BY
па-беларуску
Ксенія Валенда: «Наша асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі»

Ксенія Валенда: «Наша асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі»

Беларускі гурт «Няміга» завяршыў свой першы тур па Польшчы. Падчас яго музыкі выступілі ў Варшаве, Беластоку, Уроцлаве, Любліне і Лодзі. Акрамя таго, калектыў рыхтуецца выпусціць свой трэці студыйны альбом. Пра гэта, шматлікія дабрачынныя  канцэрты і не толькі мы паразмаўлялі з вакалісткай гурту Ксеніяй Валенда.

СУЧАСНАСЦЬ

– Што сабой уяўляе гурт “Няміга” сёння?
– Гурт “Няміга” – гэта музычны калектыў, які з'явіўся ў 2017 годзе. Мы спяваем у стылі акустычны інды-фолк, але можна сказаць, што базуемся на бардаўскай лірычнай песні. Бо мне заўсёды былі важныя ў песнях не толькі музыка, але і словы, і сэнс, і сумяшчэнне музыкі з тэкстам.
Мы імкнёмся да таго, каб рабіць цікавыя фарматы. Напрыклад, свой другі альбом мы запісалі як так званы альбом-мюзікл: усе песні ў ім аб'яднаныя адной гісторыяй-казкай. Наш трэці альбом, які зараз рыхтуецца да выхаду, таксама аб’яднаны тэматыкай песень: усе кампазіцыі на ім звязаныя з беларускай гісторыяй і легендарнымі падзеямі краіны. Акрамя таго, на нашым свежым рэлізе будуць і народныя матывы, ўплеценыя ў песні. Калі такі фармат зойдзе, то мы будзем яго развіваць і выкарыстоўваць.

– Якую назву будзе мець альбом?
– «Памяць». Дарэчы, на рэлізе будзе песня ад нашага гурту «Няміга» пра бітву на рацэ Няміга. Менавіта ў сувязі з гэтай падзеяй упершыню ў летапісах ўзгадваецца Мінск.

– Ваш муж, Савелій Юрчанка, басіст «Нямігі». Граць у адным гурце са сваім мужам складана?

–  Гэта адначасова проста і складана. Памятаю, спачатку я перажывала. Узгадвала пра гурт ABBA, які быў заснаваны двума сямейнымі парамі. Калі ў прыватным жыцці ў іх нешта пайшло не так, то распаліся не толькі сем'і, але і выдатны музычны калектыў. І з-за гэтага было страшна. Але потым я зразумела, што побач са мной ёсць чалавек, які хоча рабіць тое ж, што і я. Ён дапамагае мне, а я натхняю яго сваёй творчасцю. Як кажуць «адна галава – добра, а дзве – лепш». Часта бывае так, што я прыдумляю нейкую канцэпцыю альбома ці кліпа, распавядаў яе Савелію, а ён кажа: «Што за глупства? Давай так не будзем!» Я: «Добра, давай». Таму я вельмі шчаслівая, што ў мяне ёсць такія людзі, якія падтрымліваюць і дапамагаюць: хто з продажам мерчу на канцэрце, хто ў распаўсюджванні інфармацыі пра наш выступ, хто яшчэ чым. Людзі – гэта нашае багацце!

ГІСТОРЫЯ

– З першага году існавання калектыву – 2017-га года – склад каманды значна змяніўся…
– Так, сапраўды. Вельмі складана трымаць людзей толькі на ідэйным стрыжні. Заробак грошай кампазіцыямі – гэта не наш фармат, мы даўно гэта зразумелі. Мы больш спяваем для душы. І пішам музыку, якая ў першую чаргу будзе падабацца нам.
Калі мы ствараліся, то былі цалкам дзявочым калектывам: у складзе было чатыры дзяўчынкі. Потым нас пачалі паціху разбаўляць хлопцы. Зараз нашая аснова – гэта гітара, бас-гітара, кахон. І мы ўвесь час эксперыментуем, дадаем розныя інструменты. Напрыклад, часам у нас гучыць флейта, часам – дуда, часам – віяланчэль і іншыя інструменты. Да нас далучаюцца новыя музыкі. Не хочацца затрымлівацца і абмяжоўваць сябе.

– Ты памятаеш, як усё пачыналася тады, у 2017-м годзе? Якія былі думкі, якія былі перажыванні?
– Мне падаецца, што тады мы ставіліся да музыкі занадта сур'ёзна і «правільна». Можа, у пэўным сэнсе нашая такая моцная адказнасць перашкодзіла нам хутка пачаць і раскруціцца. Доўгі час мы думалі, маўляў «мы такі малады і зялёны гурт, мы не збяром ніякую пляцоўку». Калі нас запрашалі на нейкую імпрэзу, а хтосьці з удзельніц не мог (а ўсе мы тады былі студэнткамі, ва ўсіх былі сесіі-курсавыя), то мы адмаўляліся ад выступу. Зараз я да гэтага стаўлюся прасцей: для мяне ўжо не праблема пайсці кудысьці выступіць удвух з басістам ці іншым няпоўным складам. Можа, часы сталі іншымі: цяпер трэба больш падладжвацца, быць гнуткімі.
Да таго ж, маладым музыкам-пачаткоўцам заўсёды важна, як слухачы сябе паводзяць на канцэрце, ці ўважліва слухаюць. І калі нешта не так, то ты ўжо пачынаеш сумнявацца: «А ці падабаецца твая музыка?» Зараз я стаўлюся да канцэртаў прасцей. Ёсць ты, ёсць твой стыль, ёсць твая творчасць. Ты нясеш гэта ў свет. Хто гатовы да яе, каму гэта падабаецца, той адкрывае сваё сэрца і ты ў яго заходзіш. Камусьці ты не заходзіш, і гэта таксама нармальна: у кожнага свой густ. Гэта нават цудоўна: гэта нараджае разнастайнасць сярод музыкаў.

ДАБРАЧЫННАСЦЬ

– У 2020-м вы таксама былі ініцыятарамі правядзення дабрачынных стрымаў у падтрымку дзіцячых дамоў. Наколькі складана было тое рабіць?
– Насамрэч добрыя справы рабіць не складана, проста трэба пачаць іх рабіць. Мы тады абіралі канцэрты ў фармаце анлайн, таму што многія пляцоўкі былі зачыненыя ў сувязі з каронавірусам, і складана было рабіць жывы канцэрт. Плюс была магчымасць запрасіць на стрым чалавека, які б распавёў пра дзяцей і іх цяжкасці. То бок мы маглі злучыць нашую дзейнасць з дабрачыннай функцыяй.

– Яшчэ адна файная імпрэза, якую вы зладзілі, была ў падтрымку гусляра і спевака Алеся Чумакова, калі ў яго згарэла майстэрня.
– Калі адбыўся гэты пажар, то я думаю, што былі ў шоку не толькі мы, але і ўся музычная культурная прастора. Алеся ж вельмі шмат хто ведае і як удзельніка гурта «Стары Ольса», і як сольнага выканаўцу, і як майстра народных інструментаў. Падчас таго пажару ён жа і сам пацярпеў, пэўны час прабыў у рэанімацыі. Таму пытанне падтрымкі Алеся проста вісела ў паветры. Памятаю, мы напісалі гуртам “KaS”, “ATESTA”, “VODAR” І ўсё адразу ж пагадзіліся.
Нам было вельмі прыемна, калі Алесь сам прыйшоў на мерапрыемства. Тады ён пайшоў ужо на папраўку. Ён усім шчыра падзякаваў і паабяцаў кожнаму гурту, што зробіць падарунак: кавер на іх песню. Праз нейкі час ён зрабіў кавер на нашу песню «Вяртайся дамоў». Шчыра кажучы, я здзівілася, што ён абраў менавіта гэтую песню, бо яна выйшла ў нас толькі як відэа. Я запыталася ў Алеся пра яго выбар. А ён сказаў, што яму спадабаліся словы. Пазней мы знялі з ім сумесны кліп. Вельмі прыемна было працаваць з гэтым чалавекам! Я хачу падкрэсліць, што Алесь – гэта не толькі таленавіты, адданы сваёй справе музыка. Такія людзі, як ён, вельмі натхняюць! Гэта дасведчаны артыст,з вялікім гастрольным вопытам. Я часам яму пішу, пытаю пра нешта. Алесь дапамагае, падказвае.

 

ТУР ПА ПОЛЬШЧЫ

– Толькі-толькі ў вас завяршыўся тур па Польшчы. Падчас яго ці падкрэслівалі вы сваю беларускую самабытнасць – тое, што вы гурт менавіта з Беларусі?
– Насамрэч так глыбока мы пра гэта не задумваліся. Мы хутчэй пакуль што мацалі глебу. Мы збіраліся ў месцах для беларусаў. Але калі я бачыла ці адчувала, што на канцэртах была і польская публіка, то магла распавесці нешта па-польску.
Але ці падкрэслівалі сваю ўнікальнасць? Словамі – бадай што не, хутчэй, музыка , якую мы ствараем – гэта сама па сабе наша ўнікальнасць.
 


БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСЫ

 Мы разумеем, што хоць шмат людзей зараз з’ехала, наша асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі. Калі ты бачыш гэтых людзей, асабліва тых, што прыходзяць з маленькімі дзецьмі па чатыры-пяць гадоў, і гэтыя дзеткі таксама ведаюць словы і спяваюць па-беларуску, ты адчуваеш, што на гэтую аўдыторыю нельга забывацца, трэба шукаць магчымасці для выступаў. Наш фармат – беларускамоўныя песні з глыбокімі тэкстамі і сюжэтам – для беларускай публікі. Хаця я ведаю, што палякі ды астатнія замежнікі таксама нас зразумеюць, бо музыка – рэч інтэрнацыянальная.


Гурт «Няміга» быў заснаваны ў Мінску ў 2017 годзе двума музыкамі і двума архітэктарамі і паспеў выпусціць тры альбомы. На думку ўдзельнікаў, «Няміга» назва невыпадковая – гэта рака, што не існуе , хоць і цячэ пад зямлёй, як алегорыя на нашу народную  культуру , якую яны стараюцца ўвасобіць у асэнсаваць ў сваіх песнях. Свой жанр «Няміга» характарызуе як акустык-фолк-рок. «Няміга» выкарыстоўвае як народныя (блокфлейта, дуда), так і эстрадныя (гітара, сінтэзатар) інструменты.
 

Канал «Нямігі» ў Youtube
 

Глядзець больш
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс