BY
па-беларуску
Цытаты з класікаў

Цытаты з класікаў

Новыя беларускія альбомы: стадыённы метал і прыгожая меланхолія

У новым аглядзе збіраем па зернейку ўсё тое цікавае, што выдавалі беларускія музыканты цягам фестывальнага міжсезоння і перыяду летніх адпачынкаў. Тут будзе шугейзавы альбом з павагай да класікаў, порцыя гомельскага хітовага металу для стадыёнаў і сапраўдны нуар для аматараў змрочнай музыкі. Пераемнікі ТТ-34, фанаты Slowdive і проста шмат прыгожага — свежыя беларускія альбомы на любы густ.

lifo

«Atoire Sakidashi, Vol 1» — СЛУХАЦЬ


Традыцыйна беларуская музыка спекулюе на дастаткова відавочных музычных плынях і ўзорах. І калі адыходзіць некуды ўбок ад шырокіх сцежак, заўсёды выклікае дадатковы інтарэс. Гурт lifo ўзяў за аснову класічны шугейз, і гэта ўжо даволі цікава, бо мала хто ў Беларусі працаваў з такім матэрыялам і тым больш рабіў гэта якасна.
Гэты альбом рыхтаваўся прыкладна чатыры гады. Калі дакладней, музыканты ішлі да яго такі працяглы час. Ды і сам факт існавання гурта не відавочны, бо калектыў існуе ў вельмі глыбокім падпольным рэжыме. Тым не менш lifo выдалі цудоўны лаканічны альбом. У ім вельмі восеньскі па настроі матэрыял, прасякнуты меланхалічным вайбам і прыгожымі сумнымі мелодыямі.
Музыканты lifo эксплуатуюць не самыя відавочныя і, верагодна, не самыя ўдзячныя першакрыніцы. Гэта аўтычны шугейз, дзе вельмі важна адпавядаць пэўным стандартам і вытрымаць саўнддызайн у адпаведнасці з бібліяй жанру. На альбоме «Atoire Sakidashi, Vol 1» ёсць шумавыя пульсацыі і гітары, характэрныя для My Bloody Valentine. А ёсць і больш лагодныя формулы, якія выкарыстоўваюць Slowdive: праца з мелодыяй, вакол якой і будуецца саўнд кампазіцыі.
І lifo вельмі добра адпавядаюць запаветам сваіх арыенціраў: тут і прыгожыя мелодыі, якія прабіваюцца праз смугу расфакусаванага гучання, і звонкія гітары, што нібыта выплываюць з ціхага мора, і сумныя, абстрактныя тэксты з прыгожымі метафарамі.
Гэта не бездакорны запіс і некаторыя трэкі выглядаюць проста лішнімі, але тут ёсць і сапраўдныя поспехі. Паслухайце, напрыклад, песню «Буду твоим лезвием» — адзін з найлепшых гітарных трэкаў гэтага года ў беларускай музыцы. Ці «Отражения» з гітарамі, якія ледзь не даслоўна цытуюць класікаў жанру.
«Atoire Sakidashi, Vol 1» — класная праца ад людзей, якія не толькі вельмі добра ведаюць першакрыніцы, але і самі цудоўна ствараюць музыку нават без уліку жанравых абмежаванняў. Калі гурт не спыніцца на дэбютным альбоме і будзе рухацца далей, з гэтага можа атрымацца вельмі цікавы працяг.

Torf

«Романтика не в моде» — СЛУХАЦЬ


У нулявыя гомельскі гурт ТТ-34 зрабіў практычна немагчымае: вывеў беларускі метал на рэйкі папулярнай музыкі і загучаў з кожнага праса. Свой поспех, натуральна, у гэтым адыгралі саўндтрэкі да расійскіх касавых фільмаў, але і матэрыял у ТТ-34 быў вельмі якасны і харызматычны. На жаль, суворая рэчаіснасць прыбіла нават такі папулярны гурт і праз некаторы час музыкантам прыйшлося фармуляваць сябе яшчэ раз: з гэтага атрымаўся альбом «Падая и задыхаясь добиваешься единой цели». Нават і пасля яго гомельскія металісты не вырулілі на нейкі стабільны вынік і спынілі сваё існаванне.
Аднак на месцы ТТ-34 паўстаў іншы гурт — Torf, які можна назваць пераемнікам культавага калектыву. І гэта не толькі тытульная пераемнасць — тут шмат спасылак на творчасць вядомага гурта, які раней гучаў паўсюль.
Нюанс: гэта не вайб часоў «Грубого помола» — хутчэй працяг наратыву альбома «Падая и задыхаясь...». Змрочная лірыка, лютыя рыфы, ніякага паўнамёку на аптымізм і мажор. Torf стварае вельмі рэалістычны свет і ў гэтай сістэме каардынат выглядае ці не адзіным сучасным беларускім метал-гуртом, які трапляе ў масавую аўдыторыю.
Тут можна пачуць любоў музыкантаў да олдскулу і мадэрновых метал-гуртоў: у альбоме «Романтика не в моде» спалучаюцца і меладычныя рашэнні Fear Factory, і, прабачце за аксюмарон, олдскульны ню-метал, і сучасны саўнд з павагай да Architects.
Гэта музыка для вялікіх пляцовак і буйных фестываляў, яна выбуховая і меладычная і працуе па зразумелых поп-канонах. У гэтым яе галоўны плюс: нарэшце ў Беларусі з’явіўся масавы, якасны прадукт. З крутым модным гукам, ад якога ажно вібруюць вантробы, класнымі мелодыямі, запамінальнымі рыфамі і шыкоўным візуалам.
На жаль, напярэдадні рэлізу ў гурта здарыліся непрыемнасці: у вакаліста Torf знайшлі пухліну ў галаве і ён перанёс складаную аперацыю. Але музыканты знайшлі ў сабе сілы давесці да справы гэты рэліз — выбуховы і каларытны, які хочацца трымаць на рэпіце і казаць: «Во, гэта нашы хлопцы запісалі!»


Sick Mirror 

«Desires, Disasters» — СЛУХАЦЬ

Sick Mirror — гурт вельмі цікавага беларускага музыканта Рамана Жарабцова, які ўдзельнічаў і ўдзельнічае ў шмат якіх выдатных калектывах. Напрыклад, мы ўжо пісалі пра гурт Syndrom Samazvanca і альбом «Vostraŭ skarhaŭ» — круты мікс краўт-року і арт-панку з шыкоўнай беларускай лірыкай.
А вось Sick Mirror зусім іншы па гучанні і настроі. Гэта вельмі нуарная музыка, у якой павольны густы блюз зміксаваны з псіхадэліяй і месцамі нават стоўнерам. Нестандартны мікс, ён ужо на ўзроўні канцэпцыі выглядае даволі цікава: такі цёмны па сваёй прыродзе наратыў, але не агрэсіўны і злы.
«Desires, Disasters» — сапраўды цікавы і разнастайны альбом, у якім спалучаецца багата цёмных адценняў. Яго прыдумалі і запісалі выдатныя музыканты з добрым густам і цікавым мысленнем: стандартнае пераўтвараецца ў нестандартнае, зразумелае становіцца таямнічым.
Але ёсць два важныя нюансы, што перашкаджаюць якаснаму успрыманню гэтага альбома. Першы — гэта даволі плоскае гучанне, праз якое губляюцца важныя і цікавыя дробязі. Другі — гэта праца вакаліста Мікіты Татарынцава: недасканалыя вакальныя партыі і акцэнт робяць кампазіцыі ўразлівымі.
У любым выпадку, «Desires, Disasters» — важны пачатак цікава праекта, у якога ёсць усе шанцы вырасці ў сапраўды ўнікальную з’яву ў беларускай музыцы. Пытанне толькі ў тым, наколькі эфектыўна музыканты правядуць работу над памылкамі.

Omnibeing

«Recurrence» — СЛУХАЦЬ


Гэта інструментальны альбом, яго запісаў хлопец з Мінска, які цяпер жыве ў Турцыі. Праект называецца Omnibeing — і на яго стварэнне Віталя Шаметаўца натхніла знакамітая «Кніга мёртвых». Фактычна гэта one man project, але ўсе партыі саксафона на гэтым альбоме выконвае іншы чалавек — Томас Урнікіс.
«Recurrence» — вельмі прыгожы і якасны запіс, у якім міксуюцца прагрэсіўны і постметал, тлустая гітара вядзе дыялог з пранізлівым саксафонам, а ламаныя рытмы класна спалучаюцца з прыгожымі мелодыямі.
Нельга сказаць, што гэта вынаходлівы і арыгінальны запіс, але ад яго і немагчыма гэтага патрабаваць. Ён цікавы таму, што Віталь — таленавіты кампазітар і круты інструменталіст, які выдатна папрацаваў над кожным трэкам. Гэта музыка для настрою, для аматараў шчыльнага гітарнага гучання і нестандартных структур.
Тут ёсць і меладычныя сола-запілы, і атмасферныя клавішы, і прогавая гітара з глыбокім, прапрацаваным гучаннем, і шыкоўны саксафон, які вельмі крута інтэграваны ў гэты запіс і робіць яго больш разнастайным і змястоўным. «Recurrence» удала балансуе паміж зразумелымі, але эфектнымі і эфектыўнымі меладычнымі рашэннямі з аднаго боку і складанымі рытмічнымі малюнкамі і формамі з іншага.