BY
па-беларуску
Эмігранцкі шлях Лявона Вольскага

Эмігранцкі шлях Лявона Вольскага

Лявон Вольскі прэзентаваў новы праект Emihranty. 19-га кастрычніка ў музыкаў распачынаецца тур, прысвечаны выхаду альбома.
Напярэдадні яго мы паразмаўлялі з артыстам.
 

ЭМІГРАНТЫ

– У праекце Emihranty вы далучылі да працы спявачку Кэтэван. Чаму менавіта яе?

– Для праекту наогул нам была патрэбная вакалістка. Мы прапаноўвалі некаторым знаёмым спявачкам, але то па графіках, то па поглядах не супадалі. А затым нам гукарэжысёр Паша Сініла прапанаваў Кэтэван. Ён сказаў, што гэта будзе добра пасаваць да праекту. У выніку яна прыйшла на праслухоўванне, праспявала і мы падумалі, што яна сапраўды вельмі арганічна ўвальецца ў праект.

– А да гэтага вы наогул былі знаёмыя з Кэтэван?

– Асабіста я яе не ведаў, але некалькі песень чуў. Як высветлілася, нашыя музыкі з ёй добра знаёмыя, яны перасякаліся на нейкіх іншых праектах і ведаюць адзін аднаго.

– У канцэртны тур яна едзе з вамі. Гэта неяк абмяркоўвалася першапачаткова?

– Так, абмяркоўвалася. Мы адразу сказалі, што мы едзем у тур і што трэба мець вольныя даты гэтыя. Яна адказала, што ў яе атрымаецца пападарожнічаць з намі. 

– Што было самым складаным падчас працы над альбомам?

– Самым складаным было вытрымаць такі ўраган эмоцый і натхнення. Як толькі мы запланавалі гэты праект, мне адразу пачалі прыходзіць кавалачкі тэкстаў, па некалькі на дзень. І трэба было ўсё гэта знітаваць і застацца адэкватным. А так ніякіх складанасцяў у запісе ці вершаспляценні не было. Наадварот, усё было лёгка. Рэдка так здараецца, калі хутка так прыходзіць усё. Ты паспяваеш толькі запісваць, потым абмяркоўваеш гэта з музыкамі – і песня ўжо гатова.

– Але 3 месяцы на праект – гэта вельмі хутка. Чаму так аператыўна хацелася ўсё завяршыць? 

– Таму што хацелася зрабіць зрэз таго, што ты адчуваеш і бачыш менавіта ў гэтую хвіліну. Цяпер, калі ты азіраешся на сваё эмігранцкае мінулае і бачыш свет ужо з вайной і іншымі непрыемнымі нюансамі. Спачатку нам падавалася, што мы можам вярнуцца, што ў нас – зацягнутыя гастролі. Нам тады казалі: “Вы ўжо ў эміграцыі 3 месяцы…” А мы думалі: “Якая эміграцыя? Гэта проста праца ў іншай краіне!”. Але з часам ты разумееш, што гэта самападман.

БЕЛАРУСЬ

– Вы разглядаеце, што аднойчы вы вернецеся ў Беларусь?

– Вядома, разглядаем. Як толькі зменіцца сітуацыя ў Беларусі, мы адразу будзем вяртацца ў Беларусь.

– Нейкія палітычныя прагнозы ў вас ёсць на гэты конт?

– Гэта няўдзячная справа. Ніхто з палітолагаў не зрабіў адэкватнага прагнозу перад падзеямі 2020-га, а я – тым больш. Але мне здаецца, што ўсё зараз настолькі абсурдна, што ёсць два варыянты: гэта альбо не будзе доўга працягвацца, альбо, калі ўсё ж будзе, то пачнуцца незваротныя змены і, на жаль, тады давядзецца ўсю краіну лекаваць. 
У нас ёсць досвед савецкага часу. Той народ крыху адставаў у развіцці, таму што калі ў цябе няма свабоды перамяшчэння, то ты ўжо не ўсё разумееш. Калі ты ведаеш заходнюю культуру толькі па кнігах ці вершах, то гэта не зусім тое (тым больш што ў асноўным літаратура, якую тады людзі чыталі, пісалася да сярэдзіны XX стагоддзя). Таму калі такія змены будуць з беларускім народам, то з гэтага доўга давядзецца вылазіць. Іншае справа, што як толькі савецкі народ атрымаў магчымасць вылезці з гэтага ўсяго, то ён адразу ж і пачаў вылазіць, нягледзячы на ўсю ідэалагізацыю навучальных устаноў. Усё пачало рухацца, людзі пайшлі ў бізнэс.

– Апошнім часам у вашых творах і праектах ёсць не толькі мастацкая каштоўнасць, але і дакументальная, натуральна-побытавая, так бы мовіць. Прычым што ў праекце “Emihranty”, што ў альбоме, які вы анансавалі, –  “Лісты палітвязням”...

– Безумоўна, у праекце “Emihranty” пра нейкія рэчы гаворыцца так, як ёсць, без мудрагелістых метафар і эпітэтаў. Гэта шмат у чым голы нерў. Альбом “Лісты палітвязням” больш грамадска-палітычны. Можа, там і будуць мастацкія падыходы, але не толькі. Пра некаторыя рэчы трэба гаварыць проста, не варта хавацца. 
Напрыканцы 80-ых было шмат песень з грамадскай пазіцыяй. Тады крытыкі казалі, што гэта – песні-аднадзёнкі. Маўляў, вось заўтра зменіцца сітуацыя – і яны не будуць актуальнымі; а калі спяваць пра сонца і кветкі, то гэта назаўжды.  Мае песні таго часу і сёння актуальныя, нават яшчэ больш актуальныя, чым былі раней. 

ГРАЙ

– Адну з кампазіцыі “эмігрантаў” вы прэзентавалі на фэсце “Грай” у Варшаве. Якія эмоцыі ў вас засталіся пасля таго?

– Ведаеце, пасля фэсту “Грай” у нас была мастацкая выстава з Юрам Стыльскім, і туды прыходзіў чалавек набыць адну маю працу. Мы сустрэліся, пагаварылі. Ён сказаў, што вельмі цяжкія былі эмоцыі ад той песні. Бо ён не так даўно пераехаў, плюс яшчэ паездзіў па свеце, як звычайна, пабываў ва  Украіне і Грузіі, потым сюды, нарэшце, прыехаў, і зараз яму вельмі адгукаецца гэтая беларуская траўма ў выглядзе бусікаў, ён да гэтага часу баіцца паліцыі. І гэта насамрэч трэба з псіхолагам прапрацоўваць. Трэба, каб побач быў блізкі чалавек, які можа ўзяць на сябе ролю псіхолага. 
Я гэта файна разумею, бо гэта было і ў маім жыцці. Мы ж з’ехалі ў 2021. І вось цэлы год з пачатку пратэстаў, калі кожнай раніцай ты прачынаешся, выходзіш з хаты, глядзіш туды, дзе прыпаркаваная машына: а не ці круцяцца там нейкія падазроныя асобы? Тады ты кожнага маладога чалавека ў капелюшы і цёмнай вопратцы прылічваеш да нейкага ціхара, хоць гэта можа і не так. І вось усё гэта цэлы год працягвалася. Страшна можа быць спачатку, а потым ў цябе выпрацоўваецца сталае пачуццё трывогі. І ясна, што калі ты сюды прыязджаеш, то баішся нейкіх людзей, якія выглядаюць, як гопнікі (а ціхары так і выглядаюць). Эмоцыі цяжкаватыя, але трэба, каб такія песні былі, таму што гэта таксама тэрапія.

– Дарэчы на фэсце “Грай” быццам бы таксама былі нейкія ціхары. Як вы ставіцеся да таго, што яны наведваюць падобныя музычныя імрэзы?

– А яны амаль на кожным канцэрце ёсць. Падчас тураў заўважаў. На канцэрце у Познані, напрыклад, быў нейкі дзядзька падазроны, з выклікам сябе паводзіў. Але была там ахова. У Берліне бываюць, у Празе, але яны хутчэй за ўсё так па сумяшчальніцтве працуюць: для прыкрыцця нейкім бізнесам займаюцца, але і пішуць даносы ў цэнтр. Але што ты зробіш? Тым больш насамрэч іх не шмат. Іх адразу можна вылічыць па тым, што яны не так паводзяць сябе, як астатнія. Памятаю, быў у нас даўно, у гадах 10-ых яшчэ канцэрт у Берліне і там былі такія два мужычка. І вось: уся заля скача ў такт, а гэтыя два стаяць і з жахам глядзяць на тое, што адбываецца. А яны яшчэ ў самым цэнтры стаялі, а вакол іх цэлае мора калыхалася гэтых людзей…  Відавочна было: куратары прыйшлі.

– Дарэчы, на тым самым фэсце Грай быў дабрачынны аўкцыён, на якім вы выстаўлялі лот акуляры. Распавядзіце, калі ласка, пра іх.

– Я набыў іх у Сан-Францыска падчас апошняга амерыканскага туру. Яны былі а-ля Элвіс. У мяне калісьці былі такія ў Мінску, я іх купіў на Ракаўскім кірмашы. Залатая мадэль з чырвоным шклом. Але я іх дзесьці згубіў. А тут – Сан-Францыска, і мадэль падобная. Акуляры каштавалі, па-мойму, каля 20 даляраў. Нават некалькі канцэртаў адыграў у іх. Дарэчы, я не думаў, што беларусы – настолькі народ багаты, што акуляры пойдуць за 700 з малатка. Калі мы калі сыходзілі з фэсту, то гэты хлопец падбег да мяне: “О, я набыў вашыя акуляры!” Звычайны такі, можа, малады айцішнік, хоць на айцішніка ён быў не вельмі падобным. Агулам да аўкцыёнаў я стаўлюся скептычна: хто што будзе там набываць? Але ж і на мастацкай выставе заплацілі нямала: 2,5 – 3 тысячы… Наогул для мастацтва гэта невялікія грошы, але тым не менш. Ну і за проста акуляры заплаціць 700 долараў…  

ВЫЯЎЛЕНЧАЯ ТВОРЧАСЦЬ
 

– Як часта цяпер вы малюеце? І ці мае гэта таксама нейкі дакументальны налёт зараз?

– Не. У мяне выяўленчае мастацтва цяпер дзеліцца на дзве катэгорыі. Адна – гэта па схеме бчб. Я іх шмат намаляваў, але ні разу не паўтарыўся: там можна і нейкую фактуру даць, можна ўплесці нейкія фігуркі, налепкі альбо цытаты яшчэ дадаць. На жаль, не заўсёды хапае часу, каб сур'ёзна гэтым займацца.

А другая частка – абсалютна апалітычная, дэкаратыўная, я б сказаў, абстрактны жывапіс. Пагледжаныя ў прыроды нейкія рэчы, але па карціне не заўсёды скажаш, што гэта дзесьці ў прыродзе ўбачана. Раскрыю сакрэт: я звычайна гэта фатаграфую, а потым думаю, як бы перанесці на палатно. Тут на мяне паўплываў Лёнік Тарасэвіч. Калі ён набываў вядомасць, то рабіў вялікія працы, там быў прыродна-вясковы абстракцыянізм. Я раблю нешта падобнае, але зусім інакш і з уплывам імпрэсіянізму. 
А яшчэ нядаўна ў нас была сустрэча з мастаком Яраславам Кірвелем. Ён малады творца, яго ўсе ведаюць, хоць ён вучыцца толькі на другім курсе акадэміі. І вось мы адзін насупраць аднаго селі, ён мой партрэт маляваў, я – яго. І вось ў гэтай акцыі я выйшаў за межы бчб-схемы і намаляваў партрэт.

– Дарэчы, што вам больш камфортна: калі вас малююць ці калі вы?

– Зразумела, калі я малюю. Калі мяне, то гэта цяжка вытрымаць. Гэта трэба сядзець і не рухацца. А самому маляваць – гэта такая ж творчасць, як напісанне песень.


ПОСТСКРЫПТУМ

– Насамрэч у Польшчы вельмі шмат мастакоў. Трэба хадзіць і глядзець. Тут не будзе ніякіх спісаў, ніхто не будзе здымаць твае працы, таму што яны чамусьці там не адпавядаюць, таму што хтосьці не лаяльны да іх і тым больш з-за спалучэння фарбаў. Напрыклад, адразу пасля нашай з Юрам Стыльскім выставы ў Музеі Вольнай Беларусі быў вернісаж польскага мастака. Таксама працы прысвечаныя ўцёкам і эміграцыі. Выдатныя выстава, мне вельмі спадабалася. У Польшчы кожны дзень нешта адбываецца. 

З музыкі таксама ёсць што паслухаць і паглядзець. Толькі-толькі выйшаў Юры Стыльскага кліп на песню “Я хачу дадому”. Дарэчы, зноў гэтая тэма эксплуатуецца. Я нават у эпізодзе зняўся гэтага відэа. Там шмат хто зняўся. 
З тых, хто цяпер у Беларусі, на жаль, называць нельга. Але і там ёсць гурты і выканаўцы, якія вельмі якасна працуюць, таленавіта. Не ведаю, як яны з канцэртамі вырашаюць справы. Падпольна, магчыма. Але тое, што я чуў, гэта вельмі годна!

Lavon Volski - Emihranty (2023) “Emigranty” — гэта эпічнае палатно, дзе апавядаецца пра новую беларускую рэчаіснасьць — масавую эміграцыю.

YouTube: https://youtube.com/@lvolski 
Facebook: https://www.facebook.com/LavonVolski 
Instagram: https://www.instagram.com/volski.official/ 

 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу