BY
па-беларуску
Маўчанне як сімвал

Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

У новым аглядзе будзе шмат вельмі разнастайнай музыкі. Тут вам і свежы альбом самага вядомага ў свеце беларускамоўнага гурта, і ананімная электронная складанка ад беларускіх прадзюсараў, і вельмі цікавае вяртанне гурта «Мутнаевока», і атмасферны дуэт Ганны Жданавай і Стаса Мурашкі. Ад трып-хопа да электронікі, ад гранжу да пост-панку — чытайце наш традыцыйны агляд і слухайце новую музыку.

VVaxplay
Dust & Haze — СЛУХАЦЬ
Пачатак дзясятых прынёс беларускай музыцы шмат цікавых гуртоў і артыстаў, якія працягваюць ствараць новыя калектывы дагэтуль. Вось адзін з із — VVaxplay. У ім стала ўдзельнічаюць два чалавекі: Ганна Жданава, якая раней спявала ў індзі-поп гурце Lilac і сатырычным праекце «Ландыш и Сахара», і Стас Мурашка — бас-гітарыст The Toobes, удзельнік «Валентин Стрыкало» і «Союз», і яшчэ шмат якіх менш вядомых праектаў. У першы дзень сакавіка дуэт выдаў свой першы альбом — Dust & Haze, складанку з 11 кампазіцый.
 

VVaxplay Dust & Haze

Ролі ў дуэце вельмі дакладна падзеленыя. Мурашка адказвае за інструментальную частку і тут вельмі цікава назіраць за тым, як прыгожа пасталеў Стас-музыкант. Пры ўсім вонкавым мінімалізме Dust & Haze тут шмат сакавітых і цікавых аранжыровак. Складана нават апісаць альбом стылістычна, бо яго хістае ў розныя бакі, але ён усё роўна існуе недзе паміж лаўнжам, трып-хопам і джазам. Трэба адзначыць, што кожная кампазіцыя вельмі густоўная: калі гэта гітара, то не наўпроставая, а далікатная, калі бас, то дынамічны і мяккі адначасова, калі электроніка, то змястоўная і дакладная. З аднаго боку тут няма нічога залішняга. З іншага, гэта робіцца за кошт вельмі дакладнага выкарыстання інструментаў.
Пасталела як вакалістка і аўтарка тэкстаў Ганна Жданава. Простыя і зразумелыя партыі цудоўна пасуюць да музычнага матэрыялу, абстрактная лірыка добра кладзецца ў палітру. Калі раней слухаць спявачку было даволі складана, то зараз вакал добра ўпісваецца ў музычны матэрыял і не выклікае пытанняў.
Дэбютны альбом VVaxplay — цудоўная прэзентацыя творчага патэнцыялу ўдзельнікаў. У ім ёсць шмат класных складнікаў, якія паасобку працуюць выдатна і пакідаюць вельмі прыемнае ўражанне. Не хапае пакуль толькі клею, каб з гэтага атрымаўся яскравы і індывідуальны прадукт. Бо кожны раз цябе не адпускае адчуванне, што ўсё гэта ты ўжо слухаў — нібыта песні зробленыя з аскепкаў чужых думак.

Мутнаевока
«Антыдэпрэсанты» — СЛУХАЦЬ
З гуртом «Мутнаевока» даволі цікавая гісторыя. Музыканты граюць разам даволі даўно і пачыналі з гранжавых салянак у гонар вядомых артыстаў жанру, а паступова назапашвалі і аўтарскі матэрыял. Той быў неблагі і на канцэртах увогуле гучаў выдатна — сваю ролю адыгрывала харызма ўдзельнікаў. У рэшце рэшт музыканты запісалі яскравы альбом «Дзень Незалежнасці», у якім было шмат класных песень, праўда, кепска запісаных. Потым быў альбом «Метро» — з добрым запісам, але няроўны па змесце.
 

Мутнаевока «Антыдэпрэсанты»

Пасля здарылася зразумелая паўза, і вось гурт вярнуўся з новым міні-альбомам «Антыдэпрэсанты». І акурат на ім музыканты нібыта знайшлі неабходны баланс. Паміж «Днём Незалежнасці» і «Антыдэпрэсантамі» велізарная адлегласць у дзесяць год. Прыкладна такая ж адлегласць і паміж матэрыялам з гэтых двух рэлізаў. Першы — сыры, нахабны і пабудаваны на хуках, другі — дарослы, разнастайны і вельмі шчыльны, нібыта ты паслухаў не міньён, а лонгплэй.
Гэтае параўнанне паміж альбомамі цудоўна ілюструе яшчэ і тое, як змяніўся падыход гурта да напісання кампазіцый. «Дзень Незалежнасці» — гэта стандартная схема «куплет-прыпеў», дзе не тое каб надавалася ўвага развіццю кампазіцый. Іншая справа — «Антыдэпрэсанты». Тут мы чуем паўнавартасныя музычныя п’есы, даволі складаныя і разнастайныя. Пры гэтым гурт эксперыментуе і са стылістыкай: ад пост-гранжу да амерыканы, а часам яго выносіць нават на нечаканую тэрыторыю блэк-металу.
Гэта вельмі ўпэўненае вяртанне на тэрыторыю гучнай гітарнай музыкі. Канцэптуальна «Мутнаевока» застаецца на сваім месцы: «Антыдэпрэсанты» — злы, нервовы і нахабны запіс, і гэта яднае яго з папярэднімі рэлізамі гурта.

Belarus Outside Sound System — СЛУХАЦЬ
У лютым адбыўся рэліз электроннай складанкі Belarus Outside Sound System. Гэта складанка з 13 трэкаў ад беларускіх прадзюсараў і прадзюсарак у розных жанрах: ад павольнага лагоднага эмбіенту да грувасткага агрэсіўнага тэхна. Галоўная задача праекту — даследаваць нацыянальны культурны код праз сучасныя электронныя плыні, паглыбіцца ў чароўны свет самаідэнтыфікацыі і выкараскацца з гэтага бязлітаснага рэйву з дакладным разуменнем таго, як унутры кожнага з удзельнікаў працэсу гучыць Беларусь.

 

Various Artists - Belarus Outside Sound System

Задача няпростая, бо гучанне Беларусі цяпер не заўсёды прыемнае — кожны гук праходзіць трайную фільтрацыю ў адпаведных органах. Але і шукаць пазітыў задачы не было: кожны з удзельнікаў праекту мусіў проста даць сваю музычную асацыяцыю на прапанаваную тэму.
Што атрымалася ў выніку? Беларусь гучыць па-рознаму: для адных — гэта абвесткі ў мінскім метро, для іншых — колішнія спевы. Гэта можа быць і палымяны голас Марыі Калеснікавай, і чароўнае маўчанне Ельні, і пяшчотная калыханка з нетраў свядомасці. Складанка пярэстая — у прынцыпе, як і ўяўленні пра нацыянальны культурны код кожнага з нас. На ёй ёсць кампазіцыі, якія наўрад ці станеш спажываць у рэжыме актыўнага слухача, а ёсць наадварот — вельмі кранальныя, дасканала выбудаваныя. Магчыма, не кожны стане слухаць гэты зборнік цалкам і засяродзіць увагу на канкрэтных кампазіцыях, і гэта таксама няблага, бо і сэнс акурат у тым, каб прапанаваць слухачу разнастайнасць.
Але і вось што важна.
Праект Belarus Outside Sound System ставіць перад намі вельмі балючае і актуальнае пытанне вымушанай ананімнасці аўтара. У беларускай музыцы было і ёсць багата ананімных праектаў. Раней гэта былі Zet, цяпер — УННВ. Але тое ўсё ананімнасць зусім іншага характару, не вымушаная, а канцэптуальная. А вось у выпадку з Belarus Outside Sound System ананімнасць ― як раз пытанне бяспекі ўдзельнікаў. Некаторыя аўтары хаваюцца пад псеўданімамі, таму што публічнасць можа быць для іх небяспечнай.

Nürnberg
Adkaz — СЛУХАЦЬ
Гурт Nürnberg — самы папулярны беларускамоўны калектыў у свеце проста цяпер. Увогуле, халодны і манатонны пост-панк — гэта беларуская візітоўка, экспартны прадукт, які цудоўна спажываецца па ўсім свеце, а асабліва — у Лацінскай Амерыцы. Хлопцы акурат выправіліся ў амерыканскае турнэ і перад гэтым запісалі новы лаканічны альбом Adkaz.

Nürnberg Adkaz

Альбом у якасці прома да гастроляў — гэта цікавы фармат, які можа цудоўна спрацаваць. Аўдыторыя слухае новыя песні, смакуе іх і потым прыходзіць на канцэрт ужо падрыхтаваная і спявае разам з артыстамі. Так, гэта выглядае менавіта так: замежнікі вучаць тэксты песень па-беларуску і спяваюць разам з гуртам.
Adkaz — 26-хвілінная складанка з васьмі кампазіцый, але на самой справе Nürnberg і да гэтага працавалі з даволі сціплым таймінгам: кожны з іх альбомаў займае прыкладна паўгадзіны. Важна іншае: паміж лоў-файным касетным альбомам Skryvaj і яскравым клавішным EP Ahida даволі вялікая розніца. Першы — манатонны і заснаваны на рытмічным малюнку і мінімалізме. Другі працуе з яскравымі мелодыямі і клавішнымі партыямі, таму на першы план у ім выходзяць сінтэзатары.
Новы альбом вяртаецца да схематычных кампазіцый і пануючай рытм-секцыі. Тут няма яскравых сінтэзатараў ці запамінальных мелодый. Наадварот — музыканты нібыта наўмысна стварылі складанку з вельмі аднастайных песень, у якіх галоўнае — настрой.
У першую чаргу альбом Adkaz закрывае маркетынгавую задачу, і нельга сказаць, што гэта нейкая новая прыступка для гурта Nürnberg. Пры гэтым ён вытрымлівае неабходны ўзровень: фанаты гурта дакладна вывучаць гэтыя песні напамяць.
 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу