двары дзяцей і казала, што нам трэба зрабіць канцэрт ля пад’езда! Але ўжо калі заканчвала школу, быў цяжкі перыяд. Змяніўся настаўнік, і новы быў не тым чалавекам, які мог паказаць, што займацца музыкай – гэта нешта класнае, што музыку трэба любіць. Я скончыла школу і аддала сваё фартэпіяна. Але колькі разоў ні спрабавала адмовіцца ад музыкі, яна мяне даганяла. Былі спробы займацца чымсьці іншым, але заўсёды з’яўлялася кшталту «можаш праспяваць тут?», «можаш выступіць там?»”.

Пасля школы Паўліна паступіла на факультэт журналістыкі, бо марыла, што будзе зарабляць шмат грошай у гэтай сферы і зможа ўкладаць іх у сваю музыку.
“Ну хто там у 17 гадоў ведае, што рабіць, – смяецца Паўліна. – Я працавала ў SMM, капірайтынгу, пісала сцэнары для праграм. Але разумела, што музыка мне дае большае задавальненне, я ў ёй больш працавітая. Журналістыка з мяне выціскала сокі, не прыносіла мне столькі рэалізацыі, колькі музыка. Музыка – гэта маё пакліканне, а журналістыка – добры навык для чалавека, які займаецца музыкай”.

Але дзякуючы журфаку Паўліна пачала пісаць песні на беларускай мове.
Таксама дзяўчына дадае, што яе блізкія ніколі не ціснулі ў выбары прафесіі.
“Хіба што толькі тата, калі я малая казала, што хачу быць то ветэрынаркай, то міліцыянеркай, абураўся: «Ты што! Толькі акторкай!» Хацеў, каб штосьці са сцэнай было звязана. Мама хацела, каб я сама абірала, што падабаецца, бо ёй раней бабуля казала: «Вось у суседкі дачка таваравед, каўбасы з працы прынесла дахаты. А ты што са свайго тэатра нам прынясеш?» Але калі маму па тэлебачанні паказвалі, то ўсе суседзі прыходзілі глядзець”.

“Ціхенька займалася гуртом”

Сваю першую песню Паўліна напісала ў 13 гадоў.
“Яна была нейкая дурнаватая, але тады я зразумела, што ў мяне можа атрымлівацца. У гэтым узросце ў мяне з’явіўся першы камп’ютар, я нейкую праграму ўсталявала, пачала запісваць. Былі і дзіцячыя спробы стварыць гурт з аднакласнікаў. Мы апрануліся аднолькава (чырвоны верх і джынсы) і пасля «мама, сфатаграфуй нас» гурт скончыўся”, – смяецца дзяўчына.

Паўліна доўга марыла пра свой прафесійны гурт і стварыла яго ў 2015 годзе.
“Я думала, што гэта немагчыма. Але калі ў мяне ўжо было некалькі песень, якія я магла паказаць людзям як прыклады, што можна рабіць, кінула аб’яўку і вельмі хутка знайшла музыкаў. Гэта быў класны час, асабліва 2018-2019 гады: былі файныя канцэрты, выступы. Я вельмі радая, што гэта ўсё здарылася, бо зараз маю нармальную дыскаграфію і кожная песня – нейкі кавалак жыцця”.

З гуртом Паўліна выпусціла альбом “Адчувай”, а таксама міні-альбом “Мадуляцыя”, які стаў найлепшым у сезоне 2018/2019 паводле парталу TuzinFM.
У гурце Паўліна пісала тэксты песень, рабіла аранжыроўкі, вырашала менеджарскія пытанні, вяла сацсеткі. Пры гэтым у дзяўчыны была іншая асноўная праца.
“Я прыходзіла на працу, спрабавала ўсё хутка зрабіць і потым ціхенька займалася гуртом, каб ніхто не бачыў. Канешне, гэта ўсё вельмі вымотвала, бо чалавек, які піша музыку, адказвае за творчасць, мусіць максімальна знаходзіцца ў творчасці”.

“Увесь час варыцца ў адным і тым жа не прыводзіць да развіцця”

Таксама спявачка заўважае, што ў Беларусі творчы рынак даволі закрыты і складана трапіць на добрыя ўмовы для выступаў, хаця ўдзельнікі гурта вельмі адказна падыходзілі да кожнай песні, а жывыя выступы былі нават лепшымі за студыйныя запісы.
“Рынак існуе ў вузкай супольнасці, туды трапіць вельмі складана, калі ты блізка з кімсьці там не сябруеш. Таксама ў Беларусі моцна ўплывае расійская культура. Мы не трапілі ў патрэбны час у патрэбнае месца, таму было складана ў сэнсе пастаянных выступаў. Хоць да мяне падыходзіла шмат людзей пасля «Басовішча» і «Бардаўскай восені». Да таго ж конкурсы і адборы – усё пытанне густу. Трэба проста не замыкацца, быць адкрытымі і прымаць у сваю супольнасць іншых людзей, рабіць як мага больш разнастайным кожны канцэрт, фестываль. Бо ўвесь час варыцца ў адным і тым жа не прыводзіць да развіцця”.

