Беларуская музыка працягвае існаваць і развівацца нават у сучасных экстрэмальных абставінах. Мы сабралі для вас зусім свежыя музычныя праекты, на якія варта звярнуць увагу. Тут будзе чароўны неафольк, суворы блэк-метал, манументальны стоўнер, іранічны поп і шмат чаго яшчэ. Чытайце, слухайце і адкрывайце для сябе новыя імёны!
Filamaty
Гэта праект, які нарадзіўся зусім нядаўна — вось акурат некалькі тыдняў таму. У ім удзельнічаюць даволі вядомыя персанажы: музыканты гурта Relikt амаль поўным складам і Уладзь Лянкевіч (Tonqixod, luty sakavik, Syndrom Samazvanca). Вельмі цікавы мікс, бо ўсе гэтыя выканаўцы — няўрымслівыя эксперыментатары, якія ўвесь час існуюць недзе па-за зонай камфорту.
Relikt — гурт перфекцыяністаў, якія кожны свой альбом даводзяць да найвышэйшай ступені якасці. Лянкевіч — чалавек-энцыклапедыя — з лёгкасцю жангліруе не самымі простымі для выканання жанрамі. У выніку Filamaty — гэта крок на сцежку прагрэсіўнага року з рэверансам у бок Tool, але ў беларускім кантэксце. Новы калектыў распавядае пра вядомае віленскае аб’яднанне інтэлектуальнай моладзі пачатку XIX стагоддзя. Класічны сюжэт пра маладых дысідэнтаў-філаматаў гурт пераасэнсаваў і расказаў на сучасны лад.
Першы трэк новага калектыву з’явіўся 7 сакавіка на YouTube-канале Perfaratar — можаце зацаніць «Pišaš, čakaješ» і зрабіць высновы. Цікава, што другі вакаліст у калектыве — бубнач Relikt Аляксандр Дземідзенка. Не самы чаканы дэбют!
ЗАО Сомнительные инициативы
СЛУХАЦЬ
Час ад часу даводзіцца канстатаваць: беларускай музыцы бракуе лёгкасці, самаіроніі і гарэзлівасці. І калі творцы выходзяць з тэрыторыі шматпакутнасці і глыбокай рэфлексіі, часам здараюцца сапраўдныя цуды. Вось адзін з іх — праект «ЗАО Сомнительные инициативы». Бязглуздая назва, эксцэнтрычны матэрыял — нібыта вы трапілі на сяброўскую вечарыну, дзе нехта з вашых знаёмых узяў у рукі мікрафон і пачаў спяваць песні. Дурнаватыя і смешныя адначасова, але дакладна вельмі абаяльныя.
У «ЗАО Сомнительные инициативы» летась выйшаў дэбютны альбом «1365». Зборнік з простых сінтыпоп-песень з немудрагелістым музычным складнікам. Але ўсе яны нейкім цудоўным чынам працуюць, бо пабудаваныя на меметычнай тэкставай аснове. Тое самае і з новымі сінгламі: сучаснае прачытанне «Гражданской обороны» ў трэку «Поразительно неприятная молодежь» і іранічнае прывітанне рэперу Фараону ў песні «Догнивающий субару».
Можна дакладна сказаць, што «ЗАО Сомнительные инициативы» — гэта як мінімум не сумна.
Woodland Haze
EP «The Harvest» - СЛУХАЦЬ
Беларускі блэк-метал знаходзіцца прыкладна на адной прыступцы з беларускім жа постпанкам і з’яўляецца своеасаблівай музычнай візітоўкай краіны. Якасных праектаў вельмі шмат, і, самае галоўнае, увесь час паўстаюць новыя. Зусім нядаўна дэбютны міні-альбом выдаў беларускі дуэт Woodland Haze. EP «The Harvest» цудоўна дэманструе агульны патэнцыял гурта.
Гэта атмасферны блэк-метал з рэверансамі класічным гуртам. Так, з аднаго боку, матэрыял даволі традыцыйны і без сюрпрызаў — зразумелыя і кананічныя музычныя хады, цалкам абстрактныя і шаблонныя тэксты. Але пры гэтым музыканты робяць у межах жанру бадзёры і шчыльны прадукт, нішавы, але яскравы і дынамічны.
Акурат у выглядзе міні-альбому дэбютны матэрыял паўстае вельмі пазітыўна: не зацягнуты, прафесійны, з павагай да першакрыніц. Калі музыканты якасна папрацуюць над індывідуальнасцю, можа атрымацца цудоўны праект, што здолее канкурыраваць на глабальным рынку экстрэмальнага металу. Такіх калектываў з Беларусі ўжо нямала. Крута, калі з’явіцца яшчэ адзін.
VVaxplay
СЛУХАЦЬ
Пра гэты калектыў мы ўжо распавядалі ў нашым нядаўнім аглядзе новых альбомаў. Яго заснавалі вядомыя ў беларускім музычным андэграўндзе артысты. Ганна Жданава пачынала ў індзі-гурце Lilac яшчэ ў пачатку дзясятых, потым удзельнічала ў іранічным, але не дужа ўдалым праекце «Ландыш и Сахара» і займалася сольнай творчасцю. Стас Мурашка быў бас-гітарыстам гурта The Toobes, удзельнічаў у праектах «Валентин Стрыкало» і «Союз». Карацей, кожны з удзельнікаў дуэту мае салідны бэкграўнд і адпаведны скілсэт.
VVaxplay па настроі больш падобны да праектаў Жданавай: сумны, лірычны лаўнж, што знаходзіцца недзе на мяжу трып-хопу і лёгкага джазу. Пры гэтым у першую чаргу трэба адзначыць працу інструменталіста Мурашкі, які зрабіў з даволі пасрэднага матэрыялу насычаны разынкамі, яскравы альбом, дзе кожная песня робіцца прыгажэйшай і больш змястоўнай за кошт дакладных і арыгінальных аранжыровак.
Трэба сказаць, што і Жданава вырасла як спявачка. У VVaxplay яна гучыць больш пераканаўча, чым да гэтага. Агулам — цікавая дэбютная работа, якая дэманструе магчымасці кожнага з удзельнікаў, але можа падацца надта простай.
L.e.d.o.k.o.l
СЛУХАЦЬ
Беларускі стоўнер мае не такую ўжо багатую традыцыю. Тут можна згадаць хіба некалькі гуртоў, якія распрацоўвалі гэтую глебу псіхадэлічнага металу. Перш за ўсё Coat. Пасля — Zhaba і Rowan. Але гэта адзінкавыя выпадкі, і паўнавартаснай сцэны ў Беларусі так і не адбылося.
L.e.d.o.k.o.l — зусім новы праект, які паспеў выдаць толькі дзве кампазіцыі. Але ўжо на ўзроўні назвы зразумела, што гэта нешта магутнае і манументальнае. Так і ёсць насамрэч. Музыканты працуюць з нізкатэмпавымі зацыкленымі рыфамі, нібыта па паўночных морах павольна ідзе агромністая металічная машына і ломіць пад сабой адвечныя ільды. Уявілі, як гэта гучыць? Ну вось тады вам не трэба дадаткова апісваць, што сабой уяўляе музыка гурта.
Натуральна, гэта толькі пачатак — па двух трэках немагчыма скласці нейкае грунтоўнае ўражанне пра калектыў. Але на ўзроўні сінглаў гучыць ён даволі цікава: выдатная праца з гукам, шмат атмасферных павольных псіхадэлічных сола, класны вакал. Дачакаемся паўнавартаснага альбома і зразумеем, ці не зашмат выдалі гурту авансаў.
Twigs Garden
«Rainy Evening Perfume» — СЛУХАЦЬ
Пра гэты праект складана знайсці хаця б нейкую інфармацыю. Дакладна вядома, што за шыльдай Twigs Garden стаіць хлопец з Беларусі. Ён мастак і музыкант і стварае вельмі незвычайныя, дзіўныя рэчы. Вось, напрыклад, яго новы альбом пад назвай «Rainy Evening Perfume» з аўтарскім малюнкам на вокладцы.
Гэта кароткі 25-хвілінны запіс, які па гучанні адсылае да класікі неафольку, але з’яўляецца вельмі аўтэнтычным. Лоўфайнае гучанне стварае цікавую атмасферу, дзе кожная партыя нібыта выплывае са шчыльнага туману. Расфакусаваны, чароўны і вельмі ўтульны — вось так можна яго ахарактарызаваць.
У ім шмат прыемных момантаў: паслухайце цудоўны сінгл «Forest», у якім за тры хвіліны адбываецца сапраўдная музычная магія, ці трэк «Horror films of 1980s» — парадаксальна ўтульны і трывожны адначасова. У гэтым уся магія Rainy Evening Perfume — ён гучыць нібыта прывітанне з нетраў свядомасці іншага чалавека, які за гэтыя 25 хвілін становіцца табе добрым сябрам. Хочацца, каб гэтае сяброўства працягвалася.
Сербский нож
У самым канцы мінулага года выйшаў альбом «Яма». Ну як альбом — 15-хвілінная складанка з вельмі энергічных і бадзёрых трэкаў, пабудаваных на пругкіх басовых партыях, мінімалістычных клавішах, манатоннай драм-машыне і халодным рэчытатыўным вакале. Так гурт «Сербский нож» адзначыў даволі пладавіты творчы год.
Адразу скажам, што жыўцом калектыў выглядае куды цікавей, чым на запісах. У ім вельмі шмат энергіі, і гэтыя песні-міньёны выглядаюць паўнавартаснымі баевікамі для ашалелага танцпляцу. Але ў студыйнай версіі варта звярнуць увагу на іншае — на рэзкія, вынаходлівыя тэксты гурту, якія ўпрыгожваюць мінімалістычны інструментал. Можна сказаць, што гэта панк-дэкламацыі, трансляцыя сэнсаў праз скупы музычны складнік — і менавіта вось у такім фармаце яны працуюць выдатна. Калючыя песні гучаць нібы аплявухі, вырываюць цябе з зоны камфорту і пакідаюць пасля сябе ўражанне, што ўсё адбылося занадта ўжо хутка, і табе хочацца працягу. Будзем чакаць!