“Усе навокал такія гламурныя, а ты ў джынсах сядзіш”

Паўліна некалькі разоў удзельнічала ў адборы на “Еўрабачанне”. У Інстаграме дзяўчына пісала, што менавіта ў студыі БТ, дзе праходзіў конкурс, яна не можа нармальна праспяваць.
“Там нейкі гук заўсёды непрыемны, пластыкавы такі. Патрэбны быў час, каб уехаць, ці я сябе чую, і праз гэта я заўсёды крыва пачынала. А такія касякі на пачатку вырываюць і потым усё ідзе не так. І звычайна ў музыкаў ёсць саўндчэк, дзе ты можаш настроіць мікрафон, усё праверыць, а на конкурсе яго не было. Там непадрыхтаванае было ўсё, нават у запісах бачна, што гук не такі. Плюс нервовая атмасфера вельмі: усе навокал такія гламурныя, а ты ў джынсах сядзіш. Нягледзячы на гэта, заўсёды шмат пра сябе добрых каментароў чытала пасля адбораў”.

Gaude Polonia як штуршок

У лютым 2020-га Паўліна распусціла гурт і з’ехала ў Гданьск вучыцца на стыпендыяльнай праграме Gaude Polonia. Там дзяўчына працавала над праектам “Пераасэнсаванне Чэслава Немэна”, зрабіла міні-альбом (тры песні Паўліна пераклала сама на беларускую мову, а з адной працаваў паэт Віталь Рыжкоў).
“Стыпендыя трапіла на самы пік ковіду, мы шмат сядзелі дома, але, падаецца, гэта мне было патрэбна менавіта ў той час. І перажыць ковід у Беларусі і ў Польшчы – розныя рэчы. Я была закрытая, але каля мора ў Гданьску, не перажывала наконт працы, бо ў мяне была стыпендыя, я жыла ў кватэры, не хвалявалася ні пра што, калі мае былыя калегі шмат грошай страцілі, а некаторых скарацілі”.


Бліжэй да лета Паўліна пачала больш кантактаваць са сваім куратарам – вядомым польскім музыкам Міхалам Яцашыкам.
“Мне пашчасціла быць у яго студыі. Тады Міхал працаваў над музыкай для фільма. Было вельмі цікава назіраць на яго камп'ютары з аднаго боку праграму, дзе ён піша музыку, а з іншага фільм, каб адпавядаць таму, што адбываецца на экране. Ён мне дапамагаў з пошукам патрэбных гукаў і сказаў вельмі важную рэч: «Трэба ведаць свае моцныя бакі і рабіць на іх акцэнт». Яшчэ неяк заўважыў: «У цябе з мелодыямі лепш, чым у мяне». Мне было так няёмка гэта чуць! Ён сышоў і праз 10 хвілін вярнуўся, паслухаў, што я зрабіла, і такі: «Супер, клас, пакідаем»”.

Вынікам праекта стаў міні-альбом з чатырох песень, які можна паслухаць ТУТ.

Эфект Чэслава Немэна

Тады ў Польшчы дапамог Паўліне знайсці сваё каханне Чэслаў Немэн.
“Я выступала з яго творам на конкурсе патрыятычнай песні ў Польшчы ў Валоміне і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Вось табе і Чэслаў Немэн! Эфект матылька: я прыдумала праект, падалася з Мінска на стыпендыю, паехала ў Гданьск, потым у Мінск, вярнулася ў Варшаву, паехала ў Валомін – і ўсё вось так атрымалася!”

Таксама з Чэславам Немэнам у Паўліны некалькі супадзенняў: Немэн з-пад Горадні, і яго дачка Наталля нарадзілася з розніцай у адзін дзень з Паўлінай (толькі гады розныя).
“Мяне вельмі зацікавіў яго шлях. У мяне заўжды быў страх, што вось я стварыла гурт і не магу зараз штосьці іншае рабіць. Але ў Немэна была процьма розных гуртоў, ён не баяўся ісці ў новае – і праекты, і гукі, і формы. У яго была дзіўная музыка на той час: калі ўсе строгія навокал, а ён як выйдзе, як дасць жару! Яго знешні выгляд выклікаў спрэчкі, але ён смелы!”

Паўліна кажа, што ёй і беларускім музыкам акурат і бракуе гэтай смеласці, бо быць дзіўным і эксперыментаваць страшна.
“У нас часта людзі чапляюцца за нейкі прыём, які спрацаваў адзін раз, і пачынаюць яго штампаваць. У гэтым ёсць сэнс, гэта пытанне камерцыі. Але ў Чэслава Немэна атрымлівалася рабіць незвычайнае, і ён быў не толькі зоркай Польшчы, але сусветнай, гастраляваў паўсюль. Гэта файны моцны прыклад смелага чалавека ў творчасці, арыенцір. Але ў сваім праекце я зрабіла ўсё па-свойму. Бо я не Чэслаў Немэн, а Чэслаў Немэн не я. Мы розныя, і ў гэтым прыгажосць”.

Моцная, але пяшчотная

Пасля стыпендыі, у жніўні 2020 Паўліна прыехала ў Беларусь, дзе заспела разгар пратэстаў. Ужо ўвосень дзяўчына пераехала жыць у Польшчу, дзе напісала песню “Мама” ў супрацы з беларускім кампазітарам.
“Я напісала пра сябе, пра сваю сітуацыю, што мне ўдалося пабачыць у Беларусі. Гэта песня – падзяка маёй маці і ўсім іншым. Гэтая песня пра тое, што навокал вельмі шмат гвалту, а нашыя мамы нас чакаюць. Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка? І мы ўсе ведаем, дзе яна”.

Песня моцная, але вельмі пяшчотная. Нягледзячы на гэта, сёлета яе выдалілі з адной з платформаў – быццам за прапаганду зброі і гвалту. Пасля шматлікіх высвятленняў і перапісак стала зразумела, песню выкарысталі ў відэа з кадрамі пратэстаў. Аднак зараз песня “Мама” дасяжная на ўсіх стрымінгавых платформах.



“Жыццё змянілася на 180 градусаў”

У студзені 2023-га ў Паўліны і Аляксандра нарадзіліся двайняты – Эва і Стэфанія.
“Жыццё змянілася на 180 градусаў. Ёсць людзі, якія жылі ў нармальных умовах: схадзіў на працу, зайшоў у краму, вярнуўся дадому. Для іх нараджэнне дзіцяці можа быць нейкім ратаваннем, бо яны ўжо заматаліся ў гэтым коле. У мяне сітуацыя іншая, бо я вельмі актыўны чалавек, мне важныя сацыяльныя кантакты, самарэалізацыя, проста быць лёгкай на пад’ём. Тут усё паламалася жорстка, бо жыццё цяпер верціцца вакол дзяцей. Яшчэ складана, бо з двума малымі ты яшчэ менш мабільны, чым з адным”.



Таксама дзяўчынкі розныя па характары і рознага патрабуюць, часу на ўсё трэба ў два разы болей, кажа Паўліна.
“Я адчуваю сябе стомленай. Я разумею, што дзеці – назаўсёды, трэба прымаць новыя правілы гульні і вучыцца жыць поўным жыццём, нягледзячы на складанасці. Зараз такі час, што нават дома не можаш час прысвяціць музыцы ці падумаць пра нешта сваё, бо заўсёды знаходзішся ў стане функцыі: пераапрануць, нагатаваць, пакарміць, пакласці спаць”.

Калі з’явілася магчымасць вярнуцца на сцэну, выступіць з аркестрам, муж Паўліны Аляксандр вельмі яе падтрымаў.
“Гэта быў складаны перыяд для мужа, бо ён заставаўся з малымі адзін. Але я атрымала магчымасць выступіць. Тое быў удалы канцэрт, я атрымала шмат пазітыўных эмоцый і ў выніку зразумела для сябе, што я магу, я здольная і людзям падабаецца”.

Нядаўна Аляксандр настаяў, каб Паўліна падала заяўку на інкубатар для маладых творцаў.
“Я даслала сваю калыханку на польскай мове, якую раней рэалізавала па-беларуску, і мяне адабралі. Зараз мне робяць аранжыроўку прафесійныя музыкі, я атрымліваю пазітыўныя водгукі на свой матэрыял, мне прыемна і цікава. Таксама будуць анлайн майстар-класы з рознымі музыкамі, спевакамі, менеджарамі. Такі адукацыйна-творчы праект, дзе мы атрымліваем і веды, і адначасова рэалізуем свой праект – песню”.

У выніку інкубатара выдадуць дыск з усімі ўдзельнікамі, запішуць агульную песню ўсяго праекта.
Зараз Паўліна рыхтуе альбом на польскай мове.
“Я не ведаю, ці гэта будзе стандартны альбом, ці міні. Але частка матэрыялу ў мяне ёсць, я над ім працую. Я пішу тэксты па-польску, але з музыкай складаней, бо трэба больш прасторы і часу. Да таго ж у мяне моцна працуе самакрытыка і я часта адмаўляюся ад таго, што прыдумала. Я не рэалізую першае, што прыйшло ў галаву. Трэба каб матэрыял паляжаў, пачакаў, потым адслухаць – і толькі тады рэалізаваць”.



Паўліна дадае, што яе галоўны крытык – муж, ён першы ўсё слухае і дае ацэнку.
“Увогуле мой муж – гэта нумар адзін у маім жыцці. Саша – чалавек з творчай прафесіі, аператар, ён разумее, чаму я магу адчуваць дыскамфорт, ён дапамагае мне, мы здымаем відэа разам. Ён сам піша вершы, напісаў мне песню і зайграў пад гітару, калі я ляжала ў бальніцы на свае народзіны. У нас было шмат складаных жыццёвых момантаў, але мы выдатна адно аднаго разумеем”.

Фотаздымкі з прыватнага архіва спявачкі
 

Глядзець больш
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя